СЕБАСЦЬЯ́НА ДЭЛЬ П’ЁМБА [Sebastiano del Piombo; сапр. Лучані (Luciani); каля 1485, г. Венецыя, Італія — 21.6.1547],

італьянскі жывапісец эпохі Адраджэння. Вучыўся ў Дж.​Беліні. Раннім творам, створаным пад уплывам Джарджоне і Тыцыяна, уласцівы прасветлена-лірычны лад (створкі аргана з выявамі 4 святых для царквы Сан-Барталамеа аль Рыяльта, карціна для гал. алтара царквы Сан-Джавані Крызастома ў Венецыі). З 1511 працаваў у Рыме, дзе зблізіўся з Рафаэлем; работы адметныя больш строгім і ўраўнаважаным характарам пры захаванні гучнасці каларыту, уласцівага венецыянскай школе жывапісу. фрэскі на віле Фарнезіна (1511), партрэт рымлянкі (т.зв. «Даратэя», каля 1515) і інш. З 2-й пал. 1510-х г. пад уплывам Мікеланджэла яго творы набылі падкрэслена драм. афарбоўку («Уваскрашэнне Лазара», 1519). Работы, створаныя ў перыяд контррэфармацыі, вызначаюцца змрочнай жорсткасцю вобразнага ладу, які выявіў крызіс маст. прынцыпаў Высокага Адраджэння («Нясенне крыжа», 1537). У 1540-я г. для сабора Санта-Марыя дэла Пачэ ў Рыме выканаў буйную манум. кампазіцыю «Сустрэча Марыі і Елізаветы».

Я.​Ф.​Шунейка.

Себасцьяна дэль П’ёмба. Нясенне крыжа. 1537.

т. 14, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖА́НСКАЯ ЦАРКВА́ ПЯТРА́ І ПА́ЎЛА І МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,

помнік архітэктуры барока ў г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Мураваны храм пабудаваны пры базыльянскім манастыры ў 1762—79 (арх. Я.​С.​Бекер) на месцы уніяцкай царквы 1568 па фундацыі Хрысціны Масальскай з Сапегаў. У 1839 перададзена праваслаўным. Будынак 1-нефавы з вял. паўкруглай апсідай, над якой пакаты 2-схільны дах пераходзіць у конусападобнае пакрыццё, завершанае галоўкай. Па баках апсіды размешчаны 2 квадратныя ў плане невысокія рызніцы пад 3-схільнымі дахамі. Гал. фасад па цэнтры вылучаны рызалітам, які завершаны развітым антаблементам і 2-ступеньчатым атыкам з трохвугольным франтонам. Над атыкам узвышаецца 2-ярусная чацверыковая вежа-званіца з галоўкай на барабане. Барочны пластычны характар фасаду надаюць шматлікія крапоўкі слаістымі пілястрамі, прафіляванымі цягамі, нішамі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах і пілястрамі ў прасценках, апяразаны паддахавым карнізам.

Зала царквы перакрыта люстэркавым скляпеннем, плафон якога пакрыты размалёўкай «Праабражэнне» (пашкоджана пажарам у 1895, адноўлена ў пач. 20 ст.). На плафоне апсіды размалёўка «Бог Саваоф». Абапал апсіды медальёны з выявамі апосталаў Пятра і Паўла. Захаваўся абраз «Маці Божая Адзігітрыя» (каля 1648), якому прыпісваецца захаванне храма ад пажару.

Корпус манастыра ўзведзены ў 1780-я г. (арх. Бекер) з паўд. боку царквы па фундацыі А.​Сапегі. Будынак прамавугольны ў плане, 2-павярховы, накрыты вальмавым дахам. Рытм гал. фасада ствараецца прамавугольнымі аконнымі праёмамі, завершанымі трохвугольнымі і паўкруглымі сандрыкамі (на 1-м паверсе), пілястрамі. Цэнтр гал. фасада вылучаны рызалітам.

В.​В.​Калнін, В.​В.​Церашчатава.

Ружанская царква Пятра і Паўла і манастыр базыльян.

т. 13, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́М БРЭ́МЕНСКІ (Adam von Bremen; ? — паміж 1081 і 1085),

паўночна-герм. храніст, брэменскі канонік. Аўтар працы «Жыццяпісы епіскапаў Гамбургскай царквы» (паміж 1072 і 1076, 4 кн., на лац. мове), засн. на хроніках, манастырскіх аналах, дакументах з архіва Брэменскага архіепіскапства і інш., у якіх адлюстраваны гісторыя, геаграфія, культура, побыт скандынаваў і зах. славян, гісторыя славяна-герм. адносін.

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ФЕМА (ад грэч. anathēma пракляцце),

царкоўнае пракляцце; найвышэйшая кара ў хрысціянстве, звязвалася з адлучэннем ад царквы асоб, якія адвяргаюць ці скажаюць асновы веравучэння і не выказваюць жадання пакаяцца ў гэтым. Устаноўлена з часу Халкідонскага ўсяленскага сабора (451). Абвяшчаецца на царк. саборах, а таксама ў храмах падчас богаслужэння (напр., у канцы 1-га тыдня Вялікага посту ў правасл. царкве).

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́СЕНСКІ ЗВОН,

помнік ліцця мастацкага. Адліты з бронзы 30.8.1751 ліцейшчыкамі Іванам, Сцяпанам і Максімам Сініцамі для царквы г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Выш. каля 40 см, найб. дыяметр 30 см. Аздоблены раслінным і хвалістым арнаментам. Дата і фундацыйны надпіс размешчаны ў выглядзе фрызаў, імёны ліцейшчыкаў на тулаве звона. Знаходзіцца ў Дзісенскай царкве.

М.​М.​Яніцкая.

т. 6, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МХІТАРЫ́СТЫ,

кангрэгацыя арм. царкоўнікаў. Засн. ў 1701 у Канстанцінопалі манахам Мхітарам Себастацы пад эгідай Рымска-каталіцкай царквы. З 1717 размяшчаюцца каля Венецыі. Садзейнічалі развіццю арм. філасофіі і царк.-феад. л-ры. Выдавалі працы арм. пісьменнікаў, даследаванні па армяназнаўстве, слоўнікі, пераклады помнікаў стараж.-грэч. і рымскай л-ры на стараж.-арм. мову. Спрыялі ўмацаванню ўплыву Ватыкана на Б. Усходзе.

т. 11, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́МАС (лац. primas галоўная асоба ад primus першы),

1) у рымска-каталіцкай царкве тытул арцыбіскупа (мітрапаліта), які валодае ганаровым (часам і юрыдычным) першынством над астатнімі біскупамі і мітрапалітамі пэўнай краіны. На Беларусі рымска-каталіцкая царква мае свайго арцыбіскупа мітрапаліта і юрысдыкцыі П. ў Польшчы не падлягае.

2) Афіцыйны тытул архіепіскапа Кентэрберыйскага ў Англіі як першаіерарха англіканскай царквы.

т. 13, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІЕПІ́СКАП (ад архі... + епіскап),

духоўная асоба вышэйшай ступені хрысціянскай царк. іерархіі. Тытул уведзены ў Рымскай імперыі ў 4 ст. З заснаваннем патрыярхатаў прысвойваўся патрыярхам і мітрапалітам аўтакефальных епархій. Першы на Русі тытул архіепіскапа атрымаў епіскап наўгародскі ў 1165. На Беларусі першым архіепіскапам стаў у пач. 16 ст. епіскап Полацкай епархіі. У 1994 на Беларусі 2 архіепіскапы (праваслаўнай і рымска-каталіцкай царквы).

т. 1, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯШЧЭ́ННАЕ ПАДА́ННЕ,

сукупнасць рэлігійных палажэнняў, якія дапаўняюць і каменціруюць Свяшчэннае пісанне. У хрысціянстве побач з Бібліяй лічыцца крыніцай божага адкрыцця, якое вусна перадавалася апосталамі. Да С.п. адносяць сімвал веры, творы айцоў царквы, «Правілы апостальскія», вырашэнні Усяленскіх і некат. памесных сабораў. У каталіцызме С.п. дапоўнена шэрагам папскіх дэкрэталій. У пратэстантызме абвяргаецца боская прырода С.п. У ісламе С.п. з’яўляецца Суна, у іудаізме — Талмуд.

т. 14, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ РЭЗЬ,

манументальна-дэкаратыўная аб’ёмна-ажурная разьба па дрэве, якой бел. майстры аздаблялі храмы і палацы ў Маскоўскай дзяржаве ў 17 ст. Вядомая і як «флемская» разьба (ад ням. Flamme полымя). На ўзорах беларускай рэзі расліны пераплятаюцца з гронкамі, у іх уплятаюцца выявы птушак, жывёл, чалавека. Разьбу пакрывалі ляўкасам і залацілі. Да сярэдзіны 17 ст. на Русі існавала плоская разьба. Бел. майстры прынеслі ў Маскоўскую дзяржаву майстэрства разьбы, што развілася на Беларусі з канца 16 ст. пад уплывам мастацтва рэнесансу і барока. Лепшыя яе ўзоры — іканастасы Богаяўленскага сабора (2-я чвэрць 17 ст., не захаваўся) і Магілёўскай Мікалаеўскай царквы. У Маскоўскай дзяржаве бел. разьбяры выканалі работы ў Васкрасенскім саборы Новаіерусалімскага манастыра на Істры (1658), аздобілі іканастасы цэркваў у Ізмайлаве і ў Данскім манастыры пад Масквой. У 1667—68 яны ўпрыгожылі пазалочаныя калонкі, капітэлі, карнізы, ліштвы, а таксама мэблю Каломенскага палаца. Сярод работ бел. майстроў Каломенскага палаца асабліва вылучаецца буйнамаштабны іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве (1683—86) з 84 калонкамі, пераплеценымі вінаграднай лазой, карнізамі і картушамі. Беларуская рэзь дасягнула росквіту на мяжы 17—18 ст.; яе традыцыі захоўваліся да пач. 19 ст. (іканастас Хаціслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы). Сярод майстроў беларускай рэзі найб. вядомыя К.Міхайлаў, старцы Арсеній і Іпаліт, пазалотчык Д.​Залатароў.

Літ.:

Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в.: Из истории рус.-бел. связей. Мн., 1957.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Беларуская рэзь. Царскія вароты Магілёўскай Мікалаеўскай царквы. 1669—72. Магілёўскі краязнаўчы музей.
Да арт. Беларуская рэзь. Клім Міхайлаў, Дарафей Залатароў. Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. 1683—86. Фрагмент.
Да арт. Беларуская рэзь. Клім Міхайлаў, Дарафей Залатароў. Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. 1683—86. Фрагмент.

т. 2, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)