ДУНАЕ́ЎСКІ (Ісак Восіпавіч) (30.1.1900, г. Лохвіца, Украіна — 25.7.1955),
рас. кампазітар. Нар.арт. Расіі (1950). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1919). Кіраўнік муз. часткі Маскоўскага т-ра сатыры (з 1924), муз. кіраўнік і гал. дырыжор Ленінградскага мюзік-хола (1929—34). Старшыня Ленінградскага аддзялення Саюза кампазітараў (1937—41). Адзін са стваральнікаў і буйнейшы майстар масавай песні. Меладычны дар і высокі прафесіяналізм абумовілі папулярнасць яго песень 1930—50-х г. («Песня аб Радзіме», «Мая Масква», «Марш вясёлых рабят», «Марш энтузіястаў», «Школьны вальс», «Ляціце, галубы»), Зрабіў вял. ўклад у развіццё жанру аперэты, найб. вядомыя «Залатая даліна» (1937), «Вольны вецер» (1947, паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі ў 1971), «Белая акацыя» (1955).
Адзін з пачынальнікаў жанру муз. кінакамедыі, аўтар музыкі да кінафільмаў «Вясёлыя рабяты» (1934), «Варатар», «Цырк», «Дзеці капітана Гранта» (усе 1936), «Волга-Волга» (1938), «Светлы шлях» (1940), «Вясна» (1947), «Кубанскія казакі» (1949), а таксама бел. «Першы ўзвод» (1933), «Двойчы народжаны» (1934), «Залатыя агні» (1935), «Шукальнікі шчасця» і «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» (1936), «Канцэрт Бетховена» (1937), «Маё каханне» (1940), дакумент. «10 год Белдзяржкіно» (1936). Быў дырыжорам і гукамантажорам бел. фільмаў, у т. л. «Паручнік Кіжэ» з муз. С.Пракоф’ева. У сваю музыку ўключаў інтанацыі бел.нар. песень, гучанне жалейкі, стварыў апрацоўку бел.нар. песні «Бульба». Дзярж. прэмія СССР 1941, 1951.
Літ.:
Пэн А. И.Дунаевский. М., 1956;
И.О.Дунаевский: Выступления, статьи, письма. Воспоминания. М., 1961;
Чернов А. И.О.Дунаевский. М., 1961;
Бондарева Е.П. Кинолента длиною в жизнь. Мн., 1980. С. 47, 56—66;
Арканов Б. Дунаевский // Музыка XX в. М., 1984. Ч. 2, кн. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛАВЭР (Delaware),
штат на У ЗША, на ўзбярэжжы аднайменнага заліва Атлантычнага ак.Пл. 5,3 тыс.км². Нас. 700,3 тыс.чал. (1993), гарадскога 76,9%. Адм. ц. — г. Довер. Буйнейшы горад, прамысл. цэнтр і порт — Уілмінгтан. Паўн.ч. штата ўваходзіць у прыгарадную зону г. Філадэльфія. Штат займае ч. прыбярэжнай раўніны, найвышэйшы пункт 135 м. Клімат умераны, вільготны. Сярэдняя т-растудз. каля -2 °C, ліп. каля 20 °C. Ападкаў за год каля 1100 мм. Лясоў мала. Вядучая галіна гаспадаркі — апрацоўчая прам-сць. Асн. галіны: хім. і нафтахім., нафтаперапр., гумавая, аўтамабіле-, судна- і прыладабудаванне, харч., тэкстыльная. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля прыгараднага тыпу. 3 тыс.с.-г. ферм. Гал. галіна — птушкагадоўля (вытв-сць бройлераў). Гадуюць таксама буйн. раг. жывёлу, свіней. Марское рыбалоўства. Пашыраны пасевы соі, кукурузы, бульбы, пшаніцы. Агародніцтва і садоўніцтва. Транспарт марскі, аўтамаб., чыгуначны. Важную ролю адыгрывае суднаходны канал, які злучае залівы Дэлавэр і Чэсапікскі.
Да адкрыцця ў 1609 еўрап. экспедыцыяй Г.Гудзона тэр. Д. была заселена індзейскім племем дэлавараў. З 1631 тут пасяляліся галандцы, з 1638 — шведы, з 1664 — англічане. Д. быў ч.англ. калоніі Нью-Йорк, з 1682 — Пенсільваніі, у 1704 атрымаў абмежаваную аўтаномію. У 1776 у час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 створаны штат Д. Адзін з 13 штатаў-заснавальнікаў ЗША, які ў 1787 першы ратыфікаваў федэральную канстытуцыю. У 1802 Э.І.Дзюпон дэ Немур заснаваў ва Уілмінгтане парахавы з-д, які ў 20 ст. ператварыўся ў сусветна вядомы хім. канцэрн «Дзюпон дэ Немур энд компані». Прымаў удзел у грамадз. вайне 1861—65 на баку Поўначы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАВО́Е КІНО́,
вытворчасць і паказ кінафільмаў з гукавым суправаджэннем, зафіксаваным на фанаграме; від кінематаграфіі. Фанаграма бывае аптычная і магн., адна- і шматканальная. З дапамогай кінапраекцыйнага апарата відарыс праецыруюць на экран з адначасовым (сінхронным) узнаўленнем фанаграмы праз гучнагаварыцелі, размешчаныя за экранам (звычайнае і шырокаэкраннае кіно) або за экранам, на сцэнах і столі (шырокафарматнае, стэрэаскапічнае, панарамнае кіно, кругавая кінапанарама).
Практычныя сістэмы гукавога кіно створаны ў канцы 1920-х г. амаль адначасова ў СССР (фанаграма пераменнай аптычнай шчыльнасці, П.Р.Тагер у 1926; фанаграма пераменнай шырыні, А.Ф.Шорын у 1927), ЗША і Германіі. Пры стварэнні фільмаў звычайна гук і відарыс запісваюць паасобку з дапамогай гуказапісвальных (гл.Гуказапіс) і кіназдымачных апаратаў; часам мову, музыку, шумы і інш. запісваюць паасобку, потым аб’ядноўваюць у адну фанаграму. Выкарыстоўваюць таксама дубліраванне фільмаў, спец. гуказапіс са стварэннем гукавых эфектаў і інш.
З’яўленне гуку мела вял. значэнне ў эстэтыцы кіно, узбагаціла яго маст. палітру, выявіла новыя магчымасці драматургіі фільма і акцёрскага мастацтва. Першысав. поўнаметражны маст. фільм з запісам гуку па сістэме Тагера — «Пуцёўка ў жыццё» (1931, рэж. М.Эк).
У 1929 на кінастудыі Белдзяржкіно ў Ленінградзе створана гукавая лабараторыя пад кіраўніцтвам В.Ахотнікава і А.Машковіча. Па іх сістэме запісана бел.эксперым. гукавая праграма «Пераварот» (1930, рэж. Ю.Тарыч), якая дэманстравалася ў першым гукавым кінатэатры рэспублікі «Чырвоная зорка» ў Мінску. У далейшым запіс гуку пры здымцы бел. стужак рабіўся па сістэмах Тагера і Шорына. Першыя бел. гукавыя маст. фільмы — «Адбітак часу» і «Баям насустрач» (абодва 1932, рэж. адпаведна Г.Кроль і Э.Аршанскі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНАТЭ́ЛА (Donatello; сапр.Даната ды Нікала ды Бета Бардзі; Donato di Niccolò di Betto Bardi; каля 1386, г. Фларэнцыя, Італія — 13.12.1466),
італьянскі скульптар эпохі ранняга Адраджэння. У 1404—07 вучыўся ў майстэрні Л.Гіберці. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, а таксама ў Сіене, Рыме, Падуі і інш. Адным з першых у Італіі творча выкарыстаў вопыт ант. пластыкі і прыйшоў да стварэння класічных формаў і відаў рэнесансавай скульптуры — новага тыпу статуі і скульпт. групы, насценнага надмагілля, манумент. коннага помніка, жывапіснага рэльефу. У яго творчасці ўвасобіліся ўласцівыя мастацтву Адраджэння пошукі новых выразных сродкаў, цікавасць да рэальнасці з усёй яе разнастайнасцю, імкненне да ўзвышанага абагульнення і гераічнай ідэалізацыі. Раннія творы Д. вызначаюцца гатычнай скаванасцю формаў, больш познія — яснай тэктонікай пластычных мас, сілай і спакойнай веліччу (статуя св. Марка для фасада царквы Арсанмікеле ў Фларэнцыі, 1411—13). Рэльефы адметныя вял. глыбінёй прасторы («Баляванне Ірада» на бронзавай купелі сіенскага баптыстэрыя, 1423—27; рэльефы Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца ў Фларэнцыі, 1434—43). Да найб. вядомых яго твораў належаць таксама алтар «Дабравешчанне» (т.зв. алтар Кавальканці, каля 1428—33, царква Санта-Крочэ, Фларэнцыя), кафедра для пеўчых фларэнційскага сабора (1433—39), статуя «Давід» (1430-я г.) — першая выява аголенага цела ў статуарнай пластыцы Адраджэння. У Падуі стварыў першы свецкі манумент — конны помнік кандацьеру Гатамелату (1447—53) і вял. скульптурны алтар для царквы Сан-Антоніо (1446—50), упрыгожаны рэльефнымі сцэнамі. Познія творы Д. абвострана экспрэсіўныя, пазначаныя рысамі духоўнага надлому (група «Юдзіф і Алаферн», каля 1456—57, пл. Сіньёрыі; рэльефы кафедраў царквы Сан-Ларэнца, 1460-я г., усе ў Фларэнцыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКАЕ ХАРЧАВА́ННЕ,
галіна нар. гаспадаркі па вытв-сці і рэалізацыі гатовай ежы насельніцтву праз сетку сталовых, кафэ, рэстаранаў, буфетаў. Першыя таверны, якія выконвалі тую ж ролю, паявіліся ў краінах Захаду ў 1-й пал. 17 ст. У 1832 адкрыты першы рэстаран у Нью-Йорку. Вял. ўплыў на развіццё рэстараннай справы зрабіла Францыя.
У Беларусі былі шырока вядомы заезныя дамы, корчмы, шынкі, дзе людзі маглі пасталавацца і адпачыць. З развіццём прам-сці пачалі ўзнікаць і інш. формы абслугоўвання ў харчаванні. У студз. 1918 у Мінску ў нацыяналізаваных рэстаранах «Еўропа» і «Цэнтральны» створаны нар. сталовыя, пазней падобныя ўстановы адкрыты і ў інш. гарадах. Арганізоўвалася бясплатнае харчаванне рабочых на вытв-сці і дзяцей да 16 гадоў. У 1940 тавараабарот дзярж. і каап. прадпрыемстваў грамадскага харчавання ў БССР дасягнуў 68,9 млн.руб. За 1950—75 колькасць прадпрыемстваў грамадскага харчавання павялічылася амаль у 5 разоў, пашырылася сетка такіх прадпрыемстваў ў сельскай мясцовасці. У 1993 працавала 11,2 тыс. прадпрыемстваў грамадскага харчавання, колькасць месцаў на іх складала 812 тыс. Паслугі прадпрыемстваў грамадскага харчавання былі даступныя шырокім слаям насельніцтва. Складанае фін. становішча дзярж. прадпрыемстваў грамадскага харчавання ў пач. 1990-х г. абумовіла закрыццё або перапрафіляванне многіх агульнадаступных сталовых, закусачных, чайных у дарагія кафэ і рэстараны. Як альтэрнатыва скарачэнню недарагіх прадпрыемстваў грамадскага харчавання ў 1995—96 пачалі адкрывацца ў гарадах прадпрыемствы хуткага харчавання. Найб. актыўна ў новым для бел. грамадскага харчавання кірунку працуюць фірмы з прыватным капіталам, у т. л. сумесныя прадпрыемствы з замежнымі інвестыцыямі. У 1996 у Мінску адкрыты 3 рэстараны «МакДональдс» на 540 месцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬВІНІ́ЗМ,
адна з найб. плыней пратэстантызму. Засн. Ж.Кальвінам у перыяд Рэфармацыі ў 1-й пал. 16 ст. ў Жэневе (Швейцарыя), потым распаўсюдзіўся ў Францыі (гугеноты), Англіі, Шатландыі (пурытанізм), Германіі і інш. краінах. Адзінай крыніцай веры ў К. лічыцца Біблія, гал. прынцып веравызнання — спрадвечная наканаванасць чалавечага лёсу. Чалавецтва падзяляецца на абраных і асуджаных: не вера гарантуе выратаванне, а наадварот, выратаванне (наканаванае загадзя Богам) вымушае верыць. Смяротным грахом К. лічыць марнаванне часу, невытв. стаўленне да капіталу, заспакоенасць на дасягнутым узроўні кар’еры і багацця. З хрысц. таінстваў прызнаецца толькі хрышчэнне. У кальвінскім зборы няма абразоў, скульптуры, насценнага жывапісу, алтароў, аргана; маленні суправаджаюцца толькі спевамі псалмоў. Няма ін-та епіскапаў, святароў (пастараў). Царк. кіраўніцтва (прэсвітэры) выбіраюцца вернікамі на пэўны тэрмін. К. існуе ў трох плынях: рэфармацтва, прэсвітэрыянства, кангрэгацыяналізм (індэпендэнты). Найб. распаўсюджаны ў Швейцарыі, Галандыі, Англіі, Шатландыі, ЗША і інш.
На Беларусі К. з’явіўся ў 1533 пры садзейнічанні М.Радзівіла Чорнага, які заснаваў у Брэсце першы кальвінскі збор з друкарняй. Праз 10 гадоў кальвінская шляхта была ўраўнавана ў правах з каталіцкай і праваслаўнай. У канцы 16 ст. ў ВКЛ дзейнічала каля 200 збораў, пры якіх існавалі шпіталі, школы, друкарні. К. існаваў у выглядзе сацыніянства, антытрынітарызму, унітарызму, руху т. зв. «польскіх братоў». У перыяд Контррэфармацыі (2-я пал. 16—17 ст.) большасць кальвіністаў перайшла ў каталіцтва. У пач. 20 ст. на Беларусі заставаліся адзінкавыя кальвінісцкія суполкі, частка з іх праіснавала да 2-й сусв. вайны. У 1998 у Мінску дзейнічала адна рэфармацкая суполка.
Літ.:
Любович Н. История Реформации в Польше. Варшава, 1883;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРАВЕ́Ц (Анатоль Паўлавіч) (н. 1.1.1936, в. Аколіца Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). Настаўнічаў, працаваў у перыёдыцы, на Бел. радыё. З 1972 гал. рэдактар выд-ва «Мастацкая літаратура», з 1974 у апараце ЦККПБ, у 1978—97 гал. рэдактар час. «Неман».
Друкуецца з 1960. Першызб. апавяданняў «На зялёнай дарозе» (1968) вызначаецца праўдзівасцю, уменнем убачыць у чалавеку агульназначнае. У аповесці «Раданіца» (1971) ставіць праблему духоўных каштоўнасцей сучасніка, яго жыццёвай пазіцыі, адносін да мінулага і будучага. У кнігах «Дзень перад святам» (1975), «Зімы і вёсны» (1976), «На балоце скрыпелі драчы» (1979), рамане «Сачыненне на вольную тэму» (1984, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1986) адлюстраваў складаныя працэсы ў сучаснай вёсцы. Творчасць К. вылучаецца глыбокім псіхалагізмам, уменнем праз разгортванне падзей перадаць драматызм чалавечых характараў, творы адметныя дакладнасцю апісання жывых рэалій, побыту, прыроды, дзейных асоб. Аўтар кн. падарожных нарысаў «За чужымі далямі» (1981), сцэнарыяў маст. фільмаў «Асеннія яблыкі» (1975), «Раданіца» (1984, з Ф.Коневым). На бел. мову пераклаў «Падарожжы Гулівера» Дж.Свіфта, «Сібірскія апавяданні» У.Іванава, раманы А.Нурпеісава «Змрок» і «Нягоды», аповесць К.Сіманава «Дні і ночы», «Аповесці» А.Тамсаарэ, кн. «Апошні прамень» У.Караленкі, «На Іртышы» С.Залыгіна і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1987;
Сачыненне на вольную тэму. Мн., 1985;
Смерць нацыяналіста: Аповесці, апавяданні. Мн., 1992;
Познія яблыкі: Аповесці і апавяданні. Мн., 1998.
Літ.:
Брыль Я. Пра здзіўленне і зайздрасць // Зб.тв.Мн., 1981. Т. 4;
Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Фральцова Н. Каля родных вытокаў // Мастацтва Беларусі. 1985. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРМА́Ш,
перыядычныя таргі, рынкі тавараў, якія арганізуюцца ў пэўным месцы і ў пэўны час; сезонны продаж тавараў. Паводле складу ўдзельнікаў бываюць мясцовыя, рэгіянальныя, нац., міжнар. і сусветныя; падзяляюцца на універсальныя, шматгаліновыя, спецыялізаваныя (асабліва тэхнічныя). Узніклі пры першабытнаабшчынным ладзе, калі суседнія плямёны сыходзіліся, каб абмяняцца прадуктамі працы. Пашырыліся з развіццём эканам. сувязей паміж гарадамі і краінамі. Прымяркоўваліся да рэліг. свят ці пэўных пораў года, ад якіх часта паходзілі іх назвы (веснавы, асенні і да т.п.). На Беларусі першы К. афіцыйна дазволены ў 1498 у Полацку. Акрамя мясцовага, ён абслугоўваў транзітны гандаль Смаленска з Прыбалтыкай. Замежным купцам дазвалялася гандляваць у бел. гарадах толькі на К., таму яны ператвараліся ў вял. цэнтры міжнар. гандлю. У 15 ст. К. ўзніклі ў Мінску, Оршы, у 16 ст. — у Гродне. У 18 ст. вызначыўся Зэльвенскі К., які абслугоўваў гандл. абарот Гродзенскай губ. і суседніх з ёю ўкр., польскіх, літ. і латв. зямель. На пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічала 125 К. з абаротам 1508 тыс.руб. Гандлявалі пераважна лёнам, футрам, воскам, збожжам, мясам, жывёлай, а таксама таварамі, што прывозілі замежныя гандляры. У Расіі ў пач. 20 ст. было 18,5 тыс. К., найб. з іх Ніжагародскі, Ірбіцкі і інш. З развіццём рыначных адносін К. з цэнтраў прывозу буйных партый наяўнага тавару ператварыліся ў К. ўзораў, К.-выстаўкі, на якіх экспанентам дазваляецца паказваць узоры сваёй прадукцыі і заключаць гандл. здзелку ў нац. і міжнар. маштабах. Найбольшыя сучасныя міжнар. К. збіраюцца ў Мілане, Парыжы, Ліёне, Гановеры, Лейпцыгу, Познані, Таронта, Дамаску і інш.
Кірмаш у Слоніме. Пач. 20 ст.Да арт.Кірмаш. На Лейпцыгскім кірмашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЫЯНА́ЛЫ (позналац. cantional ад лац. cantio спевы, песня),
зборнікі рэлігійных і свецкіх адна- і шматгалосых песнапенняў. Сярод жанраў у складзе К.: літургічныя песнапенні і малітвы, пратэстанцкія харалы, псальмы і канты, гейналы і інш. Вядомы з 1-й пал. 15 ст. (Чэхія, Германія), асабліва пашыраны ў час Рэфармацыі. На Беларусі ў 16 ст. друкаваліся мясц. пратэстанцкія, а таксама чэш., ням., польскія К. Першы ўзор нотадрукавання на Беларусі і адзін з самых ранніх ва Усх. Еўропе — брэсцкі зб. «Песні хвал боскіх», складзены і выдадзены Я. Зарэмбам (1558). Ён змяшчае каля 100 адна- і чатырохгалосых псальмаў і кантаў на польскай і лац. мовах, запісаных мензуральнай натацыяй на 5-лінейным нотным стане (захаваліся ў фотакопіі 10 мелодый і заканчэнне; 38 мелодый з яго перадрукаваны ў канцыянале Я.Секлюцыяна, 1559). Аўтары шэрагу муз. узораў — Вацлаў з Шамотул і Ц.Базылік. У 1562 у Нясвіжы М.Кавячынскі выдаў «Катэхізіс», у адну з частак якога ўключыў К., дзе змешчаны 40 псальмаў, 110 песень і свецкіх кантаў з нотамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. нотныя К. выдаваліся ў Любчы, у т. л. зборнік 1-галосых песнапенняў 1620 (у аснове многіх псальмаў і кантаў мелодыі франц. свецкіх, ням.нар. песень, гусіцкіх, гугеноцкіх, лютэранскіх, кальвінісцкіх гімнаў і харалаў, касцельных песень, лац. секвенцый, гімнаў і антыфонаў, зах.-еўрап. і слав. песень і танцаў, усх.-слав. лірычных нар. песень). Бел. К. — помнікі кантавай культуры 16—17 ст.
Літ.:
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;
Kot S. Kancjonał brzeski lana Zaręby z 1558 r. // Reformacja w Polsce. Warszawa, 1937—39. R. 9—10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАТ,
1) машына ўдарнага дзеяння для апрацоўкі метал. загатовак ціскам. Мае ўдарную ч. (поршань, шток, бабу), масіўную аснову — шабат, што ўспрымае ўдар, станіну, прывод і механізм кіравання. Бываюць парапаветраныя, пнеўматычныя, гідраўлічныя, мех. і інш. Выкарыстоўваюцца для коўкі (ковачныя М.) і аб’ёмнай ці ліставой штампоўкі (штамповачныя М.).
Рычажныя М. з ручным прыводам вядомыя з 13—14 ст. У пач. 16 ст. з’явіліся М. з прыводам ад вадзянога кола — т.зв. сярэднебойныя (Германія) і хваставыя (Францыя, Італія, Вялікабрытанія). Пазней узніклі т.зв. лабавыя і таўкачовыя, а таксама М. інш. канструкцый. У сярэдзіне 18 ст. сталі ўжываць М. з паравым прыводам. Першы паравы М., у якім пара непасрэдна прыводзіла ў рух рухомыя часткі, сканструяваў англ. машынабудаўнік Дж.Несміт (патэнт 1842). У пач. 20 ст. пачалі выкарыстоўваць М. з электрапрыводам, у 1940-я г. — выбуховыя, у 1950-я г. — высокахуткасныя газавыя.
2) Буд. машына для забівання ў грунт паляў, шпунтоў і інш., разнавіднасць палябойнага абсталявання. Бываюць ударнага і вібрацыйнага (гл.Вібрамолат) дзеяння; парапаветраныя, дызельныя (гл.Дызель-молат) і мех. (з прыводам ад лябёдкі). Выкарыстоўваюцца ў мостабудаванні, гідратэхн., дарожным, прамысл. і інш. буд-ве.
3) Ручны інструмент для коўкі металаў. Малыя М. наз. ручнікамі, вял. цяжкія — кувалдамі (гл. ў арт.Кавальскі інструмент).
У.М.Сацута.
Схемы асноўных тыпаў молатаў: а — парапаветранага; б — пнеўматычнага; в — гідраўлічнага; г — механічнага з гнуткай сувяззю; д — які працуе па цыкле рухавіка ўнутранага згарання; е — электрамагнітнага; 1 — поршань; 2 — шток; 3 — баба; 4 — накіравальныя станіны; 5 — верхні баёк (ці штамп); 6 — ніжні баёк (ці штамп); 7 — шабот; 8 — гідрацыліндр; 9 — рэмень; 10 — электрамагніт.