КАНО́Н у літаратурна-мастацкай творчасці,

сукупнасць устаноўленых норм і правіл, якія вызначаюць змест і структуру асобных метадаў, кірункаў і жанраў мастацтва, мадэлі выяўлення рэчаіснасці ў дыяпазоне асн. эстэт. катэгорый. Упершыню тэарэтычна абгрунтаваны ў 5 ст. да н.э. Паліклетам у трактаце «Канон». Універсальнае значэнне К. характэрна для традыц. маст. культуры (ант., сярэдневяковай царкоўнай), для нарматыўнай эстэтыкі класіцызму, нар. творчасці, л-ры ў жанрах гімнаграфіі, санета, акраверша і інш. твораў з дакладна вызначанай кампазіцыяй. Дэкананізацыя эстэтыкі і мастацтва пачалася ў эпоху Асветніцтва, рэалізму і асабліва мадэрнізму. Кананічныя традыцыі часткова захаваліся (правіла залатога сячэння ў архітэктуры і выяўл. мастацтве, іканаграфічная стылізацыя, класічныя жанры паэзіі і інш.). На эстэтыку бел. сярэдневяковага і царк. мастацтва паўплывалі візант. К. [культавая архітэктура і жывапіс, біблейскія тэксты, агіяграфічная л-ра (гл. Жыціе), царк. музыка і гімнаграфія] і традыцыі этнічнай культуры. У пач. 19—20 ст. сфарміраваліся ўзоры бел. класічнага фальклору, апісаны аўтэнтычныя абрады, міфы і міфалагемы, якія паслужылі архетыпамі для сюжэтаў, вобразаў і матываў новай бел. л-ры. Кананічнымі формамі сусветнай паэзіі бел. л-ру ўзбагацілі Я.​Купала, М.​Багдановіч і інш. Гл. таксама Кананічная літаратура.

Літ.:

Лосев А.Ф. О понятии художественного канона // Проблемы канона в древнем и средневековом искусстве Азии и Африки. М., 1973;

Конан У.М. Архетыпы нашай культуры // Адукацыя і выхаванне. 1996. № 1, 3—11.

У.​М.​Конан.

т. 7, с. 588

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТГА́ЛЕ (Latgale),

Латгалія, 1) гістарычная вобласць ва ўсх. Латвіі, у канцы 1-га — пач. 2-га тыс. н.э. населеная латгаламі. У 10—11 ст. туг сяліліся таксама крывічы (палачане). У 11—13 ст. існавалі ўдзельныя гарады-княствы Герцыке, Кукенойс (былі падуладныя Полацку), Талава (падуладная Пскову). У 13 ст. заваявана ням. рыцарамі-крыжакамі, якія ў 1274 заснавалі крэпасць Дынабург (цяпер г. Даўгаўпілс). Частка Лівоніі, з 1561 у складзе ВКЛ.

2) 3 пач. 17 ст. назва сумежнай з Беларуссю паўд.-ўсх. часткі Латвіі на Пд ад р. Айвіекстэ. Да 1629 частка Задзвінскага герцагства, потым у складзе Рэчы Паспалітай (польскія Інфлянты). У 1772—1917 у Рас. імперыі (Дзвінская прав., з 1777 у Полацкай, з 1796 у Беларускай, з 1802 у Віцебскай губернях). Паводле перапісу 1897 тут жыло 20,5% беларусаў. З 1920 у складзе Латвіі (да 1940 правінцыя з цэнтрам у Даўгаўпілсе). У 1920-я г. тут існавала больш за 20 бел. школ і 2 гімназіі. У 1939—570 тыс. жыхароў. Паводле перапісу 1989 адно з гал. кампактных месцаў пражывання бел. дыяспары ў Латвіі.

Літ.:

Мугуревич Э.С. Восточная Латвия и соседние земли в X—XIII в.: Пер. с латыш. Рига, 1965;

Ефремова Л.С. Латышская крестьянская семья в Латгале, 1860—1939. Рига, 1982;

Данько Л.Ф. История Полоцка и его уделов конца XII — первой четверти XIII вв. // Полоцкий летописец. 1992. № 1.

т. 9, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТВА́ летапісная,

назва племяннога саюзу, пазней гісторыка-геагр. і этнічнай вобласці. На ПнЗ сучаснай Рэспублікі Беларусь і ПдУ сучаснай Літоўскай Рэспублікі. Упершыню згадваецца ў Кведлінбургскіх аналах пад 1009, ва ўсх.-слав. летапісах — пад 1040 (у сувязі з паходам Яраслава Мудрага на Л.). У «Аповесці мінулых гадоў» Л. названа сярод тых плямён і народаў, якія плацілі даніну Русі. Этымалогія тэрміна канчаткова не высветлена. У позніх бел.-літ. летапісах даецца міфалагічна-легендарнае тлумачэнне паходжання тэрміна «Л.» ад лац. слоў «літус туба» («літус» — бераг, «туба» — труба), якімі нібыта называлі прынёманскія землі рымляне, што, паводле легенды, перасяліліся сюды з Італіі. Сучасныя даследчыкі звязваюць назву Л. з балцкімі або слав. каранямі lietā, lieti (ліць, цячы), з назвай р. Ліетаўка ці Ліетава (прыток Віліі), кельцкім словам Litawia (прыбярэжная краіна), з бел. дыялектным «лютвін» (люты) і інш. Першапачатковая лакалізацыя тапоніма Л. канчаткова не вывучана. Аднак ёсць пэўнае супадзенне тэрыторыі сярэдневяковай Л. з арэалам штрыхаванай керамікі культуры на познім этапе (пач. н.э.). У такім разе ўзнікненне назвы гіст. вобласці Л. датуецца пачаткам нашай эры. Ад наймення «Л.» паходзіць адна з назваў жыхароў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі — літвіны.

Літ.:

Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. Мн., 1989;

Яго ж. Где была летописная Литва? // Тез. докл. к конф. по археологии Белоруссии. Мн., 1969;

Непокупный А.П. Балто-севернославянские языковые связи. Киев, 1976;

Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987.

Э.​М.​Зайкоўскі.

т. 9, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́НДСКІЯ АСТРАВЫ́ (Channel Islands),

група астравоў у праліве Ла-Манш, каля ўзбярэжжа Нармандыі; у складзе Вялікабрытаніі. Нас. 133 тыс. ж. (1991). Пл. 196 км². Асн. а-вы: Гернсі і Джэрсі. Выш. да 148 м. Лугі. Агародніцтва, кветкаводства (пераважна ў цяпліцах). Рыбалоўства. На Н.а. выведзены гернзейская і джэрсейская пароды буйн. раг. жывёлы. Кліматычныя курорты. Порт Сент-Хеліер — буйны банкаўскі цэнтр (на в-ве Джэрсі). Падзяляюцца на 2 акругі, у якіх брыт. манархію прадстаўляе нам. губернатара. Пытанні міжнар. палітыкі і абароны ў кампетэнцыі брытанскіх, а адм., судовыя, гасп. і фін.мясц. улад. Іх узначальваюць прызначаныя манархам чыноўнікі — байліфы. Н.а. маюць свой акр. парламент.

У старажытнасці населены галамі. У 1 ст. н.э. заваяваны рымлянамі. З канца 8 ст. на астравы пачаліся набегі нарманаў. У 933 іх правадыр Ралон далучыў Н.а. да герцагства Нармандыя, якое ў 1066 аб’яднана Вільгельмам 1 Заваёўнікам з Англіяй (гл. Нарманскае заваяванне Англіі 1066). Пасля адваявання Нармандыі Францыяй з 1204 астравы засталіся брыт. уладаннем. У 1336 іх беспаспяхова імкнуўся заваяваць шатл. кароль Роберт Брус. Рэфармацыя, якая прыйшла сюды з Францыі, перамагла ў форме кальвінізму (прэсвітэрыянства), з 17 ст. пашырылася англіканства. У 19 ст. гандаль і турызм садзейнічалі хуткаму развіццю Н.а. У 1852—70 тут жыў В.Гюго. У 2-ю сусв. вайну астравы акупіраваны (1940) ням. войскамі, якія стварылі тут ваен. ўмацаванні, т. зв. Заходні вал. Вызвалены брыт. войскамі 9.5.1945.

т. 11, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЯ́ЦЦЕ,

адна з асн. адзінак мысліцельнай дзейнасці, найвышэйшы ўзровень абагульнення; лагічная форма, з дапамогай якой будуюцца інш. формы мыслення (суджэнне, вывад). Бывае канкрэтным і абстрактным. Як прадукт і вынік пазнавальнай дзейнасці чалавека фарміруецца праз абстрагаванне, ідэалізацыю, параўнанне, абагульненне і вызначэнне; фіксуе паасобныя фрагменты быцця і цэласны свет. Паводле зместу П. аб’ектыўнае (у ім акумуляваны шматвяковы практычны вопыт чалавецтва); гібкае, рэлятыўнае, што вынікае з універсальнасці руху, прынцыпу ўсеагульнай сувязі і ўзаемаабумоўленасці з’яў; устойлівае (аб’ект дыялектычнай логікі); выступае ў якасці лагічных форм (аб’ект фармальнай логікі). У канчатковым выніку паняційная форма прыводзіць да тэорыі.

Тэрмін «П.» ўведзены стоікамі (3—2 ст. да н.э.). Паводле Зянона з Кітыёна, П. — спасцігнутае ўяўленне. Разгорнутая канцэпцыя П. змешчана ў творах Платона. Дэмакрыт звязваў П. з пачуццёвымі рэчамі, Платон лакалізаваў яго ў сферы мыслення і свеце ідэй, Арыстоцель развіў яго і прадставіў у выглядзе сістэмы П. У сярэднявеччы дыскусіі вакол прыроды П. праявіліся ў барацьбе наміналізму і рэалізму. У канцы 17 — пач. 18 ст. развівалася эмпірычная тэорыя П. (Дж.​Лок і інш.). Прадстаўнікі класічнай ням. філасофіі (І.​Кант. І.​Фіхтэ, Ф.​Шэлінг, асабліва Г.​Гегель) раскрылі супярэчлівы характар мыслення, паказалі абстрактнасць і канкрэтнасць П., яго арганічную цэльнасць і працэсуальнасць.

Літ.:

Ильенков Э.В. Философия и культура. М., 1991;

Гегель Г.В.Ф. Система наук. Ч. 1. Феноменология духа. СПб., 1994;

Риккерт Г. Границы естественнонаучного образования понятий: Логич. введение в ист. науки. СПб., 1997.

Т.​І.​Адула.

т. 12, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛЯ́РСТВА,

галіна сельскай гаспадаркі па развядзенні пчол меданосных з мэтай атрымання мёду, пчалінага воску, пропалісу, пчалінага яду, матачнага малачка, пяргі, таксама для апылення с.-г. культур.

На тэр. Беларусі дзікае П. (паляванне за мёдам і воскам з дуплаў дрэў) вядома задоўга да нашай эры. У 1 ст. н.э. ўзнікла бортніцтва (гадаванне пчаліных сем’яў у штучных дуплах — борцях), пашырылася ў 10—17 ст., а ў 18 ст. змянілася калодным П. (развядзенне пчол у неразборных перасоўных калодах і дуплянках). З 1814 развіваецца рамачнае П., у 1846 у Мінскай губ. было 117 тыс. вулляў (больш як адзін на кожнае падвор’е).

На Беларусі П. мае апыляльна-мядовы кірунак. Разводзяць пераважна карпацкую пароду пчол. У 1999 гадавалася каля 450 тыс. пчаліных сем’яў (90% у пчаляроў-аматараў). Вытв-сць мёду — 7 тыс. т за год. Дзейнічаюць Баранавіцкі, Брэсцкі, Гродзенскі пчолагадавальнікі. Найб. пчолапрадпрыемствы — Мастоўскае і Шчучынскае (Гродзенская вобл.).

П. развіта на ўсіх кантынентах свету, асабліва ў Еўропе, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. У 1999 у сусв. П. зарэгістравана каля 50 млн. пчаліных сем’яў, вытв-сць мёду каля 900 тыс. т за год. Найб. буйныя вытворцы і экспарцёры прадуктаў П. — Кітай (6 млн. пчоласем’яў; да 150 тыс. т мёду штогод), ЗША (4 млн. пчоласем’яў; да 90 тыс. т мёду), Расія (каля 3,5 млн. пчоласем’яў; 50 тыс. т мёду).

П.​В.​Вараб’ёў, І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКСІКАГРА́ФІЯ (ад лексіка + ...графія),

1) раздзел мовазнаўства, які займаецца тэорыяй і практыкай укладання слоўнікаў розных тыпаў.

2) Сукупнасць слоўнікаў, блізкіх паводле свайго тыпу, жанру ці мовы. Вылучаюць тэарэтычную Л. (уключае слоўнікавую лексікалогію і тыпалогію, распрацоўку прынцыпаў пабудовы слоўніка і слоўнікавага артыкула, пытанні арганізацыі слоўнікавай працы, гісторыю Л., навук. крытыку слоўнікаў) і практычную (аб’ядноўвае разнастайныя тыпы і віды лексікаграфічнай дзейнасці па зборы, апрацоўцы і захоўванні слоўнікавых матэрыялаў у выглядзе картатэк, індэксаў, камп’ютэрных баз даных і інш.).

Л. зарадзілася ў розных народаў свету на ранніх этапах развіцця пісьменнасці ў сувязі з неабходнасцю тлумачэння незразумелых слоў, што пранікалі ў тую ці інш. мову з розных крыніц На Усходзе (Шумер) пачатковыя элементы лексікаграфічнай работы засведчаны за 2,5 тыс., у Кітаі — за 2 тыс. гадоў да н.э., у Еўропе — у 5 ст. н.э. («Лексікон, або Гласарый Гесіхія Александрыйскага»), у Расіі — у 11 ст.

У развіцці практычнай бел. Л., як і ў інш. народаў, вылучаюць 3 перыяды. У даслоўнікавы перыяд развіцця Л. кніжнікі пры дапамозе глос тлумачылі незразумелыя словы ў тэксце або на палях. Гэты перыяд бел. Л. звязаны з дзейнасцю Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага і інш. бел. кніжнікаў 16—17 ст. Асн. функцыя ранняга слоўнікавага перыяду — вывучэнне нац. моў. Таму да яго адносяцца і першыя рукапісныя зборнікі глос (гласарыі, азбукоўнікі, лексісы, лексіконы), і першыя друкаваныя слоўнікі (напр., «Лексіс» 1596 Л.​Зізанія), і больш познія поўныя слоўнікі апісальнага тыпу. «Слоўнікам беларускай мовы» І.​І.​Насовіча (1870) — адкрываецца перыяд развітой Л. на Беларусі, асн. функцыяй якога з’яўляецца нармалізацыя і кадыфікацыя слоўнікавага складу нац. мовы, павышэнне моўнай культуры яе носьбітаў. Да гэтага перыяду адносяцца бел. слоўнікі, створаныя ў канцы 19—20 ст. Паводле тыпаў і жанраў слоўнікаў, характару моўнай інфармацыі ў іх вылучаюць энцыклапедычную Л. (універсальныя, галіновыя і рэгіянальныя энцыклапедыі, энцыклапедычныя слоўнікі і даведнікі, напр., «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі», т. 1—5, 1984—87), нарматыўную Л. (нарматыўныя слоўнікі розных тыпаў, напр., «Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне», 1987), дыялектную Л. (дыялектныя, абласныя, краёвыя, рэгіянальныя слоўнікі мясц. лексікі, дыялекталагічныя і лексічныя атласы і інш. працы па лінгвагеаграфіі, напр., «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87), гістарычную Л. (гіст. слоўнікі розных тыпаў: азбукоўнікі, старабел. лексіконы і лексіцы, тлумачальныя і тэрміналагічныя слоўнікі мовы пісьмовых помнікаў пэўнага перыяду і інш., напр., «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» у 40 вып., вып. 1—17, 1982—98), перакладную, двухмоўную Л. (бел.-рус., укр.-бел., англа-бел. і інш. слоўнікі агульнага, дыферэнцыяльнага, тэрміналагічнага, школьнага і інш. тыпаў, напр., «Руска-беларускі слоўнік», т. 1—3, 6-е выд., 1995), фразеаграфію, фразеалагічную Л. (рознатыповыя слоўнікі літ. і нар.-дыялектнай фразеалогіі, напр., «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» І.​Я.​Лепешава, ч. 1—2, 1981—93), пісьменніцкая Л. (рознатыповыя слоўнікі мовы пісьменнікаў, напр., «Слоўнік мовы Янкі Купалы», т. 1, 1997) і інш.

Літ.:

Щерба Л.В. Языковая система и речевая деятельность. Л., 1974;

Виноградов В.В. Лексикология и лексикография: Избр. труды. М., 1977;

Гуліцкі М.Ф. Нарысы гісторыі беларускай лексікаграфіі (XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1978;

Щербин В.К. Вселенная в алфавитном порядке: Словари — вчера, сегодня, завтра. Мн., 1987;

Яго ж. Тэарэтычныя праблемы беларускай лексікаграфіі. Мн., 1996.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 9, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗА́ІКА (франц. mosaïque, італьян. mosaico ад лац. musivum літар. прысвечанае музам),

выява ці ўзор, складзены з кавалачкаў розных форм рознакаляровых натуральных камянёў, смальты, керамікі, дрэва (гл. Маркетры) і інш. і замацаваны ў слоі вапны, цэменту, воску і інш.; від манументальнага мастацтва. М. выкарыстоўваецца для ўпрыгожвання твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва, радзей для стварэння станковых карцін. Існуюць 2 тыпы мазаічных твораў: з маленькіх кубікаў смальты ці каменю (тэхніка, вядомая з часоў антычнасці, т.зв. рымская М.) і з тонкіх пластоў рознакаляровых мармураў і яшмы, выразаных і складзеных па контурах выявы, т.зв. фларэнтыйская мазаіка. Набор М. можа быць простым (выяву адразу набіраюць на слой цэменту ці масцікі) і адваротным (кавалачкі М. наклейваюць пярэднім бокам уніз на малюнак, выкананы на тканіне, кардоне, заліваюць цэментам, потым блок пераносяць у патрэбнае месца паверхні, якая дэкарыруецца). Блізкія да М. інкрустацыя, інтарсія.

Найб. стараж. М. вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Росквіту дасягнула ў ант. і візант. мастацтве, Італіі, Стараж. Русі і інш. У краінах ісламу з 13—14 ст. развіваецца маёлікавая М., якой упрыгожвалі парталы пабудоў і купалы маўзалеяў. У 18 ст. ў Расіі М.​Ламаносаў адрадзіў тэхніку смальтавай М. У 1870-я г. бел. мастак Н.​Сілівановіч стварыў мазаічнае пано «Тайная вячэра» ў Ісакіеўскім саборы ў Пецярбургу. Шырока вядомы М. буйных мастакоў канца 19 — пач. 20 ст.: В.​Васняцова, Р.​Гутуза, А.​Дайнекі, Г.​Клімта, Ф.​Лежэ, І.​Рабіновіча, Д.​Рыверы, Д.​Сікейраса, Б.​Тальберга, М.​Урубеля, Х.​Эрні, архітэктара А.​Гаўдзі і інш.

На Беларусі смальтавая М. вядома з 12 ст. (аздабленне пабудоў Верхняга замка і храма-пахавальні Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў г. Полацк Віцебскай вобл., Ніжняй царквы ў Гродне). М. пач. 20 ст. зберагліся ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы, фамільнай пахавальні князёў Святаполк-Мірскіх у г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., будынку пазямельна-сял. банка ў Віцебску. М. з розных матэрыялаў шырока выкарыстоўваецца з 1960-х г.: інтэр’еры Палаца культуры тэкстыльшчыкаў (1963, Г.​Вашчанка), кінатэатра «Партызан» (1967, М.​Данцыг, Б.​Няпомняшчы), кампазіцыі на Кургане Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі (1969, А.​Бембель), «Беларусь партызанская» на фасадзе гасцініцы «Турыст» (1973, А.​Кішчанка), у афармленні станцый метрапалітэна «Маскоўская» (У.​Стальмашонак, В.​Даўгала), «Інстытут культуры» (В.​Чайка, С.​Катовіч; абедзве 1984), на фасадзе царквы Усіх смуткуючых радасць (1998, В.​Барабанцаў) — усе ў Мінску; на тарцах дамоў у мікрараёне Усход у Мінску (1977—78, Кішчанка), г. Наваполацк Віцебскай вобл. (1981, У.​Новак і інш.), Брэсце (1985) і г. Салігорск Мінскай вобл. (1986, 1997, усе У.​Крываблоцкі), трыпціх на фасадзе індустр.-пед. тэхнікума ў г. Пінск Брэсцкай вобл. (1984, У.​Самсонаў) і інш.

А.​М.​Пікулік.

Мазаіка з выявай нацюрморта. Старажытны Рым. 2 ст. н.э.
Да арт. Мазаіка. Сімяон Полацкі. Мазаічная выява ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы. Паводле кардона АМ.Васняцова. Пач. 20 ст.
Да арт. Мазаіка. Дзмітрый Салунскі з Міхайлаўскага Залатаверхага сабора ў Кіеве. Фрагмент. Пач. 12 ст.
В.​Барабанцаў. Мазаіка над уваходам у царкву Усіх смуткуючых радасцей у Мінску. 1998.

т. 9, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМПІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

1) агульнаэлінскія святкаванні і спарт. спаборніцтвы ў Стараж. Грэцыі. Адбываліся раз у 4 гады ў Алімпіі ў гонар бога Зеўса. Звестак пра першыя Алімпійскія гульні не захавалася, іх адлік вядзецца ад 776 да н.э., калі былі ўведзены запіс пераможцаў і нумарацыя Алімпіяд. Складаліся з культавых абрадаў і спарт. спаборніцтваў. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх грэч. дзяржаў. На час Алімпійскіх гульняў абвяшчаўся абавязковы для ўсіх грэкаў «свяшчэнны мір» і не вяліся ваен. дзеянні. Да спаборніцтваў дапускаліся толькі вольнанароджаныя грэкі (пазней і рымляне) і толькі мужчыны. Кіравалі гульнямі эланодыкі (суддзі). Спаборніцтвы праводзіліся спачатку па бегу на 1 стадый (дыстанцыя, роўная даўжыні стадыёна — 197,27 м), затым на 2 і больш стадыі; з 708 да н.э. — таксама па барацьбе, пенталоне (пяцібор’е — бег, кіданне дыска і кап’я, скачкі ў даўжыню, барацьба), кулачным баі, гонках на калясніцах і інш. Пераможцаў Алімпійскіх гульняў (алімпіёнікаў) узнагароджвалі аліўкавым вянком, іх ушаноўвалі як нац. герояў на радзіме і па ўсёй Грэцыі (атрымлівалі сац. і паліт. прывілеі), часам абагаўлялі, у іх гонар ставілі статуі, чаканілі манеты. Алімпійскія гульні праводзіліся і пасля падпарадкавання грэч. зямель Рыму. Пасля ўсталявання хрысціянства Алімпійскія гульні як праява паганства забаронены ў 394 н.э. рым. імператарам Феадосіем I.

2) Буйнейшыя міжнар. комплексныя спарт. спаборніцтвы сучаснасці. Праводзяцца з 1896 кожны высакосны год летам паводле правілаў і палажэнняў, вызначаных Алімпійскай хартыяй. Праграмныя і арганізац. асновы Алімпійскіх гульняў, як і ўсяго алімпійскага руху, закладзены П. дэ Кубертэнам. Па яго ініцыятыве Парыжскі міжнар. спарт. кангрэс (1894) прыняў рашэнне пра аднаўленне Алімпійскіх гульняў. Арганізуе і праводзіць гульні алімпійскі горад і нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) краіны, у якой горад знаходзіцца, пад кіраўніцтвам і кантролем Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). Парадкавы нумар Алімпійскіх гульняў захоўваецца незалежна ад таго, праводзіліся яны ці не (гл. табл.). Праграма Алімпійскіх гульняў уключае не менш як 15 алімпійскіх відаў спорту (абавязкова — лёгкая атлетыка, гімнастыка, плаванне, цяжкая атлетыка, барацьба, бокс, фехтаванне, веславанне, веласпорт, футбол, баскетбол). Арганізатары гульняў могуць уключаць і паказальныя выступленні па 1—2 відах спорту, не прызнаных МАК. На час Алімпійскіх гульняў удзельнікі размяшчаюцца ў алімпійскай вёсцы.Пачынаючы з 1924 праводзяцца і зімовыя Алімпійскія гульні, якія маюць уласную нумарацыю і адбываліся да 1994 у адзін год з летнімі. Апрача агульнай алімпійскай сімволікі Алімпійскія гульні маюць і ўласную (эмблемы, талісманы і г.д.).

Сярод традыц. рытуалаў Алімпійскіх гульняў — запальванне алімпійскага агню ў час адкрыцця гульняў (агонь, запалены ў стараж. Алімпіі ад сонечных промняў, эстафетай спартсменаў дастаўляецца ў алімпійскі горад), алімпійская клятва, якую ад імя ўсіх удзельнікаў прамаўляе адзін з лепшых спартсменаў краіны правядзення Алімпійскіх гульняў, клятва суддзяў, узнагароджанне пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў алімпійскімі медалямі, узняцце дзярж сцяга і выкананне нац. гімна ў гонар пераможцы. З 1908 на Алімпійскіх гульнях пашыраны т.зв. неафіц. агульнакамандны залік — вызначэнне месца нац. камандаў на колькасці медалёў і заліковых ачкоў. Алімпійскім гульням спадарожнічае пэўная культ. праграма, выпускаюцца алімпійскія сувеніры, манеты, значкі, маркі і інш атрыбутыка.

Бел. спартсмены ўдзельнічаюць у Алімпійскіх г. з 1952 у складзе зборнай каманды СССР, аб’яднанай каманды СНД (1992), з 1994 (зімовыя Алімпійскія гульні ў Лілехамеры) — самастойнай нац. камандай. Імі заваявана (у т. л. і на зімовых Алімпійскіх гульнях) 81 залаты, 39 сярэбраных і 36 бронзавых медалёў. Шматразовымі алімпійскімі чэмпіёнамі былі гімнасты С.Багінская, В.Корбут, В.Шчэрба (6 залатых медалёў на Алімпійскіх гульнях у Барселоне), фехтавальшчыкі А.Бялова, Т.Самусенка і В.Сідзяк, барэц А.Мядзведзь, вясляр У.Парфяновіч і інш.

Літ.:

Олимпийская энциклопедия. М., 1980.

Г.​К.​Кісялёў.

Алімпійскія гульні
Алімпіяды Год правядзення Месца правядзення Прадстаўленыя нац. алімпійскія к-ты
I 1896 Афіны 13
II 1900 Парыж 21
III 1904 Сент-Луіс 12
IV 1908 Лондан 22
V 1912 Стакгольм 28
VI 1916 Берлін*
VII 1920 Антверпен 29
VIII 1924 Парыж 44
IX 1928 Амстэрдам 46
X 1932 Лос-Анджэлес 38
XI 1936 Берлін 49
XII 1940 Токіо, пасля адмовы — Хельсінкі*
XIII 1944 Лондан*
XIV 1948 Лондан 58
XV 1952 Хельсінкі 69
XVI 1956 Мельбурн 67
XVII 1960 Рым 84
XVIII 1964 Токіо 94
XIX 1968 Мехіко 113
XX 1972 Мюнхен 122
XXI 1976 Манрэаль 88
XXII 1980 Масква** 81
XXIII 1984 Лос-Анджэлес 140
XXIV 1988 Сеул 160
XXV 1992 Барселона 172
XXVI 1996 Атланта

* Гульні не праводзіліся ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі.
** Адзін з групавых турніраў Алімпіяды па футболе праводзіўся ў Мінску.

Да арт. Алімпійскія гульні: эмблема Алімпійскіх гульняў у Атланце (1996); запальванне алімпійскага агню ў Лілехамеры (1994; уверсе); вокладка часопіса «World of Gymnastics» з выявамі чэмпіёнаў Алімпійскіх гульняў у Барселоне; дэлегацыя Беларусі на зімовых Алімпійскіх гульнях у Лілехамеры, 1994.
Да арт. Алімпійскія гульні. Алімпійскі агонь на вуліцах Мінска. 1980.
Да арт. Алімпійскія гульні. Старт фінальнага забегу на 100 м на гульнях 1-й Алімпіяды (1896).
Да арт. Алімпійскія гульні. Спаборніцтва па стральбе з пісталета на гульнях 5-й Алімпіяды (1912).
Да арт. Алімпійскія гульні. Беларуская гімнастка В.​Корбут — уладальніца 3 залатых медалёў на гульнях у Мюнхене (1972).

т. 1, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́КА (Monaco),

Княства Манака (Principauté de Monaco), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на беразе Міжземнага м., на сушы абкружана тэр. Францыі. Пл. 1,95 км². Нас. 32 тыс. чал. (1998). Афіц. мова — французская. Сталіца — г. Манака. Падзяляецца на 4 адм. гар. акругі. Нац. свята — Нацыянальны дзень (19 ліст. — дзень нараджэння правячага князя Рэнье III).

Дзяржаўны лад. М. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1911, абноўленая ў 1962. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць Нац. савету, у які ўваходзяць кіраўнік дзяржавы і 18 членаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Урадавы савет з удзелам прадстаўніка Францыі, які прапануецца на пасаду франц. урадам і зацвярджаецца князем. Існуе таксама дарадчы орган — Каронны савет.

Прырода. Княства займае частку Блакітнага берага на ўзбярэжжы Міжземнага м. і паўд. схілы Прыморскіх Альпаў. Рэльеф перадгорны і горны. Выш. да 145 м. Клімат міжземнаморскі, з сухім летам і мяккай зімой. Сярэдняя т-ра студз. 8 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў за год каля 800 мм. Амаль уся тэрыторыя занята гар. забудовай. На стромкіх схілах гор вечназялёныя зараснікі каменнага дубу, калючага дроку, карлікавай пальмы, хмызнякі маквісу з ладаннікам, дзікай фісташкай, размарынам. На схілах прыбярэжных скал — Экзатычны сад з сусв. вядомай калекцыяй субтрапічных раслін: пальмаў, магнолій, алеандраў і кактусаў.

Насельніцтва. Карэнныя жыхары — манегаскі (16%), французы (47%), італьянцы (16%); жывуць таксама грэкі, немцы, англічане, амерыканцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 95%. Сярэднегадавы прырост 0,4%. Сярэдняя шчыльнасць найб. ў свеце — 16 410 чал. на 1 км². Усё насельніцтва засяроджана ў 4 гарадах: Манака, Монтэ-Карла, Ла-Кандамін і Фанв’ей. Каля 75% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў абслуговых галінах, каля 25% — у прам-сці. У М. працуе каля 10 тыс. чал. з суседніх раёнаў Францыі і Італіі.

Гісторыя. У 10—9 ст. да н.э. на тэр. М. (назва, верагодна, ад праіндаеўрап. кораня mon — высокае месца, скала) існавала фінікійская калонія (гандл. прыстань, крэпасць), з 8—6 ст. да н.э. — грэчаская (пабудаваны храм Геракла). З 2 ст. да н.э. тэр. М. належала Стараж. Рыму, пазней — арабам, з 11 ст. н.э. — генуэзцам, якія ў 1215 пабудавалі тут крэпасць. У 1346 утворана асобнае княства пад пратэктаратам Генуі. У 1419 у М. замацавалася правячая дынастыя знатнага генуэзскага роду Грымальдзі. З 1524 княства М. пад уладай Іспаніі пры фармальным захаванні аўтаноміі. У 1641 у выніку нар. паўстання перайшло пад пратэктарат Францыі. У 1731 М. па жан. лініі перайшло да Дж.Ф.​Л.​Гаён-Маціньёна, які прыняў прозвішча Грымальдзі і ўступіў на прастол пад імем Анарэ III [1731—93]. У 1793 княства анексіравана Францыяй. Адноўлена паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 перададзена пад пратэктарат Сардзінскага каралеўства. Рэвалюцыя 1848 знішчыла ў М. княжацкую ўладу, ад княства аддзяліліся і фактычна далучаны да Францыі гарады Ментона і Ракбрун. У 1849 сардзінскія войскі аднавілі манархію, але сардзінскі пратэктарат спынены. У 1860 пасля пераходу Ніцы ва ўладанне Францыі кн Карл III [1856—89] пагадзіўся на франц. пратэктарат над М., у 1861 за 4 млн. франкаў фармальна ўступіў Францыі свае правы на Ментону і Ракбрун. Паводле манака-франц. дагавора 2.2.1861 Францыя прызнала незалежнасць М. У 1865 устаноўлены мытны саюз паміж М. і Францыяй. У 1861—1910 у г. Монтэ-Карла пабудаваны комплекс казіно, які пасля буд-ва чыгункі паміж М. і Францыяй (1868) стаў адной з гал. крыніц папаўнення бюджэту княства. У 1899 у г. Манака заснаваны Акіянаграфічны музей — цяпер міжнар. цэнтр акіянаграфічных даследаванняў.

У 1911 пры кн. Альберце I [1889—1922] уведзена ў дзеянне канстытуцыя, паводле якой М. абвешчана канстытуцыйнай манархіяй і ўтвораны выбарны парламент — Нац. савет. У выніку дагавора 1918 Францыя атрымала права трымаць на тэр. М. войскі і зацвярджаць заключаныя М. міжнар. пагадненні. У 2-ю сусв. вайну М. акупіравалі ням. фашысты (1942—44). З 1949 правіць кн. Рэнье III. У 1962 прынята новая канстытуцыя, якая пашырыла правы Нац. савета, перадала выканаўчую ўладу Урадаваму савету, стварыла Каронны савет. Апошнія выбары ў Нац. савет адбыліся ў студз. 1998. Асн. паліт. арг-цыяНац. дэмакр. саюз (з 1963 дамінуе ў Нац. савеце), асн. прафсаюзная арг-цыя — Аб’яднанне прафсаюзаў М. М. — чл. ААН (з 1993), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Інтэрпола і інш. міжнар. арг-цый.

Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна з высокім узроўнем даходаў. Штогадовы даход на 1 чал. 25 тыс. дол. (1996). Аснова эканомікі — гандл.-фін. дзейнасць, турызм і курортная справа, ігральныя дамы, некаторыя галіны прам-сці. Ільготны падатковы рэжым дазваляе буйным міжнар. банкам шырока выкарыстоўваць М. для фін. аперацый (дзейнічае каля 800 міжнар. кампаній і 50 банкаў). Замежныя прамысл., гандл. і фін. прадпрыемствы, у якіх доля капіталу М. перавышае 25%, цалкам вызваляюцца ад падаткаў. Падаткі ў М. намнога меншыя, чым у інш. краінах. Развіты страхавая справа, афшорныя паслугі, гандаль нерухомасцю. М. — сусветна вядомы курорт з басейнамі, купальнямі, водалячэбніцай. Асн. дзярж. даходы прыпадаюць на падаткі з банкаў, атэляў і інш. (55%), ад турызму 25% (М. штогод наведвае каля 700 тыс. замежных турыстаў). Турыстаў прываблівае ў М. сонечнае надвор’е, марскія купанні, арх. і гіст. помнікі, казіно, ігральныя дамы, Акіянаграфічны музей і марскі акварыум з унікальнымі экспанатамі, буйныя міжнар. тэнісныя турніры, аўтамаб. ралі Монтэ-Карла, міжнар. спаборніцтвы па стэндавай стральбе і гольфе, муз. і цыркавыя фестывалі і інш. З-за нізкіх падаткаў у М. жывуць многія багатыя людзі, у т. л. сусветна вядомыя артысты і спартсмены, што з’яўляецца дадатковым фактарам прыцягнення турыстаў. Склалася сучасная індустр. база з экалагічна чыстых прадпрыемстваў лёгкай і перапрацоўчай прам-сці. Найб. развіты эл.-тэхн. і радыёэлектронная (электронныя вузлы і прылады, электрычныя рэле і пераключальнікі, электрабыт. прылады), дакладнае машынабудаванне, хім., фармацэўтычная, швейная, харч., паліграф., суднарамонтная, буд. матэрыялаў прам-сць; выпуск паштовых марак, малая металургія, вытв-сць пластмас, фаянсу, маёлікі, ювелірных вырабаў, сувеніраў. Электраэнергію М. атрымлівае з Францыі. Працуе магутная радыёстанцыя «Монтэ-Карла». Ёсць невял. вінаграднікі і аліўкавыя гаі. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. У М. 1,7 км чыгункі і 50 км асфальтаваных дарог і вуліц. Праз М. праходзяць чыгунка і шаша Ніца (Францыя) — Генуя (Італія). У М. ёсць пляцоўкі для верталётаў, якія перавозяць пасажыраў у міжнар. аэрапорт у г. Ніца (Францыя). Марскі порт прымае невял. гандл. судны і яхты. М. ўтварае адзіную мытную прастору з Францыяй. У экспарце пераважаюць прамысл. вырабы, у імпарце — харч. і спажывецкія тавары. Грашовая адзінка — франц. франк. Манегаскія франкі выпускаюцца для продажу нумізматам.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Манака.

т. 10, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)