грамадская і літ. газета. Выдавалася з 14.11.1916 да 13.1.1917 у Петраградзе штодзённа на бел. мове. Рэдактар-выдавец З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны). Асвятляла гіст. мінулае, культ. здабыткі Беларусі, эканам. і паліт. становішча ў 1-ю сусв. вайну. Выступала за права народаў нац. меншасцей Расіі на свабоду і самастойнасць, за развіццё нац. культуры, асветы, друку. Адстойвала правы бел. народа на нац. адраджэнне, навучанне на роднай мове, заснаванне нац.навуч. устаноў (арт. Ц.Гартнага «Аб беларускім універсітэце», «Яшчэ раз аб беларускім універсітэце»), выступала за ўнармаванне бел. правапісу (нарыс Э.Будзькі «Думкі да граматыкі»). Змяшчала маст. і публіцыстычныя творы Ц.Гартнага, К.Буйло, М.Гарэцкага, Я.Дылы, А.Паўловіча, Х.Чарнышэвіча, Ф.Шантыра і інш. Спыніла існаванне з-за фінансавых і цэнзурных цяжкасцей. Выйшла 7 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́ННЕ,
від царкоўна-рэлігійнай прапаведніцкай л-ры, належыць да аратарскай прозы. Блізкае да слова, але больш вузкае і пэўнае па значэнні. Асн. тыпы — урачыстае і дыдактычнае К. Яго вытокі ў вусных «словах» — прамовах першых прапаведнікаў. Класічныя ўзоры К. пакінулі раннехрысц. пісьменнікі Іаан Златавуст, Грыгорый Багаслоў, Васіль Вялікі, Яфрэм Сірын, якія развівалі традыцыі ант. аратарскай прозы. Найб. яркія помнікі ўрачыстага К. на Русі — глыбокапатрыят. «Слова пра закон і дар божы» Іларыёна і паэтычныя, напоўненыя багатай эмацыянальнай вобразнасцю «словы» Кірылы Тураўскага. Іх традыцыі прадаўжалі Грыгорый Цамблак, Л.Карповіч, М.Сматрыцкі і інш. (апошнія пакінулі ўзоры яшчэ аднаго віду К. — пахавальнага). Лепшыя К. вылучаюцца стройнасцю кампазіцыі, дасканаласцю і пераканальнасцю выкладу, багаццем вобразна-паэт. мовы. Як вусная прамова-пропаведзь К. бытуе і ў наш час, але сфера яго ўжывання стала больш вузкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІ́ЧНЫЯ СЯЧЭ́ННІ,
лініі, якія атрымліваюцца пры перасячэнні прамога кругавога конуса з плоскасцямі, што не праходзяць праз яго вяршыню. Пры розных становішчах сякучай плоскасці адносна конуса атрымліваюцца эліпс, парабала, гіпербала.
Калі ў плоскасці выбрана дэкартава сістэма каардынат, то кожнае з К.с. вызначаецца ўраўн. 2-й ступені: Ax2 + 2Bxy + Cy2 + 2Dx + 2Ey + F = 0. Наадварот, калі такое ўраўн. мае хоць адно сапраўднае рашэнне і левая частка ўраўн. не распадаецца на 2 лінейныя множнікі, то гэтае ўраўн. задае адно з К.с. Такім чынам, К.с. вызначаюцца яшчэ як крывыя 2-га парадку, якія не распадаюцца. К.с. пашыраны ў з’явах прыроды і ў розных галінах навукі. Напр., планеты сонечнай сістэмы і ШСЗ рухаюцца па эліпсах; траекторыя цела, кінутага нахілена да гарызонту, падобна на парабалу.
Да арт.Канічныя сячэнні: а — эліпс; б — парабала; в — гіпербала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІДА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,
баявыя машыны для кідання цяжкіх снарадаў (стрэл, камянёў, бярвён, ядраў, запальных сумесей і інш.) з мэтай паражэння жывой сілы праціўніка і разбурэння яго абарончых збудаванняў.
Падзяляліся на машыны насцільнага (балісты і брыколі — станкі з верт. стойкай для кідання стралы) і навяснога (катапульты, франдыбалы) дзеяння. Былі вядомы яшчэ ў дзяржавах Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма (франдыбалы з 5 ст. ў Візантыі, брыколі пашырыліся ў 13—14 ст.). У Стараж. Русі К.м. выкарыстоўваліся з 10 ст. (наз. станковымі самастрэламі, паро́камі, пускачамі) і існавалі да 15 ст. (выцеснены агнястрэльнай зброяй). Гл. таксама іл. да арт.Артылерыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАРАНІ́ЧНЫ ВЕРШ, макаранічная паэзія (італьян. poesia maccheronica ад maccheroni макароны),
від жартоўнага ці сатыр. верша, камізм якога ствараецца перанасычанасцю тэксту варварызмамі, падпарадкаванымі марфал. законам роднай мовы. Узнік у старажытнасці, калі асобныя рым. паэты перамяжалі сваю мову грэч. словамі. У перыяд франкаманіі ў Расіі (18—19 ст.) І.Мятлеў высмейваў сумесь «французскага з ніжагародскім» у мове пануючых класаў. У паэме І.Катлярэўскага «Энеіда» сатыр. гучанне набыло ўвядзенне лац. лексікі ва ўкр. моўны кантэкст. Аснова для з’яўлення М.в. ў бел. паэзіі была яшчэ ў сярэдневякоўі, калі на Беларусі шырока ўжывалася лац., стараслав. і польск. мовы. Найб. раннія з такіх вершаў — «Плач пакінутага каханай» і «За пенкнай паненкай аж душа сумуе...» (апубл. А.Рыпінскім, 1840). М.в. зрэдку трапляецца ў сучаснай бел. паэзіі (К.Крапіва) і прозе (Я.Купала, Я.Колас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ТЧЫЧЫ,
1) катэгорыя сялян у ВКЛ у 15—18 ст.; адна з асноўных паводле характару асабістай залежнасці ад феадалаў. 0. не мелі права пераходу ад аднаго феадала да другога і таму называліся яшчэлюдзі «непахожыя» або «отчизные» людзі, г. зн. атрыманыя феадаламі ў спадчыну. У О. ператвараліся таксама людзі «пахожыя» і іх нашчадкі, якія пратэрмінавалі («заседали») 10-гадовы тэрмін даўнасці і не маглі заплаціць за выхад. Прыгоннае права феадалаў на О. заканадаўча аформлена прывілеем 1447, Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588. Феадалы маглі О. перадаваць у спадчыну, дарыць, закладваць і прадаваць з зямлёю і без зямлі.
2) Назва ў 15—16 ст. сялян і феадалаў ВКЛ, якія атрымлівалі ў спадчыну зямлю або маёнтак бацькі («отчину»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́ЎСКІ (Яўген Аляксандравіч) (1855, г. Кобрын Брэсцкай вобл. — 1923),
расійскі астрафізік і фізік. Магістр фізікі (1903). Чл. рускіх фіз.-хім. і астранамічнага, Французскага фіз. і Харкаўскага матэм. т-ваў. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882), дзе і працаваў у фіз. лабараторыі (у 1903—04 прыват-дацэнт); адначасова выкладаў фізіку і матэматыку ў гімназіях Пецярбурга, супрацоўнічаў у рэдакцыі час. «Журнал Русского физико-химического общества». З 1904 в.а. экстраардынарнага прафесара Харкаўскага ун-та. Аўтар навук. прац «Аб складзе атмасферы сонца і планет і іх тэмпературы» (ч. 1—2, 1882—84) і «Яшчэ пра тэмпературу і склад сонца і планет» (1899), за якія ў 1903 удастоены прэміі Рус.астр.т-ва і медаля імя Мікалая II, дысертацыі «Аб знешняй цеплаправоднасці сярэбраных дратоў у вадзе» (1903).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т, рэўком,
часовы надзвычайны орган сав. улады ў Расіі і інш.сав. рэспубліках у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22 (пераважна ў 1918—20). Рэсп., губ., пав., валасныя і сельскія рэўкомы ствараліся ў раёнах, адкуль былі выгнаны белагвардзейцы і інтэрвенты, у прыфрантавой паласе, а пры неабходнасці (пагроза антыбальшавіцкіх паўстанняў і інш.) і ў некат. тылавых раёнах. Р.к. вызваленых раёнаў і прыфрантавой паласы засяроджвалі ў сваіх руках усю паўнату ўлады. Пасля ўмацавання бальшавіцкай улады яны падрыхтоўвалі выбары ў Саветы і перадавалі ўладу выбраным выканкомам і рэсп.ЦВК. Р.к. тылавых раёнаў звычайна дзейнічалі адначасова з выканкомамі Саветаў і займаліся толькі пытаннямі абароны і падтрымання «рэв. парадку». У 1920—25 рэўкомы яшчэ захоўваліся ў Сібіры, на Д.Усходзе і ў асобных раёнах Сярэдняй Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́ЙЦЫ, арыі,
індаеўрапейскія плямёны, што ў 4—3-м тысячагоддзях да нашай эры насялялі стэпавую зону паўднёва-ўсходняй Еўропы (паводле іншых звестак — Поўдзень Сярэдняй Азіі і прылеглую да яго тэрыторыю Іранскага плато). Размаўлялі на мове, якая была ранняй формай санскрыту. У канцы 2-га тысячагоддзя да нашай эры. Арыйцы праніклі ў Іран і Індыю, што паводле адной з версій, прывяло да гібелі Інда даліны цывілізацыі і распаўсюджання культуры шэрай размаляванай керамікі. Арыйцы эпохі «Рыгведы» (канец 2-га — пачатак 1-га тысячагоддзя да нашай эры) яшчэ не ведалі жалеза і карысталіся меднымі прыладамі працы, посуд выраблялі ўручную. У іх існавалі культы каня, птушак і агню. Разглядаюцца як непасрэдныя продкі сучасных індаіранскіх і большасці еўрапейскіх народаў. Ад слова «арыйцы» паходзіць шэраг геаграфічных і этнічных назваў (Іран, даліна Ганга Ар’яварта і іншыя). Гл. таксама Арыйская раса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. у Бабруйску, на правым беразе р. Бярэзіна. З боку ракі быў ахаваны высокім стромкім схілам і 2 драўляна-землянымі збудаваннямі бастыённага тыпу, з інш. бакоў — ровам шыр. да 15 м, земляным валам, на якім стаялі драўляныя вежы і сцены. Да ўмацаванай уязной брамы (падвойныя вароты, сістэма жал. запораў) быў перакінуты драўляны мост. За час існавання замак перажыў шмат аблог і разбурэнняў: у 1502 і 1503 яго спусташалі крымскія татары, у 1506 неаднаразова асаджаў мяцежны кн. М.Глінскі, у студз. 1649 згарэў у час аблогі войскамі гетмана Я.Радзівіла, у сак. 1655 замак спалілі казакі гетмана І.Залатарэнкі, у 1665 згарэў у час казацкай аблогі. Насельніцтва горада аднаўляла замак. Інвентар 1692 сведчыць пра паступовы заняпад і разбурэнне ўмацаванняў замка. На плане г. Бабруйска 1794 сляды замка яшчэ выразна захаваліся.