МАНАРЫ́М (франц. monorime ад мана... + rime рыфма),

верш, радкі якога яднаюцца адной рыфмай — манарыфмай. Пашыраны пераважна ва ўсх. паэзіі. Ва ўсх.-слав. паэзіі найб. вядомы як сатыр. і гумарыст. верш («Чаго баіцца немец?» П.​Панчанкі, «Лірычны жарт» С.​Ліхадзіеўскага), сустракаецца і як лірычны («Лясок» М.​Танка). М. — часам асобная частка буйнога твора, напр., даволі рэдкім відам М. (з рэдыфам) пачынаецца «Паэма мора» А.​Вярцінскага:

Што будзем рабіць з табой, мая змора?
Да мора!
Адкуль жураўліная гэта пакора?
Да мора!
Душа захацела марскога прастору...
Да мора!
Лета прайшло, а другое не скора
Да мора!
Сябры і сям’яне, не трэба дакору!
Да мора!
Як быццам там іншыя шчасце і гора...
Да мора!

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ТЫНГЛІ (Mattingly) Томас (н. 17.3.1936, г. Чыкага, штат Ілінойс, ЗША),

касманаўт ЗША. Бакалаўр навук па авіяц. тэхніцы. Скончыў вышэйшую школу ў г. Маямі (штат Фларыда), ун-т у г. Оберн (1958, штат Алабама), школу па падрыхтоўцы пілотаў для аэракасм. даследаванняў. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 16—27.4.1972 з Дж.Янгам і Ч.Дзюкам здзейсніў палёт да Месяца з выхадам у адкрыты космас як пілот асн. блока касм. карабля (КК) «Апалон-16» (у час пасадкі месяцавай кабіны знаходзіўся на калямесяцавай арбіце); 27.6—4.7.1982 з Г.​Хартсфілдам — палёт на КК «Калумбія» (як камандзір); 24—27.1.1985 — палёт на КК «Дыскаверы» (як камандзір). У космасе правёў 20,8 сут. Залаты медаль НАСА.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 10, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКОТ (Scott) Дэйвід (н. 6.6.1932, г. Сан-Антоніо, штат Тэхас, ЗША),

касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС (з 1977 у адстаўцы). Скончыў Ваен. акадэмію ЗША (1955), Масачусецкі тэхнал. ін-т (1962). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 16.3.1966 з Н.​Армстрангам здзейсніў (як 2-і пілот) палёт на касм. караблі (КК) «Джэміні-8», 3—13.3.1969 з Дж.​Макдывітам і Р.​Швейкартам — палёт на КК «Апалон-9» (як пілот асн. блока), 26.7—7.8.1971 з Дж.​Ірвінам і А.​Уордэнам — палёт на Месяц (як камандзір) на КК «Апалон-15». Правёў у космасе 22,8 сут, у т. л. на Месяцы 18,6 гадз. Залаты медаль НАСА «За выключныя заслугі», залаты медаль Міру (ААН).

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 14, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРА́ЗА (ад грэч. phrasis выраз) у мовазнаўстве, 1) асноўная найменшая адзінка маўлення, што выступае як актуалізаваная адзінка зносін і адпавядае розным тыпам сказаў-выказванняў. Характарызуецца пэўнай грамат. структурай і можа выступаць у мове ў якасці асобнага паведамлення. У такім разуменні Ф. пераважна выступае як сінтаксічна-фанет. цэлае, якое мае сінтакс. структуру, сэнсавую завершанасць і інтанацыйную аформленасць. У паэт. тэксце Ф. ўкладваецца ў вершаваны радок, але нярэдка можа разрывацца ў выніку несупадзення сінтакс. паўзы з рытмічнай.

2) Інтанацыйнае адзінства, якое выступае як закончаны паводле сэнсу адрэзак мовы паміж дзвюма паўзамі і аб’ядноўвае некалькі сінтагмаў, што звязана з сэнсавымі адценнямі, лагічным вылучэннем (націскам) або сінтакс. аманіміяй.

3) Тое, што сказ.

А.​С.​Аксамітаў.

т. 16, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАРБА́ТАЎ Аляксандр Рыгоравіч (1854—24.4.1915),

расійскі вучоны-эканаміст. Скончыў Маскоўскі ун-т. У 1892—1904 прэзідэнт Маскоўскага т-ва сельскай гаспадаркі. У сваіх працах разарэнне сял. гаспадарак Расіі тлумачыў іх агратэхн. адсталасцю; абшчыннае землеўладанне разглядаў як гал. апору рас. дзярж. ладу і самабытны інстытут, прыстасаваны да ўмоў і розных відаў нар. жыцця, як сродак выратавання краіны ад рэвалюцыі і сацыялізму («Упарадкаванне абшчыннага сялянскага землеўладання», 1902). Адзін з арганізатараў 1-га каап. з’езда Расіі, стварэння Маскоўскага нар. банка. Як праціўнік залатога монаметалізму выступаў супраць грашовай рэформы 1895—97, адстойваў папярова-грашовую сістэму з уласцівай ёй інфляцыяй («Пераўтварэнне дзяржаўнай грашовай гаспадаркі», 1906). Аўтар прац «Абноўленая Расія» (1908), «Дзяржаўна-народная гаспадарка Расіі ў найбліжэйшай будучыні» (1910) і інш.

т. 17, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧО́А (Ochoa) Элен Лоры (н. 10.5.1958, г. Лос-Анджэлес, ЗША),

касманаўт ЗША. Д-р філасофіі ў галіне электратэхнікі (1985). Скончыла ун-ты штата Сан-Дыега (1980) і Станфардскі (1981). З 1985 у Нац. лабараторыі Сандыя, Эймскім н.-д. цэнтры НАСА. З 1991 у атрадзе касманаўтаў НАСА. Здзейсніла 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 8—17.4.1993 і 27.5—6.6.1999 на КК «Дыскаверы» (як спецыяліст), 3—14.11.1994 (як камандзір па карыснай нагрузцы) і 8—19.4.2002 (па праграме Міжнар. касм. станцыі, як спецыяліст і бортінжынер) на КК «Атлантыс». У космасе правяла 40,8 сут. Залатыя медалі НАСА «За выключныя заслугі», «За выдатнае кіраўніцтва», «За касмічны палёт» (4).

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГЛАПАРЫ́Т,

штучны порысты буд. матэрыял. Атрымліваецца спяканнем гліністых парод або адходаў абагачэння і спальвання вугалю (шлакаў, попелу) з далейшым драбненнем на фракцыі (друз, гравій, пясок). Выкарыстоўваецца як запаўняльнік для вырабу лёгкіх (аглапарытабетон), гарачаўстойлівых і кіслотатрывалых бетонаў, як цеплаізаляцыйныя, водапаглынальныя і водазатрымныя засыпкі. Тэхналогія вытв-сці аглапарыту з рыхлых гліністых парод распрацавана ў НДІ будматэрыялаў (Мінск, 1958).

т. 1, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЭТА́ТЫ,

вытворныя воцатнай кіслаты, солі CH3COOM (M-метал) і эфіры CH3COOR (R-алкіл). Солі — крышталічныя рэчывы, растваральныя ў вадзе, выкарыстоўваюцца як каталізатары ў арган. сінтэзе. Эфіры — лятучыя вадкасці з фруктовым ці кветкавым пахам. Выкарыстоўваюць як растваральнікі нітрацэлюлозных лакаў, поліэфірных і гліфталевых смолаў, у вытв-сці цэлулоіду, кінаплёнак, у парфумернай і харч. прам-сці. Гл. таксама Амілацэтаты, Вінілацэтат, Этылацэтат.

т. 2, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКІ ЛЕСАХІМІ́ЧНЫ ЗАВО́Д,

«Лесахімік». Створаны ў 1971 у г. Барысаў як папярова-лесахім. камбінат на базе лесахім. з-да і папяровай ф-кі «Прафінтэрн» (дзейнічала ў 1902—25 як Барысаўская папяровая фабрыка «Папірус»). З 1976 у ВА «Белпаперапрам». З 1977 завод, у 1992 рэарганізаваны, з 1994 адкрытае акц. т-ва «Лесахімік». Асн. прадукцыя (1995): каніфоль, жывічны шкіпінар, пакост, сальвент.

т. 2, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́МІЯ (ад лац. praemium узнагарода),

1) грашовае ці інш. матэрыяльнае заахвочванне як узнагарода за поспехі, заслугі ў якой-н. галіне дзейнасці.

2) Грашовая сума, што выдаецца некат. ўрадамі як заахвочванне за вываз пэўных тавараў.

3) Розніца паміж біржавай і намінальнай вартасцю каштоўнай паперы.

4) Грашовая сума, якую выплачвае страхавальнік страхавой установе за рызыку, якую яна нясе.

т. 13, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)