італьянскі артыст балета, балетмайстар. Вучыўся ў С.Вігано. З 1812 працаваў у Парыжы, Амстэрдаме, Бруселі, Вене, Варшаве. З 1818 у Расіі, у 1819—22 і з 1826 у Вял. тэатры (першы мім). Выконваў камедыйныя, гратэскавыя і пантамімічныя ролі: Кален («Жанета і Кален»), Атэла («Атэла, або Венецыянскі маўр», у абодвух і балетмайстар). Сярод пастановак: «Механічныя фігуры», «Садоўніца», «Каханне Марса і Венеры», «Рычард Ільвінае сэрца ў Палесціне» на зборную музыку. Прапагандаваў ідэі і традыцыі Ж.Ж.Навера, творчасць Вігано. Яго дзейнасць мела вял. значэнне для знаёмства рус. артыстаў з асн. кірункамі зах.-еўрап. харэаграфіі, зрабіла ўплыў на развіццё акцёрскага майстэрства балетнай трупы Вял.Т-ра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЦАЛІ ((Gozzoli) Беноца) (сапр.ды Лезе ды Сандра; di Lese di Sandro; 1420, г. Фларэнцыя, Італія — 1497),
італьянскі жывапісец эпохі ранняга Адраджэння. Вучыўся ў Л.Гіберці і Анджэліка. Працаваў у Фларэнцыі, Пізе і інш. гарадах Італіі. У вял. фрэскавых цыклах (сцэны з жыцця св. Аўгусціна ў царкве Сант-Агасціна ў Сан-Джыміньяна, 1463—67; фрэска «Шэсце вешчуноў» у капэле палаца Медычы-Рыкардзі ў Фларэнцыі, 1459) спалучаў паэт.-казачную, па сутнасці свецкую трактоўку сюжэтаў і тонкасць жывога назірання з «дывановасцю» кампазіцыі, умоўнасцю прасторавых вырашэнняў, дэкар. маляўнічасцю каларыту.
Літ.:
Padoa Rizzo A. B.Gozzoli pittore fiorentino. Firenze, 1972.
Б.Гоцалі. Фрэска «Шэсце вешчуноў» у капэле палаца Медычы-Рыкардзі ў Фларэнцыі. Фрагмент. 1459.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЗА́ГА (Gonzago, Gonzaga) П’етра ды Гатарда (25.3.1751, Лангароне, каля г. Венецыя, Італія — 6.8.1831), італьянскі жывапісец, тэатр. дэкаратар і архітэктар. Вучыўся ў Венецыі і Мілане, зазнаў уплыў А.Каналета і Дж.Б.Піранезі. З 1792 працаваў у Расіі. Дэкарацыі, створаныя ім пераважна для прыдворных т-раў і т-ра ў Архангельскім, вызначаліся гарманічнай дакладнасцю класіцыстычных формаў. Выкананыя Ганзага манум.-дэкар. размалёўкі дзякуючы ілюзорным эфектам стваралі ўражанне рэальна існуючай архітэктуры (размалёўка т.зв. галерэі Ганзага ў палацы ў Паўлаўску, 1822—23; захавалася часткова). Удзельнічаў у планіроўцы паркаў (у Паўлаўску і інш.).
П.Ганзага. Эскіз дэкарацыі балета Д.Штайбельта «Сандрыльёна» ў пастаноўцы І.Вальберха і Агюста. Пецярбург. 1815.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВЕРЧЫ́НА, Гуэрчына
[Guercino; сапр.Барб’еры (Barbieri) Джавані Франчэска; хрышчаны 8.12.1591, г. Чэнта, Італія — 22.12.1666],
італьянскі жывапісец балонскай школы жывапісу. Вучыўся ў г. Чэнта. Зазнаў уплыў Л.Карачы, М.Караваджа, венецыянскіх мастакоў, Г.Рэні. У сваіх творах спалучаў характэрныя для караваджызму жыццёвасць з драматычнай эмацыянальнасцю вобразаў, кантрасты святлаценю з кампазіцыйнай дынамікай, пышным дэкаратывізмам з барочнымі і ілюзійнымі эфектамі (фрэскі ў казіно вілы Лудавізі ў Рыме, 1621; «Пахаванне св. Петранілы», 1621; «Узнясенне мадонны», 1623, «Іакаў атрымлівае адзенне Іосіфа», каля 1625, і інш.). З канца 1620-х г. стаў на шлях акадэмізму.
Літ.:
Grimaldi N. Guercino. Bologna, 1968.
Гверчына. Іакаў атрымлівае адзенне Іосіфа. Каля 1625.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІЧАРДЫ́НІ, Гуічардыні (Guicciardini) Франчэска (6.3.1483, г. Фларэнцыя, Італія — 22.5.1540), італьянскі гісторык, паліт. дзеяч. Праф. акадэміі права ў Фларэнцыі. Сябра і вучань Н.Макіявелі. У 1511—14 пасол Фларэнцыі ў Іспаніі. У 1516—34 нам. рымскага папы Льва Х у гарадах Мадэна, Рэджа-нель-Эмілія і Парма. З 1534 дарадчык Медычы, да 1537 адыгрываў значную ролю пры фларэнційскім двары. Аўтар прац: «Гісторыя Італіі» (1537—40, апубл. ў 1561—64, ахопліваў перыяд 1492—1532); «Дыялог аб кіраванні Фларэнцыяй» (1525); «Нататкі палітычныя і грамадзянскія» (1525—29) і інш. У сваіх працах выступаў за нац. і дзярж. аб’яднанне Італіі ў форме федэрацыі дзяржаў, за алігархічна-рэсп. форму кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУТУ́ЗА ((Guttuso) Рэната) (2.1.1912, г. Багерыя, Італія — 18.1.1987),
італьянскі жывапісец і графік. Акадэмік АМ у Рыме (1960), ганаровы чл.АМСССР (1962). Удзельнік італьян. Руху Супраціўлення (1943—45). Аўтар шэрагу антыфаш. твораў («Расстрэл», 1938; «Распяцце», 1940—41; серыя малюнкаў «З намі Бог!», 1944—45). У работах канца 1940—60-х г. стварыў шматгранную карціну жыцця пасляваен. Італіі. Значнае месца ў яго творчасці займала сац.-паліт. тэма (карціны «Пляж», «Чалавек, які есць спагеці», «Дыскусія», «Натоўп», «Навіны» і інш.). Для ўзмацнення эмацыянальнага ўздзеяння сваіх работ часта выкарыстоўваў рэзка кантрастнае гучанне колераў, востра дынамічны малюнак. Пісаў таксама партрэты, пейзажы, нацюрморты, вулічныя сцэнкі, буйнамаштабныя палотны на алегарычныя сюжэты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЬКА́НЦІ ((Cavalcanti) Гвіда) (каля 1255, г. Фларэнцыя, Італія — 27.8.1300),
італьянскіпаэт. Сябар Дантэ Аліг’еры. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў «салодкага новага стылю» ў італьян. паэзіі 13 ст. Апіраючыся на традыцыі сіцылійскай паэт. школы, распрацаваў новую канцэпцыю паэзіі, у якой паглыбіў пачуццёвасць і псіхалагізм лірычнага героя, даў новае асэнсаванне кахання (найб. вядомы твор — канцона «Жанчына просіць мяне...»). Матывы кахання, жанчыны-ззяння, метафізіка паэт. вобраза К. паўплывалі на «Боскую камедыю» Дантэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬВІ́НА ((Calvino) Італа) (15.10.1923, г. Сант’яга-дэ-лас-Вегас, Куба — 19.9.1985),
італьянскі пісьменнік. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення, пад уплывам якога напісаў першыя аповесці «Сцежка да павучыных гнёздаў» (1947), «Апошнім прылятае крумкач» (1949) і інш. Творы 1950-х г. філасофска-алегарычныя (трылогія «Нашы продкі», 1952—59). Тонкім гумарам, фантастычнасцю вызначаюцца зб-кі апавяданняў «Маркавальда, або Поры года ў горадзе» (1963), «Касмакомікі» (1965), «Нябачныя гарады» (1972), «Паламар» (1983). Аўтар філас. рамана «Замак перакрыжаваных лёсаў» (1973), аповесці «Калі зімовай ноччу падарожнік...» (1979). Збіраў і апрацоўваў нар. казкі. Даследаваў праблемы л-ры 20 ст., перакладаў з франц. мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІЦА́РА ((Cannizzaro) Станіслао) (13.7.1826, г. Палерма, Італія — 10.5.1910),
італьянскі хімік, адзін з заснавальнікаў атамна-малекулярнай тэорыі. Замежны чл.-кар.Пецярб.АН (1889). Атрымаў адукацыю ва ун-тах Палерма і Пізы (1841—48). З 1851 праф.Нац. каледжа ў Александрыі, ун-таў Генуі (з 1856), Палерма (з 1861) і Рыма (з 1871). Навук. працы па арган. хіміі. Адкрыў акісляльна-аднаўленчае дыспрапарцыянаванне араматычных альдэгідаў пад уздзеяннем шчолачы з утварэннем першасных спіртоў і карбонавых кіслот (1853, рэакцыя К.), бензілавы спірт. На аснове закону Авагадра размежаваў паняцці «атам», «эквівалент», «малекула» (1858).
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 2. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТАРЫ́НІ ((Contarini) Амброджа) (?—1499),
італьянскі дыпламат і падарожнік. У 1474 накіраваны да правіцеля Зах. Ірана Узун-Хасана з прапановай пачаць вайну супраць Турцыі ў саюзе з Венецыяй. На адваротным шляху наведаў ВКЛ: у лют. 1477 прыняты ў г. Трокі каралём Казімірам IV, быў у Слоніме, Варшаве. У крас. 1477 вярнуўся ў Венецыю. У 1487 апублікавана апісанне яго падарожжа, у якім змешчаны каштоўныя звесткі пра Іран, Расію, Польшчу, ВКЛ, Грузію, Азербайджан, Крым і Астраханскае ханства.
Тв.:
Рус.пер. — Путешествие А.Контарини, посла светлейшей Венецианской республики к знаменитому персидскому государю Узун-Гассану // Библиотека иностранных писателей о России. Отд. 1. СПб., 1836.