БЁРНЕ ((Börne) Людвіг) (6.5.1786, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 12.2.1837),
нямецкі пісьменнік, публіцыст. Вывучаў медыцыну і прыродазнаўчыя навукі. Д-р філасофіі (1808). У 1818—21 выдаваў час. «Die Wage. Blätter für Bürgerleben, Wissenschaft und Kultur» («Вагі. Часопіс грамадскага жыцця, навукі і мастацтва»); у 1836 наладзіў яго выданне на франц. мове («La balance»). У артыкулах і памфлетах выступаў з крытыкай ням. філістэрства, патрабаваннямі роўнасці ўсіх грамадзян перад законам, свабоды слова і друку, верацярпімасці. У памфлеце «Манаграфія нямецкага паштовага смаўжа. Матэрыялы да натуральнай гісторыі малюскаў і ракападобных» (1821) высмеяў ляноту і пакорлівасць ням. абывацеля. Вяршыня публіцыстыкі — «Парыжскія пісьмы» (1832—34), у якіх стварыў шырокую панараму жыцця паслярэв. Францыі. Памфлет «Менцэль-французаед» (1837) скіраваны супраць ксенафобіі і шавінізму.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. СПб., 1896.
Літ.:
Тронская М.Л. Берне // История немецкой литературы. М., 1966. Т. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АБ’ЯДНА́НАЕ АНТЫСАВЕ́ЦКАЕ ПАДПО́ЛЛЕ»
(«ААП»),
назва неіснаваўшых «антысавецкіх дыверсійна-шкодніцкіх, шпіёнскіх, тэрарыстычных і паўстанцкіх арганізацый», выкарыстаная ў 1937—38 у перыяд масавых паліт. рэпрэсій супрацоўнікамі НКУСБССР для фабрыкацыі шэрагу паліт. працэсаў на Беларусі. Гал. матыў абвінавачвання — «барацьба супраць Камуністычнай партыі і савецкага ўрада». Паводле абвінаваўчых актаў, «ААП» складалася з 6 самаст. арг-цый: «правых», «бундаўска-сіянісцкай», «нацыянал-фашысцкай», «трацкісцка-тэрарыстычнай», «шпіёнска-паўстанцкай», «эсэраўскай». У кіраўнікі «ААП» былі залічаны М.М.Галадзед, М.Ф.Гікала, В.Ф.Шаранговіч, А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), А.А.Чарнушэвіч, П.Бадунова і інш. У 1937—38 арыштавана і засаджана больш за 2570 чал., абвінавачаных у прыналежнасці да «ААП». «Кіраўнікі» і «актыўныя члены» гэтых арг-цый былі прыгавораны да расстрэлу, астатнія — да розных тэрмінаў папраўча-працоўных лагераў. Іх рэабілітацыя адбывалася на працягу 1955—89.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМРЫ́ТСАР,
горад на ПнЗ Індыі, штат Пенджаб, 709 тыс.ж. (1991). Трансп. вузел. Прамысл. і гандл.цэнтр.Тэкст., маш.-буд., хім.прам-сць. Вядомы рамёствамі: вытв-сць тканін, дываноў, вырабы з металу, косці, скуры.
Засн. ў канцы 16 ст. гуру Рам Дасам. Гал.рэліг. і культ. цэнтр сікхаў з ун-там Гуру Нанака. Тут знаходзіцца іх свяцілішча — «Залаты храм», дзе захоўваецца свяшчэнная кніга Адыгрантх. У 1-й пал. 19 ст. Амрытсар уваходзіў у склад дзяржавы Ранджыт Сінгха. У 1849 у выніку 2-й англа-сікхскай вайны захоплены англ. Ост-Індскай кампаніяй. У 1918—22 Амрытсар — адзін з цэнтраў нац.-вызв. барацьбы. 13.4.1919 англ. войскі расстралялі ў Амрытсары мітынг пратэсту супраць палітыкі калан. ўрада; у выніку т.зв. Амрытсарскай разні забіта і паранена больш за 1 тыс.чал. У 1947 Амрытсар значна разбураны ў час індуска-мусульманска-сікхскіх пагромаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-АФГА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
каланіяльныя войны Англіі супраць Афганістана. У першую англа-афганскую вайну (1838—42) англ. войскі занялі (1839) гарады Кандагар, Газні, Кабул. У выніку партыз. вайны, якая перарасла ў нар. паўстанне (1841), акупац. армія была знішчана. У 1842 Англія прызнала паражэнне і пакінула Афганістан. У час другой англа-афганскай вайны (1878—80) англ. войскі занялі г. Кандагар. Эмір Якубхан заключыў з Англіяй Гандамакскі дагавор, які выклікаў у 1879 нар. паўстанне. У 1880 пад Майвандам (каля Кандагара) афганцы разбілі англ. брыгаду. Англія адмовілася ад намеру заваяваць Афганістан, аднак дамаглася свайго кантролю над яго знешняй палітыкай. Трэцяя англа-афганская вайна пачалася ў маі 1919 пасля абвяшчэння Афганістанам незалежнасці. Паражэнне англ. войскаў у выніку паўстання пуштунскіх плямёнаў, а таксама ўздым рэв. руху ў Індыі змусілі Англію заключыць у чэрв. 1919 перамір’е, у жн. 1919 — прэлімінарны мірны дагавор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДРЫЧЫК ((Andričik) Юрай) (н. 22.4.1937, в. Бежаўцы Міхалаўскага р-на, Чэхія),
славацкі паэт і перакладчык. Скончыў Ін-трус. мовы і л-ры ў Празе (1960). Аўтар зб-каў паэзіі «Узыходжанне на зямлю» (1970), «Глухія зычныя» (1973), кн. апавяданняў для дзяцей «Павой» (1976). Асн. тэматыка творчасці — хараство і багацце роднай зямлі, духоўнае жыццё сучасніка. Перакладае з рус., бел., укр., польск., чэшскай моў на славацкую. У яго перакладзе з бел. мовы выйшлі кн. паэзіі «Глыток вады» М.Танка (1975), «Так лёгка крочыш» П.Макаля (1982), аповесць «Лонва» І.Пташнікава (1980), зб-кібел. паэзіі «Моваю сэрца» (1977, разам з Г.Крыжанавай-Брынзавай) і бел.нар. казак «Чароўная дудка» (1982). Асобныя вершы бел. паэтаў у перакладзе Андрычыка ўвайшлі ў анталогію «Жыццё супраць смерці» (1980), «Анталогію савецкай паэзіі XX стагоддзя» (Т. 1—2, 1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ЕЎ (Леанід Мікалаевіч) (21.8.1871, г. Арол — 12.9.1919),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1897). Друкаваўся з 1892. Раннія творы вытрыманы ў традыцыях крытычнага рэалізму («Вялікі шлем», «Пецька на дачы», «Анёлачак», «Жылі-былі»). Спачуваў рэвалюцыянерам, пратэставаў супраць вайны («Іншаземец», «Марсельеза», «Чырвоны смех»). У больш позніх творах («Сцяна», «Думка», «Бездань», «Жыццё Васіля Фівейскага») адчуваецца песімізм, падкрэсліваецца бяссілле чалавечага розуму. Рэвалюцыя 1905—07 абвастрыла цікавасць да сац. праблем (драмы «Да зор», 1905, выд. 1906; «Губернатар», 1906; «Апавяданне пра сем павешаных», 1908), а яе паражэнне выклікала расчараванне; матывы адчаю, вобразы смерці ідуць побач з паэтызацыяй анархічнага бунту: п’есы «Сава» (1906), «Жыццё чалавека» (1907), «Чорныя маскі», «Цар Голад» і «Анатэма» (усе 1908); апавяд. «Цемра», «Пракляцце звера» (абодва 1907); раман «Сашка Жыгулёў» (1911). Пасля Кастр. рэвалюцыі жыў у Фінляндыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ ЛІ́ГА НАРО́ДНАЙ СВАБО́ДЫ,
палітычная арг-цыя ў Бірме (цяпер М’янма) у 1944—64. Створана ў жн. 1944 як арг-цыянац. фронту супрацьяп. акупацыі краіны. Заснавальнікі — Камуніст., Нац.рэв. (з 1945 Сацыяліст.) партыі, Нац. армія і інш. Ліга ўзначальвала антыяпонскае паўстанне 1945, барацьбу за дзярж. незалежнасць Бірмы пасля вяртання ў краіну англічан (1945—47). У 1948—62 была кіруючай. Праграма Лігі прадугледжвала пабудову марксісцкай мадэлі сацыялізму ў спалучэнні з будызмам. У канцы 2-й сусв. вайны Ліга налічвала больш за 200 тыс.чал. Яе старшынямі былі Аун Сан (1944—47), У Ну (1947—62). У 1958 Ліга падзялілася на 2 фракцыі, адна з якіх у 1960 стала Саюзнай партыяй, а другая захавала старую назву; абедзве распушчаны ў 1964. Пераемніцай Лігі стала створаная ў 1988 Нац. ліга за дэмакратыю на чале з Су Чжы, дачкой Аун Сана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДСЛАЎСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,
сярэдняя агульнаадук.навуч. ўстанова ў мяст. Будслаў Вілейскага пав. (цяпер Мядзельскі р-н) у 1917—19. Засн. па ініцыятыве дзеячаў бел.нац.-вызв. руху І.І.Васілевіча (дырэктар) і Э.А.Будзькі ў канцы 1917 (афіц. адкрыта ў студз. 1918) на базе бел.пач. школы. У 1918/19 навуч.г. дзейнічала 1-я ступень гімназіі (2 падрыхтоўчыя, 2 першыя, 2-і, 3-і і 4-ы класы). Навучалася больш за 300 сял. дзяцей абодвух полаў. Выкладанне вялося на бел. мове. Пры гімназіі дзейнічаў вучнёўскі кааператыў. У 1918 пачалося буд-ва гімназіі паводле праекта, распрацаванага ў традыцыях нац. дойлідства арх. Л.І.Дубейкаўскім. Сродкі на будынак выдзеліў Нар. сакратарыят Беларусі. Мясц. спаланізаваныя памешчыкі разгарнулі кампанію супраць гімназіі, і перад пачаткам 1919/20 навуч.г. яна была забаронена польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1492—94.
вайна Маскоўскай дзяржавы за ўсх.-слав. землі, што былі ў складзе ВКЛ. Ваенныя дзеянні пачаліся пасля смерці вял.кн.ВКЛ Казіміра IV. Рус. войскі ў жн. 1492 занялі Любуцк і Мцэнск, а восенню Хлепень і Рагачоў. У гэты час да Масквы «ад’ехалі» вярхоўскія князі з парубежных раёнаў ВКЛ, што дазволіла Івану III без цяжкасці заняць землі ў вярхоўях Акі. Рыхтуючыся пашырыць ваен. дзеянні, ён пачаў ствараць ваен. кааліцыю супрацьВКЛ. Каб спыніць ваен. дзеянні, віленскі двор прапанаваў выдаць дачку Івана III Алену Іванаўну замуж за вял.кн.ВКЛАляксандра; праведзены перагаворы аб сватанні, заручынах і вяселлі Аляксандра і Алены. У выніку пагаднення да Маскоўскай дзяржавы адышлі землі ў бас. Верхняй Акі і Вяземскае княства. ВКЛ адмовілася ад прэтэнзій на Ноўгарад, Пскоў, Цвер і Разань, прызнала ўсе «ад’езды» вярхоўскіх князёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬДЭМАР (Valdemar),
каралі ў сярэдневяковай Даніі.
Вальдэмар I Вялікі (14.1.1131 — 12.5.1182), кароль у 1157—82. Праўнук па маці кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха. Ажыццявіў шэраг паходаў супраць палабскіх славян і падпарадкаваў каля 1169 в-аў Руяну (Руген). Заклаў асновы цэнтралізаванай феад. манархіі ў Даніі.
Вальдэмар II Пераможца (1170—28.3.1241), кароль у 1202—41. На пач. 13 ст. падпарадкаваў шэраг паўн.-герм.тэр., але страціў іх у 1227 пасля паражэння ў бітве з ням. феадаламі пры Борнхёведзе. У 1219 захапіў Паўн. Эстонію (Эстляндыю).
Вальдэмар IV Атэрдаг (каля 1320—24.10.1375), кароль у 1340—75. Аднавіў каралеўскую ўладу над большай ч. краіны. Пасля паўстання эстаў 1343—45 прадаў Паўн. Эстонію (1346) Лівонскаму ордэну. У вайне з ням.гандл. саюзам Ганзай 1367—70 за панаванне на Балтыйскім м. пацярпеў паражэнне, заключыў ганебны для Даніі Штральзундскі мір 1370.