БЕСТ (перс.),

у звычаёвым праве Ірана права недатыкальнасці прыстанішча на тэр. свяшчэнных месцаў. Пашыраны ў мусульм. краінах Усходу звычай даваць прыстанішча ў мячэцях, грабніцах, дамах вышэйшых духоўных асоб. З 19 ст. права бест часам мелі памяшканні замежных пасольстваў, місій і інш. устаноў, якія карысталіся экстэрытарыяльнасцю.

т. 3, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЭ́Т (італьян. ottetto ад лац. octo восем) у музыцы, 1) ансамбль з 8 выканаўцаў — інструменталістаў ці вакалістаў. Складаецца спецыяльна для выканання пэўных твораў, часам устойлівы калектыў.

2) Муз. твор для 8 салістаў-інструменталістаў (найчасцей камерныя творы ў санатнай цыклічнай форме) ці для 8 пеўчых галасоў.

т. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯМЁШКА,

у беларусаў рэдкая страва з мукі. Жытнюю, радзей грэцкую муку падпрэжвалі, потым засыпалі ў круты вар або залівалі ім, варылі ў печы пры агні. У наш час Л. часам называюць зацірку, рэдкі кулеш, мяшанку жывёле. Вядома на Брэстчыне, Гомельшчыне, Магілёўшчыне.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 9, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТЫХІ́Н (ад італьян. mestichino),

тонкая пругкая стальная (радзей з рогу) пласціна ў выглядзе лапаткі ці нажа. Выкарыстоўваецца ў алейным жывапісе для выдалення фарбаў з асобных участкаў палатна, нанясення грунту, дадатковага перацірання фарбаў, ачышчэння палітры. Часам М. наносяць фарбу роўным тонкім слоем або рэльефным мазком.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯША́НЫЯ ВО́БЛАКІ,

высокаслаістыя, слаіста-дажджавыя і кучава-дажджавыя (часам нават высокакучавыя, слаістыя і слаіста-кучавыя воблакі), якія складаюцца з сумесі вадзяных кропель і снегавых крышталёў (звычайна пры т-ры да -10 °C). З’яўленне М.в. на небе — прыкмета хуткага пагаршэння надвор’я: яны часта даюць ападкі.

т. 11, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАВА́Л,

найбольш нізкае і даступнае месца ў грэбені горнага хрыбта або масіву, якое служыць звычайна для зносін паміж суседнімі рачнымі далінамі. Шырокія пласкадонныя і глыбока апушчаныя П., якія маюць важнае трансп. значэнне, наз. горнымі праходамі; праз іх звычайна пракладзены ўючныя сцежкі, часам аўтадарогі ці чыгункі.

т. 12, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЯНЁВАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,

від ацяплення, пры якім асн. колькасць цяпла ў памяшканне перадаецца выпрамяненнем. Ацяпляльныя прылады размяшчаюць у сценах, пад столлю або ў перакрыццях. Цепланосьбітам служаць гарачая вада, радзей пара ці нагрэтае паветра. Выкарыстоўваюцца таксама інфрачырвоныя газавыя ці эл. выпрамяняльнікі. Часам да П.а. адносяць панэльнае ацяпленне.

т. 13, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́ШАК (nucula),

аднанасенны плод з цвёрдым сухім каляплоднікам, які не зрастаецца з насеннем і не раскрываецца. Развіваецца з аднаго пладалісціка. Можа быць часткай складанага плода (напр., асобны плодзік шматарэшка казяльцу). Часам арэшкам называюць і інш. дробныя арэшкападобныя плады, напрыклад плады дымніцы, грэчкі, агурочнікавых, ясноткавых, малачаевых (гл. Плод).

т. 2, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНО́МА (ад адэн... + ...ома),

дабраякасная пухліна, якая можа развіцца з залозістага эпітэлію і захаваць структурныя прыкметы зыходнай тканкі. Развіваецца ў тканках малочнай, шчытападобнай, прастаты, гіпофіза і інш. залоз, а таксама ў залозістым эпітэліі слізістых абалонак страўніка, кішэчніка і інш. Часам перараджаецца ў злаякасную пухліну. Лячэнне хірургічнае.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАТО́Р лёду,

нагрувашчванне крыг у час крыгаходу ў звужэннях і лукавінах рэчышча ракі, на мелях і інш. месцах, дзе ёсць перашкода для праходу лёду. Выклікае рэзкі пад’ём узроўню вады, часам паводкі. Характэрны для рэк, што цякуць з Пд на Пн, узмацняецца на рэках з вял. звілістасцю.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)