В’ЁТА́Н ((Vieuxtemps) Анры) (17.2.1820, г. Верв’е, Бельгія — 6.6.1881),
бельгійскі скрыпач, кампазітар. Адзін з буйнейшых скрыпачоў рамант. кірунку. Вучань Ш.Берыо. Выступаў з 7-гадовага ўзросту. Гастраліраваў у краінах Еўропы і Амерыкі. У 1838—40 і 1845—52 працаваў у Расіі. На яго творчасць паўплывала знаёмства з М.Глінкам, А.Даргамыжскім і інш. Аўтар 7 віртуозных канцэртаў для скрыпкі з аркестрам (найб. значны 4-ы), п’ес на тэмы рус. кампазітараў і інш. У 1871—73 праф. Брусельскай кансерваторыі. Сярод яго вучняў Э.Ізаі. З 1879 жыў у Алжыры.
т. 4, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ГАН (Wihan, Vihan) Гануш (5.6.1855, г. Поліцэ, Чэхія — 1.5.1920), чэшскі віяланчэліст. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1873), выкладаў у ёй. З 1873 праф. Акадэміі музыкі і сцэн. мастацтва «Моцартэум» (Зальцбург). Працаваў у прыдворных капэлах розных гарадоў Германіі. У 1891 арганізаваў «Чэшскі квартэт» (іграў у ім да 1913), з якім выступаў у краінах Еўропы і ў Расіі. Сябраваў з Б.Сметанам, А.Дворжакам, які напісаў для Вігана «Ронда» і канцэрт для віяланчэлі з арк. У 1950 і 1955 у Празе праводзіліся Міжнар. конкурсы імя Вігана (сярод лаўрэатаў М.Растраповіч, Д.Шафран, М.Хоміцэр і інш.).
т. 4, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЗАНТЫ́ЙСКАЕ ПРА́ВА,
прававая сістэма Візантыі 6—15 ст. Яго асновай былі кадыфікацыя Юстыніяна, выкладзеная ў зборніках пад назвай «Намаканоны», і рымскае права, якое дастасоўвала рабаўладальніцкае права да феад. адносін. Гэта дастасаванне адбылося пад уплывам звычаёвага права народаў, што засялілі імперыю, у т. л. славян. На сямейнае і спадчыннае права паўплывала і хрысц. рэлігія. Некаторыя нормы Візантыйскага права пераняты «Рускай праўдай», Статутамі Вял. княства Літоўскага 1529, 1566, 1588, Улажэннем Аляксея Міхайлавіча 1649 і інш. На тэр. Расіі і Беларусі былі пашыраны зборнікі Візантыйскага права Эклога, Земляробчы закон, Прахірон і інш.
т. 4, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ТЕБСКИЙ КРАЙ»,
грамадска-паліт. і літ. часопіс ліберальнага кірунку. Выдаваўся штотыднёва з 30.10(12.11).1916 да 22.10(4.11). 1917 у Віцебску на рус. мове [з 5(18).3 да 20.8(2.9).1917 не выходзіў]. Выступаў за дэмакр. рэспубліку, вітаў Лют. рэв. 1917, асуджаў падрыхтоўку да ўзбр. паўстання супраць Часовага ўрада. Прытрымліваўся пацыфісцкіх пазіцый, але пасля звяржэння царызму выступаў за абарону «рускай бацькаўшчыны». Агітаваў за адзінства ўсіх нацый і народаў у складзе Расіі, мірнае вырашэнне сац. і нац. канфліктаў. Апублікаваў цыкл артыкулаў «Забыты край. Нарысы Беларусі». Змяшчаў літ. творы, пераклады, рэцэнзіі, тэатр. агляды. Выйшла 20 нумароў.
т. 4, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЧЫННЫ СУД,
суд феадала над залежнымі ад яго людзьмі — прыгоннымі сялянамі ў Расіі і ВКЛ у 15 — 1-й пал. 19 ст. Дзейнічаў на аснове стараж. звычаёвага права. Паводле вотчыннага права юрысдыкцыі феадала падлягалі не толькі залежныя сяляне, але і інш. асобы, што пражывалі на яго землях (гл. Вотчына). Судаводства ў вотчынным судзе ажыццяўляў сам феадал ці службовыя асобы яго дваровай адміністрацыі (соцкія, старосты і інш.). Меры пакарання (цялесныя ці інш.) феадал часам вызначаў адвольна. Фактычна існаваў да адмены прыгоннага права ў 1861.
Т.І.Доўнар.
т. 4, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЦІ́НСКАЯ (Настасся Аляксандраўна) (н. 19.12.1944, Масква),
руская актрыса. Нар. арт. Расіі (1988). Дачка А.М.Вярцінскага. Скончыла Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1968). З 1966 у т-ры «Сучаснік», у 1980—88 у МХАТ. Майстэрства актрысы адметнае вытанчанасцю пластычнага малюнка ролі, спалучэннем лірыкі з лёгкай іроніяй: Ніна Зарэчная, Алена Андрэеўна («Чайка», «Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Эльміна («Тарцюф» Мальера) і інш. З 1961 здымаецца ў кіно: «Пунсовыя ветразі», «Чалавек-амфібія», «Гамлет», «Вайна і мір», «Ганна Карэніна», «Майстар і Маргарыта», «Безыменная зорка» (тэлевізійны) і інш. Выкладае сцэн. майстэрства ў Вялікабрытаніі, Францыі, Швейцарыі.
т. 4, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБРЫЛО́ВІЧ (Яўген Іосіфавіч) (29.9.1899, г. Варонеж, Расія — 5.12.1993),
рускі кінадраматург, пісьменнік. Засл. дз. маст. Расіі (1969). Герой Сац. Працы (1979). Праф. (1962). Літ. дзейнасць пачаў у 1921 як навеліст. У кіно з 1937. Для яго творчасці характэрна ўвага да псіхал. раскрыцця характару персанажа, да лёсу чалавека на фоне гіст. падзей. Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Машачка» (1942), «Два байцы» (1943), «Забойства на вуліцы Дантэ» (1956), «Камуніст» (1958), «Твой сучаснік» і «У агні броду няма» (1968), «Пачатак» (1979, разам з Г.Панфілавым) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1967,1983.
т. 4, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДУКІ́ (ад венг. hajdúk пехацінцы),
1) удзельнікі ўзбр. барацьбы паўд.-слав. народаў і венграў супраць турэцкіх захопнікаў у 15—19 ст. У час рус.-тур. вайны 1877—78 разам з рус. войскамі змагаліся за вызваленне Балгарыі. Подзвігі гайдукоў услаўлены ў эпасе паўд. славян.
2) Лёгкаўзброеныя воіны, якія былі на службе ў венг. і польск. памешчыкаў у 16—17 ст., т.зв. венг. пяхота, уведзеная Стафанам Баторыем.
3) У Расіі пры Пятру I конныя панскія лёкаі.
Літ.:
Гусарова Т.П. Хайдуки в Венгрии // Вопр. истории. 1991. № 1.
т. 4, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРНІЕРЫ́Т (ад прозвішча Франц, геолага Ж.Гарнье),
мінерал класа сілікатаў, нікелевая разнавіднасць серпенціну (Ni, Mg)6 [Si4O10](OH)8. Мае нікелю да 2—5%. Прымесі жалеза, хрому, алюмінію, марганцу. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Характэрны канкрэцыі, нацёчныя агрэгаты, шчыльныя, порыстыя і зямлістыя масы. Колер зялёны, розных адценняў. Бляск матавы. Цв. 2,5—3,5. Шчыльн. 2,3—2,8 г/см³. На паветры траціць ваду і рассыпаецца ў парашок. Трапляецца ў корах выветрывання ультраасноўных парод і серпенцінітаў. Састаўная ч. сілікатных нікелевых руд. Радовішчы ў Расіі, Казахстане, на в-ве Новая Каледонія.
У.Я.Бардон.
т. 5, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЎБІЦА (ням. Haubitze),
артылерыйская гармата для стральбы пад вуглом узвышэння да 70° па наземных цэлях. Першыя гаўбіцы з’явіліся ў Еўропе ў 15 ст., у Расіі (гаўфніцы) у сярэдзіне 16 ст. (гл. Артылерыя). Сучасныя гаўбіцы маюць калібр 105—203 мм, адносна кароткі ствол (15—40 калібраў), скарастрэльнасць да 10 стрэлаў за мінуту, далёкасць стральбы да 24 км (рэактыўнымі снарадамі — да 30 км). Бываюць самаходныя або буксіруюцца, некат. могуць страляць ядз. снарадамі. Гаўбіцы калібру 122-, 152- і 203-мм шырока выкарыстоўваліся ў гады Вял. Айч. вайны.
т. 5, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)