СІНХРО́ННЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,

электрычная сінхронная машына, якая працуе ў рэжыме рухавіка. У С.э. магн. поле статара і ротар маюць аднолькавую частату вярчэння n, якая знаходзіцца ў строгіх суадносінах да частаты эл. току 𝑓 : n = 60𝑓/p, дзе p — колькасць пар полюсаў. Выкарыстоўваюцца ў прамысл. устаноўках, сістэмах аўтаматыкі, кінаапаратуры, быт. і інш. прыладах, якія патрабуюць пастаяннай вуглавой скорасці. Магутнасць ад долей вата да некалькіх дзесяткаў мегават.

У параўнанні з асінхронным электрарухавікам С.э. мае больш высокі магутнасці каэфіцыент і перагрузачную здольнасць. Аднак з-за неабходнасці сілкавання абмоткі ўзбуджэння ад генератара пастаяннага току ці статычнага ўзбуджальніка (іоннага, паўправадніковага выпрамніка), а таксама з-за асаблівасцей пуску (разгону да намінальнай вуглавой скорасці) часта не можа канкурыраваць з асінхронным рухавіком. Ротар С.э. малой магутнасці выконваецца ў выглядзе пастаяннага магніта, без абмоткі ўзбуджэння. Вял. ціхаходныя С.э. маюць яўнаполюсны ротар, высокаскарасныя — наяўнаполюсны. У С.э. малой магутнасці з-за адсутнасці абмоткі ўзбуджэння рэактыўны момант з’яўляецца асноўным, таму яны наз. рэактыўнымі. У пераўзбуджаным стане С.э. можа аддаваць рэактыўную энергію ў сетку — працаваць у рэжыме сінхроннага кампенсатара.

У.​М.​Сацута.

т. 14, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ Слуцкая народная агульная гімназія Хаўрусу настаўнікаў,

сярэдняя навучальная ўстанова ў 1917—20 у г. Слуцк Мінскай вобл. Утворана ў ліп. 1917 па ініцыятыве камісара Слуцкага пав. пры Часовым урадзе Р.​К.​Астроўскага (першы дырэктар). Утрымлівалася за кошт субсідый Слуцкага пав. земства і платы за навучанне, атрымлівала грашовыя дапамогі ад урада БНР (у 1918), Часовага Бел. нац. к-та ў Мінску (у 1920). У розны час у склад пед. рады ўваходзілі: М.​Штэрнаў (дырэктар у 1919—20), П.​Я.​Жаўрыд, А.​Істочнікава, Э.​Людвіг, А.​Макарава, С.​К.​Петрашкевіч, П.​Сутрыс, М.​Травін, М.​Ярац і інш. Навуч. праграма гімназіі будавалася на ўзор б. рас. гімназій, дадаткова ўведзены бел. мова (абавязковы прадмет), гісторыя і геаграфія Беларусі (факультатыўныя), якія выкладаліся на бел. мове. Асн. кантынгент навучэнцаў — сял. дзеці з навакольных вёсак. Гімназісты з бедных сем’яў вызваляліся ад платы за навучанне. Пры гімназіі дзейнічала бел. маладзёжная арг-цыя «Папараць-кветка». У верасні 1920 гімназія пераўтворана ў сав. школу 2-й ступені. У гімназіі вучыліся С.​Бусел, Л.​Рыдлеўскі, М.​Каберац, А.​Яцэвіч (Змагар) і інш.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 15, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ПЕР-ЭВМ,

клас звышпрадукцыйных электронных вылічальных машын для рашэння складаных задач. Па сваіх магчымасцях параўноўваецца з мозгам чалавека.

Звышвысокая прадукцыйнасць дасягаецца ў асн. за кошт паралельнай архітэктуры: выкарыстання вял. колькасці універсальных і спецыялізаваных працэсараў, паралельнага праграмавання, хуткадзейных звышвялікіх інтэгральных схем. Шматпрацэсарная машына функцыянуе пад кіраўніцтвам адзінай аперацыйнай сістэмы. Хуткадзеянне залежыць ад раўнамернасці загрузкі працэсараў, арганізацыі схемы разлікаў (праграмнага забеспячэння). С.-ЭВМ выкарыстоўваецца для навук. мадэліравання, апрацоўкі вынікаў даследаванняў, фінансавай (напр., банкаўскай) інфармацыі, кіравання чыгункай ці інш. трансп. сістэмай, прагнозу надвор’я, праектавання лятальна-касм. апаратаў, ядз. і хім. рэактараў, рашэння задач газа- і гідрадынамікі, цепла- і масаабмену, энергетыкі, генетыкі чалавека, распазнавання вобразаў і інш.

На Беларусі і ў Расіі паводле праграмы «СКІФ» (галаўныя арг-цыі НДА «Кібернетыка» Нац. АН Беларусі і Ін-т праграмных сістэм Рас. АН) распрацавана С.-ЭВМ з хуткадзеяннем 20 млрд. аперацый з плавальнай коскай за секунду, дзе рэалізавана паралельная архітэктура і шэраг арыгінальных рашэнняў у апаратным і праграмным забеспячэнні, што дае магчымасць павышэння хуткадзеяння да трыльёнаў аперацый за секунду.

М.​П.​Савік.

т. 15, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ТКІ,

адзінка часу, роўная 24 гадз. Адрозніваюць зорныя С., роўныя перыяду абарачэння Зямлі вакол сваёй восі адносна пункта вясенняга раўнадзенства, і сонечныя С. — перыяд абарачэння Зямлі адносна Сонца.

Зорныя С. роўныя прамежку часу паміж 2 паслядоўнымі верхнімі (ці ніжнімі) кульмінацыямі пункта вясенняга раўнадзенства. У залежнасці ад выбару пункта вясенняга раўнадзенства (сапраўдны — разглядаецца рух гэтага пункта з улікам прэцэсіі і нутацыі, сярэдні — улічваецца толькі прэцэсія) адрозніваюць сапраўдныя (іх працягласць непастаянная і бесперапынна мяняецца з-за нутацыі) і сярэднія зорныя С. (на 0,0084 с карацейшыя за сапраўдны перыяд абарачэння Зямлі). Сонечныя С. роўныя прамежку часу паміж 2 паслядоўнымі верхнімі (ці ніжнімі) кульмінацыямі Сонца. З прычыны экліптычнасці зямной арбіты і нахілу экліптыкі да экватара прамежак часу паміж 2 кульмінацыямі рэальнага Сонца — працягласць сапраўдных сонечных С. — мяняецца на працягу года ад 24 гадз 3 мін 36 с (у сярэдзіне вер.) да 24 гадз 4 мін 27 с (у канцы снеж.) зорнага часу. На практыцы карыстаюцца сярэдняй працягласцю сонечных С. за год — сярэднімі сонечнымі С., роўнымі 24 гадз 3 мін 56,55536 с зорнага часу. Гл. таксама Каляндар.

Л.​М.​Шахлевіч.

т. 15, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРА́НКЛІН (Franklin) Бенджамін (17.1.1706, г. Бостан, ЗША — 17.4.1790),

паўночнаамерыканскі асветнік. дзярж. дзеяч, вучоны, пісьменнік; адзін з заснавальнікаў дзяржавы ЗША. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1789). З 1729 выдаваў у г. Філадэльфія «Pensylvania Gazette») («Пенсільванскую газету»), а ў 1732—57 і альманах. Заснаваў у Філадэльфіі першую ў паўн.-амер. калоніях Англіі публічную б-ку (1731), Пенсільванскі ун-т (1740), Амер. філас. т-ва (1743). Выступаў за скасаванне рабства неграў. З 1746 вёў эксперыменты з атм. электрычнасцю, у 1752 прапанаваў маланкаадвод. Сфармуляваў (раней за А.Сміта) прац. тэорыю вартасці. У філасофіі прытрымліваўся дэізму. У 1751—64 чл. палаты дэпутатаў Пенсільваніі. Прадстаўнік Пенсільваніі (1757—62) і інш. паўн.-амер. калоніяй (1764—75) у Лондане. У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 чл. Кантынентальнага кангрэса, адзін з аўтараў Дэкларацыі незалежнасці 1776, пасланнік ЗША у Парыжы (1776—85), спрыяў заключэнню амерыканска-французскага дагавора 1778 і Версальскага мірнага дагавора 1783. Адзін з распрацоўшчыкаў Канстытуцыі ЗША (1787). Аўтар літ. эсэ, сатырычных твораў, мемуараў (ч. 1—4, 1771—90).

П.​А.​Тупік.

т. 16, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́НАВІЧЫ,

гарадскі пасёлак у Віцебскім р-не, на р. Вымнянка, каля воз. Янавіцкае. За 38 км на ПнУ ад Віцебска, 26 км ад чыг. ст. Лёзна. Аўтадарогай злучаны з г.п. Лёзна і з аўтадарогай Віцебск—Сураж. 1087 ж. (2002). Масласырзавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

У ВКЛ мястэчка Віцебскага пав., належала Пацеям. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі, узяты ў казну. Уваходзілі ў Суражскі, з 1866 у Віцебскі пав. У пач. 20 ст. больш за 2 тыс. ж., пач. школа, бальніца, млын, гарбарня, гандаль збожжам і лёнам. З 1924 у БССР, мястэчка, цэнтр сельсавета Суражскага р-на Віцебскай акр., з 1938 — вобласці. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну ў кастр. 1943 ням. фашысты спалілі Я., за час акупацыі ў Я. і раёне загубілі 1800 мірных жыхароў. З 10.9.1957 да 20.1.1960 цэнтр Суражскага раёна. У 1960—62 і з 1966 у Віцебскім, у 1962—66 у Лёзненскім р-нах.

В.​В.​Грынявецкі (гісторыя).

т. 18, кн. 1, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТА (ад лац. veto забараняю),

1) у дзяржаўным праве забарона, якая накладаецца адным органам дзярж. улады на рашэнне інш. дзярж. органа. Ін-т вета ўзнік у Стараж. Рыме. У феад. эпоху найб. вядомае т.зв. свабоднае вета — ліберум вета: у Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. рашэнне сейма лічылася прынятым, калі за яго галасавалі ўсе дэпутаты. У сучасных дзяржавах права вета звычайна даецца кіраўніку дзяржавы ў адносінах да законаў, прынятых парламентам, ці верхняй палаце парламента ў адносінах да ніжняй яго палаты. Адрозніваюць абсалютнае вета, калі кіраўніку дзяржавы даецца права канчаткова адхіліць закон, і адноснае вета, калі адмаўленне кіраўніка дзяржавы санкцыяніраваць закон толькі прыпыняе набыццё ім сілы. У апошнім выпадку парламент мае права прыняць закон паўторным галасаваннем.

Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права адноснага вета дадзена Прэзідэнту. Закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь або прыняты Палатай прадстаўнікоў у парадку, прадугледжаным Канстытуцыяй, падаецца ў дзесяцідзённы тэрмін Прэзідэнту на подпіс. Калі Прэзідэнт згодны з тэкстам закону, ён яго падпісвае. Калі Прэзідэнт не вяртае які-небудзь закон на працягу 2 тыдняў пасля таго, як ён яму быў пададзены, закон лічыцца падпісаным. Закон не лічыцца падпісаным і не набывае сілы, калі ён не мог быць вернуты ў Нац. сход у сувязі з заканчэннем сесіі. Пры нязгодзе з тэкстам закону Прэзідэнт вяртае яго са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў, якая павінна разгледзець закон з пярэчаннямі Прэзідэнта не пазней як за 30 дзён. Калі закон будзе прыняты Палатай прадстаўнікоў большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу, ён разам з пярэчаннямі Прэзідэнта ў 5-дзённы тэрмін накіроўваецца ў Савет Рэспублікі, які таксама павінен разгледзець яго паўторна не пазней як за 20 дзён. Закон лічыцца прынятым, калі ён ухвалены большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі. Закон пасля пераадолення Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі пярэчанняў Прэзідэнта падпісваецца Прэзідэнтам у 5-дзённы тэрмін. Закон набывае сілу і ў тым выпадку, калі Прэзідэнт не падпіша яго ў гэты тэрмін.

2) Правам вета называецца таксама аднагалоснасці прынцып у ААН.

Г.​А.​Маслыка.

т. 4, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНАЦЫ́Д (ад ген + ...цыд),

знішчэнне асобных груп насельніцтва па расавых, нац., этнічных, паліт. або рэліг. матывах, а таксама наўмыснае стварэнне жыццёвых умоў, разлічаных на поўнае ці частковае знішчэнне гэтых груп, меры па папярэджанні дзетанараджэння ў іх асяроддзі; адно з найцяжэйшых злачынстваў супраць чалавецтва. Арганічна звязана з фашызмам, расізмам і аналагічнымі рэакцыйнымі тэорыямі, якія прапагандуюць расавую і нац. выключнасць, нянавісць і нецярпімасць, панаванне т.зв. «вышэйшых» рас над «ніжэйшымі» і г.д. Паняцце генацыду — пагалоўнае вынішчэнне цэлых народаў — як катэгорыя міжнар. права ўвайшло ва ўжытак пасля 2-й сусв. вайны. У масавых маштабах гітлераўцы ўчынялі генацыд у час 2-й сусв. вайны ў акупіраваных краінах Еўропы, асабліва супраць слав. (рускіх, украінцаў, беларусаў, чэхаў, палякаў) і яўр. Насельніцтва. Мільёны людзей розных нацыянальнасцей знішчаны гітлераўцамі ў канцэнтрацыйных лагерах, лагерах смерці, турмах, у час карных аперацый і інш. Паводле генеральнага плана «Ост» фашысты прадугледжвалі знішчэнне на тэр. СССР і Польшчы 120—140 млн. чал. За гады акупацыі на тэр. СССР фашысты загубілі ў лагерах смерці 11 млн. чал. На акупіраванай тэр. Беларусі было створана больш за 260 лагераў смерці, за 3 гады акупацыі загублена больш за 2 млн. 200 тыс. сав. грамадзян. Выкрыццё на Нюрнбергскім працэсе 1945—46 жудасных злачынстваў гітлераўцаў паслужыла штуршком да прыняцця міжнар.-прававых актаў, накіраваных на барацьбу з генацыдам. Ген. Асамблея ААН 11.12.1946 прыняла рэзалюцыю супраць генацыду, 9.12.1948 ухваліла канвенцыю «Аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго», якая ўстанаўлівае міжнар. крымінальную адказнасць асоб, вінаватых ва ўчыненні генацыду. На XX сесіі Ген. Асамблеі ААН 21.12.1965 прынята міжнар. канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі, якая абавязвае дзяржавы папярэджваць, забараняць, выкараняць усе формы і віды расавай дыскрымінацыі, у т. л. генацыд. Генацыд супраць кампучыйскага народа быў учынены ў перыяд праўлення Пол Пота і Йенг Сары (1976—79; знішчана 3 млн. чал.). Гл. таксама Апартэід.

Літ.:

Нацистская политика геноцида и «выжженой земли» в Белоруссии, 1941—1944. Мн., 1984;

Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй: Пер. з пол. Мн., 1993.

т. 5, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭДЫТО́РСКАЯ ЗАПАЗЫ́ЧАНАСЦЬ,

часова прыцягнутыя грашовыя сродкі пэўнага прадпрыемства (фірмы, арг-цыі, установы), якія неабходна вярнуць ва ўстаноўленыя тэрміны; сума запазычанасці крэдыторам. Вылучаюць нармальную запазычанасць, якая вынікае з правіл разлікаў паміж пакупнікамі і пастаўшчыкамі (прадаўцамі), крэдыторамі і пазычальнікамі, рэгламентавана па тэрмінах адпаведнымі нарматыўнымі дакументамі (дагаворамі, кантрактамі і інш.), але час выплаты якой яшчэ не настаў, і пратэрмінаваную. К.з. з’яўляецца адной з крыніц часова прыцягнутых (пазычаных) сродкаў прадпрыемства, якія адлюстроўваюцца ў яго балансе як запазычанасць па каротка- ці доўгатэрміновых абавязацельствах. Да кароткатэрміновых абавязацельстваў (менш за 12 месяцаў) адносяцца: банкаўскія пазыкі і банкаўскія овердрафты (крэдыты, прадастаўленыя кліенту звыш астаткаў на бягучым рахунку ў межах папярэдне абумоўленай сумы); вэксалі да аплаты (запазычанасць па вэксалях, якія належыць аплаціць да даты складання балансу); рахункі да аплаты (запазычанасць пастаўшчыкам ці разлікаў з імі); авансы ад пакупнікоў (арэндная плата і інш.); запазычанасць па выплаце падаткаў, зарплаты, прэмій, акцыянерам па дывідэндах, узносаў у сацыяльныя фонды, а таксама рэзервы на будучыя расходы і запазычанасць па выплаце працэнтаў па доўгатэрміновых абавязацельствах (больш за адзін год). Большасць кароткатэрміновых абавязацельстваў (за выключэннем банкаўскіх крэдытаў) не патрабуюць выплаты працэнтаў і таму лічацца таннымі крыніцамі фінансавання прадпрыемства. Да доўгатэрміновых абавязацельстваў адносяць: адтэрмінаваныя падатковыя плацяжы (калі падаткі выплачваюцца не рэгулярна, такія плацяжы з’яўляюцца формай крэдыту, таму іх часам называюць інвестыцыйным падатковым крэдытам); доўгатэрміновыя банкаўскія пазыкі і крэдыты (пазыковы капітал, які атрыманы ў банках, шляхам эмісіі аблігацыйных пазык і выплаты па іх працэнтаў); запазычанасць па аблігацыях (уключае выпушчаныя фірмай аблігацыі з пагашэннем у вызначаным годзе); пазыкі пад нерухомасць; абавязацельствы па пенсіённых выплатах (узнікаюць, калі фірма мае свой пенсіённы фонд, які фарміруецца за кошт узносаў работнікаў і работадаўцаў); падаходны падатак наступных перыядаў; датэрміновыя вэксалі да аплаты; іншая доўгатэрміновая запазычанасць (напр., па пазыках і авансах на тэрмін больш за адзін год). Доўгатэрміновыя абавязацельствы прадугледжваюць выплату працэнтаў або інш. плацяжоў. Яны, як правіла, забяспечваюцца нерухомай маёмасцю ці наяўнымі актывамі прадпрыемства. К.з. — гэта страты ў будучым, паколькі абавязацельствы прадпрыемства прадугледжваюць вяртанне сродкаў (аказанне паслуг) контрагентам па заключаных раней здзелках, а таму іх неабходна пагашаць своечасова. Па сканчэнні тэрміну іскавай даўнасці яна падлягае пералічэнню ў бюджэт.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗНАГАРО́ДНАЯ ЗБРО́Я,

від узнагароды за баявыя заслугі. У Рас. імперыі вядома з 18 ст.: Залатая з брыльянтамі (1720—1913) і Залатая з надпісам «За храбрасць» (1788—1913); таксама былі паўторныя ўзнагароды Залатой зброяй. Паводле палажэння 1859 яе атрымлівалі афіцэры ад прапаршчыка да генерала, але ў обер-афіцэрскіх чынах узнагароджваліся тыя, хто ўжо быў адзначаны ордэнам св. Ганны ці св. Георгія 4-й ступені. З 1878 дазвалялася замест Залатой зброі з брыльянтамі насіць Залатую зброю з крыжам ордэна св. Георгія ў чашцы ці на эфесе. З 1880 уладальнікі Залатой зброі з брыльянтамі павінны былі насіць крыж ордэна св. Ганны 4-й ступені (1815—1917) у чашцы ці пад эфесам гэтай зброі. Існавалі і нестатутныя («фрачныя») варыянты Залатой зброі. У 20 ст. У.з. атрымала назву Георгіеўская зброя і Георгіеўская зброя з брыльянтамі (1913). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 імператарскія вензелі на эфесе ліквідаваны, на галоўцы эфеса з’явіўся белы эмалевы крыж ордэна св. Георгія. Від і тып У.з. залежаў ад прынятай на ўзбраенне штатнай халоднай зброі (корцік, палаш, шабля, шпага). Найб. масавыя ўзнагароджанні Георгіеўскай зброяй без брыльянтаў адбыліся ў 1-ю сусв. вайну (каля 5,7 тыс.). Адным з кавалераў У.з. за рус.-яп. вайну 1904—05 быў камандзір сфарміраванага на Беларусі 1-га Польскага корпуса легіянераў Ю.Р.Доўбар-Мусніцкі. У 1919—29 існавала таксама Ганаровая рэв. зброя — Залатая зброя з ордэнам Чырв. сцяга для вышэйшых начальніцкіх асоб: шашка (корцік, 1919, 1920—21, 1929) і рэвальвер (1921). Працягам практыкі У.з. стала імянная зброя. У 1968 зацверджана Ганаровая зброя з залатой выяваю Дзярж. герба СССР. У.з. існавала і ў інш. краінах (напр., у Эфіопіі — залаты шчыт з шабляй, якім у 1898 быў узнагароджаны А.К.Булатовіч, выхадзец з патомных дваран Гродзенскай губ.).

Літ.:

Дуров В.А. Русские и советские боевые награды: [Альбом]. Б.м., 1990;

Яго ж. Русское наградное оружие XVIII — начала XX вв. М.;

Смоленск, 1994.

І.​І.​Сінчук.

Да арт. Узнагародная зброя. Крыж ордэна св. Георгія III ступені і ўзнагародная шабля «За храбрасць», якія належалі Я.​П.​Кульневу.
Да арт. Узнагародная зброя. Георгіеўская зброя «За храбрасць», якая належала Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкаму (фрагмент).

т. 16, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)