акружэнне войскамі 3-га Бел. і 1-га Прыбалт. франтоў у ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 пад Віцебскам 5 ням. дывізій у час Вял.Айч.вайны. 23 ліп. войскі 43-й арміі 1-га Прыбалт. фронту і 39-й арміі 3-га Бел. фронту прарвалі абарону ворага, абышлі Віцебск з Пд і ПдЗ, у ноч на 25 ліп. злучыліся каля в. Гняздзілава Бешанковіцкага р-на і замкнулі акружэнне групоўкі праціўніка, якую разграмілі, 26 ліп. вызвалілі Віцебск. Праціўнік страціў каля 20 тыс. салдат і афіцэраў забітымі і больш за 10 тыс. палоннымі. У в. Гняздзілава ў гонар сав. воінаў пастаўлена стэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНЫ ГО́РАД,
горад з асаблівым міжнар. рэжымам, вылучаны ў самаст.паліт. адзінку, прававы статус якога вызначаецца міжнар. дагаворамі і гарантуецца дзяржавамі ці міжнар. арг-цыямі. Назва засталася ад сярэднявечча, калі вольнымі гарадамі называлі ням. гарады Гамбург, Брэмен, Рэгенсбург, Любек, Франкфурт-на-Майне і інш., што не залежалі ад феад. княстваў. Паступова вольныя гарады ўраўняліся з імперскімі гарадамі. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 статус вольнага горада атрымаў Кракаў, паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 — Гданьск (Данцыг). Пасля 2-й сусв.вайны быў распрацаваны статус вольнага горада Трыесту (Італія), але не быў уведзены. Рэжым, блізкі да вольнага горада, існаваў у Танжэры (Марока), Зах. Берліне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГЕ́Р (Маргарыта Іосіфаўна) (7.10.1915, г. Адэса — 1.8.1992),
рус. паэтэса. Вучылася ў Літ. ін-це імя Горкага (1934—37). Першы зб. «Год нараджэння» (1938). Вершы і паэмы часоў Вял.Айч.вайны склалі кнігі «Памяці храбрых» (1942), «Лірыка» (1943), «Вершы і паэмы» (1944); за паэму «Зоя» Дзярж. прэмія СССР 1943. Аўтар зб-каў «Ленінскія горы» (1953), «Сіні час» (1970), «Чвэрць стагоддзя» (1981), кніг нарысаў «Вяртанне ў Чылі» (1966); успамінаў «Сцяжынка ў жыце. Пра паэзію і паэтаў» (1980). Асаблівасці паэзіі Алігер: строгасць верша і думкі, увага да духоўнага свету чалавека, жывыя размоўныя інтанацыі. Выдала кн. перакладаў «Вялізны свет» (1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЯДЗІ́НСКІ (Пётр Паўлавіч) (1826, Смаленская губ. — 19.5.1883),
расійскі дзярж. дзеяч, генерал ад кавалерыі (1878). Скончыў Пажаскі корпус (1843). Удзельнік баёў з горцамі на Каўказе, Крымскай вайны 1853—56. Займаўся ваенна-дыпламат. дзейнасцю, ажыццяўленнем ваен. рэформаў 1860—70-х г. У 1886—70 ліфляндскі, эстляндскі і курляндскі ген.-губернатар, камандуючы войскамі Рыжскай ваен. акругі. У 1874—80 віленскі, ковенскі і гродзенскі ген.-губернатар, камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. Разглядаў мясц. памешчыкаў як сац. апору самадзяржаўя, дазволіў выданне і распаўсюджванне кніг на польск. мове, аслабіў ганенні на каталіцкую царкву ў краі. З 1880 варшаўскі ген.-губернатар, камандуючы войскамі Варшаўскай ваен. акругі. З 1881 чл.Дзярж. савета Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКРЫ́ТЫ ГО́РАД,
у міжнародным праве горад, які ў вайну адна з дзяржаў, што ваююць, абвяшчае неабароненым (без ваен. аб’ектаў, войскаў і сродкаў абароны) і таму па-за тэатрам ваенных дзеянняў. Гэты акт мае на мэце прадухіліць знішчэнне гіст. і культ. каштоўнасцяў горада, яго жыхароў.
Прававы статус адкрытага горада засн. ва палажэнні (Гаагскай канвенцыі 1907) «Аб законах і звычаях сухапутнай вайны», арт. 25 якога забараняе «атакаваць або бамбардзіраваць якім бы ні было чынам неабароненыя гарады, паселішчы, жылыя дамы або будынкі». У 2-ю сусв. вайну адкрытымі гарадамі абвяшчаліся Парыж, Рым, Брусель, Бялград, Заграб, Любляна і інш. Вядомы выпадкі парушэння статуса адкрытага горада (бамбардзіроўка Бялграда фаш. авіяцыяй у 1941).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́МЧЫК (Мікалай Сямёнавіч) (16.8.1903, в. Сычавічы Маладзечанскага р-на — 29.5.1970),
паліт. дзеяч, публіцыст. Скончыў Радашковіцкую бел. гімназію, з 1924 працягваў адукацыю ў Празе, дзе зблізіўся з прадстаўнікамі б. ўрада БНР (П.Крачэўскім, В.Захаркам і інш.). Жыў у Францыі, стварыў там «Хаўрус бел. працоўнай эміграцыі». Напярэдадні 2-й сусв.вайны ў Берліне, рэдактар газ. «Раніца» (1939—44), у 1940 арганізаваў Бел.к-т самапомачы. Потым працаваў у К-це самапомачы ў Беластоку. З 1944 у Парыжы, актыўна выступаў у бел. эміграцыйным друку. У 1943 і 1947—70 старшыня Рады БНР, у 1947 арганізаваў крывіцкую Раду БНР (т.зв. крывіцкі блок).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНГА́РД (ад аван... + франц. garde варта),
1) часць або падраздзяленне; на флоце яго частка або эскадра падводных караблёў, якія для аховы войск на маршы рухаюцца наперадзе гал. сіл. Задача — прыняць на сябе першы ўдар, не дапусціць раптоўнага нападу праціўніка на гал. сілы, стварыць ім зручныя ўмовы для ўступлення ў бой. Авангард пасылаецца таксама пры наступленні, праследаванні, у ходзе рэйду. Прымяняўся са стараж. часоў: у арміі Аляксандра Македонскага наперадзе ішлі атрады, якія выконвалі ролю авангарда. Вядомы амаль ва ўсіх сучасных арміях свету. На флоце пасля 1-й сусв.вайны не выкарыстоўваецца.
2) У пераносным сэнсе — найбольш свядомая, перадавая частка якога-небудзь грамадскага руху, паліт. партыі ці групы людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў ГІСТАРЫ́ЧНАЙ КАМІ́СІІ»
(«Archiwum Komisyi Historycznej»),
серыйнае выданне дакументальных матэрыялаў 15—19 ст. Выходзіла ў 1878—1949 у Кракаве пад апекаю Гіст. камісіі Польскай АН. Выдадзена 16 тамоў. Пераважаюць матэрыялы крыніцазнаўчага характару, першакрыніцы па гісторыі права, царквы, грамадска-паліт., дыпламат. адносін, агляды бібліятэк і архіваў. Сярод найб. значных публікацый — матэрыялы па гісторыі вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, дакументы Пастаяннай Рады, інвентары зямельных уладанняў, апісанні рукапісаў і дакументаў у архівах і бібліятэках Рыма, Пецярбурга, Будапешта, «Рэвізія Полацкага ваяводства 1552», матэрыялы па гісторыі праектаў царк. уніі канца 15 — пач. 16 ст. і інш. Дакументы ў асн. на польск. і лац. мовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1809,
вайна Аўстрыі за вызваленне ад франц. панавання. Рыхтуючыся да вайны, Аўстрыя ўступіла ў саюз з Англіяй (т.зв. 5-я антыфранц. Кааліцыя). 10 крас. яе армія нанесла ў Баварыі ўдар па групоўцы франц. войскаў. Напалеон перакінуў у раён баявых дзеянняў буйныя сілы, і ў баях 19—23 крас.аўстр. армія панесла значныя страты (каля 45 тыс.чал.). Гонячы праціўніка, французы 13 мая занялі Вену, аўстрыйцы нанеслі 21—22 мая каля Асперна і Эслінга паражэнне французам. У рашаючай бітве 5—6 ліп. пры Ваграме перамаглі франц. войскі. Аўстрыя прызнала сваё паражэнне і 14 кастр. 1809 падпісала Шонбрунскі мір, які замацоўваў яе залежнасць ад Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ СУСТРЭ́ЧА 1409,
перагаворы паміж каралём Польшчы Ягайлам і вял. князем ВКЛ Вітаўтам у час Вялікай вайны 1409—11. Адбылася ў снеж. 1409 у Брэсце (Берасці). Прысутнічаў хан Джэлаладдзін (сын хана Тахтамыша), якому падпарадкоўвалася залатаардынская конніца, што была на службе ВКЛ. На Берасцейскай сустрэчы быў прыняты план летняй кампаніі 1410 супраць войскаў Тэўтонскага ордэна, вызначаны час і месца збору аб’яднаных ваен. сіл, прынята рашэнне аб пабудове пантоннага моста для пераправы цераз Віслу. Паводле дамоўленасці саюзная армія складалася з 91 харугвы (палка), з іх 51 рыхтавала Польшча, 40 — ВКЛ. План, распрацаваны на Берасцейскай сустрэчы, прывёў да перамогі саюзных армій у Грунвальдскай бітве 1410.