міжнародны грамадскі рух, накіраваны на прапаганду і развіццё спорту праз падрыхтоўку і арганізацыю Алімпійскіх гульняў. Аб’ядноўвае мільёны людзей незалежна ад паліт. і рэліг. перакананняў, расавай прыналежнасці на прынцыпах раўнапраўя, дэмакратыі і ўзаемнай павагі. Асн. мэты і прынцыпы алімпійскага руху выкладзены ў Алімпійскай хартыі. Арганізац. аснова алімпійскага руху — Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК), Нацыянальныя алімпійскія камітэты (НАК) і іх кантынентальныя аб’яднанні (Асацыяцыя нац. алімпійскіх к-таў, Алімпійскі Савет Азіі, Асацыяцыя еўрап.нац. алімпійскіх к-таў і інш.), арганізац. к-ты Алімпійскіх гульняў, міжнар. і нац. федэрацыі па алімпійскіх відах спорту. Важную ролю ў развіцці алімпійскага руху адыгрываюць алімпійскія кангрэсы, сесіі МАК, дзейнасць яго спецыялізаваных камісій і інстытутаў, а таксама розных міжнар.спарт. арг-цый (Трыбунал спарт. арбітражу, Вярх. Саветміжнар.спарт. арбітражу, Міжнар. алімпійская асацыяцыя даследаванняў у спарт. медыцыне і інш.). Алімпійскі рух мае свае традыцыі, рытуалы, алімпійскую сімволіку.
Гісторыя сучаснага алімпійскага руху пачынаецца з канца 19 ст. Па ініцыятыве франц. педагога, гісторыка і грамадскага дзеяча П. дэ Кубертэна ў 1894 у Парыжы адбыўся I Міжнар.спарт. (алімпійскі) кангрэс, які прыняў рашэнне аднавіць на сучаснай аснове Алімпійскія гульні. Праграмныя і арганізац. асновы алімпійскага руху, распрацаваныя Кубертэнам і яго паплечнікамі, удасканальваліся на працягу наступных дзесяцігоддзяў.
Розныя праграмы МАК па каардынацыі дзейнасцінац. алімпійскіх к-таў прадугледжваюць дапамогу ім у развіцці алімпійскага руху ў сваіх краінах (асн. з іх — праграма «Алімпійская салідарнасць»). Дзейнічаюць Міжнар. алімпійская акадэмія (засн. ў 1961 у Алімпіі, рыхтуе спецыялістаў вышэйшага класа ў розных галінах спорту), Алімпійскі музей (засн. ў 1993 у Лазане, Швейцарыя), Міжнар. алімпійская федэрацыя філатэлістаў (з 1982). Існуе сістэма алімпійскіх узнагарод — медалі для пераможцаў і прызёраў гульняў, Алімпійскі кубак і Алімпійскі ордэн (прысуджаюцца за асаблівыя заслугі ў развіцці алімпійскага руху) і інш. У сістэме алімпійскага руху вылучаюцца рэгіянальныя спарт. спаборніцтвы пад патранажам МАК (Азіяцкія, Афрыканскія, Панамерыканскія і інш. гульні), спаборніцтвы, што наладжваюцца пасля Алімпійскіх гульняў у алімпійскім горадзе для спартсменаў-інвалідаў (гл.Параалімпійскія гульні). На Беларусі алімпійскім рухам кіруе Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі.
Літ.:
Le mouvement olympique = The olympie movement. Lausanne, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЧУЖЭ́ННЕ,
аб’ектыўны сац. працэс, які характарызуецца ператварэннем у пэўных умовах чалавечай дзейнасці і яе вынікаў у самаст. сілу, што пануе над чалавекам і варожая яму. Праяўляецца ў процістаянні асн. перадумоў працы (уласнасць, кіраванне і арг-цыя) суб’екту працы, дзярж.-бюракратычнай машыны радавым членам грамадства, у пачуццях апатыі, адзіноцтва, атрафіі да высокіх сац. і гуманіст. каштоўнасцяў.
Першапачаткова сфармулявана і выкарыстана Т.Гобсам, Дж.Локам, Ж.Ж.Русо для абгрунтавання дагаворнага паходжання дзяржавы як увасаблення перанесеных на яе («адчужаных») людзьмі сваіх пэўных правоў і свабод. Для Гегеля адчужэнне як уласцівасць сусв. духу (абсалютнай ідэі) ёсць пераход яго ў працэсе дыялект. развіцця ў сваю процілегласць — прыродную і сац. рэальнасць; для Феербаха — гэта стварэнне чалавечай свядомасцю рэліг.-ілюзорнага свету багоў, анёлаў і інш. пад уплывам усеагульнай залежнасці чалавека ад варожых яму сіл прыроды. Калі ў Гегеля пераадоленне адчужэння ажыццяўляецца праз усё больш глыбокае пазнанне навакольнага свету, то ў Феербаха — праз крытыку рэлігіі на аснове прынцыпаў любові і салідарнасці. Паводле Маркса, пераадоленне адчужэння можа быць дасягнута ў ходзе пралетарскай рэвалюцыі і стварэння такога грамадства, якое выключала б эксплуатацыю чалавека чалавекам і стварала б аб’ектыўныя ўмовы для свабоднага, усебаковага развіцця асобы.
У сучаснай зах. філасофіі адчужэнні імкнуцца абгрунтаваць усе бакі крызісу грамадства — сац. і нац. прыгнёт, бюракратызацыю грамадскага жыцця, тэхнізацыю свету і разбурэнне прыроднага асяроддзя, узрастаючую бездухоўнасць мастацтва і асобы, нявер’е і атэізм, тэрарызм і злачыннасць, нават нац.-вызв. барацьбу народаў. А.Камю атаясамлівае адчужэнне з відавочнай для яго абсурднасцю чалавечага быцця ў свеце фатальнай непазбежнасці смерці індывіда. Крызіс сацыялізму і марксізму ўяўляецца як спецыфічнае адчужэнне ў грамадстве з дзярж.-калектыўнай уласнасцю, якая ўзмацняе працэс адчужэння, ператварае яго ў фатальна-антрапалагічную з’яву. Спробы пераадолення адчужэння ў гэтым сэнсе абвяшчаюцца утапічнымі або звязваюцца са зваротам чалавека да Бога і рэлігіі, да ўцёкаў ад грамадства ў інтымна-асабістае жыццё, з маральным адраджэннем асобы і грамадства на аснове любові, салідарнасці і інш.
Літ.:
Нарский И.С. Отчуждение и труд. М., 1983;
Грицанов А.А. Овчаренко В.И. Человек и отчуждение. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДА ЗЯМЛІ́,
форма землекарыстання, пры якой уласнік зямлі перадае за плату на пэўны тэрмін зямельны ўчастак іншай асобе (арандатару) для вядзення гаспадаркі. Узнікла ў рабаўладальніцкім грамадстве і дала пачатак развіццю арэнды. У часы рабаўладальніцтва і феадалізму пераважала прадуктовая (дзеля атрымання прадуктаў), пры капіталізме набыла прадпрымальніцкі характар: арандатар укладвае ў зямлю ўласны капітал, вядзе гаспадарку з дапамогай наёмнай рабочай сілы і атрымлівае прыбытак. Пераходнымі формамі ад прадуктовай да прадпрымальніцкай арэнды зямлі былі здольшчына і адработкі. Капіталістычная арэнда зямлі найбольш пашырана ў развітых краінах (ЗША, Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды, Францыя). На развіццё арэндных адносін у аграрным сектары істотна ўплывае дзяржаўнае рэгуляванне — фінансавая дапамога для тэхнічнага аснашчэння сельскай гаспадаркі, падтрымка ў збыце прадукцыі і інш. З улікам гэтага асобныя землеўладальнікі самі становяцца і прадпрымальнікамі. Зямлю для прадпрымальніцкай дзейнасці і здачы ў арэнду набываюць таксама буйныя карпарацыі.
На Беларусі да 1861 пераважала дакапіталістычная арэнда зямлі. Пасля адмены прыгону сяляне атрымалі права заключаць арэндныя здзелкі, што спрыяла развіццю арэндных адносін. Патрэбу ў гэтым мелі не толькі беззямельныя сяляне, а і памешчыкі, якія не маглі ўласнымі сіламі апрацаваць сваю зямлю. Аграрны крызіс канца 19 стагоддзя паскорыў гэты працэс. У 1887 арэндны фонд складаў каля 2,5 млн. дзесяцін, а ў 2-й палове 1890-х гадоў каля 3,5 млн. дзесяцін. Пераважала сялянская арэнда зямлі. Але ў канцы 19 стагоддзя больш за 1,5 млн. дзесяцін зямлі арандавалі дваране, купцы, мяшчане, якія вялі буйныя прадпрымальніцкія гаспадаркі з выкарыстаннем вольнанаёмнай працы. Да 1917 арэндны фонд на Беларусі, паводле ацэнак спецыялістаў, дасягнуў прыкладна 5 млн. дзесяцін, у т. л. не менш як 3,3 млн. дзесяцін прыпадала на сялянскую арэнду. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 зямля была нацыяналізавана, а яе арэнда забаронена. З некаторымі абмежаваннямі адноўлена ў часы нэпа і існавала да калектывізацыі. Права на арэнду зямлі грамадзяне і арганізацыі зноў атрымалі на аснове прынятых Вярхоўным Саветам Беларусі «Кодэкса Беларускай ССР аб зямлі» і «Закона Беларускай ССР аб арэндзе» (1990). Здаваць у арэнду зямлю і іншыя прыродныя рэсурсы могуць толькі мясцовыя Саветы дэпутатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РЖА (ням. Börse ад грэч. byrsa кашалёк),
форма рэгулярна дзеючага аптовага рынку заменных тавараў, каштоўных папер і замежнай валюты. Адпаведна бываюць таварныя біржы, фондавыя біржы і валютныя біржы. Сама біржа не выступае ў якасці аднаго з бакоў у гандл. аперацыях, а толькі забяспечвае найб. спрыяльныя ўмовы для гэтых аперацый: устанаўлівае для ўсіх удзельнікаў агульныя прынцыпы заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння кантрактаў і прадастаўляе месца для іх заключэння ў пэўны час. Членамі біржы могуць быць толькі пэўныя асобы, у т. л. давераныя прадстаўнікі кампаній. Кіруе біржай савет дырэктараў, якому падначалены розныя камітэты (фін., арбітражны і інш.). Пасрэднікам паміж пакупнікамі і прадаўцамі выступаюць брокеры — пэўныя асобы ці фірмы (брокерскія канторы). Біржавыя органы ажыццяўляюць біржавую каціроўку — рэгіструюць курс валют і каштоўных папер, цэнаў на тавары, што стыхійна склаліся на біржы. Кожная біржа вядзе ўлік і сістэматызацыю такіх каціровак і публікуе іх у спец. бюлетэнях. Біржавая каціроўка — адзін з паказчыкаў біржавай кан’юнктуры, індыкатар дзелавой актыўнасці ў розных сектарах эканомікі.
Зачаткі таварнай і вэксальнай (валютнай) біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у гарадах Італіі (Венецыя, Генуя, Фларэнцыя). Важнымі этапамі ў развіцці біржавага гандлю стала заснаванне Антверпенскай (1531) і Амстэрдамскай (1608) біржаў. У Расіі першая біржа засн. ў 1705 у Санкт-Пецярбургу. Росквіт біржавай дзейнасці прыпадае на 2-ю пал. 19 ст. і звязаны з развіццём капіталіст. вытв-сці, транспарту, сувязі, гандлю і акц. т-ваў. На сучасным этапе пераважная частка біржавага абароту сканцэнтравана ў вядучых гандл. і фін. цэнтрах ЗША, Вялікабрытаніі і Японіі (больш за 90% аб’ёму біржавых здзелак з таварамі ў вартасным выражэнні, з іх больш за 80% прыпадае на ЗША, дзе знаходзіцца гіганцкая фондавая біржа ў Нью-Йорку).
На Беларусі ў пач. 20 ст. існавалі 2 біржы, якія спынілі дзейнасць у 1-ю сусв. вайну. У 1920-я г. біржавы гандаль аднавіўся, але ў 1927 ліквідаваны. Аднаўленне біржы як адной з найважнейшых структур рыначнай эканомікі пачалося ў 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРУ́Н (Алесь) (сапр.Прушынскі Аляксандр Уладзіміравіч; 11.3.1887, б. фальварак Новы Двор Мінскага р-на — 28.7.1920),
бел. пісьменнік, дзеяч нац.-вызв. руху. Скончыў мінскія гар. (1897) і рамеснае (1902) вучылішчы. Працаваў у Мінску сталяром. З 1904 чл. партыі эсэраў-максімалістаў. За антыўрадавую дзейнасць у 1907 арыштаваны і ў 1908 сасланы ў Кірэнскі пав. Іркуцкай губ. З 1912 з Я.Лёсікам у Мельнічным выселку каля Кірэнска. Пасля працаваў на Лене і Віціме, на залатых капальнях у Бадайбо. У Мінск вярнуўся ў вер. 1917 хворы на сухоты. Удзельнічаў у дзейнасцібел. арг-цый. Віцэ-старшыня Усебеларускага з’езда 1917, удзельнічаў у стварэнні БНР, рэдагаваў газ.«Беларускі шлях», у 1919—20 узначальваў Бел.нац.к-т, быў чл.Бел. вайсковай камісіі. У 1920 хвароба абвастрылася. Па дарозе на курорт Закапанэ памёр у Кракаве.
Раннія творы не зберагліся. 1905 датуецца паэма «Мае коляды» (Вільня, 1920, пад псеўд. А.Сумны) — гісторыя абуджэння нац. свядомасці ў вясковага хлопчыка. З 1907 друкаваўся ў газ. «Наша ніва». Пісаў пераважна лірычныя вершы, якія вызначаюцца меладычнасцю, багаццем рытміка-інтанацыйнага ладу, спалучэннем філас. заглыбленасці з публіцыстычнасцю і тонкім лірызмам, творчым засваеннем фалькл. традыцый. Паводле матываў і тэматыкі яго паэзія блізкая да паэзіі Я.Купалы і Я.Коласа. У ёй выказана такое ж неадольнае жаданне лепшай долі для народа, непрымірымасць да несправядлівасці, гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля шчасця людзей і Бацькаўшчыны. Аўтар зб. паэзіі «Матчын дар» (1918, 2-е выд. 1929, факсімільнае выд. 1988). Адметнасць прозы Гаруна — яе ідэйна-тэматычнае багацце. Пісаў пра нац. бяспраўе беларуса («Пан Шабуневіч»), пра тое, як астрог калечыць лёс чалавека, разбурае яго псіхалогію («Чалавек без крыві», «Маладое»). Сцэны з жыцця бел. пасяленца ў Сібіры паказаў у апавяданні «Свята». Празаічны трыпціх «П’ера і Каламбіна» аб’ядноўвае тэма кахання, маст. роздум аб загадкавай сіле гэтага пачуцця. Празаічныя творы падпісваў псеўд. І.Жывіца. У зб. «Жывыя казкі» (1920) увайшлі п’есы для дзіцячага тэатра, прасякнутыя жыццесцвярджальным аптымізмам, непрымірымасцю да фальшу і несправядлівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ДУ́МА,
1) прадстаўнічая заканад. ўстанова ў Расіі ў 1906—17. Створана паводле Маніфеста 17 кастрычніка 1905 ва ўмовах рэвалюцыі 1905—07 пасля таго, як большасць рас. насельніцтва байкатавала выбары ў «Булыгінскую думу». Складалася з дэпутатаў, якія выбіраліся шматступеньчата па 4 нераўнапраўных курыях (ад землеўладальнікаў, гар. насельніцтва, сялян і рабочых) на 5 гадоў. Разглядала законапраекты, якія потым абмяркоўваліся ў Дзяржаўным савеце і зацвярджаліся царом. 1-я (10.5—21.7.1906, адна сесія; старшыня С.А.Мурамцаў) і 2-я (5.3—15.6.1907, адна сесія; старшыня Ф.А.Галавін). Дз.д. распушчаны царом. Пасля змены выбарчага закона Мікалаем II (чэрв. 1907) у 3-й (14.11.1907—22.6.1912, пяць сесій; старшыня М.А.Хамякоў, з 1910 А.І.Гучкоў, з 1911 М.У.Радзянка) і 4-й (28.11.1912—19.10.1917, пяць сесій; старшыня Радзянка) Дз.д. крыху павялічыўся ўплыў правых манархічных партый (гл.Чарнасоценцы). У 1-ю сусв. вайну сесіі думы склікаліся нерэгулярна, узнік «Прагрэсіўны блок», а ў ходзе Лют. рэвалюцыі 1917 — Часовы к-т Дз.д., які сфарміраваў Часовы ўрад. Распушчана Часовым урадам 19.10.1917 у сувязі з пач. выбараў ва Устаноўчы сход. Канчаткова скасавана пасля Кастр. рэвалюцыі 1917. У гады дзейнасці думы дэпутаты ад бел. губерняў (сярод іх памешчык Р.А.Скірмунт, гісторык А.П.Сапуноў) у залежнасці ад іх паліт. поглядаў выступалі за культ.-нац. аўтаномію Беларусі (у т. л. ўвядзенне ў школах навучання на бел. мове) або супраць яе і інш. 2) Ніжняя палата Федэральнага сходу (парламента) Рас. Федэрацыі, утвораная паводле канстытуцыі 1993. Яе дэпутаты выбіраюцца на 4 гады (палова па спісах паліт. партый і грамадскіх рухаў, другая палова па аднамандатных акругах паводле мажарытарнай сістэмы), працуюць на прафес. пастаяннай аснове.
Кр.: Калинычев Ф.И. Государственная дума в России: Сб. док. и материалов. М., 1957.
Літ.:
Леонтович В.В. История либерализма в России, 1762—1914: Пер. с нем. [2 изд.]. М., 1995. С. 491—542;
Запруднік Я. Справа аўтаноміі Беларусі ў першай думе і «Наша ніва» // 3 гісторыяй на «Вы». Мн., 1994. Вып. 3;
Забаўскі М.М. Палітычная барацьба ў Беларусі ў перыяд выбараў у III Дзяржаўную думу // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1987. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРУ́ДЖВАННЕ ВОД,
працэс змены складу і ўласцівасцей вады, абумоўлены паступленнем у водныя аб’екты забруджвальнікаў, якія робяць воды непрыдатнымі для водакарыстання, пагаршаюць умовы пражывання жывых арганізмаў. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.в. і забруджванне антрапагеннае. Прыроднае З.в. выклікаецца паводкамі, размывам берагоў, забруджанымі атм. ападкамі, рэчывамі, што вымываюцца з глебы. Некат. газападобныя рэчывы выкідваюцца ў атмасферу, а потым з ападкамі трапляюць у водныя аб’екты. Антрапагеннае З.в. абумоўлена паступленнем у вадаёмы прадуктаў, што выкідваюцца ў асяроддзе ў выніку бытавой, с.-г., прамысл. і інш.гасп.дзейнасці чалавека. Асн. крыніцы такога З.в.: воды сцёкавыя шахтаў, руднікоў, нафтапромыслаў, адходы хім. прам-сці, драўніны пры яе нарыхтоўцы, апрацоўцы і сплаве, апрацоўкі некат. с.-г.тэхн. культур, скіды воднага і чыг. транспарту і інш. Вылучаюць З.в. біял. (мікраарганізмы і здольныя да браджэння арган. рэчывы), хім. (таксічныя або рэчывы, якія змяняюць склад воднага асяроддзя), фіз. (награванне, радыеактыўнасць і інш.).
Першасныя змены З.в. узнікаюць ад непасрэднага ўздзеяння забруджвальнікаў на водныя аб’екты і ўплываюць на фіз.-хім. і біял. якасці вады, яе склад, т-ру, газавы рэжым і інш. ўмовы пражывання гідрабіёнтаў. У выніку другасных змен (пры ўзаемадзеянні забруджвальных рэчываў паміж сабой, з вадой ці інш. прыроднымі рэчывамі) утвараюцца новыя рэчывы, якія адмоўна ўплываюць на водныя арганізмы, узмацняюць або аслабляюць працяканне біяхім. працэсаў, змяняюць працэсы самаачышчэння і мінералізацыі вады і інш. Вынік — пагаршэнне гідрахім. рэжыму і ўмоў пражывання водных арганізмаў, немагчымасць выкарыстання вады для пітных, культурна-бытавых мэт, тэхн. водазабеспячэння. Трацічныя змены парушаюць складаны комплекс узаемасувязей гідрабіёнтаў з навакольным асяроддзем і ўзаемаадносіны паміж арганізмамі вадаёма, агульны жыццёвы цыкл іх развіцця. Назіраецца распад біяцэнозаў, паніжаецца біял. прадукцыйнасць вадаёмаў, знішчаюцца рыбныя запасы. Штогадовы знос з сушы ў воднае асяроддзе рэчываў пад уздзеяннем антрапагенных фактараў ацэньваецца ў 50 млрд.т.
На Беларусі ў рэкі скідваецца некалькі кубічных кіламетраў сцёкаў за год (найб. аб’ём забруджвальнікаў даюць нафтахім. і харч.прам-сць, электраэнергетыка), што вядзе да забруджвання вод нітратамі, засалення адходамі калійнай вытв-сці. Найб. аб’ёмы сцёкаў паступаюць у бас. рэк Зах. Дзвіна і Бярэзіна (бас. Дняпра). Гал. задача аховы водаў — папярэджанне З.>в. і ліквідацыя яго крыніц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАВЕ́ДНІКІ,
1) тэрыторыя сушы або акваторыя, у межах якой увесь прыродны комплекс поўнасцю выключаны з гасп.дзейнасці і ахоўваецца дзяржавай; від запаведных тэрыторый. Участкі зямлі, яе нетраў і воднай прасторы ў межах З. аддаюцца ў карыстанне грамадскім ці дзярж. органам. Асн. задачы З.: зберажэнне эталонных або найб. тыповых для вызначанай геагр. зоны прыродных ландшафтаў, рэдкіх і каштоўных відаў жывёл і раслін; вывучэнне прыродных працэсаў у натуральным стане; распрацоўка пытанняў рэканструкцыі флоры, фауны і комплексу інш. прыродаахоўных праблем; культ.-асв. работа, папулярызацыя прыродаахоўных поглядаў і аховы прыроды (гл.Маніторынг, Біясферны запаведнік). Вылучаюць З. накіраванага рэжыму, прыродныя, эталонныя, біясферныя, мемарыяльныя і інш. Для аховы прыродных комплексаў З. ствараюцца ахоўныя зоны. Ахоўвае З. спец. служба (дзяржінспектары, егеры). Навук. работа ў З. мае комплексны характар, вядуцца даследаванні па праграме «Летапіс прыроды».
Першыя дзярж. З. ўзніклі ў стараж. Вавілоне, Грэцыі, Індыі і ствараліся з рытуальнымі і паляўнічымі мэтамі. Найстаражытнейшы З. на слав. землях — Белавежская пушча. Першымі дзярж. З. Расіі былі Баргузінскі запаведнік, Кедравая Падзь, Лагадэхскі запаведнік, Саянскі (1915). Самы вял. З. у свеце — Вялікі Габійскі (Манголія, пл. 5 млн.га), у Расіі — Таймырскі запаведнік. Найб. вядомыя З. — Асканія-Нова, Байкальскі запаведнік, Жувінтас, Каўказскі запаведнік, Кызылагаджскі запаведнік, Рэпетэкскі запаведнік і інш.
На Беларусі два З.: Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік (адзіны ў свеце). Стварэнне, статут, структура і рэжым З. вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1994) і адпаведнай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13.3.1995. Вял. роля З. Беларусі ў зберажэнні і аднаўленні каштоўных і рэдкіх відаў жывёл (алень высакародны, бабёр, зубр, лось і інш.) і раслін, даследаванні па геабатаніцы, фларыстыцы, лесазнаўстве, фауністыцы, паляўніцтвазнаўстве, глебазнаўстве, экалогіі і інш. З. ўдзельнічаюць у міжнар. праграмах па ахове прыроды ў рамках МАБ, ЮНЕП, ЮНЕСКА.
2) Навукова-даследчыя ўстановы, за якімі замацаваны тэрыторыі, дзе вядуцца адпаведныя арганізацыйныя работы і даследаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,
1) сукупнасць працягла існуючых прыродных ільдоў на зямной паверхні і ў прыпаверхневым слоі. Асноўныя тыпы З.: наземнае (ледавікі горныя і покрыўныя), марское (скопішча льдоў на паверхні акіянаў і мораў у выглядзе аднагадовых і шматгадовых мас) і падземнае (вечная мерзлата).
Агульная пл.ледавікоў Зямлі каля 16,1 млн.км² (11% пл. сушы), агульны аб’ём — каля 30 млн.км³. Працяг ледавіковых покрываў — плывучыя шэльфавыя льды ў Антарктыдзе. Ад іх адколваюцца плывучыя глыбы (айсбергі). Агульная пл. сучасных ледавіковых покрываў 14,4 млн.км², з іх 85,3% складаюць наземныя покрывы Антарктыды, 12,1% — Грэнландыі, 2,1% — астатнія. Падземнае З. (шматгадовая мерзлата) — тоўшча горных парод з адмоўнай т-рай, якая захоўваецца працяглы (да тысячагоддзяў) час. У выніку дзейнасці ледавікоў і водных патокаў, што ўзнікаюць пры раставанні льдоў, на сушы ўтвараецца характэрны комплекс ледавіковых адкладаў. Утварэнні, перанесеныя айсбергамі і адкладзеныя ў моры, з’яўляюцца ледавікова-марскімі (марынагляцыяльнымі). Па паходжанні ў ледавіковым рэльефе адрозніваюць формы: экзарацыйныя («барановыя лбы», лагчыны ледавіковага выворвання і інш. — на раўнінах; трогі, кары, рыгелі — у гарах), ледавікова-акумулятыўныя (марэнныя раўніны, узгоркі і грады) і водна-ледавіковыя (зандравыя раўніны, тэрасы і інш.).
2) Значнае пашырэнне масы і плошчы ледавікоў, якое звязана са зменай клімату і паўтаралася ў гісторыі Зямлі неаднаразова. Вылучаюцца ледавіковыя перыяды, эпохі, стадыялы.
З. выяўлены ў раннім пратэразоі (Паўн. Амерыка), познім рыфеі (Афрыка і Аўстралія), вендзе (Еўропа, Азія і Паўн. Амерыка), ардовіку (Афрыка), у канцы карбону — пачатку пярмі на гіпатэтычным мацерыку Гандвана ў Паўд. паўшар’і (сляды знойдзены ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі, Індастане). У плейстацэне (ранні антрапаген) вялізныя ледавіковыя покрывы пашыраліся на значнай частцы Еўропы, Паўн. Азіі, Паўн. Амерыкі. Ад іх захаваліся адклады і ледавіковыя формы рэльефу, якія сведчаць пра шматлікасць зледзяненняў чацвярцічнага ледавіковага перыяду. У кожнай краіне вылучаецца неаднолькавая колькасць З. пад рознымі назвамі.
На Беларусі пашыраны адклады вендскага З. (тыліты вільчанскай серыі) і 5 антрапагенавых З. Гл.Антрапагенавая сістэма (перыяд). Гіпотэзы З.: ваганні сонечнай актыўнасці, змена нахілу зямной восі да плоскасці экліптыкі, змена размяшчэння сушы і мора, гораўтваральныя працэсы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ФІЛАСО́ФІІ І ПРА́ВАНацыянальнай акадэміі навук Беларусі,
навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў 1931 у Мінску як Ін-т філасофіі АНБССР. У 1935 аб’яднаны з Ін-там сав.буд-ва і права АНБССР і перайменаваны ў І.ф. і п. У гады Вял.Айч. вайны не працаваў. З 1946 у АНБССР існаваў сектар філасофіі, у 1947 адноўлены як І.ф. і п., у 1958—65 з ін-та быў вылучаны сектар права ў самастойны ін-т. Аспірантура з 1931. Аддзелы: логікі і метадалогіі навук. пазнання (з сектарам філас. праблем прыродазнаўства і тэхнікі), філас. праблем чалавека, філас. праблем міжнац. і міжнар. адносін, гісторыі філасофіі; тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, дзярж. права і кіравання, прац. і гасп. права, с.-г. і экалагічнага права; сектар сац. экалогіі.
Асн. кірункі даследаванняў: аналіз сутнасці дзяржавы, яе структуры і гіст. форм, заканамернасцей сац.-культ. развіцця, гуманізацыі грамадскіх адносін, метадалогіі пазнання; гісторыя філас. думкі Беларусі; тэндэнцыі паліт.-прававога абнаўлення рэспублікі; складанне заканадаўства, канстытуцыйных прынцыпаў арганізацыі і функцыянавання суд. улады і інш. Выдадзены працы: «Дыялектычны матэрыялізм як метадалогія прыродазнаўчанавуковага пазнання» (1965), «Узаемасувязь катэгорый дыялектыкі» Дз.І.Шыраканава (1969), «Гісторыя дзяржавы і права Беларускай ССР» (т. 1—2, 1970—76), «Нарысы гісторыі філасофскай і сацыялагічнай думкі Беларусі (да 1917 г.)» (1973), «Беларускія рэвалюцыйныя дэмакраты» А.С.Майхровіча (1977), «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі» С.А.Падокшына (1990), «Помнікі філасофскай думкі Беларусі XVII — першай паловы XVIII ст» (1991), «Прававая рэформа: Павышэнне дзейнасці заканадаўства» (1992), «Стэрэатыпы і дынаміка мыслення» (1993), «Земскае самакіраванне па Беларусі (1905—1917 гг.)» В.П.Слабажаніна (1994) і інш. У Ін-це працавалі акад.АН Беларусі С.Я.Вальфсон (першы дырэктар ін-та), В.А.Сербента, К.П.Буслаў, акад.АНСССР Г.Ф.Аляксандраў, чл.-кар.АН Беларусі І.М.Ільюшын, І.М.Лушчынскі, С.П.Маргунскі; працуюць акад.Нац.АН Беларусі Дз.І.Шыраканаў, чл.-кар. А.С.Майхровіч (дырэктар з 1994), А.І.Савасцюк, В.І.Семянкоў, М.І.Сторажаў, В.І.Шабайлаў.