вялася войскамі Асобнай Прыморскай арміі (ген.-лейт. Г.П.Сафронаў, з 5 кастр.ген.-м. І.Я.Пятроў), сіламі Адэскай ваенна-марской базы (контр-адм. Г.В.Жукаў) і Чарнаморскага флоту (віцэ-адм. П.С.Акцябрскі) пры актыўным удзеле насельніцтва горада супраць войск 4-й рум. арміі (ген. Н.Чуперка) 5 жн. — 16 кастр. ў Вял. Айч вайну. З 5 жн. адрэзаная ад гал. сіл Паўд. фронту Асобная Прыморская армія (2 стралк. і кав. дывізіі) стрымлівала націск 5 пях., 2 кав. дывізій і матарызаванай брыгады 4-й рум. арміі на подступах да Адэсы. 13 жн. вораг выйшаў да ўзбярэжжа і поўнасцю блакіраваў горад з сушы. 19 жн. створаны Адэскі абарончы раён (узначаліў контр-адм. Жукаў), які меў 4 дывізіі супраць 14 (у вер. 17) дывізій і 2 брыгад праціўніка. З 20 жн. вяліся актыўныя баявыя дзеянні на апорных рубяжах шматпалоснай абарончай сістэмы, створанай насельніцтвам горада і войскамі, якія падтрымліваліся артыл. агнём караблёў Чарнаморскага флоту, 8 берагавых батарэй і авіяцыяй. 22 вер. 2 рум. дывізіі былі разбіты і праціўнік адкінуты на 5—8 км. 30 вер. ў сувязі з пагрозай прарыву ням. войскаў у Крым была арганізавана эвакуацыя войск Адэскага р-на на Крымскі п-аў. Адэсы абарона 1941 скавала 18 дывізій праціўніка, было выведзена са строю 20 самалётаў і каля 100 танкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК),
Віленскі нацыянальны беларускі камітэт (Вільнацбелкам), каардынацыйны прадстаўнічы орган бел. нац.-дэмакр. партый і арг-цый у Польшчы ў 1921—38. Створаны ў Вільні. У розны час аб’ядноўваў 19—40 прадстаўнікоў розных партый, арг-цый і т-ваў. Стаяў у апазіцыі да польскага ўрада. Вёў нац., культ.-асв. і кааператыўную работу. Ставіў за мэту напачатку дасягненне культ.-нац. аўтаноміі Зах. Беларусі, а потым стварэнне Бел.-Літ.дэмакр. рэспублікі. Пасля стварэння Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) апынуўся пад яе ўплывам. У гэты час у БНК уваходзіў 31 прадстаўнік бел.паліт. партый і арг-цый: БСРГ, Бел.сял. саюза (БСС), Бел. хрысціянскай дэмакратыі (БХД), Т-вабел. школы (ТБШ), Бел. студэнцкага саюза, Бел.навук. і выдавецкага т-ваў, бел. прэсы, кааператываў і інш. У 1926—27 вядучую ролю ў БНК адыгрывала левае крыло на чале з кіраўнікамі БСРГ Б.А.Тарашкевічам, С.А.Рак-Міхайлоўскім, П.В.Мятлой. Пасля разгрому БСРГ і рэпрэсій польскіх улад супраць яе прадстаўнікоў дзейнасць БНК заняпала. У пач. 1930-х г. БНК рэарганізаваны пад эгідай БХД. У 1934 БНК складаўся з 26 чал. У 1935 прыняты новы статут арг-цыі, у якім падкрэслівалася, што к-т з’яўляецца прадстаўніком арганізаванага бел.насельніцтваЗах. Беларусі, якое дамагаецца ажыццяўлення права бел. народа на самавызначэнне. У студз. 1938 дзейнасць БНК забаронена польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЗІ́ЗМ,
сацыяльна-паліт. і філас.-этычнае вучэнне ў Індыі. Узнік у 1920—40-я г. ў перыяд уздыму нац.-вызв. барацьбы. Назва паходзіць ад імя яго заснавальніка М.К.Гандзі. Гал. прынцып гандзізму — пераадоленне каланіяльнага прыгнечання дзейнай сілай духоўна-маральнага ўдасканалення і ўзвышэння прыгнечаных над прыгнятальнікамі, ці актыўнага, мэтанакіраванага ненасілля. Прадугледжвалася схіленне да антыкаланіяльнай барацьбы ўсяго насельніцтва Індыі незалежна ад каставых, расавых, этнічных, рэліг. і інш. адрозненняў. Устаноўка на актыўнае ненасілле ажыццяўлялася ў форме несупрацоўніцтва з каланіяльнай адміністрацыяй (адмова ад атрымання ганаровых тытулаў і званняў, байкот каланіяльнай палітыкі і інш.), грамадз. непакорнасць (нявыплата падаткаў, спыненне дзелавой актыўнасці). Грамадскі ідэал гандзізму — грамадства без эксплуатацыі і прыгнечання чалавека чалавекам, дзе кожнаму індывіду дадзена магчымасць сцвярджаць і адстойваць свае правы. Ідэалізуюцца праца ў яе простых формах, патрыярхальныя адносіны паміж грамадскімі групамі (класавы мір, апека багатых над беднымі). Гандзізму ўласціва рэзкая крытыка тэхн. цывілізацыі. У час барацьбы Індыі за незалежнасць гандзізм быў ідэалагічнай асновай пераадолення вынікаў каланіяльнага панавання Англіі, антыфеад. і прагрэс. пераўтварэння грамадскага жыцця, барацьбы супраць сепаратызму і кансалідацыі індыйскай нац. дзяржаўнасці, умацавання Індыі ў свеце. Асн. палажэнні вучэння гандзізму сталі афіц. ідэалогіяй партыі Індыйскі нацыянальны кангрэс.
Літ.:
Намбудирипад Е.М. Махатма Ганди и гандизм: Пер. с англ.М., 1960;
Мартышин О.В. Политические взгляды М.К.Ганди. М., 1970;
Литман А.Д. Современная индийская философия. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎБАР-МУСНІ́ЦКАГА МЯЦЕ́Ж 1918,
антысавецкае ўзбр. выступленне 1-га польск. корпуса на чале з Ю.Р.Доўбар-Мусніцкім.
Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 са згоды сав. ўрада корпус (3 дывізіі, 25—29 тыс. легіянераў) пачаў канцэнтравацца ў раёне Рагачоў—Жлобін—Бабруйск. Аднак яго камандаванне не выконвала пастановы новай улады аб дэмакратызацыі войска, не дазваляла канфіскацыю памешчыцкіх маёнткаў і нацыяналізацыю прадпрыемстваў, легіянеры рабавалі мясц.насельніцтва. Сав. ўлады ў снеж. 1917 часова арыштавалі Доўбар-Мусніцкага і некат. афіцэраў, у студз. 1918 выдалі загад аб расфарміраванні корпуса.
У адказ 25.1.1918 Доўбар-Мусніцкі аб’явіў вайну Сав. рэспубліцы, 26.1.1918 захапіў Рагачоў, 3.2.1918 — Бабруйск. Супраць мяцежнікаў накіраваны атрад чырвонагвардзейцаў (каля 10 тыс.чал.) на чале з І.Вацэцісам. 13.2.1918 1-я польск. дывізія цалкам разбіта пад Рагачовам, горад вызвалены. 2-я дывізія адышла да Бабруйска, куды рухаліся астатнія часці корпуса. Большасць польск. палкоў былі раззброены па дарозе на Бабруйск. У выніку праведзенай бальшавікамі і палякамі-інтэрнацыяналістамі агітац. работы значная колькасць легіянераў перайшла ў сав.ваен. фарміраванні. З іх утвораны 1-ы польскі рэв. батальён у Віцебску, польскі батальён рэв. палка імя Мінскага Савета і інш. У лют. 1918 часці корпуса па дамоўленасці з вярх. камандаваннем герм. войск пачалі наступленне на Мінск, нанеслі паражэнне сав. войскам каля чыг. станцый Ясень і Асіповічы, 20.2.1918 захапілі Мінск. 26.2.1918 у Бабруйску заключана пагадненне аб падпарадкаванні 1-га польск. корпуса немцам. У маі 1918 корпус расфарміраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕ́ТЫКА МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,
раздзел генетыкі чалавека, які вывучае спадчынныя хваробы, прычыны іх узнікнення, шляхі пашырэння, метады папярэджання, дыягностыкі і лячэння, ролю спадчынных структур у развіцці інш. хвароб, а таксама зваротны ўплыў паталагічных фактараў і знешняга асяроддзя на спадчынны апарат чалавека. Выкарыстоўвае метады агульнагенет. і спец. (блізнятны, генеалагічны, цытагенет., біяхім., папуляцыйна-статыстычны і інш.).
Генетыка медыцынская пачала развівацца ў пач. 20 ст., калі былі сфармуляваны асн. палажэнні тэорый мутацыі, храмасомнай, папуляцыйнай і эвалюцыйнай спадчыннасці, устаноўлены яе матэрыяльныя носьбіты. Пачынальнікі генетыкі медыцынскай ў СССР: С.Р.Левіт, С.М.Давыдзенкаў, С.Н.Ардашнікаў, М.С.Навашын і інш.
На Беларусі распрацоўкі па генетыцы медыцынскай вядуцца з 1960-х г. у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН, мед. установах і ВНУ. Даследаваліся: генетыка злаякасных пухлін і імунагенетыка (М.В.Турбін, Г.В.Краскоўскі, А.Ю.Бранавіцкі), роля храмасомных парушэнняў у патагенезе спантанных абортаў і анамалій развіцця (Ю.В.Гулькевіч), месца спадчынных фактараў у развіцці некат. дзіцячых хвароб (І.Н.Усаў), анамалій мочапалавой сістэмы (М.Я.Саўчанка), лейкозаў (А.І.Свірноўскі) і інш.; аналізуюцца метады геннай інжынерыі як найб. перспектыўныя ў лячэнні спадчынных хвароб. Наладжана сістэма медыка-генет. кансультавання насельніцтва, у т. л. асоб з абцяжаранай спадчыннасцю, на базе рэсп. медыка генет. цэнтра ў Мінску, адпаведных кансультацый і кабінетаў у абл. гарадах. Працуе НДІ спадчыннасці і прыроджаных захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЛЯ́ЦЫЯ (ад франц. isolatión аддзяленне, раз’яднанне) у біялогіі, выключэнне або абмежаванасць свабоднага скрыжоўвання паміж асобінамі аднаго віду; адзін з элементарных фактараў эвалюцыі, відаўтварэння. Вядзе да адасаблення ўнутрывідавых груп і новых відаў. У макраэвалюцыйным плане (гл.Макраэвалюцыя) абумоўлена нескрыжавальнасцю розных відаў або мае пераважна характар рэпрадуктыўнай І., пры якой узнікаюць незалежныя генафонды дзвюх папуляцый (потым папуляцыі могуць стаць самаст. відамі). У мікраэвалюцыйным плане (гл.Мікраэвалюцыя), або на ўнутрывідавым узроўні, адрозніваюць 2 асн. групы І.: тэрытарыяльна-механічную, да якой належаць усе выпадкі ўзнікнення перашкод паміж рознымі ч.насельніцтва ці папуляцыямі (напр., водныя бар’еры для сухапутных, суша для водных арганізмаў і інш.), і біялагічную, у якой вылучаюць 3 падгрупы І.: экалагічную (індывіды двух ці больш біятыпаў рэдка або зусім не сустракаюцца ў час рэпрадукцыйнага перыяду); морфа-фізіялагічную (апладненне, абцяжаранае ці немагчымае па марфал. ці паводзінскіх прычынах); генетычную, якая абумоўлена несумяшчальнасцю палавых клетак або непаўнацэннасцю гібрыдаў (паніжэнне жыццяздольнасці, плоднасці або поўная стэрыльнасць). Віды І. ўзнікаюць незалежна адзін ад аднаго і могуць спалучацца ў любых камбінацыях. Тэр.мех. І. (на вял. тэрыторыях геаграфічная) вядзе да алапатрычнага формаўтварэння (гл.Алапатрыя), а пры працяглым дзеянні звычайна выклікае з’яўленне біял. 1. якой-н. формы. Выпадкі першаснага ўзнікнення біял. І. могуць прывесці да сімпатрычнага формаўтварэння (гл.Сімпатрыя).
Літ.:
Дарвин Ч. Происхождение видов путем естественного отбора // Соч. М.;Л., 1939. Т. З; Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. 2 изд. Л., 1969; Лопатин И.К. Основы зоогеографии. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКС ЦЭН,
абагульняльны паказчык дынамікі і суадносін узроўню цэн, які характарызуе адносныя змены цэн за пэўны перыяд. Вызначаецца адносінамі сярэднеўзважаных цэн на асобныя віды тавараў (паслуг) або іх сукупнасці да сярэднеўзважаных цэн у базісным перыядзе. І.ц. можа быць індывідуальны — разлічваецца для пэўных відаў тавараў (паслуг), і зводны — характарызуецца суадносінамі ўзроўню цэн (тавараў, паслуг) па іх сукупнасці. У сваю чаргу зводныя І.ц. падзяляюцца на агульныя, якія ахопліваюць усю вывучаемую сукупнасць тавараў і паслуг, і групавыя — вызначаюцца для пэўных груп тавараў (паслуг).
Адрозніваюць індэкс рознічных і спажывецкіх цэн на тавары і паслугі. Індэксы рознічных цэн разлічваюцца для вызначэння іх сярэдняга змянення на тыя тавары і паслугі, якія набываюцца пэўнымі групамі насельніцтва. Падлічваюцца на падставе рэгістрацыі рознічных цэн для стандартнага набору тавараў і паслуг, а вагі вызначаюцца па структуры спажывецкіх расходаў сем’яў рабочых і служачых (устанаўліваюцца папярэднімі абследаваннямі іх бюджэтаў). Індэксы гэтага віду адносяцца да індэксаў кошту жыцця. Пры налічэнні ўласна індэксаў рознічных цэн не ўлічваюцца паслугі, якія рэалізуюцца па-за рознічным гандлем, а вагі разлічваюцца па частцы тавараў у агульным абароце рознічнага гандлю. Індэкс спажывецкіх цэн характарызуе змяненне агульнага ўзроўню цэн на тавары і паслугі, якія набываюцца насельніцтвам для невытворчага спажывання. Ён паказвае дынаміку змены цаны рыначнага набору спажывецкіх тавараў («рыначны кошык») і выкарыстоўваецца для пераразліку намінальнага аб’ёму прадукцыі (даходу) у рэальны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙНСІЯ́НСТВА,
тэорыя дзярж. рэгулявання эканомікі. Асн. палажэнні сфармуляваны Дж.М.Кейнсам у кн. «Агульная тэорыя занятасці, працэнта і грошай» (1936). К. даследуе колькасныя сувязі такіх макраэканам. велічынь, як капіталаўкладанні і нац. даход, інвестыцыі і занятасць насельніцтва, нац. даход, спажыванне і зберажэнне, сукупная колькасць грошай у абарачэнні, узровень цэн, заработная плата, прыбытак і працэнт і інш. У К. аналізуюцца не столькі індывід. паводзіны ўдзельнікаў эканам. працэсу, колькі суадносіны паміж сукупным попытам і прапанаваннем. Кейнс сцвярджаў, што з прычын псіхал. схільнасці людзей да зберажэння, спажыванне расце больш павольна, чым даходы. Павелічэнне нац. даходу вядзе не да росту попыту, а да росту зберажэнняў. Калі рост зберажэнняў не кампенсуецца ростам інвестыцый, даход зніжаецца і ўзмацняецца беспрацоўе. Кейнс выказаў таксама ідэю эканам. раўнавагі рыначнай сістэмы ва ўмовах няпоўнай занятасці і сцвярджаў, што ў канкурэнтнай эканоміцы не існуе механізма, які б гарантаваў поўную занятасць. Каб пазбегнуць масавага беспрацоўя, ён лічыў неабходным умяшанне дзяржавы, якая, на яго думку, павінна стымуляваць попыт на тавары шляхам фінансавання інвестыцый з бюджэту і такім чынам уздзейнічаць на рост вытворчасці. К. зрабіла значны ўплыў на эканам. палітыку краін з развітой рыначнай гаспадаркай. Сярод вядучых прадстаўнікоў К.Л.Клейн, Ф.Мадыльяні, П.Сэмуэльсан, Дж.Тобін і інш. Шэраг палажэнняў К. былі скарэкціраваны і развіты ў неакейнсіянстве.
Літ.:
Эклунд К. Эффективная экономика — Шведская модель: Пер со швед.М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХВЯ́РСТВА,
дача ў пазыку грошай, рэчаў, с.-г. прадуктаў і да т. п. на кабальных умовах за выплату высокіх працэнтаў. Як правіла, такія пазыкі выкарыстоўваліся не як капітал, а ў якасці пакупнога і плацежнага сродкаў. Зарадзілася ў перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і пазней назіралася ў самых розных грамадска-эканам. фармацыях. З часоў Стараж. Рыма Л. развівалася разам з водкупам — зборам арэнднай платы, падаткаў і г. д. Характэрным для Л. быў выключна высокі працэнт па пазыках. Яго ўзровень вагаўся ў вельмі шырокіх межах — ад некалькіх дзесяткаў да соцень працэнтаў гадавых. Ліхвярскі капітал адбіраў ў пазычальніка амаль увесь прыбавачны прадукт і таму ён не мог сістэматычна выкарыстоўвацца для мэт капіталіст. ўзнаўлення. З развіццём капіталізму, стварэннем крэдытнай справы, узнікненнем банкаў і пазыковага капіталу асновы Л. былі падарваны. Аднак у наш час у некаторых краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі з-за недастатковага развіцця ўнутр. рынку і таварна-грашовых адносін, слабасці крэдытнай сістэмы існуюць умовы для захавання Л. Яно служыць асновай фін. закабалення і эксплуатацыі мясц. гандлярамі і багацеямі бядняцкіх слаёў насельніцтва. У індустрыяльна развітых краінах ліхвярскія аперацыі забаронены законам, таму ажыццяўляюцца нелегальна. На Беларусі Л. было найбольш пашырана ў эпоху феадалізму. Так, у Статуце Вял.кн. Літоўскага 1588 змешчана прававая норма (раздз. 3, арт. 24) аб адказнасці шляхты, якая пакінула свае маёнткі, каб пераехаць у горад для заняткаў Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДРЭСЭ́ (араб.),
сярэдняя і вышэйшая мусульм.навуч. ўстанова для падрыхтоўкі служыцеляў культу, настаўнікаў пач.мусульм. школ, а таксама служачых дзярж. апарата ў краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу. Пашыраны з 9—13 ст. у краінах, дзе пераважала насельніцтва, якое вызнавала іслам. Ствараліся звычайна пры вял. мячэцях. У навуч. праграме М. — араб. мова, тэалагічныя, юрыд., гіст. і інш. прыкладныя дысцыпліны. М. дзейнічаюць у Рас. Федэрацыі (напр., у Маскве, Казані, Махачкале, Уфе), а таксама ва Узбекістане (Міры-Араб у Бухары), Азербайджане (Баку) і інш.
Як тып арх. збудавання склалася ў 10—11 ст. 1—2-павярховы будынак М. ўключае размешчаныя вакол прамавугольнага ці квадратнага двара мячэць ці малітоўную залу, аўдыторыю, келлі, пахавальню заснавальніка. М. розных рэгіёнаў адрозніваюцца планіроўкай і канструкцыямі: у Сярэдняй Азіі мячэць і аўдыторыя размяшчаюцца ў корпусе па баках цэнтр. партала, у Сірыі і Егіпце яны займаюць памяшканні на цэнтр. восях двара ці адкрытыя ў двор айваны (скляпеністыя залы), у Турцыі двор М. перакрываўся вял. купалам, у Цэнтр. і М. Азіі звычайна выкарыстоўвалі скляпеністыя перакрыцці, у Паўн. Афрыцы — кроквенныя дахі. М. аздаблялі разьбой, паліваным і размаляваным дэкорам: М.Бу-Інанія ў г. Фес (Марока; 14 ст.), Улугбека (15 ст.) і Шыр-Дор (17 ст.) у Самаркандзе, Міры-Араб у Бухары (16 ст.; усе Узбекістан).