ЖУКО́ЎСКІ Мікалай Ягоравіч (17.1.1847, г. Арэхава-Зуева Уладзімірскай вобл., Расія — 17.3.1921),
рускі вучоны, заснавальнік сучаснай гідра- і аэрамеханікі. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1894). Скончыў Маск. ун-т (1868). Праф. Маск. ун-та (з 1886) і Маск. вышэйшага тэхн. вучылішча (з 1887). Арганізатар і першы кіраўнік (з 1918) Цэнтр. аэрагідрадынамічнага ін-та (ЦАГІ). Навук. працы па тэорыі авіяцыі, механіцы цвёрдага цела, гідрадынаміцы, гідраўліцы, астраноміі, матэматыцы і інш. Стварыў тэорыю гідраўлічнага ўдару (1898), адкрыў закон, яківызначае пад’ёмную сілу крыла самалёта (гл.Жукоўскага тэарэма), тэарэтычна прадказаў шэраг магчымых траекторый лёту (напр., «мёртвую пятлю», якую выканаў рус. лётчык П.М.Несцераў, 1913). У 1912—18 распрацаваў віхравую тэорыю паветр. вінта; вызначыў найб. прыдатныя профілі крылаў і лопасцей вінта самалёта. Прапанаваў тэорыю ўтварэння каметных хвастоў, метад вызначэння элементаў планетных арбіт, выканаў шэраг грунтоўных даследаванняў па тэорыі механізмаў, тэорыі ўстойлівасці руху і інш. Стварыў некалькі навук. школ у галіне дастасавальнай механікі.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—7. М.; Л., 1948—50.
Літ.:
Космодемьянский А.А. Н.Е.Жуковский. М., 1969;
Н.Е.Жуковский — библиография печатных трудов. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙСМАЛО́ГІЯ (ад грэч. seismos ваганне, землетрасенне + ...логія),
раздзел геафізікі, які вывучае землетрасенні, будову глыбінных нетраў Зямлі. Падзяляецца на ўласна С., сейсмаметрыю і прыкладную С. Уласна С. аналізуе геагр. пашырэнне ачагоў землетрасення і сейсмаактыўных зон, выяўляе іх сувязі з унутрызямнымі працэсамі, вывучае ўнутр. будову Зямлі і вызначае межы падзелу яе «цвёрдых» абалонак (гл.Зямная кара, Мантыя і інш.), займаецца сейсмічным раянаваннем. Сейсмаметрыя распрацоўвае метады вывучэння пругкіх ваганняў слаёў Зямлі, выкліканых прыроднымі ці штучнымі сейсмічнымі з’явамі. Прыкладная С. займаецца пытаннямі сейсматрывалага буд-ва, прагназуе землетрасенні. Як навука сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. з развіццём яе тэарэт., метадычнай і інструментальнай частак. Вял. ўклад у С. зрабілі вучоныя: рус. Б.Б.Галіцын, ням. Э.Віхерт і Б.Гутэнберг, англ. Дж.Мілн і інш. На Беларусі сейсмалаг. даследаванні пачаліся з 1965 на сейсмічнай станцыі «Мінск» у Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі. У 1979 у Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі створана Доследна-метадычная партыя, якая выконвае комплекс сейсмалагічных даследаванняў. Сейсмаметрычныя назіранні вядуцца на стацыянарных («Мінск», «Гомель», «Нарач», «Салігорск») і перасоўных сейсмічных станцыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНО́НІМАЎ СЛО́ЎНІК,
тып лінгвістычнага слоўніка, што змяшчае рады сінонімаў з тлумачэннямі і ілюстрацыйным матэрыялам, які пацвярджае правільнасць ужывання сінонімаў з іх тонкімі сэнсавымі і стылістычнымі адценнямі.
Задача С.с. — вылучэнне і апісанне часткі лексікі, звязанай паміж сабой сінанімічнымі адносінамі. Кожны сінанімічны рад у С.с. складае асобны артыкул. Размяшчаюцца артыкулы па алфавіце загалоўных (апорных) слоў, якімі пачынаюцца сінанімічныя рады Першыя С.с. ва ўсх.-слав. народаў з’явіліся ў канцы 18 — пач. 19 ст.Найб. раннія з іх — «Спроба расійскага саслоўніка» Дз.І.Фанвізіна (1783; 32 сінанімічныя рады) і «Спроба слоўніка рускіх сінонімаў» П.Ф.Калайдовіча (1818; 77 сінанімічных радоў).
У бел. філалогіі ўпершыню створаны «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.К.Клышкам (1976, 2-е выд. 1993). Ахоплівае каля 1900 сінанімічных радоў (больш за 11 тыс. слоў сучаснай бел. мовы). Асаблівасць яго: не вызначае сэнсавых адценняў, уласцівых словам сінанімічных радоў, а абмяжоўваецца прывядзеннем да кожнага з іх прыкладаў з маст. л-ры, фальклору, перыяд. друку. У канцы слоўніка прыводзіцца індэкс (алфавітны паказальнік слоў, што ўваходзяць у сінанімічныя рады).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕАЛО́ГІЯ [ад грэч. telos (teleos) вынік, заканчэнне + ...логія],
вучэнне пра мэтазгоднасць як характарыстыку аб’ектаў, працэсаў і быцця ўвогуле. Асновы тэлеалагічнага падыходу закладзены ў стараж.-грэч. філасофіі, тэрмін «Т.» ўведзены ў навуку ў 1740 ням. філосафам К.Вольфам. У адрозненне ад дэтэрмінізму Т. пастуліруе асаблівы тып прычыннасці — мэтавы, згодна з якім мэта і канчатковы вынік уздзейнічаюць на ход кожнага працэсу. Адрозніваюць Т.: антрапацэнтрычную, згодна з якой свет створаны дзеля мэт чалавека (Вольф і інш.); трансцэндэнтную, якая прызнае існаванне звышнатуральнага пачатку, што вызначае канчатковую мэту сусветнага працэсу (Платон, неатамізм і інш.); іманентную, якая зыходзіць з таго, што мэта закладзена ў саміх рэчах (Арыстоцель, Г.В.Лейбніц, Ф.В.І.Шэлінг, Г.В.Ф.Гегель і інш._). Як гнасеалагічны падыход Т. разглядаў І.Кант, які лічыў Т. «эўрыстычным прынцыпам», што мае значэнне для спосабу пазнання навакольнага асяроддзя, але не з’яўляецца анталагічнай характарыстыкай быцця. Анталагічная Т. развівалася ў філасофіі А.Шапенгаўэра, Э Гартмана, П.Тэяра дэ Шардэна і інш. Т. набыла пэўнае пашырэнне ў фізіялогіі (віталізм, халізм), псіхалогіі («фізіялогія актыўнасці», біхевіярызм), сацыялогіі (структурна функцыянальны аналіз), кібернетыцы (неафіналізм, інфарм., віталізм) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́ЗІКА ВЫСО́КІХ ЭНЕ́РГІЙ,
раздзел фізікі, які вывучае ўзаемадзеянні элементарных часціц высокіх (рэлятывісцкіх і ультрарэлятывісцкіх) энергій; састаўная частка фізікі элементарных часціц.
Асн. эксперым. сродкі — паскаральнікі зароджаных часціц, а таксама мішэні і дэтэктары для касм. прамянёў, з дапамогай якіх адкрыта ці пацверджана існаванне большасці элементарных часціц (напр., пазітрона, мезона, гіперона, рэзанансу, нейтрына, цяжкіх лептонаў, кварка, калібровачных вектарных базонаў), устаноўлены (ці правераны) фіз. ўласцівасці і характарыстыкі, законы ўзаемадзеянняў, спецыфічныя захавання законы і іх парушэнні. Эксперым. Ф.в.э. вызначае кірункі і ход развіцця тэорыі ўзаемадзеянняў элементарных часціц, якая ў сваю чаргу забяспечвае адэкватнае апісанне эксперым. назіраных працэсаў і фіз. інтэрпрэтацыю атрыманых вынікаў. Ф.в.э. адкрыла новыя магчымасці ў астранамічных і астрафіз. даследаваннях (напр., нейтрынныя і гама-прамянёвыя «тэлескопы»), мае дастасаванні ў тэхніцы, хіміі, біялогіі.
На Беларусі даследаванні па праблемах Ф.в.э. праводзяцца з 1974 у Ін-це фізікі Нац.АН, з 1976 Гомельскім ун-це, з 1987 НДІядз. праблем, з 1993 у Нац. цэнтры фізікі часціц і высокіх энергій БДУ на паскаральніках гарадоў Дубна і Серпухаў (Расія), Жэнева (Швейцарыя) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТЫСТЫ́ЧНАЯ ФІ́ЗІКА,
раздзел тэарэтычнай фізікі, які вывучае ўласцівасці сістэм з вялікай колькасцю часціц (малекул, атамаў, іонаў, электронаў, фатонаў і інш.). Вызначае ўплыў мікраструктуры рэчыва на ўсе яго фіз. ўласцівасці (дыэлектрычныя, вязкія, пругкія, акустычныя і інш.). У С.ф. ўваходзіць статыстычная тэрмадынаміка, якая вывучае ўласцівасці рэчыва ў стане статыстычнай раўнавагі (нераўнаважныя ўласцівасці і працэсы даследуе кінетыка фізічная), вызначае залежнасць паміж ціскам, аб’ёмам і т-рай у сістэме (ураўненне стану рэчыва) у адпаведнасці з характарам сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння. Метады С.ф. выкарыстоўваюцца ў тэорыі атама, атамнага ядра, радыёфізіцы, астрафізіцы і інш.
Падзяляецца на класічную і квантавую. Асновы класічнай С.ф. закладзены ў 2-й пал. 19 ст. працамі Р.Клаўзіуса, Дж.К.Максвела, Л.Больцмана, Дж.Гібса. Квантавая С.ф., заснаваная на законах квантавай механікі, распрацавана ў 1-й пал. 20 ст.Матэм. аснова С.ф. — імавернасцей тэорыя. Паводзіны часціц вызначаюцца законам размеркавання — функцыяй, якая ўстанаўлівае імавернасць знаходжання любой групы часціц у пэўным інтэрвале скарасцей у зададзенай частцы аб’ёму. С.ф. паказвае сувязь закону размеркавання з тэрмадынамічнымі функцыямі, якія апісваюць сістэму як суцэльнае асяроддзе. Закон размеркавання ў энергетычным выяўленні дае імавернасць дадзенай частцы часціц мець поўную энергію ў пэўным інтэрвале значэнняў. Паводле закону размеркавання выражаюцца частковыя функцыі размеркавання (карэлятыўныя функцыі), якія вызначаюць паводзіны асобных груп малекул. Карэлятыўныя функцыі задавальняюць сістэму інтэградыферэнцыяльных ураўненняў. Асобнае значэнне маюць унарная і бінарная функцыі, праз якія вызначаюцца асн. характарыстыкі сістэмы і структура рэчыва. У нераўнаважным стане закон размеркавання становіцца складанай функцыяй часу. Аналаг карэлятыўных функцый у нераўнаважным стане — кінетычныя функцыі. У канцы 20 ст. дасягнуты значныя вынікі ў С.ф. неабарачальных працэсаў (адкрытых сістэм), у разуменні ўзнікнення ўпарадкаванасці ў першапачатковым хаатычным стане рэчыва.
На Беларусі пытанні С.ф. распрацоўваюцца ў ін-тах фіз. профілю Нац.АН, Бел.тэхнал. ун-це, БДУ і інш.
Літ.:
Боголюбов Н.Н. Проблемы динамической теории в статистической физике. М.; Л., 1946;
Ротт Л.А. Статистическая теория молекулярных систем. М., 1979;
Климонтович Ю.Л. Статистическая теория открытых систем. Ч. 1—3. М., 1995—2001;
Немцов В.Б. Неравновесная статистическая механика с ориентационным порядком. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАМЕ́ТРЫЯ (ад астра... + ...метрыя),
раздзел астраноміі, які вывучае ўзаемнае размяшчэнне нябесных целаў у прасторы і змену яго з цягам часу, а таксама памеры і форму планет і іх спадарожнікаў. Уключае фундаментальную астраметрыю (вызначаенайб. дакладную сістэму сферычных каардынат), сферычную астраномію (распрацоўвае матэм. метады рашэння задач, звязаных з бачным размяшчэннем і рухам свяціл на нябеснай сферы), практычную астраномію (распрацоўвае астранамічныя інструменты і прылады). Да астраметрыі належыць таксама вызначэнне момантаў сонечных і месяцавых зацьменняў, вырашэнне праблем календара. На падставе астраметрычных назіранняў вызначаны шкала дакладнага часу, даныя пра становішча восі вярчэння Зямлі ў прасторы і ў целе Зямлі, сістэма астранамічных пастаянных, каталогі зорак, пунктаў зямной паверхні з астр. каардынатамі і пунктаў з планетаграфічнымі каардынатамі на паверхні Месяца, Марса, Меркурыя і інш. планет. Еўрапейскае касмічнае агенцтва ў 1989 запусціла астраметрычны спадарожнік «Гіпаркос», які вызначыў каардынаты, уласныя рухі і трыганаметрычныя паралаксы 118 тыс. зорак з дакладнасцю да 2-тысячных доляў вуглавой секунды і амаль для мільёна зорак з меншай дакладнасцю. Выкарыстанне ў астраметрыі сродкаў радыё-, электроннай і выліч. тэхнікі дазваляе выконваць арыентацыю касм. апаратаў у час працяглых міжпланетных палётаў, назіраць ШСЗ і інш. Метадамі астраметрыі карыстаюцца ў геадэзіі, картаграфіі і навігацыі.
Літ.:
Подобед В.В., Нестеров В.В. Обшая астрометрия. 2 изд. М., 1982;
Бакулин П.Н. Фундаментальные каталоги звезд. 2 изд. М., 1980;
Бакулин П.И., Блинов Н.С. Служба точного времени. 2 изд. М., 1977;
Положенцев Д.Д. Радио- и космическая астрометрия. Л., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТУ́Т ААН,
шматбаковае міжнар. пагадненне, распрацаванае вядучымі дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі (СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй і Кітаем) у гады 2-й сусв. вайны і канчаткова ўзгодненае на канферэнцыі ў Сан-Францыска ў 1945. Падпісаны 51 дзяржавай (у т. л.БССР) і набыў сілу 24.10.1945. З’яўляецца канстытуцыйным дакументам, які ўстанавіў і рэгулюе жыццядзейнасць найбуйнейшай універсальнай міжнар. арг-цыі — Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, асн. мэта якой, як сцвярджаецца ў прэамбуле Статута, заключаецца ў тым, каб «пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны, двойчы ў нашым жыцці прынёсшай чалавецтву невыказнае гора». Прадугледжвае, што ААН павінна быць цэнтрам для ўзгаднення дзеянняў дзяржаў у дасягненні мэт падтрымання міжнар. міру і бяспекі, развіцця дружалюбных адносін і ажыццяўлення ўсебаковага супрацоўніцтва дзяржаў з розным сац. ладам. Статут заклаў падмурак універсальнай сістэмы калектыўнай бяспекі, цэнтр. структурным звяном якой з’яўляецца Савет Бяспекі ААН, які нясе гал. адказнасць за падтрыманне міжнар. міру і бяспекі. Статут вызначае функцыі і паўнамоцтвы інш.гал. органаў ААН — Генеральнай Асамблеі ААН, Эканамічнага і сацыяльнага Савета ААН, Савета па апецы ААН, Міжнароднага суда ААН, Сакратарыята ААН, а таксама спецыялізаваных устаноў ААН. Ён устанаўляе ў абавязваючай форме асн. прынцыпы і нормы паводзін дзяржаў на сусв. арэне і падкрэслівае, што дзяржавы павінны строга выконваць прынцыпы забароны выкарыстання сілы і пагрозы сілай, мірнага вырашэння міжнар. спрэчак, неўмяшання ва ўнутр. справы, суверэннай роўнасці дзяржаў, добрасумленнага выканання міжнар. абавязацельстваў і інш. На падставе С. ААН узнікла, працягвае дзейнічаць і развівацца шырокая і разгалінаваная сістэма пасляваенных міжнар. дагавораў і пагадненняў у самых розных галінах чалавечай дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ ФА́КТАРЫ,
сукупныя працэсы, ад якіх залежыць утварэнне глебы. Паводле В.В.Дакучаева, глебу фарміруюць клімат, мацярынская парода, жывыя арганізмы (расліны, мікраарганізмы, глебавыя жывёлы), рэльеф мясцовасці, час. Вельмі ўплывае на глебаўтваральныя фактары і вытв. дзейнасць чалавека (мех. апрацоўка глебы, меліярацыя, унясенне арган. і мінер. угнаенняў, высечка лесу, узорванне і інш.). Усе глебаўтваральныя фактары ўзаемазвязаны.
Клімат уплывае на характар выветрывання горных парод, вызначае цеплавы і водны рэжым глебы. Мацярынская парода ў працэсе глебаўтварэння ператвараецца ў глебу. Ад яе грануламетрычнага складу і структуры залежаць уласцівасці глебы, паветраны рэжым і інш. Уздзеянне жывых арганізмаў выяўляецца ў назапашванні і разбурэнні арган. рэчыва, якое ствараецца зялёнымі раслінамі ў працэсе фотасінтэзу, унясенні ў глебу і на яе паверхню арган. і мінер. рэчываў у выглядзе каранёвага і наземнага ападу, які з дапамогай мікраарганізмаў і глебавых жывёл ператвараецца ў гумус. Расліны і жывёлы рыхляць глебу, паляпшаючы яе паветраныя і водныя ўласцівасці. Роля рэльефу заключаецца ў пераразмеркаванні на паверхні глебы рэчываў і энергіі, што істотна ўплывае на ўтварэнне пэўных глеб. Час развіцця сталага глебавага профілю залежыць ад геал. ўзросту тэрыторыі і ў розных умовах складае ад некалькіх дзесяткаў да тысяч гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНАЯ СПРА́ВА,
галіна навукі і тэхнікі, звязаная з дабычай з нетраў зямлі карысных выкапняў. Пошук радовішчаў, вызначэнне колькасці, якасці і ўмоў залягання выкапняў робіцца пры правядзенні геолагаразведачных работ (уключаюць геал. здымку, пошукавыя работы, папярэднюю, дэталёвую, эксплуатацыйную разведку і інш.). Цвёрдыя карысныя выкапні здабываюць адкрытай распрацоўкай радовішчаў і падземнай распрацоўкай радовішчаў на прадпрыемствах-рудніках (шахтах), аснашчаных горнымі камбайнамі, інш. машынамі і механізмамі.
Пры адкрытым спосабе здабычы будуюць прадпрыемствы-кар’еры (разрэзы) і выкарыстоўваюць розныя горныя вырабаткі (траншэі, рудаспускі, катлаваны, дрэнажныя шахты і інш.). Укараняюцца сродкі і метады геатэхналогіі. Вадкія і газападобныя карысныя выкапні (нафта, мінер. вада, прыродны газ і інш.) здабываюць з дапамогай буравых свідравін (гл.Нафтаздабыча), газіфікацыяй паліва, вышчалочваннем і інш. Удасканальваюцца спосабы падводнай здабычы (пераважна нафты). Завяршальны працэс горнай тэхналогіі — абагачэнне карысных выкапняў. Радовішчы распрацоўваюць паводле праекта, яківызначае тэхналогію горных работ і сістэму распрацоўкі пакладу. Вял. ўвага аддаецца выбухованебяспечнасці, горнавыратавальнай справе, горнаму нагляду. Фіз.-мех. ўласцівасці горных парод, з’явы, што адбываюцца пры здабычы карысных выкапняў, спосабы здабычы, арганізацыі вытв-сці і інш. вывучаюцца горнай навукай. Адносіны, звязаныя з выкарыстаннем і аховай нетраў рэгулююцца горным заканадаўствам. Гл. таксама Горнахімічная прамысловасць.