род кветкавых раслін сям. гарычкавых. Каля 400 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах зямнога шара. На Беларусі трапляюцца: гарычка веснавая (G. verna) — вельмі рэдкі сярэднееўрапейскі горны рэліктавы від, адзначаны ў Пухавіцкім і Капыльскім р-нах Мінскай вобл., расце на вільготных лугах; гарычка крыжападобная, або сакаліны пералёт (G. cruciata), — рэліктавы лесастэпавы від, трапляецца рэдка, пераважна ў паўн. раёнах, расце на астэпаваных схілах узгоркаў, сухіх лугах, на лясных палянах і ўзлесках; гарычка лёгачная, або звычайная (G. pneumonanthe), трапляецца зрэдку па ўсёй тэр., расце на лугах, у хмызняках. гарычка веснавая і крыжападобная занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Гарычка лёгачная патрабуе прафілактычнай аховы. У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі вырошчваюцца 2 інтрадукаваныя віды — гарычка трохкветная (G. tricolor) і тыбецкая (G. tibetika).
Шматгадовыя травяністыя і паўкусцікавыя расліны з голым пустым прамаслойным ці прыўзнятым сцяблом. Лісце суцэльнае, супраціўнае, звычайна падоўжана-ланцэтнае, ніжняе часта ў разетцы. Кветкі адзіночныя або сабраныя ў верхавінкавыя ці пазушныя суквецці, звычайна буйныя, ярка афарбаваныя (сінія, блакітныя, фіялетавыя, радзей пурпуровыя і жоўтыя), 4—5-членныя. Вяночак трубчасты або трубчаста-лейкападобны. Плод — каробачка. Лек. (выкарыстоўваюцца ў афіцыйнай і нар. медыцыне), харч., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны, некат. віды — ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДЭР (ад англ. leader вядучы, кіраўнік),
аўтарытэтны член арг-цыі або групы, асабістыя якасці якога істотна ўплываюць на жыццядзейнасць і маральна-псіхал. клімат у калектыве. Л. валодае найб.ярка выяўленымі і карыснымі якасцямі для групы, дзякуючы чаму яе дзейнасць становіцца больш эфектыўнай, за ім прызнаецца права прымаць найб. значныя рашэнні. Аўтарытэт Л. заснаваны на псіхал. феномене адлюстраванай суб’ектыўнасці, на здольнасці згуртоўваць і аб’ядноўваць інш. людзей. Ён рэгулюе ўзаемаадносіны ў групе, адстойвае яе інтарэсы, уплывае на фарміраванне ўнутрыгрупавых каштоўнасцей. Да сац. фактараў, што дэтэрмінуюць сутнасць Л., адносяцца: асобасныя якасці Л.; характэрныя рысы сац. груп і індывідаў, Л. якіх з’яўляецца дадзены суб’ект; характар узаемаадносін паміж Л. і яго паслядоўнікамі; сац.-эканам. і паліт. ўмовы, у якіх Л. ажыццяўляе сваю дзейнасць. Псіхал. якасці Л. можна падзяліць на змястоўныя (матывы, мэты, каштоўнасці, перакананні, веды і ўяўленні) і працэсуальныя (тэмперамент, здольнасць, сіла волі, асаблівасці эмацыянальнай сферы). Адрозніваюць Л. фармальных (іх дзейнасць звязана з пэўнымі бюракратычнымі працэдурамі, прадугледжвае канкрэтныя функцыян. адносіны і абавязкі) і нефармальных (фарміруюцца на аснове асобасных узаемаадносін, істотна ўплываюць на членаў групы сваімі асобаснымі якасцямі і паводзінамі). Ад мэты, матываў і дзеянняў Л. ў многім залежыць далейшае развіццё грамадства. Гл. таксама Лідэрства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧУ́Й-ЛЯВІ́ЦКІ (сапр.Лявіцкі) Іван Сямёнавіч
(25.11.1838, г.п. Сцяблёў Чаркаскай вобл., Украіна — 15.4.1918),
украінскі пісьменнік; пачынальнік жанру сац. аповесці і рамана ва ўкр. л-ры. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1865). Друкаваўся з 1868. Лёс і праблемы сялянства, рабочых прыгоннай і паслярэформеннай Украіны адлюстраваў у сац.-бытавых аповесцях «Мікола Джэра» (1878), «Сям’я Кайдаша» (1879), «Бурлачка» (1880), ідэйныя пошукі інтэлігенцыі — у вострасац. раманах і аповесцях «Хмары» (1874), «Над Чорным морам» (1890), «Неаднолькавымі сцежкамі» (1910), «На гастролях у Мікіцянах» (1911) і інш. Многія яго творы маюць ярка выражаную сатыр. афарбоўку: камедыі «На Кажумяках» (1875), «Галоднаму і апенькі — мяса» (1887), аповесці і апавяданні «Старасвецкія бацюшкі і матушкі» (1884—85), «Афонскі прайдзісвет» (1890), «Сярод ворагаў» (1893), «Старыя гулякі» (1897), «Тэлеграма Грыцу Бындзе» (1911), «Вясковая старшына балюе» (1912). Аўтар гіст. п’ес «Маруся Багуслаўка» (1875), «У дыме і полымі» (1910) і рамана «Князь Ерамія Вішнявецкі» (апубл. 1932). У творах нац. самабытныя характары, каларытныя пейзажныя замалёўкі. Выступаў як літ. крытык, пісаў навук.-папулярныя працы па гісторыі, лінгвістыцы, этнаграфіі, фалькларыстыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІМІКРЫ́Я (англ. mimicry ад грэч. mimikos пераймальны),
адзін з тыпаў ахоўнай афарбоўкі, формы і паводзін; імітацыйнае падабенства неабароненага арганізма да абароненага або неядомага. Узнікненне М. шляхам натуральнага адбору звязана з выбіральным знішчэннем арганізмаў інш. арганізмамі, якія ў пошуках корму карыстаюцца зрокам.
У жывёл М. выяўляецца ў знешнім падабенстве неабароненых жывёл з прадметамі навакольнага асяроддзя і раслінамі (мімезія), або з неядомымі ці абароненымі жывёламі (міметызм). Адрозніваюць 2 формы М., названых па прозвішчах вучоных, што далі іх апісанне: Г.Бейтса (1862) і ням. заолага Ф.Мюлера (1864). Пры бейтсаўскай М. ядомыя і неядомыя для драпежнікаў жывёлы маюць падобную афарбоўку, як, напр., матылі бялянкі Dismorphia astynome i Perrhybris pyrrha падобны да неядомых ярка афарбаваных матылёў сям. геліканід, што маюць непрыемны пах і смак. Пры мюлераўскай М. некалькі абароненых відаў жывёл маюць падобны выгляд, імітуюць адзін аднаго па афарбоўцы і форме і ўтвараюць «кольца» М. (напр., восы, ядавітыя жукі і інш.). У раслін М. служыць пераважна для прываблівання або адпужвання жывёл і звычайна тычыцца асобных органаў, а не расліны цалкам.
Да арт.Мімікрыя: А — бугай, непрыкметны ў чароце (мімезія); Б — таракан прозаплекта семперы (1), падобны на божую кароўку (2; міметызм).
газаразрадныя прылады для візуальнага ўзнаўлення інфармацыі. Прынцып работы заснаваны на свячэнні тлеючага разраду катоднай вобласці (гл.Электрычныя разрады ў газах). Маюць высокую надзейнасць, даўгавечнасць, вял. яркасць, малую паглынальную магутнасць. Бываюць сігнальныя, лінейныя, знакавыя, матрычныя, газаразрадныя індыкатарныя панэлі, прызначаныя для ўзнаўлення найб. складанай інфармацыі (паўтонавай, знакаграфічнай і інш.). Выкарыстоўваюцца для індыкацыі і сігналізацыі ў вымяральных апаратах, сістэмах кантролю і кіравання ў прам-сці, сродках аргтэхнікі, медыцыне, на транспарце і інш.
Газаразрадныя індыкатары запаўняюць сумессю інертных газаў на аснове неону (ярка-аранжавае свячэнне) з дабаўленнем аргону, крыптону і ксенону, таксама на аснове гелію або ртутнай пары. Катоды вырабляюць з чыстага металу (напр., малібдэну) або актываваныя. У сігнальных газаразрадных індыкатарах інфармацыя выяўляецца ў выглядзе кропкі або невял. святлівай вобласці (напр., неонавыя індыкатарныя лямпачкі), у лінейных (аналагавых і дыскрэтных) — у выглядзе святлівага слупка, даўжыня якога прапарцыянальная сіле току, што працякае праз прыладу, або рухомага святлівага пункта, месцазнаходжанне якога залежыць ад колькасці пададзеных на прыладу імпульсаў (гл.Дэкатрон). Знакавыя газаразрадныя індыкатары ўзнаўляюць інфармацыю свячэннем электродаў пэўнай формы (асобныя элементы сімвалаў, сабраных у адно ці некалькі знакамесцаў, або лічбы, літары і інш. сімвалы цалкам), матрычныя — у выглядзе сукупнасці пунктаў, размешчаных на плоскім экране. Гл. таксама Індыкатар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУСНІ́ЦЫ (Rhodococcum vitis-idaea),
від кветкавых раслін сям. верасовых. Пашыраны ў халодных і ўмераных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца часта ў лясах, хмызняках, на высечках, мохавых балотах.
Шматгадовазялёная кусцікавая расліна выш. 10—25 см з доўгім паўзучым карэнішчам, прамастойным ці ўзыходным галінастым сцяблом. Мае эндатрофную мікарызу. Лісце дробнае, шчыльнае, скурыстае, бліскучае, суцэльнае і суцэльнакрайняе, эліпсоіднае. Кветкі званочкавыя, бледна-ружовыя, са слабым пахам, сабраныя ў густыя кароткія паніклыя гронкі на канцах леташніх парасткаў. Плады — шарападобныя ярка-чырвоныя або бела-ружовыя ягады, ядомыя, з прыемным кісла-салодкім смакам (ураджайнасць 150—200 кг/га). Каштоўная харч., кармавая (для звяроў і птушак), дубільная, меданосная, дэкар. і лек. (мачагонны, антысептычны, вяжучы, проціцынготны сродак) расліна, мае бялкі, вугляводы, арган. к-ты (бензойная, яблычная, лімонная, воцатная, мурашыная, шчаўевая і інш.), цукры (цукроза, фруктоза, глюкоза), пекціны, мінер. і дубільныя рэчывы, гліказіды арбуцын, вакцынін, вітаміны С, B9, РР, карацін, катэхіны, фітанцыды, антацыяны і інш. З лек. мэтай ужываюць лісце і спелыя ягады. Ягады спажываюць свежыя і мочаныя, выкарыстоўваюць у кандытарскай прам-сці, для квашання капусты, як гарнір да мясных страў, з іх гатуюць варэнне, джэм, павідла, марынады, кісель, сок, сіроп, морс, бруснічную ваду, пасцілу, начынку для цукерак і пірагоў. Лісце выкарыстоўваюць як сурагат чаю.
рускі пісьменнік. Брат П.В.Кукальніка. Скончыў Нежынскую гімназію вышэйшых навук (1829), у якой вучыўся з М.Гогалем. Выкладаў у 1-й і 2-й віленскіх гімназіях (да 1831), служыў чыноўнікам у Пецярбургу. У 1832 сакратар камісіі па заснаванні Віленскай мед.-хірург. акадэміі. У 1836—41 у Пецярбургу выдаваў «Художественную газету» — адно з першых перыяд. выданняў Расіі, прысвечаных жывапісу, час. «Дагерротип» (1842), «Иллюстрация» (1845—47).
Друкаваўся з 1833 (п’еса «Тарціні»). Драм. творчасць умоўна падзяляюць на «драм. фантазіі» ў вершах і прозе пра лёс мастака («Тарквата Таса», паст. 1835; «Джакоба Саназар», 1834; «Мейстар Мінд», 1839; «Імправізатар», 1844, і інш.) і гіст. трагедыі, у якіх адлюстраваны моманты рус. гісторыі, што найб.ярка дэманструюць працэсы нац. яднання і самасвядомасці («Рука Усявышняга айчыну выратавала», паст. 1834; «Князь Данііл Дзмітрыевіч Холмскі», 1840, муз. М.Глінкі, і інш.). Гіст. аповесці і апавяданні 1830—40-х г. прысвечаны пераважна эпосе Пятра I («Сяржант Іван Іванавіч Іваноў, ці Усе заадно», «Два Іваны, два Сцяпанычы, два Кастыльковы» і інш.). На словы К. напісаны рамансы Глінкі «Сумненне», цыкл з 12 рамансаў «Развітанне з Пецярбургам» і інш. Удзельнічаў у напісанні лібрэта опер Глінкі «Руслан і Людміла» і «Жыццё за цара» («Іван Сусанін»). Аўтар «Практычнага курса рускай граматыкі» (Вільня, 1830).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛА́ЙЛ, Карлейль (Carlyle) Томас (4.12.1795, Эклфехан, каля г. Дамфрыс, Вялікабрытанія — 5.2.1881), англійскі філосаф, гісторык, літаратар. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1814). Погляды К. фарміраваліся пад уплывам шатл. пурытан і рэліг.-філас. канцэпцыі ням. рамантыкаў. У працы «Героі, шанаванне герояў і гераічнае ў гісторыі» (1841) К. увёў у гістарыясофію і этыку 19 ст. паняцці «героі» і «культ герояў»; на яго думку, свет — гэта эманацыя боскага духа, які найб.ярка выяўляецца ў дзейнасці вял. людзей, а гісторыя — барацьба памкненняў асобных індывідуальнасцей — герояў, што яе ствараюць, пераадольваючы сваёй актыўнасцю і энергіяй супраціўленне мас. У маральна-этычных поглядах быў праціўнікам геданізму, утылітарызму і эгалітарызму; сцвярджаў, што слабыя людзі павінны саступаць мацнейшым, а больш слабыя народы — мацнейшым народам, адкуль рабіў выснову пра тое, што «мае рацыю той, хто перамагае» і матываваў поспехі боскай воляй («Французская рэвалюцыя», 1837; «Пісьмы і прамовы Олівера Кромвеля», 1845). У працы «Гісторыя Фрыдрыха Вялікага» (1858—65) апраўдваў дзейнасць прускага караля Фрыдрыха II, у т. л. называў падзелы Рэчы Паспалітай актам «боскай справядлівасці». У літ. дзейнасці пераважна папулярызаваў у Англіі ням. культуру (пераклады твораў І.В.Гётэ, ням. рамантыкаў, царк. песень М.Лютэра). Апублікаваў аўтабіягр. твор «Sartor Resartus» (1833—34).
Тв.:
Рус.пер. — Французская революция: История. М., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КМІ́ТА-ЧАРНАБЫ́ЛЬСКІ (Філон Сямёнавіч) (каля 1530 — да 29.11.1587),
ваенны і паліт. дзеяч ВКЛ. З шляхецкага роду Кмітаў. У час Лівонскай вайны 1558—83 камандаваў войскамі на ўсх. мяжы ВКЛ. У 1566 за ваен. заслугі атрымаў каралеўскі прывілей на прызначэнне дзяржаўцам г. Чарнобыль у Кіеўскім ваяв. (адсюль другое прозвішча); аршанскі староста. У 1579 прызначаны ваяводам смаленскім, што давала права на месца ў Сенаце Рэчы Паспалітай. У час паходу 1580 на Вял. Лукі быў разбіты. У 1580—81 вёў ваен. дзеянні на паграніччы з Маскоўскай дзяржавай, рабіў рэйды ў глыб рас. тэрыторый. Збераглося 30 лістоў-данясенняў К.-Ч. за 1573—74, дасланых з Оршы ў Вільню членам дзярж. рады ВКЛ (упершыню апубл. ў 1844, найб. поўна з навук. каментарыямі — у 1975), якія з’яўляюцца гіст. дакументам эпохі, помнікам стараж.бел. л-ры. Лісты ўтрымліваюць звесткі пра ваенна-паліт. становішча на ўсх. межах ВКЛ, у Маскоўскай дзяржаве, палітыку Івана IV Грознага, рус.-тат. адносіны і інш.; у іх даецца ацэнка тагачасных гіст.-паліт. падзей. Вылучаюцца лісты да кашталяна трокскага Я.Валовіча, з якіх паўстае асоба аўтара ярка выяўленай індывідуальнасці; яны раскрываюць характар, перажыванні і адносіны К.-Ч. да навакольнай рэчаіснасці, асобныя бакі жыцця і побыту служылай шляхты. Лісты напісаны эмацыянальна, публіцыстычна, з выкарыстаннем нар. прыказак і прымавак, сродкаў гумару і сатыры, вобразаў і цытат з літ. твораў.
Тв.:
Лісты // Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІНЕЗІ́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Займае астравы Ціхага ак. (акрамя Новай Зеландыі і а-воў Кермадэк). Уваходзіць у царства Палеагею. Паводле сістэмы раянавання рас. вучонага У.Г.Гептнера (1936) лічылася Палінезійскай зоагеагр. падвобласцю, што ўваходзіла ў Аўстрал. зоагеагр. вобласць з царства Натагею.
Багацце флоры астравоў П.б.в. знаходзіцца ў прамой залежнасці ад памераў вострава або архіпелага і разнастайнасці рэльефу. На астравах трапляюцца ўсе тыпы раслінных згуртаванняў, ад трапічных лясных да пустынных фітацэнозаў. Відавая разнастайнасць залежыць ад спосабаў пападання насення і дарослых раслін на акіянічныя астравы (з паветранымі і марскімі плынямі, з дапамогай птушак, жывёл і чалавека). Фауна ярка выяўленага астраўнога характару, мае мноства эндэмічных форм. З наземных млекакормячых трапляюцца некат. дробныя грызуны, завезеныя чалавекам, і рукакрылыя (даўгакрылы, крыланы, начніцы). Найб. багатая арнітафауна (каля 100 родаў): мноства галубоў, вадаплаўных (альбатросы, чайкі і інш.), веліканогія куры, зімародкі, зязюлі, кулікі, ластаўкі, медасосы, папугаі, совы і інш. (каля 35 эндэмічных груп). З паўзуноў характэрны геконы і сцынкі, каля берагоў — марскія змеі. Жабы трапляюцца на Гавайскіх, Фіджы а-вах і архіпелагу Бісмарка. З прэснаводных рыб пераважаюць прахадныя формы (напр., вугры). Беспазваночныя найб. багата прадстаўлены ў зах.ч. вобласці, сярод іх ад 30 да 80% эндэмікаў (жукі, матылі і інш.). Характэрны наземны рак — пальмавы злодзей.
А.М.Петрыкаў.
Да арт.Палінезійская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі флоры і фауны: 1 — аргіраксіфіум гавайскі; 2 — эрытрына; 3 — сцэвола такада; 4 — ігуана каналоф; 5 — серпадзюбка-акіялоа; 6 — канюк галапагоскі.