сукупнасць якасных і колькасных метадаў аналізу, заснаваных на назіранні люмінесцэнцыі. Пры гэтым рэгіструюць уласнае свячэнне атамаў або малекул, якія ўваходзяць у аб’ект, што даследуецца, або свячэнне спецыяльна ўведзенага люмінафору. Рэчыва ўзбуджаюць найчасцей ультрафіялетавым святлом і наглядаюць люмінесцэнцыю візуальна ці з дапамогай фатометраў.
Хімічны Л.а. заснаваны на характарыстычнасці свячэння кожнага рэчыва. Ім карыстаюцца для ідэнтыфікацыі рэчываў, вызначэння структуры малекул, кантролю чыстаты хім. прадукцыі, вызначэння канцэнтрацыі рэчываў і інш. Сартавы Л.а. дае магчымасць сартаваць шкло. насенне, раздзяляць разнародныя часцінкі, вызначаць шляхі перамяшчэння вадкасці (падземнае цячэнне, кровазварот), нябачныя надпісы, сляды бясколерных рэчываў (пры экспертызе). Люмінесцэнтныя мікраскапія і дэфектаскапія заснаваны на люмінесцэнцыі мікрачасцінак (пераважна біялагічных) у спец. мікраскопах і свячэнні люмінафораў у мікрарасколінах дэталей ці люмінафораў, якія прасачыліся праз парушэнні герметычнасці.
Літ.:
Люминесцентный анализ. М., 1961;
Божевольнов Е.А. Люминесцентный анализ неорганических веществ. М., 1966.
аўстрыйскі дыпламат.Сапр. прозвішча фон Маерн, з 1666 меў тытул барона М. У 1661 імператар Леапольд I адправіў яго паслом у Расію з мэтай садзейнічаць заключэнню міру з Рэччу Паспалітай (гл.Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67). На зваротным шляху М. правёў каля 9 месяцаў у ВКЛ, праехаў па Дняпры ад Смаленска да Магілёва, адтуль праз Мінск і Барысаў у Вільню. У 1663 апублікаваў кн. «Падарожжа ў Масковію» з апісаннем свайго пасольства, падрабязным экскурсам у гісторыю Маскоўскай дзяржавы, у т. л. яе ўзаемаадносін з ВКЛ і Рэччу Паспалітай. Прывёў звесткі пра забойства гетмана В.Гасеўскага, пра архітэктуру, побыт жыхароў і прыроду Беларусі. Адзначаў, што пад Белай Руссю ў Расіі разумеюць «вобласці паміж Прыпяццю, Дняпром і Дзвіною, з гарадамі Навагрудкам, Мінскам, Мсціславам, Смаленскам, Віцебскам і Полацкам».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУА́ЎРА ФО́РМУЛА,
правіла ўзвядзення ў ступень камплекснага ліку, вызначанага ў трыганаметрычнай форме. Атрымана А.Муаўрам (1707); сучасны запіс прапанаваў Л.Эйлер (1748).
Паводле М.ф. пры ўзвядзенні ліку
у ступень n модуль ліку r узводзіцца ў гэтую ступень, а аргумент φ памнажаецца на паказчык ступені:
. З М.ф. вынікаюць таксама выражэнні для і праз ступені і :
,
, дзе — бінаміяльныя каэфіцыенты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
комплекс мер і кірункаў у сферы знешнеэканам. дзейнасці, якая ажыццяўляецца праз мытную сістэму. Мэты М.п. Рэспублікі Беларусь — забеспячэнне найб. эфектыўнага выкарыстання інструментаў мытнага кантролю і рэгулявання тавараабмену на мытнай тэрыторыі краіны, удзел у рэалізацыі гандл.-паліт. задач па абароне бел. рынку, стымуляванні развіцця нац. эканомікі, садзейнічанні ў правядзенні структурнай перабудовы і інш. задач эканам. палітыкі дзяржавы, таксама інш. мэты, што вызначаюцца яе кіраўніцтвам у адпаведнасці з мытным заканадаўствам. Рэспубліка Беларусь імкнецца актыўна ўдзельнічаць у міжнар. супрацоўніцтве ў галіне мытнай справы, якая развіваецца ў кірунку гарманізацыі і уніфікацыі з агульнапрынятымі міжнар. нормамі і практыкай. Асн. сродкамі рэалізацыі М.п. Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца: устанаўленне тарыфных і некаторых мер дзярж. мытнага рэгулявання; ажыццяўленне дзярж. мытнага кантролю мытнымі органамі краіны; удзел краіны ў мытных саюзах і інш. формах інтэграцыі эканам. сувязяў з інш. дзяржавамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТЫ́Т (ад грэч. mastos сасок, грудзі),
грудніца, гнойна-запаленчае захворванне малочнай залозы. У жанчын найчасцей бывае пасля родаў (лактацыйны) ад пападання інфекцыі (стафілакокі, стрэптакокі і інш.) праз трэшчыны саскоў. Узнікненню садзейнічаюць застой малака, ускладненыя роды, агульныя хваробы. Звычайна развіваецца з аднаго боку. Зрэдку хварэюць дзяўчаты і нават мужчыны; бывае таксама М. нованароджаных. Цячэнне вострае, т-ра 38—39 °C, боль, зацвярдзенне і значнае павелічэнне малочнай залозы. Без лячэння ў залозе ўтвараецца балючы інфільтрат (інфільтрацыйны М.), скура чырванее, павялічваюцца падпахавыя лімфавузлы. Бывае таксама флегманозны (нагнаенне інфільтрату) і гангрэнозны (амярцвенне тканак). Лячэнне вострай і інфільтратнай форм тэрапеўтычнае, флегманознай і гангрэнознай хірургічнае. У жывёл М. бывае ў самак млекакормячых, часцей у кароў і коз у першыя тыдні пасля ацёлу (акоту) і ў час запускання. Часцей працякае скрыта. Прыводзіць да зніжэння ці страты малочнай прадукцыйнасці, пагаршэння якасці малака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІ́МАЎ (сапр.Ліповіч) Марк Давыдавіч
(27.12.1918, г. Шчорс Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.11.1986),
расійскі паэт. Скончыў Кіеўскі пед.ін-т (1940). Удзельнік партыз. руху на тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Асн. тэмы паэт. зб-каў «Спадчына» (1946), «Равеснікі» (1947), «Праз дзесяць гадоў» (1956), «Салдат» (1959), «Незапатрабаванае каханне» (1967), «Бясстрашныя» (1968), «Лірыка» (1976) і інш. — братэрства народаў, героіка падполля і партыз. барацьбы, пераемнасць пакаленняў. Аўтар п’есы «Ніколі не забудзем» («Назаўсёды», паст. 1954), сцэнарыя фільма «Асабіста вядомы» (1958). На бел. тэматыку напісаў паэмы «Блакітныя агні», «У краі маўклівасці», раздзел з аповесці «Грышынцы», вершы («Курган Бессмяротнасці», «Маці», «Ноч перад расстрэлам», «Балада пра палаючае сэрца», «Лістоўка», «З партызанскага дзённіка», «Радзіма», «Балада пра маўклівасць», «Бярозка» і інш.). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі К.Жук, М.Калачынскі, Г.Кляўко, Я.Семяжон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНА́НДР (Menandros; каля 342 да н.э., Афіны — каля 291 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паэт. Прадстаўнік т.зв. новай атычнай, ці сямейна-быт., камедыі. Напісаў больш за 100 твораў. Некаторыя з іх былі вядомы праз рымскіх пераймальнікаў Плаўта і Тэрэнцыя. Арыгіналы выяўлены і апублікаваны ў 20 ст.: поўны тэкст камедыі «Сугней», амаль цалкам «Саміянка», 1-я пал. камедыі «Шчыт», вял. эпізоды з камедый «Трацейскі суд», «Адрэзаная каса», фрагменты з «Сікіёнца» і «Ненавіснага». Узбагаціў традыц. камедыйныя тыпы новымі, індывід. рысамі. З гуманіст. пазіцый у духу этыкі філосафа Эпікура разглядаў маральныя праблемы, пытанні быту, сям’і, чалавечых адносін. Адметныя дасціпным сюжэтам, тонкім гумарам, вытанчаным стылем, яго камедыі паўплывалі на творчасць П.Кальдэрона дэ ла Баркі, Лопэ дэ Вэгі, У.Шэкспіра, Мальера, К.Гальдоні, А.Астроўскага.
Тв.:
Рус.пер. — Комедии. Фрагменты. М., 1982.
Літ.:
Ярхо В.Н. У истоков европейской комедии. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНІНГІ́Т (ад грэч. mēninx мазгавая абалонка),
запаленне абалонак галаўнога і спіннога мозга ў чалавека і жывёл. Паміж людзей найчасцей хварэюць дзеці, сярод жывёл — сабакі і коні. М. адрозніваюць па ўзбуджальніку (вірусны, бактэрыяльны, грыбковы, сіфілітычны і інш.), цячэнні (востры, падвостры, хранічны), характары змен спіннамазгавой вадкасці (гнойны і серозны). Гнойны М. часцей выклікаюць менінгакокі (60—70%), серозны — вірусы паратытнай інфекцыі, энтэравірусы і інш. Адрозніваюць першасны М. (самастойная хвароба) і другасны — ускладненні туберкулёзу, атыту і інш. Заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам, таксама водным, аліментарным, праз укусы насякомых (залежыць ад віду ўзбуджальніка). Прыкметы: т-ра цела 39—40 ℃, моцны галаўны боль, ірвота, уразлівасць да гукаў, святла, характэрная поза хворых (адкінутая назад галава), парушэнне прытомнасці (да беспрытомнасці), сутаргі; пры гнойным М. — гемарагічная высыпка на скуры. Лячэнне тэрапеўтычнае. На Беларусі вял. ўклад у вывучэнне М. зрабілі В.А.Лявонаў, П.Л.Новікаў, І.А.Карпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛА ((Polo) Марка) (каля 1254, г. Венецыя, Італія — 8.1.1324),
італьянскі падарожнік. У 1271 разам з бацькам і дзядзькам (венецыянскія гандляры) адправіўся ў Кітай праз М.Азію, Іранскае нагор’е, Памір, пустыні Такла-Макан і Гобі. У Кітаі пражыў каля 17 гадоў, быў на службе ў манг. хана Хубілая. Па яго даручэннях пабываў амаль ва ўсіх абласцях краіны. У 1292 пакінуў Кітай морам цераз Малаку, Яву, Суматру, Цэйлон, Персію і вярнуўся ў Венецыю ў 1295. Прымаў удзел у вайне Венецыі з Генуяй. Каля 1297 трапіў у палон да генуэзцаў. Яго расказы аб падарожжах запісаны пізанцам Рустычана і змешчаны ў «Кнізе» Марка Пола (1298) — адной з першых еўрап. крыніц па геаграфіі, этнаграфіі, гісторыі краін Усходу.
Тв.:
Рус.пер. — «Книга» Марко Поло. М., 1956.
Літ.:
Харт Г. Венецианец Марко Поло: Пер. с англ.М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЭ́НТ (ад лац. pro centum за сто),
сотая частка лікавага значэння велічыні, прынятай за адзінку. Абазначаецца знакам %. 1% = 10−2 = 0,01. Дае магчымасць хутка параўноўваць часткі ліку з усім лікам і паміж сабой, спрашчаць разлікі і інш.
Адрозніваюць 3 тыпы задач на П.: знаходжанне П. ад зададзенага ліку, ліку па зададзеным П. і працэнтных суадносін паміж лікамі. П. выкарыстоўваюць у фінансавых разліках. Напр., калі з сумы грошай a кожны год нарастае p%, то празt гадоў яна ператворыцца ў велічыню x = a(1 + pt/100), дзе даход за кожны год налічваецца з зыходнай сумы (простыя П.). Калі ж даход за папярэдні год дадаюць да пачатковай сумы і новы даход вылічваюць з атрыманай велічыні, то x = a(1 + p/100)t (складаныя П.). Складаныя П. выкарыстоўваюцца ў многіх галінах гасп. дзейнасці, бухгалтарскага ўліку, а таксама ў розных стат. разліках.