працэс вырабу фотаформ (дыяпазітываў або негатываў) палос друкаваных выданняў на фотанаборных машынах. Па атрыманай фотаформе спосабам капіравання вырабляюць друкарскія формы высокага, афсетнага, глыбокага, флексаграфскага друку. У Ф. выкарыстоўваюцца рэчыўныя шрыфтаносьбіты (празрыстыя знакі на непразрыстым фоне на плёнцы або шкле) і нярэчыўныя (уводзяцца ў лічбавай форме ў запамінальнае прыстасаванне фотанаборнай машыны або сістэмы аўтаматызаванай апрацоўкі тэкставай інфармацыі).
Працэс Ф. ўключае: кадзіраванне выдавецкага арыгінала на тэхн. носьбіце інфармацыі ў выглядзе радкоў, гранак або звярстаных палос тэксту; набор на фотанаборным экспануючым аўтамаце, якідае скрыты відарыс тэксту на рулонным святлоадчувальным матэрыяле; хіміка-фатагр. апрацоўку экспанаванага фотаматэрыялу (атрыманне дыяпазітыва тэксту). Пры Ф. выкарыстоўваюць наборна-кадзіруючыя апараты, наборна-друкавальныя машыны (для атрымання карэктурнага адбітка), апараты для вёрсткі палос, ЭВМ, экспануючыя аўтаматы, праявачна-сушыльныя прыстасаванні (для апрацоўкі экспанаванага фотаматэрыялу) і інш. Ф. забяспечвае шырокія тэхнал. магчымасці (па гарнітурах, абрысах і кеглях шрыфту, фармату набору і інш.), высокую прадукцыйнасць і якасць узнаўлення шрыфту, магчымасці ўзнаўлення тэксту любой складанасці ва ўсіх відах і спосабах друку, вёрсткі палос і карэктуры тэксту ў данаборнай стадыі, перадачы інфармацыі па каналах сувязі. Ф. замяняе радковаадліўны і літараадліўны наборныя працэсы.
Літ.:
Воскресенский М.И., Колосов А.И. Наборные процессы и переработка текстовой информации М., 1989;
Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. 2 изд. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЦА,
мэтазгодная свядомая дзейнасць чалавека, накіраваная на захаванне, відазмяненне, прыстасаванне асяроддзя пражывання для задавальнення сваіх патрэб, на вытв-сць тавараў і паслуг. Як працэс гіст. адаптацыі чалавека да знешняга асяроддзя характарызуецца развіццём і ўдасканаленнем падзелу працы, яе прылад і сродкаў. Як абмен паміж чалавекам і прыродай азначае, што чалавек выкарыстоўвае мех., фіз. і хім. якасці прадметаў і з’яў прыроды і прымушае іх узаемна ўплываць адно на аднаго для дасягнення загадзя вызначанай мэты. Прац. дзейнасці ўласцівы апасродкаваныя рэгулюючая і кантралюючая функцыі, якія змяняюцца ў адпаведнасці з развіццём навукі і тэхнікі. Выкарыстаннем саматужнай, рамеснай тэхнікі і эмпірычных пазнанняў чалавек устанаўліваў новыя ўзаемасувязі паміж прадметамі прыроды і т.ч. ажыццяўляў абмен рэчываў з прыродай (апасродкаваная функцыя). Машынная тэхніка і прыродазнаўчыя веды далі магчымасць чалавеку ўплываць на ўзаемадзеянне паміж рознымі прыроднымі з’явамі і прадметамі (рэгулюючая функцыя), а сучасная навук.-тэхн. рэвалюцыя дае яму магчымасць кантраляваць унутр. механізм з’яў і прадметаў прыроды. У гэтым выпадку змест П. выяўляецца ў канкрэтнай акрэсленасці прац. функцый, абумоўленых тэхнікай, тэхналогіяй, арганізацыяй вытв-сці і майстэрствам работніка; адлюстроўвае спосаб спалучэння вытворцы са сродкамі вытв-сці, абумоўлены ўзроўнем развіцця прадукц. сіл, цэнтр. звяно якіх — чалавек.
Асн. законамі, што кіруюць развіццём грамадскай П., з’яўляюцца законы падзелу і перамены П., а таксама закон канкурэнцыі, які ўзмацняе іх. Змест закону падзелу П. ў тым, што грамадскі лад параджае свае спосабы падзелу П., а кожны новы грамадскі лад дабаўляе ўласцівыя яму новыя віды падзелу П., што вынікаюць з узроўню развіцця прадукц. сіл і прыроды эканам. адносін. Гэты закон пракладвае сабе дарогу стыхійна і ў той жа час з’яўляецца аб’ектыўнай неабходнасцю. Ён вызначае дынаміку падзелу П. на розныя віды (фіз. і разумовая, прамысл. і с.-г., кваліфікаваная і некваліфікаваная, выканаўчая, кіраўніцкая і інш.) і адначасова аснову падзелу грамадства на сац. групы занятых пэўнымі відамі П., адносіны паміж групамі ў залежнасці ад іх сац. статуса і прэстыжу П. З законам падзелу П. звязаны закон перамены П., які стаў дзейнічаць у працэсе замены мануфактурнай вытв-сці машыннай, калі ўзнікла неабходнасць фарміравання гнуткай, універсальнай, шматбакова развітой рабочай сілы, здольнай да навучання і перанавучання ў ходзе змены вытв. працэсаў. Аб’ектыўным законам, які ўплывае праз адносіны суб’ектаў уласнасці на ўзаемадзеянне законаў падзелу і перамены П., выступае закон канкурэнцыі, які прымушае капітал напружваць прадукц. сілы П. Гл. таксама Псіхалогія працы, Арганізацыя працы, Ахова працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
1) слоўнік эвалюцыі лексікі пэўнай мовы, які паказвае змены ў семантыцы і словаўтваральнай структуры рэестравых слоў ад моманту іх з’яўлення ў мове (што збліжае яго з этымалагічным слоўнікам) да часу іх поўнага ці частковага выхаду з ужытку. Ахоплівае ўсю пісьмова-засведчаную лексіку пэўнай мовы на працягу яе пісьмовай гісторыі і падае абавязковую тэкставую ілюстрацыю для кожнага рэестравага слова: напр., «Новы гістарычны слоўнік англійскай мовы» (т. 1—13, 1928; т. 1—20, 2-е выд. 1989).
2) Слоўнік, якідае гарызантальны зрэз лексікі пэўнай мовы, змяшчае разнастайныя звесткі (дэфініцыі, цытаты-ілюстрацыі, варыянты напісання, формы словазмянення, спалучальнасць і інш.) аб словах, што выкарыстоўваліся ў храналагічна дакладна вызначаны перыяд развіцця гэтай мовы. Вылучаюцца: агульнафілалагічныя, тэзаўруснага тыпу, гістарычныя слоўнікі (напр., «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», вып. 1—14, 1982—96, выданне працягваецца; створаны на аснове бел. пісьмовых помнікаў 14—18 ст.); аспектныя гістарычныя слоўнікі, найб.стараж. — слоўнікі-анамастыконы, слоўнікі-сімволікі, т.зв. прыточнікі, слав.-бел. ці старабел. лексіконы (напр., «Лексіс» Л.Зізанія, 1596; «Лексіконъ славенороскій и именъ тлъкованіе» П.Бярынды, 1627, і інш.). У залежнасці ад прынцыпу адбору лексікі аспектныя гістарычныя слоўнікі падзяляюцца на слоўнікі мовы аднаго помніка (напр., слоўнікавы дадатак да «Рускай праўды», 1930, складзены Я.Ф.Карскім); слоўнікі мовы пісьмовых помнікаў пэўнага жанру (напр., «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» М.І.Гарбачэўскага, 1874); акцэнталагічныя гістарычныя слоўнікі («Акцэнталагічны слоўнік старажытнарускай мовы XIV стагоддзя» В.Я.Ушакова, 1982); гістарычныя слоўнікі запазычанняў (напр., «Даўнія запазычанні беларускай мовы» А.М.Булыкі, 1972) і інш. У некаторых выпадках да аспектных гістарычных слоўнікаў адносяць слоўнікі мовы пісьменніка (напр., «Слоўнік мовы Скарыны» У.В.Анічэнкі, т. 1—3, 1977—94) і тэрміналагічныя слоўнікі (напр., «Даведачны слоўнік юрыдычных тэрмінаў старажытнай актавай мовы Паўднёва-Заходняй Расіі» І.П.Навіцкага, 1871—72).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫДА́КТЫКА (ад грэч. didaktikos павучальны, які датычыць вучобы),
галіна педагогікі, якая распрацоўвае тэорыю адукацыі і выхавання ў працэсе навучання. Адным з першых тэрмін «Д.» ўжыў Я.А.Каменскі ў працы «Вялікая дыдактыка» (1657). Прадмет даследавання Д. — мэты, змест, заканамернасці, формы і прынцыпы навучання. Вырашэнне гэтых агульнатэарэтычных пытанняў дае падставу для распрацоўкі канкрэтных навуч. праграм, арганізац. формаў і сродкаў навучання. Д. арганічна звязана з філасофіяй, фізіялогіяй, сацыялогіяй і інш. Тэорыя і практыка выкладання асобных дысцыплін вывучаецца прыватнымі Д. (Д. матэматыкі, Д. фізікі, Д. бел. мовы і інш.). Усе яны абапіраюцца на здабыткі асобных навук і грунтуюцца на іх дасягненнях. Мэта адукацыі накіравана на ўсебаковае развіццё асобы, забеспячэнне свядомага і трывалага засваення ведаў асноў навук, авалодання ўменнем карыстацца гэтымі ведамі на практыцы, творча выкарыстоўваць іх для вырашэння новых праблем. Яна разглядаецца ў адзінстве з мэтамі выхавання, накіраванага на фарміраванне асобы вучня, далучэнне школьнікаў да самаадукацыі і самавыхавання. Мэты адукацыі вызначаюць яе змест. У сучаснай школе ён уключае сістэму ведаў аб прыродзе, грамадстве, тэхніцы, чалавеку; сістэму спосабаў дзейнасці, што ў выніку засваення становяцца ўменнямі і навыкамі; вопыт творчай дзейнасці, які забяспечвае развіццё творчых здольнасцей вучняў; сістэму нормаў адносін да сусвету і паміж сабой, што ў сукупнасці забяспечвае накіраванасць асобы, яе маральную, эстэт., эмацыянальную культуру, каштоўнасці і ідэалы. Дасягненне мэт магчыма пры выкананні пэўных дыдактычных прынцыпаў. Асн. прынцыпы Д.: прынцып навуковасці прадугледжвае, што змест адукацыі павінен уяўляць сабой сістэму ведаў і ісцін, выяўленых навукай; прынцып даступнасці прадугледжвае такі ўзровень цяжкасці вучэбнага матэрыялу, які адпавядаў бы магчымасцям вучня; прынцып нагляднасці прадугледжвае, абапіраючыся на дапаможныя сродкі, дамагчыся яснага разумення і засваення вучнямі вучэбнага матэрыялу; прынцып сістэматычнасці патрабуе паслядоўнасці ў вывучэнні і пераемнасці, што забяспечвае трываласць ведаў; прынцып свядомасці і актыўнасцізасн. на ўсведамленні вучнем, што набыццё ведаў цалкам залежыць ад яго асабістай пазнавальнай актыўнасці, бачання мэты і перспектыў навучання; прынцып спалучэння тэорыі з практыкай азначае, што веды павінны мець рэальную жыццёвую аснову, стварацца на падставе вопыту і замацоўвацца ў ім; прынцып аптымізацыі патрабуе найлепшага выкарыстання ўсіх звёнаў вучэбнага працэсу з абавязковым улікам індывід. асаблівасцей кожнага вучня. У Беларусі даследаванні ў галіне Д. праводзяцца ў Нац. ін-це адукацыі і ВНУ.
Літ.:
Оконь В. Введение в общую дидактику: Пер. с пол. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕГРАФІ́Я (ад тэле... + ...графія),
галіна навукі і тэхнікі, якая ахоплівае вывучэнне прынцыпаў пабудовы тэлеграфнай сувязі, распрацоўку спосабаў і апаратуры перадачы і прыёму тэлегр. сігналаў, а таксама ацэнку якасці перадачы інфармацыі па тэлегр.каналах сувязі. З дапамогай Т. перадаюцца на вял. адлегласці літарна-лічбавыя тэксты (літарадрукавальная Т.) ці нерухомыя адлюстраванні (фотатэлеграфія, або факсімільная сувязь), а таксама вядуцца дакументальныя перагаворы.
Уключае раздзелы: коды тэлеграфныя; канцавая тэлегр. апаратура (тэлеграфныя апараты, у т. л.літарадрукавальныя апараты і факсімільныя апараты, трансмітэры, рэперфаратары і інш.); тэлегр. каналы і сеткі (з тэлеграфнымі станцыямі і інш.). У літарадрукавальнай Т. з дапамогай тэлегр. апарата алфавіт паведамлення пераўтвараецца ў паслядоўнасць сігналаў — імпульсаў пастаяннага або пераменнага току пэўнай велічыні і працягласці, якія перадаюцца па правадных, кабельных, аптычных і інш.лініях сувязі. На прыёмным баку паслядоўнасць імпульсаў уздзейнічае на прыёмны тэлегр. апарат, які друкуе тэкст. Пры тэлеграфаванні пераменным токам выкарыстоўваюцца розныя віды мадуляцыі ваганняў, для пераўтварэння знакаў перадавальных паведамленняў у кодавыя словы — міжнародны код № 2 (МТК-2), які ў краінах СНД дапоўнены рус. алфавітам. Скорасць тэлеграфавання вызначаецца ў бодах. Для лепшага выкарыстання ліній сувязі выкарыстоўваецца дуплекснае (сустрэчнае) тэлеграфаванне, якое дае магчымасць адначасова весці перадачу і прыём на адным канале сувязі (гл.Дуплексная сувязь). У фарміраванні адзінай інфармацыйнай прасторы роля Т. зменшылася ў сувязі з шырокім укараненнем тэлематыкі (відэатэкс, тэлефаксі г.д.) і глабальнай сеткі перадачы даных — Інтэрнета.
Развіццю Т. садзейнічалі працы і вынаходствы П.Л.Шылінга, С.Ф.Б.Морзе, Б.С.Якобі, Э.В.Сіменса, Ж.М.Э.Бадо, Р.Р.Ігнацьева, А.Ф.Шорына, Л.І.Трэмля і інш.
Тэлеграфія: а — прылады тэлеграфа П.Л.Шылінга (1 — прыёмнік аднастрэлачны; 2 — прыёмнік шасцізначнага кода; 3 — перадатчык шасцізначнага кода; 4 — прыёмнік выкліку); б — друкавальны прыёмны апарат Морзе (1 — друкавальны дыск; 2 — рычаг, які прыцягваўся шпуляй 3 і прыціскаў дыск да папяровай стужкі); в, г — знешні выгляд і схема літарадрукавальнага апарата Б.С.Якобі (1 — электрамагніты; 2 — стужкі; 3 — сінхронныя колы з выгравіраванымі літарамі і лічбамі; 4 — лінія; К — кантакт, замыканнем якога перадаецца патрэбны знак паміж станцыямі I і II).
Літ.:
Усольцев А.Г. Телеграфия сегодня и завтра. М., 1971;
Павлова Г.Ф., Павлов К.М. Основы телеграфии и телеграфные аппараты. М., 1975;
Марценицен С.И., Новиков В.В. 150 лет отечественному телеграфу. М., 1982;
Сети связи: Каналообразующая и коммутационная телеграф. аппаратура: Справ. М., 1986;
Стеклов В.К. Телеграфия и системы передачи данных. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПА́КТ-ДЫСК (CD),
аптычны дыск невял. дыяметра (звычайна 120 мм) з інфармацыяй, закадзіраванай у лічбавай форме і нанесенай на адзін ці абодва яго бакі адным ці двума слаямі ў выглядзе спіральнай дарожкі, запрасаванай паміж 2 слаямі аптычнага пластыку. Сувязь паміж К.-д. і сістэмай яго выкарыстання адбываецца праз лазерны прамень. Пачаткова К.-д. распрацаваны транснац. фірмамі «Філіпс» і «Соні» як носьбіт муз. аўдыёінфармацыі. У 1983 зацверджаны як міжнар. стандарт.
Існуюць 1-баковыя 1-слаёвыя быт. аўдыё- і відэа К.-д. (працягласць запісу да 74 мін). З 1997 выпускаюцца відэа К.-д. (DVD) новага пакалення з запісам у фармаце MPEG 2; аднабаковы 1-слаёвы DVD змяшчае да 4,7 Гбайт інфармацыі, што дазваляе размясціць на ім 134 мін відэазапісу высокай якасці, 8 моўных варыянтаў 4-канальнага гуку і 32 моўныя варыянты субцітраў (2-баковы 2-слаёвы DVD змяшчае да 512 мін аналагічнага запісу). З 1984 вядомы камп’ютэрныя К.-д. Найб. пашыраны з іх т. зв. сідыромы (CD-ROM) з запісанай у працэсе вытворчасці аўдыё-, відэа-, фота-, тэкставай і інш. інфармацыяй, а таксама камп’ютэрнымі праграмамі (з 1995 выпускаюцца падобныя К.-д. з магчымасцю перазапісу) Альтэрнатыва К.-д. — міні-дыск дыяметрам 80 мм (MD, з 1992), якідае магчымасць аўдыёзапісу, яго рэдагавання, сцірання, перазапісу, нанясення дадатковай інфармацыі (выкарыстоўваецца ў стацыянарнай і рухомай апаратуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ СУД ААН,
галоўны судовы орган ААН, адзін з 6 асн. органаў гэтай арг-цыі. Засн. ў 1945. Статут суда, які падпісаны 26.6.1945 і набыў сілу 24.10.1945, з’яўляецца неад’емнай часткай Статута ААН. Дзяржавы — чл.ААН аўтаматычна становяцца ўдзельнікамі Статута М.с. ААН. Вырашае спрэчкі, перададзеныя яму дзяржавамі ў адпаведнасці з нормамі міжнар. права; дае кансультатыўныя заключэнні па прававых пытаннях пры запыце спецыяльна на гэта ўпаўнаважаных міжнар. органаў: Ген. Асамблеі ААН, Савета Бяспекі ААН або з дазволу Ген. Асамблеі ААНінш. органаў і ўстаноў ААН. Суд складаецца з 15 суддзяў, якія выбіраюцца на 9 гадоў Ген. Асамблеяй і Саветам Бяспекі АА́Н. Склад суда абнаўляецца на трэць кожныя 3 гады. Кандыдаты ў суддзі вылучаюцца нац. групамі Пастаяннай палаты Трацейскага суда. Сярод членаў М.с. не павінна быць 2 грамадзян з адной дзяржавы. Суддзі дзейнічаюць незалежна ад сваіх урадаў. Правілы разгляду спраў замацаваны ў Рэгламенце суда 1978. Бакамі ў суд. працэсах могуць быць толькі дзяржавы, што далі згоду на разгляд пэўнай справы. Бакі маюць права зрабіць заяву аб прызнанні імі юрысдыкцыі М.с. абавязковай па пэўных катэгорыях спраў або абумовіць выключэнне з кампетэнцыі суда некаторых прававых пытанняў. Працэдура суд. працэсу складаецца з 2 частак: пісьмовай, у якой удзельнікі прадстаўляюць дакументы і матэрыялы, і вуснай, дзе ў публічным пасяджэнні заслухоўваюцца прадстаўнікі дзяржаў, адвакаты, сведкі. Рашэнне суда, вынесенае большасцю галасоў суддзяў у закрытым пасяджэнні, з’яўляецца абавязковым для бакоў. Месцазнаходжанне суда — Гаага (Нідэрланды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЗМАХІ́МІЯ,
раздзел фізічнай хіміі, які вывучае хім. рэакцыі ў эл. разрадах і нізкатэмпературнай плазме. З’яўляецца навук. асновай плазмахім. тэхналогіі, апаратурную базу якой ствараюць плазматрон, камера змешвання рэагентаў, рэакцыйны аб’ём (часта сумешчаныя), сістэма выдзялення мэтавага прадукту і інш.
Асн. асаблівасць плазмахім. працэсаў — магчымасць хім. рэакцый, якія не адбываюцца ў звычайных умовах. Гэта тлумачыцца тым, што ў плазме ўтвараецца значна большая колькасць рэакцыйназдольных часціц (узбуджаных малекул, атамных і малекулярных іонаў, свабодных радыкалаў), чым пры звычайных умовах правядзення хім. рэакцый, прычым утварэнне некаторых з іх магчыма толькі ў плазме. Істотную ролю адыгрываюць свабодныя электроны, рэакцыі з удзелам якіх у большасці выпадкаў з’яўляюцца вызначальнымі. Плазмахім. тэхналогія дае магчымасць сінтэзаваць прадукты з асаблівымі ўласцівасцямі (напр., ультрадысперсныя парашкі, неарган. і арган. плёнкі), скарачае колькасць тэхнал. стадый, пашырае сыравінную базу і змяншае шкодныя выкіды ў навакольнае асяроддзе, спрашчае кіраванне працэсамі і інш. Метадамі П. можна атрымліваць вокіслы азоту з паветра, ацэтылен з вуглевадародаў, сінтэз-газ для вытв-сці вінілхларыду, каталізатары для азотнай і нафтаперапрацоўчай прам-сці, ферытавыя парашкі, вокіслы тытану і цырконію, фосфарныя злучэнні, а таксама паляпшаць і змяняць паверхневыя ўласцівасці матэрыялаў і інш.
На Беларусі тэарэт. і эксперым. даследаванні ў галіне П. вядуцца з 1967 у Ін-тах цепла- і масаабмену, фізікі Нац.АН, БДУ. Гл. таксама Плазменная тэхналогія, Фізіка плазмы.
Літ.:
Низкотемпературная плазма. Т. 3. Химия плазмы. Новосибирск, 1991;
Низкотемпературная плазма. Т. 4. Плазмохимическая технология. Новосибирск, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕКТРА́ЛЬНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ ЗО́РАК,
падзел зорак на класы паводле асаблівасцей іх спектраў.
Аснова сучаснай С.к.з. — Гарвардская класіфікацыя і яе вынік — каталог Г.Дрэпера, які змяшчае спектральныя характарыстыкі 225 320 зорак Паўн. і Паўд. паўшар’яў неба (амаль усе зоркі да 9 зорнай велічыні). Спектры большасці зорак размяшчаюцца ў выглядзе паслядоўнасці, уздоўж якой інтэнсіўнасць ліній адных хім. элементаў паступова слабее, а іншых — узмацняецца. Падобныя паміж сабой спектры аб’ядноўваюць у спектральныя класы. Абазначаюць іх лац. літарамі ў паслядоўнасці , якая адпавядае змене колеру (зоркі класаў O̺, B — блакітныя, A, F — белыя, G — жоўтыя, у т. л. Сонца, K — аранжавыя, M — чырвоныя), паказчыка колеру і ўбыванню эфектыўнай т-ры (ад 30 тыс. да 3 тыс.К); адгалінаванні адлюстроўваюць адрозненні хім. саставу. Кожны клас (акрамя O̺) падзяляецца паводле тонкіх адрозненняў паміж спектрамі ўнутры класа на 10 падкласаў, якія абазначаюцца лічбамі ад 0 да 9, што ставяцца пасля літары. Клас O̺ падзяляецца на падкласы ад O̺4 да O̺9,5. Іншыя асаблівасці, нетыповыя для дадзенага класа, абазначаюцца малымі лац. літарамі; напр., па інтэнсіўнасці некаторых ліній паглынання вызначаюць свяцільнасць зоркі (гігант або карлік). у гігантаў перад спектральным класам ставіцца індэкс g, у карлікаў — d. С.к. з. дае магчымасць вызначаць класы зорак параўнаннем іх спектраў са спектрамі зорак. для якіх спец. даследаваннямі надзейна ўстаноўлены т-ра фотасфер і абс. візуальныя велічыні. Гл. таксама Герцшпрунга—Рэсела дыяграма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЭНЕ́ЛЯ ДЫФРА́КЦЫЯ,
дыфракцыя сферычнай светлавой хвалі на неаднароднасцях асяроддзя, напр., на адтуліне ў непразрыстым экране, на непразрыстым дыску. Названа імем А.Ж.Фрэнеля, які вывучаў гэты від дыфракцыі святла.
Для спрашчэння разлікаў дыфракцыйнай карціны светлавы сферычны фронт разбіваюць на кальцавыя зоны (зоны Фрэнеля) так, каб адлегласці ад краёў кожнай зоны да пункта назірання адрозніваліся на палавіну даўжыні хвалі святла. Амплітуда светлавой хвалі ад кожнай зоны павольна змяншаецца з павелічэннем нумара зоны, а фазы ваганняў, выкліканых суседнімі зонамі ў пункце назірання. процілеглыя. Паводле Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу хвалі, што прыйшлі ад суседніх зон у пункт назірання, узаемна аслабляюць адна адну. Калі закрыць цотныя (ці няцотныя) зоны Фрэнеля, то атрыманая сістэма (зонная пласцінка) працуе як збіральная лінза (значна павялічвае асветленасць у пункце назірання і можа даваць відарыс). Калі падобную сістэму сабраць з празрыстых кольцаў спец. формы. то атрымаецца лінза Фрэнеля, якая дае паралельны пучок святла. Выкарыстоўваецца на маяках, у сігнальных ліхтарах і інш.
Літ.:
Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Основные представления оптической науки на пороге XX в. Мн., 1989. С. 109—142.
Да арт.Фрэнеля дыфракцыя. Падзел фронту сферычнай хвалі на зоны Фрэнеля; Q — кропкавая крыніца святла: S — фронт хвалі; O — вяршыня фронту; P — пункт назірання; чырвоным вылучаны цотныя зоны Фрэнеля. Адлегласці ад аднайменных краёў суседніх зон да пункта назірання адрозніваюцца на палавіну даўжыні хвалі.Да арт.Фрэнеля дыфракцыя: папярочнае сячэнне сферычнай лінзы Фрэнеля. SO — галоўная аптычная вось лінзы.