ФОТАНАБО́Р,
працэс вырабу фотаформ (дыяпазітываў або негатываў) палос друкаваных выданняў на фотанаборных машынах. Па атрыманай фотаформе спосабам капіравання вырабляюць друкарскія формы высокага, афсетнага, глыбокага, флексаграфскага друку. У Ф. выкарыстоўваюцца рэчыўныя шрыфтаносьбіты (празрыстыя знакі на непразрыстым фоне на плёнцы або шкле) і нярэчыўныя (уводзяцца ў лічбавай форме ў запамінальнае прыстасаванне фотанаборнай машыны або сістэмы аўтаматызаванай апрацоўкі тэкставай інфармацыі).
Працэс Ф. ўключае: кадзіраванне выдавецкага арыгінала на тэхн. носьбіце інфармацыі ў выглядзе радкоў, гранак або звярстаных палос тэксту; набор на фотанаборным экспануючым аўтамаце, які дае скрыты відарыс тэксту на рулонным святлоадчувальным матэрыяле; хіміка-фатагр. апрацоўку экспанаванага фотаматэрыялу (атрыманне дыяпазітыва тэксту). Пры Ф. выкарыстоўваюць наборна-кадзіруючыя апараты, наборна-друкавальныя машыны (для атрымання карэктурнага адбітка), апараты для вёрсткі палос, ЭВМ, экспануючыя аўтаматы, праявачна-сушыльныя прыстасаванні (для апрацоўкі экспанаванага фотаматэрыялу) і інш. Ф. забяспечвае шырокія тэхнал. магчымасці (па гарнітурах, абрысах і кеглях шрыфту, фармату набору і інш.), высокую прадукцыйнасць і якасць узнаўлення шрыфту, магчымасці ўзнаўлення тэксту любой складанасці ва ўсіх відах і спосабах друку, вёрсткі палос і карэктуры тэксту ў данаборнай стадыі, перадачы інфармацыі па каналах сувязі. Ф. замяняе радковаадліўны і літараадліўны наборныя працэсы.
Літ.:
Воскресенский М.И., Колосов А.И. Наборные процессы и переработка текстовой информации М., 1989;
Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. 2 изд. М., 1991.
У.М.Сацута.
т. 16, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)