ЗМЕ́І (Ophidia, або Serpentes),

падатрад лускаватых кл. паўзуноў, або рэптылій. 3 інфраатр.: чэрвепадобныя, ніжэйшыя і вышэйшыя. 12 сям., найб. вядомыя аспіды, вужовыя, гадзюкавыя, марскія змеі, пітоны, слепазмейкі (слепуны), удавы і інш. Больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць З. вядуць наземны спосаб жыцця, часцей у густым раслінным покрыве, кронах дрэў, многія ў пустынях, некат. ў прэсных вадаёмах і морах. На Беларусі 3 віды: вуж звычайны, гадзюка звычайная, мядзянка. 26 відаў і падвідаў у Чырв. кнізе МСАП, 1 від (мядзянка) — у Чырв. кнізе Рэспублікі Беларусь.

Даўж. ад 8 см да 11,5 м (анаконда). Цела вузкае, выцягнутае, укрытае луской і рагавымі шчыткамі. З. ліняюць некалькі разоў за год; вонкавы рагавы слой скуры (выпаўзак) скідваецца звычайна цалкам. Вочы без павек, звонку суцэльная празрыстая абалонка, якая аддзяляецца пры ліньцы разам са старым слоем скуры. Язык доўгі, раздвоены, які памылкова прымаюць за джала. Зубы тонкія, вострыя, загнутыя назад. У ядавітых З. зубы на верхняй сківіцы ядавітыя з баразёнкай або каналам для сцёку яду. Размнажаюцца адкладваннем яец, некат. — яйцажывародныя. Кормяцца насякомымі, рыбай, земнаводнымі, паўзунамі, птушкамі, млекакормячымі. Скуру некат. З. выкарыстоўваюць у гарбарнай прам-сці, яд — у медыцыне.

Літ.:

Жизнь животных. 2 изд. Т. 5. М., 1985;

Пикулик М.М., Бахарев В.А., Косов С.В. Пресмыкающиеся Белоруссии. Мн., 1988;

Земнаводныя. Паўзуны: Энцыкл. давед. Мн., 1996.

М.​М.​Пікулік.

Змеі: 1 — каралеўская; 2 — вострагаловая дрэўная; 3 — вадзяны вуж; 4 — пама; 5 — тыгровы вуж; 6 — двухколерная пеламіда.

т. 7, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РАПІСЫ СТАТЫСТЫ́ЧНЫЯ,

спецыяльныя статыстычныя абследаванні, якія фіксуюць поўны ўлік і характарыстыку адзінак вывучаемай сукупнасці. Уключаюць: суцэльную рэгістрацыю адзінак, што складаюць якую-н. з’яву; правядзенне назіранняў на пэўны момант Часу; максімальна кароткі тэрмін П.с.; запіс сабраных звестак у спец. фармуляр (перапісны ліст); перыядычнасць П.с. з мэтай супастаўлення вынікаў. Адрозніваюць П.с. перыядычныя (перапісы насельніцтва, рэдкіх металаў, вагонаў і інш.); неперыядычныя, або разавыя (асн. фондаў, работнікаў, жыллёвага фонду і інш.), прамысловыя (абследаванні прадпрыемстваў), сельскагаспадарчыя (збор звестак пра элементы с.-г. вытв-сці), гнездавыя (некат. групы насельніцтва, пэўныя тэрыторыі і інш.).

Улік насельніцтва вядомы са стараж. часоў. У Расіі ў 1638 праведзены першы перапіс промыслаў і заняткаў насельніцтва, царк. прыходаў. У 18 ст. для перапісаў распрацоўваліся спец. праграмы і інструкцыі; П.с. рэгістраваліся ў спец. кнігах (пісцовых, дарожных. межавых). Пасля рэформы 1861 праводзіліся перапісы для ацэнкі эканам. патэнцыялу, становішча краіны: сялянскіх абшчын, ваенна-конныя, абследаванне саматужнай прам-сці і інш. У 1916 зроблены 1-ы с.-г. перапіс. Пасля 1917 праводзіліся перапісы камунальных прадпрыемстваў, матэрыяльных рэсурсаў, аб’ектаў буд-ва, пасяўных плошчаў, пладова-ягадных насаджэнняў, жывёлы, с.-г. тэхнікі і інш.

На Беларусі ў 1900-я г. праводзіліся П.с.: неўстаноўленага абсталявання і асн. фондаў (практычна кожны год), жывёлы ў грамадскіх гаспадарках і ў насельніцтва, садоў і садовых пладова-ягадных культур (1998), прыватных гандл. прадпрыемстваў і аб’ектаў незавершанага буд-ва (2000). У інш. краінах П.с. праводзяцца пераважна для ўліку насельніцтва. У міжнар. статыстыцы вядомы сусв. перапіс насельніцтва і перапіс валют.

В.​М.​Тамашэвіч.

т. 12, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУ́ССКИЙ ФИЛОЛОГИ́ЧЕСКИЙ ВЕ́СТНИК»,

філалагічны і навукова-педагагічны часопіс. Выдаваўся ў 1879—1917 у Варшаве на рус. мове па 4 кніжкі ў год. Першыя рэдактары — праф. Варшаўскага ун-та М.​А.​Коласаў і А.​І.​Смірноў (з 1880), з 1905 гал. рэдактар Я.Ф.Карскі. Часопіс друкаваў матэрыялы і даследаванні па мове, нар. паэзіі і стараж. л-ры славян, пераважна рускай, крытычныя матэрыялы, нататкі, рэцэнзіі, бібліяграфію, хроніку. Асвятляў праблемы педагогікі, рабіў агляды падручнікаў.

У часопісе ўдзельнічалі вядучыя вучоныя: І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф.​І.​Буслаеў, Дз.​К.​Зяленін, Б.​М.​Ляпуноў, У.​Ф.​Мілер, І.​Поліўка, А.​І.​Сабалеўскі, І.​І.​Сразнеўскі, П.​Ф.​Фартунатаў, А.​А.​Шахматаў і інш. Значную навук. каштоўнасць маюць працы А.​А.​Патабні «Агляд паэтычных матываў калядак і шчадровак» (1884—87), М.​Халанскага «Велікарускія быліны Кіеўскага цыкла» (1884—85), М.​Ф.​Сумцова «Эцюды пра Пушкіна» (1893—97), Карскага «Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага пав. Мінскай губ.» (1884—85), «Беларускія песні в. Навасёлкі-Затрокскія Віленскай губ. Трокскага пав.» (1889), «Да гісторыі гукаў і форм беларускай мовы» (1890—93), «Да пытання аб межах беларускай гаворкі» (1905) і інш., А.​В.​Ветухова «Замовы, заклінанні, засцярогі і іншыя віды народнага лячэння, заснаваныя на веры ў моц слова» (1904—05), Р.​М.​Волкава «Народная драма «Цар Максімілян» (1912), нататкі У.​Дабравольскага і інш. Друкаваліся паказальнікі апублікаваных у часопісе работ, складзеныя па дзесяцігоддзях (напр., 1879—88, 1888—98 і г.д.). Часопіс адыграў важную ролю ў развіцці бел. літ.-знаўства, мовазнаўства і фалькларыстыкі.

Г.​А.​Пятроўская.

т. 13, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СОВРЕМЕ́ННИК»,

рускі літаратурны і грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў 1836—66 у Пецярбургу; да 1843 4 разы ў год, потым штомесячна. Рэдактар і заснавальнік А.​Пушкін. Ён залучыў да ўдзелу ў часопісе У.​Адоеўскага, П.​Вяземскага, М.​Гогаля, В.​Жукоўскага, А.​Кальцова, Ф.​Цютчава.

Пасля смерці Пушкіна «С.» выдавалі Вяземскі, Жукоўскі і інш. У 1838 належаў П.​Плятнёву. З 1847 (выдаўцы М.​Някрасаў і І.​Панаеў, ідэйны кіраўнік В.​Бялінскі) «С.» набыў рэв.-дэмакр. кірунак. Выступаў супраць прыгонніцтва, прапагандаваў ідэі утапічнага сацыялізму, адстойваў метад крытычнага рэалізму ў л-ры. У ім супрацоўнічалі М.​Агароў, А.​Герцэн, Дз.​Грыгаровіч. А.​Майкаў, Л.​Талстой, І.​Тургенеў і інш. З прыходам М.​Чарнышэўскага (1853) і М.​Дабралюбава (1856) «С.» стаў цэнтрам прапаганды ідэй рэв. дэмакратыі. У чэрв. 1853—55 у «С.» друкаваліся нарысы П.​Шпілеўскага «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі», якія асвятлялі жыццё бел. народа, яго гісторыю.

«С.» палемізаваў са славянафіламі, у т. л. газ. «День» І.​Аксакава, якая нібыта абараняла беларусаў ад паланізацыі і акаталічвання, але рабіла гэта з пазіцый самадзяржаўя. З крытыкай славянафілаў выступіў Чарнышэўскі ў арт. «Нацыянальная бестактоўнасць», М.​Салтыкоў-Шчадрын у арт. «Наша грамадскае жыццё», Дабралюбаў у арт. «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя». Яны адстойвалі правы на развіццё бел. нац. культуры, указвалі на неабходнасць вывучэння жыцця і побыту бел. народа. Закрыты ва ўмовах паліт. рэакцыі.

Літ.:

История русской журналистики XVIII—XIX вв. 3 изд. М., 1973;

Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979.

Н.​А.​Сніцарава.

т. 15, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРЫ́СЦКАЯ БА́ЗА,

установа гасцінічнага тыпу для арганізаванага размяшчэння, харчавання, фізкультурна-аздараўленчага і культурна-быт. абслугоўвання турыстаў і экскурсантаў планавых маршрутаў (пры наяўнасці свабодных месцаў — і турыстаў без пуцёвак). Т.б. з павышаным камфортам (у гарадах, турысцкіх цэнтрах) наз. турысцкімі гасцініцамі.

Т.б. размяшчаюць на планавых маршрутах. спецыяльна вызначаных і падрыхтаваных пешых. водных, лыжных, конных, аўтобусных ці камбінаваных трасах (у сельскай мясцовасці. курортных зонах, у раёнах размяшчэння прыродных комплексаў. помнікаў прыроды, гіст.-культ. аб’ектаў і інш.). Займаюць звычайна некалькі будынкаў (т.зв. павільённая забудова). Функцыянуюць круглы год або сезонна (улетку ўмяшчальнасць павялічваецца за кошт сезонных памяшканняў). У залежнасці ад спецыялізацыі Т.б. абсталёўваюць пэўным комплексам спарт. збудаванняў і пляцовак, пунктамі пракату турысцкага рыштунку. інвентару і інш. Прадугледжваецца пераважна актыўны адпачынак: паходы, экскурсіі, фізкульт.-аздараўленчыя мерапрыемствы і інш. Праводзяцца кансультацыі па пытаннях турызму і экскурсій, вядзецца прапаганда турысцкіх падарожжаў.

На Беларусі Т.б. маюць рознае падпарадкаванне. Першая прафсаюзная Т.б. — «Воз. Нарач» — засн. ў 1958. У краіне дзейнічае (2002) 8 Т.б.: «Белае Возера» (улетку 500 месцаў), «Лясное Возера» (600) у Брэсцкай, «Браслаўскія азёры» (500), «Лосвіда» (500) і «Орша» (400) у Віцебскай, «Сож» (400) у Гомельскай, «Нёман» (300) у Гродзенскай, «Высокі Бераг» (190) у Мінскай абласцях. З турысцкіх гасцініц найбольшыя — «Арбіта» (350), «Турыст» (250) у Мінску, «Нарач» (900), «Нарачанка» (800) у Мінскай вобл. Працуе таксама шэраг дзіцячых турысцка-экскурсійных баз або станцый (у падпарадкаванні Мін-ва асветы) і ведамасныя Т.б. — уласнасць вытв. аб’яднанняў, прадпрыемстваў, устаноў і інш.

У.​І.​Ганапольскі.

т. 16, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЦК,

вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Шаць, каля аўтадарогі Мар’іна Горка—Узда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 32 км на ПдЗ ад г. Мар’іна Горка, 68 км ад Мінска, 28 км ад чыг. ст. Рудзенск. 773 ж., 324 двары (2003). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

Вядомы з 1492 як уласнасць Кішкаў, потым Радзівілаў. У 16 ст. ў Ш. пабудаваны кальвінскі збор. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Ігуменскага пав. Мінскай губ. З 1800 у Ш. працавалі цагельны і чарапічны з-ды, з 1863 — вадзяны млын, нар. вучылішча, яўр. школа, бальніца, 5 крам. З 1879 належаў Гамуліцкім. У 1886 у Ш. 184 ж., 27 двароў, валасное праўленне, царква, нядзельныя таргі і адзін раз у год кірмаш; у 1897—967 ж. У пач. 20 ст. каля Ш. былі 2 маёнткі: Шацк (38 ж., 1 двор) і Стары Шацк (28 ж., 4 двары). У 1917 у мястэчку 1121 ж., 166 гаспадарак. З 17.7.1924 да 4.8.1927 цэнтр Шацкага раёна Мінскай акр., з 4.8.1927 да 6.7.1935 і з 1.4.1960 цэнтр сельсавета Пухавіцкага, з 6.7.1935 да 11.2.1938 — Смілавіцкага, з 12.2 да 6.7.1935 і з 11.2.1938 — Рудзенскага р-наў, з 20.2.1938 у Мінскай вобл. З 1935 вёска. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў Ш. больш за 800 чалавек. З 20.1 да 1.4.1960 у Уздзенскім р-не.

т. 17, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛА́ЧЫ (Appalachian Mountains),

горы на У Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Працягнуліся з ПдЗ на ПнУ на 2600 км; асн. хрыбты: Блу-Рыдж, Уайт-Маўнтынс, масіў Адырондак, Грын-Маўнтынс. Сярэдневышынныя. Пераважаюць выш. 1300—1600 м, найб. 2037 м, г. Мітчэл (Блу-Рыдж). Падзяляюцца Апалачы на Паўночныя і Паўднёвыя (мяжа па рэках Мохак і Гудзон). Паўночныя Апалачы — хвалістае пласкагор’е выш. 400—600 м, над якім узвышаюцца асобныя масівы і хрыбты, вяршыні згладжаны, ператвораны ледавіком у трогі. Паўднёвыя Апалачы складаюцца з восевай зоны хр. Блу-Рыдж, з У да якога прымыкае плато Підмант, з З — Апалачскае плато. Утварыліся Апалачы ў перыяд каледонскай складкавасці і герцынскага арагенезу, амалоджаны неатэктанічнымі падняццямі. Паўночная і паўд.-ўсх. ч. Апалачаў складзена з крышт. парод, зах. і паўд.-зах. — пераважна з асадкавых (пясчанікі, даламіты, вапнякі). Карысныя выкапні: каменны вугаль (гл. Апалачскі вугальны басейн), нафта, прыродны газ, жал. руда, тытан, азбест. Клімат на Пн умераны, на Пд субтрапічны, фарміруецца пад уплывам Атлантычнага ак. і асабліва Мексіканскага заліва. Сярэднія т-ры студз. вагаюцца ад -12 на Пн да 8 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 18 да 26 °C. Ападкаў 1000—1300 мм за год. Рэкі цякуць у глыбокіх далінах, найбольшыя — Канектыкут, Гудзон, Саскуэхана і Тэнесі. Расліннасць паўн. ч. — хвойныя і мяшаныя лясы (елка, піхта, туя, гемлока, клён, вяз, гікоры), на Пд ад 41° паўд. ш. ў ніжнім поясе горныя шыракалістыя лясы (каштан, дуб, клён і эндэмікі — цюльпаннае дрэва, платан, магноліі), вышэй за 1000 м — мяшаныя і хвойныя лясы, затым субальпійскія лугі. Жывёльны свет — пераважна эндэмікі: віргінскі алень і віргінскі апосум, дрэвавы дзікабраз, мядзведзь барыбал, рысь, янот, скунс, выдра. Апалачы — раён турызму, лыжнага і воднага спорту, палявання. У Апалачах нац. паркі Грэйт-Смокі-Маўнтынс (Тэнесі), Шэнандоа (Віргінія), Алалачская дарога ўздоўж хрыбта Блу-Рыдж.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Апалачы. Хрыбет Блу-Рыдж.

т. 1, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́НЯ,

рака ў Віцебскай і Магілёўскай абл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 172 км. Пл. вадазбору 4910 км². Пачынаецца каля в. Ланенка Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., вусце на ўсх. ускраіне г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. Цячэ пераважна з Пн на Пд па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Асн. прытокі: Галыша, Бася, Раста (справа), Парасіца, Быстрая, Вербаўка, Кашанка (злева). Даліна слабазвілістая, добра распрацаваная, глыбокаўрэзаная, скрынкападобная, у вярхоўі невыразная, шыр. ад 0,4—0,6 км у верхнім цячэнні да 1—2 км у ніжнім. Схілы стромкія, часам абрывістыя, выш. ад 3 да 20 м, значна парэзаны ярамі, асабліва каля гарадоў Горкі і Слаўгарад. Ніжэй вусця р. Бася трапляюцца невял. тэрасы. Пойма роўная, двухбаковая, лугавая, шыр. 0,25—0,5 км, у вусці 0,8—1,2 км (на асобных участках звужаецца да 80 м), ніжэй вусця р. Быстрая пашыраецца да 3,8 км. Рэчышча каналізаванае на працягу 19 км: ад вытоку да вусця р. Пнёўка (15 км) і ад паўд. ускраіны г. Горкі ўніз па цячэнню (4 км), на астатнім працягу звілістае або моцна звілістае, каля г. Горкі разгаліноўваецца на некалькі рукавоў. Шыр. ракі 15—20 м, у ніжнім цячэнні месцамі да 50 м. Берагі пераважна стромкія, абрывістыя, у верхнім цячэнні нізкія і забалочаныя, адкрытыя, выш. 1—1,5 м, на асобных участках да 7 км. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 26,8 м³/с. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да канца сакавіка. Веснавы ледаход 3—5 сут. Веснавое разводдзе доўжыцца каля 50 дзён. Найб. ўзровень разводдзя звычайна ў пач. крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем каля 3 м. Летне-асенняя межань (каля 5 мес) амаль кожны год 2—4 разы за сезон парушаецца дажджавымі паводкамі працягласцю 5—20 сут і выш. 0,5—1,5 м. П. выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм. На рацэ гарады: Горкі (пры ўпадзенні р. Парасіца) і Слаўгарад (пры ўпадзенні П. ў р. Сож).

А.​А.​Макарэвіч.

Рака Проня.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЦЫ́ЛІЯ (Sicilia),

найбуйнейшы востраў у Міжземным м., тэр. Італіі. Аддзелены ад Апенінскага п-ва Месінскім пралівам. Пл. 25,46 тыс. км², з прылеглымі астравамі, што ўваходзяць у аўт. вобл. Сіцылія, 25,7 тыс. км². Нас. каля 5,5 млн. чал. (2001). Берагі стромкія, слаба парэзаныя, на паўн. і ўсх. узбярэжжах — зручныя бухты. Пераважае гарысты і ўзгорысты рэльеф. Паводле геал. будовы і рэльефу С. з’яўляецца працягам Апенінскага п-ва. У паўн. ч. крышт. горы Пеларытані (1374 м), пясчанікава-сланцавыя горы Небрады (1847 м) і вапняковы масіў Ле-Мадоніе (1975 м). Унутраная ч. в-ва — узгорыстыя ўзвышэнні з кангламератаў, пясчанікаў, мергеляў. На крайнім ПдУ — купалападобнае плато Іблеі (выш. да 986 м), у будове якога дамінуюць вапнякі і базальты. На Пн ад Іблеі плоская акумулятыўная раўніна Катанія. Характэрны неатэктанічнае падняцце, магутныя сейсмічныя і вулканічныя працэсы. На ПдУ — дзеючы вулкан Этна (3340 м), на Пн трапляюцца гразевыя вулканы, гарачыя і тэрмамінер. крыніцы. Здабыча нафты, прыроднага газу, серы, калійнай і кухоннай солей, буд. матэрыялаў. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Сярэдняя т-ра студз. 11—12 °C, ліп. — 26—28 °C. Вясной і летам з боку Афрыкі дзьме гарачы вецер сірока, тады т-ра павышаецца да 40—45 °C. Ападкаў у гарах 750—1400 мм, на раўнінах — 400—450 мм за год. Рачная сетка развіта слаба. Рэкі невял., разліваюцца зімой і часта перасыхаюць летам. Расліннасць міжземнаморскага тыпу. У гарах да выш. 800—1000 м невял. ўчасткі цвердалістага лесу, маквісу на Пн, гарыгі на Пд. Вышэй — да 1300—1500 м каштанавыя і дубовыя лясы, якія змяняюцца букавымі. Над поясам лясоў — зараснікі калючых хмызнякоў. Лясы моцна высечаны і займаюць 4% плошчы. У цэнтры і на Пд вострава пераважаюць хмызнякі і стэпы. Жывёльны свет моцна вынішчаны. Вырошчваюць пшаніцу, цытрусавыя, масліны, вінаград. Авечкагадоўля. Рыбалоўства. Адм. цэнтр — Палерма. Буйныя гарады: Палерма, Месіна, Катанія, Сіракуза.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 14, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЙМЫ́РСКАЯ (ДАЎГА́НА-НЕ́НЕЦКАЯ) АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА.

Размешчана на Крайняй Поўначы Усх. Сібіры ў Краснаярскім краі Рас. Федэрацыі. Уключае архіпелагі Паўн. Зямля, Нордэншэльда і інш., абмываецца морамі Лапцевых і Карскім. Пл. 862,1 тыс. км². Нас. 44 тыс. чал. (2000), гарадскога 66%. Цэнтр — г. Дудзінка. На тэр. акругі горад краявога падпарадкавання Нарыльск і падпарадкаваныя Нарыльскай гар. адміністрацыі гарады Талнах і Каеркан. Гл. карту да арт. Краснаярскі край.

Займае п-аў Таймыр, паўн. ч. Сярэднесібірскага пласкагор’я з плато Путарана (выш. да 1629 м) і размешчаную паміж імі Паўн.-Сібірскую нізіну. На ПдЗ, на левабярэжжы р. Енісей — ч. Зах.-Сібірскай раўніны. Карысныя выкапні: медна-нікелевыя і спадарожныя руды (малібдэн, кобальт, вальфрам), каменны вугаль, прыродны газ, нафта, кухонная соль. Клімат арктычны і субарктычны. Сярэдняя т-ра студз. -32 °C, ліп. 2—13 °C. Ападкаў каля 250 мм за год. Пашырана шматгадовая мерзлата. Гал. рэкі: Енісей, Пясіна, Хатанга, Верхняя і Ніжняя Таймыра. Шмат азёр (Таймыр, Лама, Пясіна, Хантайскае) і балот. Пераважаюць тыповыя тундравыя і тарфяна-глеевыя глебы. Арктычная мохава-лішайнікавая і хмызнячковая тундра зменьваецца на Пд лесатундрай з рэдкастойнымі лістоўнічнымі лясамі і хмызнякамі. Путаранскі і Таймырскі запаведнікі.

Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (каменны вугаль, газ) і рыбная (рыбазаводы ў Дудзінцы, Дыксане, Хатанзе). Усць-Хантайская ГЭС. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на аленегадоўлі. Нязначна развіты мяса-малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Пушны промысел і зверагадоўля (блакітны пясец і серабрыста-чорны ліс). Цяплічная гаспадарка. Суднаходства па рэках Енісей (у межах акругі даступна марскім суднам), Хатанга, Паўночным марскім шляху. Гал. парты: Дудзінка, Дыксан, Хатанга. Чыгунка Дудзінка—Нарыльск—Талнах. Аэрапорты: Алыкель (за 40 км на З ад Нарыльска), Дыксан, Хатанга. Газаправод Месаяха—Дудзінка—Нарыльск. Мясц. перавозкі на аленях і сабаках.

Да арт. Таймырская (Даўгана-Ненецкая) аўтаномная акруга. На Таймыры.

т. 15, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)