САДКО́ВЫЯ РЫ́БНЫЯ ГАСПАДА́РКІ.

Гадуюць рыбу ў сеткавых або крацістых прыстасаваннях — садках. Выкарыстоўваюць прыродныя вадаёмы, вадасховішчы, сажалкі, вадаёмы-ахаладжальнікі і інш. Садкі (стацыянарныя або плывучыя) бываюць драўляныя, металічныя і інш.; памеры, форма, дэталі канструкцыі залежаць ад віду рыбы, асаблівасцей вадаёма і інш. С.р.г. забяспечваюць эканомію вады і зямельных угоддзяў, павялічваюць перыяд вырошчвання рыбы ва ўмовах аптымальнага тэмпературнага рэжыму. На Беларусі асн. аб’екты — карпавыя рыбы (карп, карась, расліннаедныя), шчупак, стронга. Агульная пл. садкоў каля 20 тыс. м², найб. буйная Белаазерская С.р.г. (Брэсцкая вобл.) на Бярозаўскай ДРЭС.

Садковая рыбная гаспадарка.

т. 14, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛАВА́Я ПЕРАДА́ЧА,

разнавіднасць перадачы, якая служыць для перадачы мех. энергіі (руху) ад рухавіка да яе спажыўца з павелічэннем вярчальных момантаў (за кошт змяншэння скорасці, частаты вярчэння) або для змены характару руху. У прыводах машын дазваляе ўзгадняць рэжым работы рухавіка і выканаўчых (рабочых) органаў, ажыццяўляць змену напрамку руху (рэверсаванне, або рэверс), пераўтвараць вярчальны рух у паступальны, вінтавы і інш. С.п. бываюць мех. (найб. пашыраны зубчастыя перадачы, ланцуговыя перадачы, раменныя перадачы, фрыкцыйныя перадачы, чарвячныя перадачы), гідраўлічныя перадачы, пнеўматычныя і інш. У некат. машынах С.п. наз. трансмісіяй.

Тэкстронная сілавая перадача.

т. 14, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГАЖЭМЕ́НТ (ад франц. engagement абавязацельства, наём),

кантракт, заключаны з акцёрам на пэўны тэрмін і на пэўных умовах для ўдзелу ў спектаклях або канцэртах.

т. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ДА,

старажытная колючая зброя; род лёгкага кап’я або пікі з металічным наканечнікам, насаджаным на доўгае цаўё. Падобную паляўнічую прыладу наз. таксама дзідка, рагаціна.

т. 6, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ-Ю́РЭ (лац. de jure літар. паводле права),

у міжнародным праве поўнае, афіцыйнае і канчатковае прызнанне дзяржавы або ўрада. Гл. таксама Дэ-факта.

т. 6, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПЕ́Ў,

1) пачатак харавой песні, які выконваецца адным або некалькімі спевакамі (запяваламі).

2) Пачатак быліны, зачын, які падводзіць слухача да асноўнага зместу твора.

т. 6, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЯСЛА́Ў СВЯТАПО́ЛЧЫЧ (? — 13.12.1127),

князь тураўскага роду Ізяславічаў, сын Святаполка Ізяславіча. Магчыма, валодаў удзелам у межах Тураўскага або Уладзіміра-Валынскага княства.

А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛА́ГА,

у беларусаў каша з жытняй або пшанічнай мукі і соладу. Варылі таксама з ягад, дадавалі муку, мёд, цукар. Пашырана пераважна на Палессі.

т. 8, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСТАЦВЕ́Т,

аднаполая тычынкавая (мужчынская) кветка (напр., у агуркоў). Таксама П. наз. двухполыя або песцікавыя (жаночыя) кветкі, у якіх не адбылося апылення і апладнення.

т. 13, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ГЕНЦТВА (ад рэгент),

часовае праўленне ў манархічных краінах адной або некалькіх асоб з выпадку вакантнасці трона, непаўналецця, працяглай адсутнасці, хваробы ці недзеяздольнасці манарха.

т. 13, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)