ПАГАРЭ́ЛАЎ (Аляксей Васілевіч) (н. 3.3.1919, г. Кароча Белгародскай вобл., Расія),
украінскі матэматык. Акад.Рас.АН (1976; чл.-кар. 1960) і АН Украіны (1961; чл.-кар. 1951). Скончыў Харкаўскі ун-т (1941) і Ваенна-паветр.інж. акадэмію імя М.Я.Жукоўскага (1945). У 1947—60 у Харкаўскім ун-це, у 1959—60 заг. аддзела Ін-та матэматыкі АН УССР, з 1960 заг. аддзела Фіз.-тэхн. ін-та нізкіх т-рАН УССР (Харкаў). Навук. працы па асновах геаметрыі, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, пабудове поўнай тэорыі выпуклых паверхняў, даследаваннях выгінанняў паверхняў, стварэнні і выкарыстанні геам. метадаў пры вывучэнні дэфармацый тонкіх абалонак. Поўнасцю рашыў чацвёртую праблему Гільберта. Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэміі СССР 1950 і УССР 1973. Міжнар. прэмія імя М.І.Лабачэўскага АНСССР 1959.
Тв.:
Основания геометрии. 3 изд. М., 1968;
Четвертая проблема Гильберта. М., 1974;
Многомерная проблема Минковского. М., 1975;
Многомерное уравнение Монжа-Ампера... М. 1988.
Літ.:
А.В.Погорелов // Успехи мат. наук. 1999. Т. 54, вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАДА́ННЕ АБ КНЯЗЯ́Х УЛАДЗІ́МІРСКІХ»,
помнік рас. л-ры і публіцыстыкі 16 ст., які выкарыстоўваўся велікакняжацкай, а пасля царскай уладай для ўмацавання свайго аўтарытэту. У аснове «Падання» легенда пра паходжанне ўладзімірскіх і маскоўскіх вял. князёў ад рым. імператара Аўгуста праз легендарнага Пруса, які нібыта з’яўляўся адначасова нашчадкам Аўгуста і сваяком Рурыка — заснавальніка княжацкага роду Рурыкавічаў. Другая легенда апавядала пра набыццё Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам царскіх рэгалій ад дзеда па маці візант. імператара Канстанціна Манамаха. Час з’яўлення гэтых легенд невядомы. У пач. 16 ст. (не пазней 1523) яны былі злучаны ў «Пасланні» цвярскога царк. публіцыста Спірыдона-Савы. На аснове «Паслання» складзена 1-я рэд. гэтага «Падання», ідэі якой выкарыстоўваліся ў дыпламат. спрэчках пры Васілю III і Іване IV. Легенда пра паходжанне маскоўскіх вял. князёў ад Аўгуста ўключана як уступны артыкул да Гасударава радаслоўца 1555 і ў Сцепянную кнігу (паміж 1560 і 1563, апалогія маскоўскай манархіі). 2-я рэд. «Падання» напісана як уступны артыкул да «Чыну вянчання» Івана IV у 1547.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́Й (сапр.Гурка) Сямён Піліпавіч
(1640-я г., г. Борзна Чарнігаўскай вобл., Украіна — студз. 1710),
правадыр нац.-вызв. руху на Правабярэжнай Украіне ў канцы 17 — пач. 18 ст. Вучыўся ў Кіева-Магілянскім калегіуме, быў казаком Запарожскай Сечы. У пач. 1680-х г. адзін з кіраўнікоў нар. каланізацыі спустошаных войнамі раёнаў Прыдняпроўя, дзе ўтварылася казацкая «рэспубліка» з цэнтрам у г. Фастаў (на ПдЗ ад Кіева). У час нар. паўстання канца 1680-х г. на Правабярэжнай Украіне вызваліў з-пад польскага панавання некалькі гарадоў. Быў за ўз’яднанне пад уладай Расіі Правабярэжнай і Левабярэжнай Украіны, карыстаўся тайнай падтрымкай рас. ўрада. У 1702—04 узначаліў новае казацка-сял. паўстанне, што ахапіла Кіеўшчыну, Валынь і Падолію. У 1704 арыштаваны ўкр. гетманам І.Мазепам і па лжывым абвінавачанні сасланы ў Сібір. Вызвалены Пятром I пасля здрады Мазепы (1708) і прызначаны белацаркоўскім палкоўнікам. Удзельнік Палтаўскай бітвы 1709. П. — герой укр.нар. песень і паданняў, яго апеў Т.Р.Шаўчэнка ў творах «Чарнец» і «Швачка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ЦЫЯ (ням. Polizei ад грэч. politeia кіраванне дзяржавай),
сістэма асобных органаў дзярж. кіравання, якія займаюцца аховай грамадскага парадку і барацьбой са злачыннасцю. П. праводзіць папярэдняе расследаванне і дазнанне па некаторых відах правапарушэнняў. Існуюць 2 формы арганізацыі нац. паліцэйскіх сістэм: цэнтралізаваная (Аўстрыя, Францыя, Фінляндыя і інш.) і дэцэнтралізаваная (Вялікабрытанія, Германія і інш.). У Францыі, напр., паліцэйскія ўстановы падпарадкаваны Ген. дырэкцыі нац. П., якая ўваходзіць у склад МУС. У Вялікабрытаніі П. ўваходзіць у сістэму МУС, яе аператыўны штаб — лонданскае ўпраўленне крымін. расследавання; у гарадах і графствах функцыянуе мясц. П. У ЗША федэральная П. складаецца з федэральнага бюро расследавання і шэрагу інш. паліцэйскіх устаноў, якія ўваходзяць у склад розных мін-ваў; П. штатаў падпарадкоўваецца звычайна губернатару штата, мясц. (найб. шматлікая) — муніцыпалітэтам. У Рас. імперыі П. як самаст.арг-цыя ўстаноўлена Пятром I і існавала да Лют. рэвалюцыі 1917. У Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах функцыі П. выконваюць міліцыя і інш. праваахоўныя органы. У Расійскай Федэрацыі ў 1993 створана падатковая П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЖА́ЕЎ (Аляксандр Іванавіч) (11.9.1804, паводле інш. звестак 1805, с. Пакрышкіна Рамаданаўскага р-на, Мардовія — 28.1.1838),
рускі паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1826). У 1826 за паэму «Сашка» (1825—26, апубл. 1861, Лондан; у Расіі 1881), якая змяшчала дзёрзкія намёкі ў адрас рас. самадзяржаўя, па асабістым распараджэнні Мікалая I аддадзены ў салдаты без права выслугі. У 1829—33 удзельнічаў у ваен. дзеяннях на Паўн. Каўказе. Друкаваўся з 1825. Лірыка П. звязана з традыцыямі дзекабрысцкай паэзіі. Увёў у рус. паэзію вобраз радавога салдата. У паэмах «Эрпелі» (1830), «Чыр-Юрт» (1832), вершы «Зноў нешта» і інш. — ваен. падзеі вачыма рус. салдата, тэма бессэнсоўнасці вайны. Аўтар паэмы «Прывід Брута» (1833), аповесцей у вершах, песень «Сарафанчык», «Разлюбі мяне, пакінь мяне» і інш. Майстар паэт. перакладу.
Тв.:
Соч.М., 1988;
Стихотворения;
Поэмы и повести в стихах;
Переводы. М., 1990.
Літ.:
Васильев Н.Л. А.И.Полежаев: Пробл. мировоззрения, эстетики, стиля и языка. Саранск, 1987;
Яго ж. А.И.Полежаев и русская литература. Саранск, 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́МЯТНЫЯ КНІ́ЖКІ ГУБЕ́РНЯЎ,
афіцыйныя ўрадавыя выданні, што выходзілі ў большасці губерняў Рас. імперыі на рус. мове. Мэта выданняў — публікаваць звесткі для рознабаковага вывучэння губерні. Выдаўцы — губернскія стат. к-ты. З 1860 П.к.г. выходзілі ў Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай, з 1861 — у Магілёўскай губ. Мелі раздзелы: адрас-каляндар з пералікам губернскіх і павятовых урадавых і грамадскіх устаноў і іх супрацоўнікаў; звесткі пра адм. падзел, пошту, тэлеграф, шляхі зносін, ф-кі і з-ды, навуч. ўстановы, музеі, б-кі, кнігарні і друкарні на тэр. губерні. У статыстычным раздзеле друкаваліся звесткі па с.-г., дэмаграфічнай, гандл., эканам. статыстыцы губерняў, у літ.-навук. раздзеле — архіўныя матэрыялы, пісцовыя і плацежныя кнігі, летапісы гарадоў, артыкулы па мясц. гісторыі, эканоміцы, этнаграфіі, фальклоры, біяграфіі і некралогі мясц. дзеячаў. Беларускі матэрыял змяшчалі памятныя кніжкі Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і Віленскай губ., дзе друкаваліся працы А.М.Семянтоўскага, П.Дружылоўскага, Ф.Сярэбранікава, М.Л.Нікіфароўскага, М.А.Дзмітрыева, Я.Ф.Арлоўскага, І.Зяленскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎСК,
горад у Ленінградскай вобл., за 30 км на Пд ад С.-Пецярбурга. Размешчаны на схіле Балт.-Ладажскага ўступа, на беразе р. Славянка. Засн. ў 1777, у 1918—44 наз. Слуцк. Нас. 25,4 тыс.чал. (1999). Да 1917 загарадная рэзідэнцыя рас. імператараў. Гіст. ядро П. — арх.-паркавы ансамбль у стылі класіцызму (арх. Ч.Камерон, В.Брэна, А.Вараніхін, П.Ганзага і інш.). На высокім узгорку — палац (1783—1807), які складаецца з асн. будынка і бакавых флігеляў, злучаных з ім галерэямі. Да палаца прылягае пейзажны парк пл. каля 600 га з павільёнамі («Храм дружбы», «Каланада Апалона», «Тры грацыі», усе 1780-я г.) і інш. збудаваннямі (мост «Чыгунны», 1823). Ансамблю ўласцівы гарманічнасць кампазіцыі, зліццё архітэктуры з прыродай, багацце відавых перспектыў і ландшафтных куткоў. З 1918 музей. Разбураны ў Вял.Айч. вайну, адноўлены. З 1983 палацава-паркавы музей-запаведнік. Іл.гл. таксама да арт.Пейзажны парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛУ́ЦКІ, Паўлоцкі Зміцер Іванавіч (?, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія — сак. 1747), расійскі падарожнік бел. паходжання, даследчык Чукоткі. Яго бацька з ліцвінаў, што перайшлі ў рас. падданства. Служыў у войску, капітан. У 1727 узначаліў экспедыцыю (400 казакаў, 10 матросаў) на Камчатку і інш. землі Д. Усходу. Паводле загаду П. судна «Св. Гаўрыіл» пад камандаваннем І.Фёдарава выйшла з Анадыра (на Чукотцы) і 31.8.1732 дасягнула «Вялікай Зямлі» (узбярэжжа сучаснага амер. штата Аляска ў раёне м. Прынца Уэльскага), якую геадэзіст М.С.Гвоздзеў упершыню нанёс на карту. Т.ч. была адкрыта паўн.-зах. ўскраіна Паўн. Амерыкі. П. на чале экспедыцыі (215 казакаў і 220 абарыгенаў) даследаваў Чукотку; прайшоў чукоцкім узбярэжжам Паўн. Ледавітага і Ціхага акіянаў ад Чаўнскай губы да Анадыра (2000 вёрст), некалькі разоў перасек увесь край па розных маршрутах. Даў першыя звесткі па геаграфіі, араграфіі, гідраграфіі і этнаграфіі Чукоткі. Загінуў у сутычцы з чукчамі.
Літ.:
Ермоленко В.А. Д.И.Павлуцкий (? — 1747) // Вест. Бел. гос. ун-та. Сер. 2. 1997. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НЗА,
горад, цэнтр Пензенскай вобл. ў Расіі. На Прыволжскім узв., на р. Сура (прыток Волгі). Нас. 534,6 тыс.ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (з-ды: дызельны, кампрэсарны, вылічальных электронных машын, гадзіннікавы, хім., тэкст. машынабудавання, веласіпедны і інш.), харч., лёгкая, дрэваапр., папяровая. Ф-ка піяніна, з-дмед. прэпаратаў. 5 ВНУ. 2 тэатры. Музеі: краязн., нар. творчасці, карцінная галерэя. Батанічны сад.
Засн. ў 1663 як вартавы пункт на паўд. ускраіне Рас. дзяржавы. Неаднойчы на горад нападалі татары і нагайцы. У 1670 узята атрадамі С.Разіна. З 1719 цэнтр Пензенскай правінцыі ў складзе Казанскай губ. У 1723 засн.гар. магістрат (да 1866). У жн. 1774 праз П. прайшла армія Е.Пугачова. З 1780 цэнтр намесніцтва, з 1796 — губерні. У 1797—1801 павятовы, з 1801 губ. горад Саратаўскай губ. У 1874 праз П. прайшла Сызрана-Вяземская чыгунка. З 1928 цэнтр Пензенскай акругі Сярэдняволжскага краю, з 1930 раённы цэнтр Сярэдняволжскага, потым Куйбышаўскага краю, з 1937 — Тамбоўскай вобл., з 1939 цэнтр Пензенскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1611,
атрады рас. дваран, земскіх людзей і казакоў, створаныя для барацьбы з рэшткамі войск Ілжэдзмітрыя II і польска-літоўскімі інтэрвентамі, якія занялі Маскву ў час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Збор апалчэння ўзначаліў П.Ляпуноў. У сак. 1611 апалчэнцы (20—30 тыс.чал.) падышлі да Масквы і аблажылі горад. Аднак польска-літ. гарнізон (6 тыс.чал., паводле інш. звестак да 10—12 тыс.) вытрымаў 4-месячную аблогу. Пасля таго як П.Ляпуноў быў забіты, рэшткі створанага ім апалчэння ў жн. 1611 увайшлі ў 2-е апалчэнне К.Мініна і Дз.Пажарскага, якое ў 1612 вызваліла Маскву ад польска-літоўскіх інтэрвентаў.
Літ.:
Платонов С.Ф. Очерки по истории смуты в Московском государстве XVI—XVII вв. М., 1937;
Костомаров Н.И. Повесть об освобождении Москвы от поляков в 1612 г. и избрание царя Михаила // Костомаров Н.И. Земские соборы. М., 1995;
Радзинский Э.С. Лжедмитрий // Соч.: В 7 т. М., 1999. Т. 5, ч. 2.