сукупнасць паляўнічых жывёл, што жывуць у стане прыроднай свабоды, таксама выпушчаных у паляўнічыя ўгоддзі з мэтай узбагачэння іх фауны ці развядзення. Выкарыстанне і ахова П.дз.ф. рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету», палажэннямі аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі і інш. нарматыўнымі актамі. Здабыча ласёў, аленяў высакародных, дзікоў, казуль, баброў, выдры, глушцоў вядзецца па разавых дазволах з паляўнічымі пуцёўкамі, астатнія віды паляўнічых жывёл — па паляўнічых пуцёўках. Здабычу дзікіх жывёл плануюць на кожны каляндарны год і паляўнічы сезон з улікам рацыянальнага выкарыстання запасаў і захавання матачнага пагалоўя, здольнага забяспечыць макс. аднаўленне статка. Выдаецца таксама дазвол на адлоў ці адстрэл дзікіх жывёл у навук. мэтах. Штогод праводзіцца ўлік колькасці паляўнічых жывёл. Для павелічэння колькасці і відавога складу праводзяцца мерапрыемствы па выпуску ў паляўнічыя ўгоддзі фазанаў, качак і інш. У П.дз.ф. не ўваходзяць дзікія жывёлы, якіх гадуюць на фермах, у гадавальніках, заапарках, вальерах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯ́РШЫ РУ́КАПІС,
гістарычны зборнік 2-й пал. 17 ст. Месца ўзнікнення дакладна невядома. Захаваў 3 помнікі бел. летапісання. Пад назвай «Кройника о великих князех литовских» у зб-ку змешчаны «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» у рэдакцыі, блізкай да 2-й ч. Летапісу Красінскага (т.зв. Патрыяршы А). У канцы твора шэраг гіст. запісаў, у т. л. пра Аршанскую бітву 1514 з доўгім пералікам рус. баяр, узятых у палон. У П.р. змешчаны таксама няпоўны (без пачатку і канца) тэкст 2-га бел.-літ. летапіснага зводу «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» — пашыранай рэдакцыі, аналагічны Румянцаўскаму летапісу (т.зв. Патрыяршы Б). Завяршае зборнік Баркулабаўскі летапіс, які захаваўся ў адзіным спісе. Астатнія бел. летапісныя творы П.р. не апублікаваны, выкарыстоўваліся толькі для розначытанняў да інш. спісаў у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907). У П.р. змешчаны таксама розныя царк.-рэліг. творы і летапісныя ўрыўкі на царк.-слав. і стараж.-рус. мовах. Да 1917 зберагаўся ў Патрыяршай б-цы (адсюль назва), цяпер у Гіст. музеі ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНЕМО́НІКА (ад грэч. mnēmonikos які мае добрую памяць),
сукупнасць асаблівых (адмысловых) прыёмаў і спосабаў, якія аблягчаюць запамінанне як мага большай колькасці звестак, фактаў шляхам утварэння штучных асацыяцый. Шырока выкарыстоўваецца ў выглядзе мнеманічных схем на пультах кіравання, сігнальных табло, панэлях шчытоў.
Выкарыстоўваецца таксама ў мовах праграмавання ў выглядзе абрэвіятур-мнемакодаў для абазначэння кодаў аперацый. Напр., мнеманічная каманда асемблера «LDA A1» (ад англ. Load Accumulator — загрузіць акумулятар) азначае «прачытаць лік з ячэйкі памяці з адрасам, пазначаным сімвалічна A1, і запісаць (загрузіць) яго ў акумулятар працэсара ЭВМ». Асацыятыўныя запамінальныя прыстасаванні заснаваны на наданні розным запісам асацыятыўных адзнак. Выбар запісу робіцца не па канкрэтным (зададзеным) адрасе, а па спалучэнні (асацыяцыі) адзнак, уласцівых інфармацыі, якую шукаюць. Дзякуючы стварэнню такіх штучных асацыяцый пошук і апрацоўка даных паскараецца на 2—3 дзесятковыя парадкі. Прыклады М. — левай рукі правіла, а таксама цыркавы і эстр. нумар «угадвання» думак на адлегласці і «знаходжання» прадметаў (гл.Мнематэхніка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПРЫ́ЛАДА,
электравымяральная прылада, заснаваная на ўзаемадзеянні магн. поля нерухомага пастаяннага магніта з магнітным полем току, што вымяраецца і працякае па рухомым правадніку (шпулі, рамцы). Выкарыстоўваецца для вымярэння эл. напружання, сілы току, супраціўлення, колькасці электрычнасці ў ланцугах пастаяннага току (у вальтметрах, амперметрах, омметрах, гальванометрах).
Найб. пашыраны М.п. са шпуляй, якая верціцца вакол восі паміж нерухомым магнітам і жалезным стрыжнем. Сіла, што адхіляе шпулю з замацаванай стрэлкай, прапарцыянальная сіле току. Ёсць таксама М.п., у якіх пастаянны магніт змешчаны ўнутры рухомай шпулі, і прылады з рухомым магнітам, замацаваным на восі ўнутры нерухомай шпулі. Выкарыстоўваюцца таксама магнітаэл. лагометры. М.п. як састаўная ч. ўваходзяць у выпрамныя, тэрмаэл., электронныя аналагавыя і інш. прылады, што вымяраюць сілу пераменнага току і напружанне. Межы вымярэння пашыраюць шунтамі і дабавачнымі супраціўленнямі. У спалучэнні з вымяральнымі пераўтваральнікамі М.п. вымяраюць і неэл. велічыні (т-ру, ціск і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́ЧНЫХ ІНСТРУМЕ́НТАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
галіна мясцовай прам-сці Беларусі па выпуску муз. інструментаў і дэталей да іх. Муз. інструменты з даўніх часоў выраблялі майстры-ўмельцы. У 1920—30-я г. наладжана іх прамысл.вытв-сць. У 1999 дзейнічаюць прадпрыемствы, якія ўваходзяць у Беларускае вытворчае аб’яднанне музычных інструментаў, у т. л.Барысаўская фабрыка піяніна (галаўное прадпрыемства аб’яднання), Бобрскі з-дмуз. дэталей (Крупскі р-н), а таксамаМаладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Асн. прадукцыя: піяніна, цымбалы, баяны, акардэоны, гармонікі, акустычныя гітары і электрагітары. дзіцячыя муз. цацкі. Вырабляюцца таксамаіндывід.муз. інструменты, у асноўным скрыпічныя. Найб. вядомыя муз. інструменты, створаныя бел. майстрамі: В.В.Богданам з Вілейскага, Б.П.Круглым з Лідскага, І.М.Карнеем з Смаргонскага, М.М.Міронам з Дзяржынскага р-наў, У.А.Крайко з Мінска, М.П.Такушэвічам з г. Маладзечна і інш.
Да арт.Музычных інструментаў вытворчасць. Участак зборкі электрагітар на Беларускім вытворчым аб’яднанні музычных інструментаў у г. Барысаў.Да арт.Музычных інструментаў вытворчасць. Гатовая прадукцыя Маладзечанскай фабрыкі музычных інструментаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБЛІ́ЖАНАЕ ІНТЭГРАВА́ННЕ,
раздзел вылічальнай матэматыкі, які вывучае метады набліжанага вылічэння вызначаных інтэгралаў і набліжанага рашэння (інтэгравання) дыферэнцыяльных ураўненняў. Выкарыстоўваецца, калі дакладнае вылічэнне немагчыма або вельмі складанае.
Набліжанае вылічэнне вызначаных інтэгралаў выконваецца аналітычнымі і графічнымі (гл.Графічныя вылічэнні) метадамі, а таксама з дапамогай спец. прылад (планіметр, інтэгратар). Сярод аналітычных найб. пашыраны метады, заснаваныя на замене падынтэгральнай функцыі адрэзкам яе Тэйлара шэрагу, інтэрпаляцыйным паліномам (гл.квадратурная формула) і інш. Для многіх правіл інтэгравання складзены табліцы вузлоў і каэфіцыентаў квадратурных формул. Нявызначаныя інтэгралы зводзяць да вызначаных з пераменнай верхняй мяжой інтэгравання. Кратныя інтэгралы вылічваюць як паўторныя, з дапамогай кубатурных формул або спец. метадамі, напр., Монтэ-Карла метадам. Для набліжанага рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў карыстаюцца пераважна лікавымі метадамі (Рунге—Кута, Эйлера, рознаснымі метадамі і інш.), якія дазваляюць даць рашэнне ў выглядзе табліцы. Аналітычнымі метадамі (напр., шэрагаў, Чаплыгіна, варыяцыйнымі) рашэнне выяўляецца ў аналітычным выглядзе; графічнымі метадамі — у выглядзе графіка. Існуюць таксама метады, заснаваныя на выкарыстанні аналагавых вылічальных машын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ ПРАГРАМАВА́НЕ,
раздзел прыкладной матэматыкі, прысвечаны тэорыі і метадам вызначэння максімумаў (ці мінімумаў) функцый многіх пераменных пры наяўнасці дадатковых абмежаванняў, зададзеных сістэмай роўнасцей і няроўнасцей. Сфарміравалася ў 1950-я г. ў сувязі з практычнымі задачамі выбару аптымальнага варыянта сярод многіх магчымых (гл.Аперацый даследаванне, Гульняў тэорыя).
Задачы М.п. з’яўляюцца матэм. мадэлямі розных задач эканомікі, тэхнікі, вытв-сці, ваен. справы, у якіх патрабуецца вызначыць аптымальны план (праграму) дзеянняў з улікам пэўных умоў і абмежаванняў. Асн. раздзелы М.п.: лінейнае праграмаванне, нелінейнае праграмаванне, а таксама выпуклае (мэтавая функцыя і мноства дазволеных планаў у ім выпуклыя; гл.Выпукласць і ўвагнутасць) і цэлалікавае (пераменныя — цэлыя лікі) праграмаванні; шэраг задач М.п. рашаецца на аснове метаду дынамічнага праграмавання. Разглядаюцца таксама стахастычныя задачы для мадэліравання практычных сітуацый ва ўмовах рызыкі і неакрэсленасці.
На Беларусі мадэлі і метады М.п. даследуюцца ў Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ.
Літ.:
Карманов В.Г. Математическое программирование. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РГЕЛЬ (ням. Mergel),
асадкавая горная парода змешанага глініста-карбанатнага складу. Колер светлы, пераважна шэры, з рознымі адценнямі. Тэкстура сланцаватая, аалітавая, мелападобная, шчыльная, зямлістая, камякаватая. Парода глеістая, у вільготным стане пластычная, пасля высыхання рыхлая. Вылучаюцца гліністы М. (25—50% карбанатаў), уласна М. (50—75%) і вапнавы М. (75—95%). У залежнасці ад дамешак адрозніваюць М. даламітавыя, крэменязёмістыя, пясчаныя, глаўканітавыя і інш. Утвараецца пераважна ў марскіх умовах, а таксама на дне азёр, у тарфяных балотах, на вільготных лугах. Трапляецца ў адкладах ад верхняга пратэразою да антрапагену. Заляганне пластавое, радзей лінзападобнае. Шырока выкарыстоўваецца ў цэм. прам-сці. На Беларусі для вытв-сці цэменту, буд. матэрыялу і вапнавых угнаенняў здабываецца М. марскога паходжання. Найб. радовішча Камунарскае (Касцюковіцкі р-н Магілёўскай вобл.), дзе прамысл. запасы складалі 386,5 млн.т (1999). Выяўлена таксама 300 пакладаў вапнавага прэснаводнага М. з агульнымі запасамі да 200 млн.т.
Літ.:
Копысов Ю.Г. Мергельно-меловые породы востока Белоруссии. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ВО́ДАЎ,
комплекс міжнар., дзярж., рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні водных рэсурсаў; састаўная частка аховы прыроды. Накіравана на ліквідацыю і папярэджанне адмоўнага ўплыву гасп. дзейнасці на стан паверхневых і падземных водаў, на захаванне воднага балансу тэрыторый, а таксама ў мэтах чалавека і як жыццёвага асяроддзя для мноства жывых арганізмаў. Уключае мерапрыемствы па вывучэнні рэсурсаў водаў і ўстанаўленні навукова абгрунтаваных прававых патрабаванняў да ўсіх водакарыстальнікаў, дзярж. і грамадскі кантроль за станам і рацыянальным выкарыстаннем водных рэсурсаў.
На Беларусі ахова водаў рэгулюецца нормамі і палажэннямі воднага заканадаўства, а таксама шэрагу інш. яго раздзелаў, міжнар. пагадненнямі, канвенцыямі і інш.Арганізац.-тэхн. мерапрыемствы па ахове водаў прадугледжваюцца ў планах эканам. і сац. развіцця: выяўленне крыніц забруджвання паверхневых і падземных водаў і яго прадухіленне, арганізацыя даследаванняў і ўкараненне новых метадаў ачысткі сцёкавых водаў, буд-ва ачышчальных збудаванняў, зваротных сістэм водакарыстання, укараненне безадходных тэхналогій, размяшчэнне гасп. аб’ектаў з улікам водаахоўных патрабаванняў і інш., а таксама стварэнне запаведнікаў, спецыялізаваных гідралаг. заказнікаў (гл.Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты), выдзяленне спец. водаахоўных зон, тэр., лясоў і гэтак далей. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове водаў ажыццяўляюць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Галоўгідрамет і інш.дзярж. ўстановы з залучэннем грамадскасці. Праблемы аховы водаў даследуюцца ў Комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў Цэнтральным НДІ, Меліярацыі і лугаводства Беларускім НДІ, Бел.дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац. будаўніцтва і інш.
Да арт.Ахова водаў: ачышчальныя збудаванні на Гродзенскім вытворчым аб яднанні «Азот» (злева); водаахоўны лес на беразе Свіслачы ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАХІ́МІЯ,
галіна ведаў аб хім. уласцівасцях драўніны і хім. вытв-сцях па перапрацоўцы драўніны і інш. расліннай сыравіны. Вылучаюць цэлюлозна-папяровую, гідролізную, дубільна-экстрактавую, каніфольна-шкіпінарную і піролізную вытв-сці.
Цэлюлозна-папяровая вытворчасць выпускае цэлюлозу, паперу, кардон і вырабы з іх, драўнянавалакністыя пліты, а таксама паўцэлюлозу і хім. драўняную масу — паўпрадукты, якія разам з цэлюлозай маюць геміцэлюлозы і лігнін. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць балансавую драўніну, пераважна хвойную, пашыраецца выкарыстанне драўніны лісцевых парод (асіна, бяроза), адходаў лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі, некат. раслінных матэрыялаў (салома, трыснёг), макулатуры (у вытв-сці паперы і кардону). Гідролізная вытворчасць перапрацоўвае адходы лесапілавання і с.-г. раслінаводства (напр., кукурузныя храпкі, сланечнікавае шалупінне), з якіх атрымліваюць этылавы спірт, фурфурол, бялкова-вітамінныя канцэнтраты і інш. (гл.Гідролізная прамысловасць). Дубільна-экстрактавая вытворчасць выпускае дубільныя экстракты (гл.Дубільныя рэчывы), якія атрымліваюць з водных выцяжак кары елкі, вярбы, бадану, лістоўніцы ці драўніны дубу, каштану і інш.Каніфольна-шкіпінарная вытворчасць — перапрацоўка жывіцы і асмолу, значную колькасць каніфолі і шкіпінару атрымліваюць таксама з сульфатнага мыла (пабочны прадукт цэлюлознай вытв-сці). Піролізная вытворчасць вырабляе ў асн.драўняны вугаль. Гл.таксамаЛесахімічная прамысловасць.
На Беларусі даследаванні ў галіне Л. пачаліся з канца 1920-х г. у Ін-це хіміі АН Беларусі, вядуцца ў Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац.АН Беларусі і Бел.тэхнал. ун-це. Распрацаваны прамысл. спосабы атрымання палімераў тэрпенаў, каніфолі з высокімі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, каніфольных кляёў і інш.
Літ.:
Богомолов Б.Д. Химия древесины и основы химии высокомолекулярных соединений. М., 1973;
Гордон Л.В., Скворцов С.О., Лисов В.И. Технология и оборудование лесохимических производств. 5 изд. М., 1988.