СВЕТЛАГО́РСКІ ІНДУСТРЫЯ́ЛЬНЫ ТЭ́ХНІКУМ Засн. ў 1960 у г. Светлагорск Гомельскай вобл. як філіял Маладзечанскага палітэхнікума. З 1965 Светлагорскі вячэрні індустр. тэхнікум, З 1966 Светлагорскі індустр. тэхнікум, з 2001 Светлагорскі дзярж. індустр. тэхнікум. Рыхтуе бухгалтараў, тэхнікаў-будаўнікоў, тэхнікаў-электрыкаў, тэхнікаў суднамеханікаў-суднавадзіцеляў, тэхнікаў водных шляхоў, мадэльераў-канструктараў, тэхнікаў-тэхнолагаў хім. вытв-сці. Спецыяльнасці (2000/01 навуч. г.): бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; прамысл. і грамадз. буд-ва; электраэнергетыка; суднаваджэнне і эксплуатацыя рачнога флоту; эксплуатацыя ўнутр. водных шляхоў; тэхналогія і канструяванне швейных вырабаў; тэхналогія вытв-сці хім. валокнаў. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае.
т. 14, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РЧАНСКА-ЭЛЬТЫГЕ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
дэсантная аперацыя войск Паўн.-Каўказскага фронту (камандуючы ген.-палк. І.Я.Пятроў), сіл Чарнаморскага флоту (віцэ-адм. Л.А.Уладзімірскі) і Азоўскай ваен. флатыліі (контр-адм. С.Г.Гаршкоў) у Вял. Айч. вайну. Праведзена 31.10—11.12.1943 з мэтай авалодання Керчанскім п-вам. Адначасова планавалася высадзіць сіламі Азоўскай ваен. флатыліі (АВФ) 3 дывізіі 56-й арміі на ПнУ ад г. Керч (асн. напрамак) і сіламі Чарнаморскага флоту пад кіраўніцтвам контр-адм. Г.М.Халасцякова 1 дывізію 18-й арміі каля пас. Эльтыген на Пд ад Керчы (дапаможны напрамак), пасля іх сустрэчнымі ўдарамі авалодаць партамі Керч і Камыш-Бурун. Удзельнічалі 130 тыс. чал., больш за 2 тыс. гармат і мінамётаў, 125 танкаў, 278 катэраў і дапаможных суднаў, больш за 1000 самалётаў 4-й Паветр. арміі і марской авіяцыі. Вечарам 31 кастр. з-за шторму сарвалася высадка дэсантных атрадаў на асн. напрамку. 1 ліст. дэсант 18-й арміі захапіў плацдарм у раёне Эльтыгена. Ва ўмовах адцягнення для блакады плацдарма значных сіл праціўніка АВФ 3 ліст. высадзіла дэсант з часцей 56-й арміі, які да 12 ліст. выйшаў на рубеж Азоўскае м. — паўн.-ўсх. ўскраіна Керчы, дзе і замацаваўся. Дэсант з раёна Эльтыгена 6—7 снеж. прарваўся да паўд. ускраіны Керчы, захапіў пануючую над горадам гару Мітрыдат, але 9 снеж. пад націскам праціўніка пакінуў яе і 11 снеж. быў эвакуіраваны суднамі АВФ. Нягледзячы на незавершанасць, К.-Э.а. стварыла перадумовы (захоп буйнога плацдарма) для вызвалення Крыма ў ходзе Крымскай аперацыі 1944.
т. 8, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
К.Р. [сапр. Канстанцін Канстанцінавіч (Раманаў); 22.8.1858, Стрэльна, цяпер у межах г. Петрадварэц Ленінградскай вобл. — 15.6.1915],
расійскі вял. князь, паэт, драматург, перакладчык. Унук цара Мікалая I. Ген. ад інфантэрыі (з 1907). Прэзідэнт Пецярбургскай АН (1889). З дзяцінства рыхтаваўся да службы на флоце. У 1876 1877 удзельнік баёў супраць тур. флоту на Дунаі. У 1882 спісаны з флоту. Камандаваў ротай лейб-гвардзейскага Ізмайлаўскага палка; камандзір лейб-гвардзейскага Праабражэнскага палка; з 1894 ген.-маёр. З 1900 гал. начальнік, з 1910 ген.-інспектар ваен.-навуч. устаноў. Друкаваўся з 1882. Пісаў любоўную і пейзажную лірыку, вершы на рэліг. тэмы, стылізаваныя серэнады і баркаролы, салонныя вершы. Аўтар зб-каў: «Вершы К.Р.» (1886), «Новыя вершы К.Р., 1886—1888» (1889), «Трэці зборнік вершаў К.Р., 1889—1899» (1900), «Вершы 1900—1910» (1911). Цыклы «З палкавога жыцця» і «Салдацкія санеты» склала салдацкая лірыка (зб. «У страі», 1915). У паэт. творчасці арыентаваўся на «чыстае мастацтва», прытрымліваўся класічных узораў. Шматлікія яго вершы, адметныя прастатой і меладычнасцю, пакладзены на музыку А.Глазуновым, Р.Гліэрам, С.Рахманінавым. П.Чайкоўскім і інш.; верш «Памёр бядак у бальніцы ваеннай» стаў папулярнай нар. песняй. Эстэтычныя погляды выказаў у артыкулах пра творы, вылучаныя Пецярб. АН на атрыманне ўзнагарод (кн. «Крытычныя водгукі: Літ.-крытыч. арт. пра рус. паэзію ў 1905—1913», 1915). Аўтар містэрыі «Цар іудзейскі» (паст. 1914). Пераклаў на рус. мову асобныя творы І.В.Гётэ, Ф.Шылера, У.Шэкспіра і інш.
Тв.:
Стихотворения. Т. 1—3. СПб., 1913—15;
Избранное. М., 1991;
Стихотворения. М., 1991.
т. 8, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВАСТО́ПАЛЬ,
горад на Пд Украіны, у Аўтаномнай Рэспубліцы Крым. 366 тыс. ж. (1993). Чыг. станцыя. Порт на Чорным м. База чарнаморскіх флатоў Расіі і Украіны. Суднабудаванне і суднарамонт. З-ды: прыладабуд., «Хімпром» і інш. Прам-сць: харчасмакавая, дрэваапр., лёгкая. Прыладабуд. ін-т, Ін-т біялогіі паўд. мораў (з акварыумам). 2 тэатры. Музеі: Чарнаморскага флоту, абароны і вызвалення горада, маст. і інш. Марская абсерваторыя. Панарама «Абарона Севастопаля 1854—55» (1902—04), дыярама «Штурм Сапун-гары 7 мая 1944 года» (1959). Петрапаўлаўскі сабор (1843—48) і Графская прыстань (1846) у стылі класіцызму. Каля С. скальны Інкерманскі манастыр (9—10 ст.).
У старажытнасці каля С. знаходзіўся антычны г.Херсанес. Як база рас. Чарнаморскага флоту і крэпасць засн. ў 1783. Спачатку наз. Ахціяр (белы ўцёс), з 1784 — С. (грэч. — велічны горад). З 1802 уваходзіў у Таўрычаскую губ. У 1804 аб’яўлены гал. ваен. портам Чорнага мора. Праславіўся ў час Крымскай вайны 1853—56 (гл. Севастопальская абарона 1854—55). З 1875 злучаны чыгункай з Сімферопалем. У канцы 19 ст. буйны прамысловы цэнтр. У Рэвалюцыю 1905—07 тут адбылося Севастопальскае паўстанне 1905. З 1917 у складзе Таўрычаскай сав. рэспублікі, акупіраваны англ., франц. і грэч. войскамі. У 1920 вызвалены Чырв. Арміяй. З 1921 С. у Крымскай аўтаномнай сав. сацыяліст. рэспубліцы РСФСР. У Вял. Айч вайну адбылася гераічная Севастопальская абарона 1941—42. Вызвалены ў выніку Крымскай аперацыі 1944. У 1954 перададзены ў складзе Крымскай вобл. Украіне (гл. Крым).
т. 14, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАГАВА́Я АБАРО́НА,
сілы і сродкі флоту, берагавыя ўмацаванні, прызначаныя для абароны ваенна-марскіх партоў, узбярэжжа, астравоў, праліваў ад нападу праціўніка з мора, сушы, паветра. Пачала фарміравацца ў 14 ст. з выкарыстаннем артылерыі, якая да сярэдзіны 20 ст. складала аснову берагавой абароны. Выкарыстоўваліся таксама марская пяхота, стралковыя і інж.-сапёрныя часці, зенітная артылерыя, караблі і катэры прыбярэжнага дзеяння, фартыфікацыйныя збудаванні і мінныя загароды. У 2-й пал. 20 ст. ў сувязі са стварэннем берагавых ракетна-артыл. войскаў берагавая абарона ажыццяўляюць сіламі сухапутных войскаў, войскаў ППА, ВПА і ВМФ. У некат. краінах берагавая абарона ўскладзена на ваенна-марскія сілы, у ЗША, напр., — на ваенна-марскія акругі і сухапутныя войскі.
т. 3, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЦЬКО́ (Павел Пятровіч) (14.2.1901, в. Калядзічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 14.12.1986),
дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, рэвалюцыянер-інтэрнацыяналіст. Чл. КПЗБ з 1924. Ствараў арг-цыі КПЗБ і КСМЗБ у Палескім ваяв. У 1925—27 зняволены польск. ўладамі ў турму. Уцёк праз Германію і Францыю на Кубу. У 1927—37 на падп. рабоце ў Кампартыі Кубы. Удзельнік нац.-рэв. вайны ў Іспаніі 1937—38. З канца 1938 у Францыі, потым зноў на Кубе, дзе працаваў у апараце ЦК Кампартыі. У час 2-й сусв. вайны матрос гандл. флоту ЗША, які дастаўляў грузы ў СССР. З 1949 на радзіме, зведаў ганенні.
М.П.Клімец.
т. 3, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМЕ́НЦЬЕВА (Людміла Сяргееўна) (н. 4.5.1938, с. Чарноўскія Копі Чыцінскай вобл., Расія),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1978). Скончыла студыю пры Бел. т-ры імя Я.Купалы (1959). Працавала ў Брэсцкім абл. драм. т-ры (да 1963), Т-ры Паўн. флоту (1963—68). З 1968 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Характарная актрыса. Яе творчай манеры ўласцівы тонкае разуменне характару, глыбокае пранікненне ў яго сутнасць, выразны сцэн. малюнак.
Сярод роляў: Мальвіна («Несцерка» В.Вольскага), Альжбета («Паўлінка» Я.Купалы), Клаўдзія («Мілы чалавек» К.Крапівы), Міхаліна Матулевіч («Трывога» А.Петрашкевіча), Бабуля («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе), Аркадзіна («Чайка» А.Чэхава), Адрыяна («Ноч памылак» У.Шэкспіра).
т. 6, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́ЙПЕДА (Klaipéda),
горад у Літве, на беразе Балтыйскага м. Засн. ў 1252 як ням. рыцарскі замак Мемельбург. З 1525 у складзе Прусіі, з 1871 у Германскай імперыі, з 1920 пад кіраўніцтвам дзяржаў Антанты, з 1923 у Літве; да 1923 наз. Мемель. 201,5 тыс. ж. (1996). Незамярзаючы марскі порт. Чыг. станцыя. Прам-сць: рыбная, суднабуд. і суднарамонтная, тэкст., цэлюлозна-папяровая, харчовая; вытв-сць буд. матэрыялаў, маст. вырабаў з бурштыну. База марскога рыбалоўнага флоту. Кансерваторыя. Драм. тэатр. Музеі: краязнаўчы, марской і гадзіннікавай справы, карцінная галерэя. Акіянарыум. Арх. помнікі 17—18 ст. Помнік літ. асветніку Марцінасу Мажвідасу — аўтару і выдаўцу першай кнігі на літ. мове.
т. 8, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ ХУНЧЖА́Н (15.2.1823, прав. Аньхой, Кітай — 7.11.1901),
кітайскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Адыграў важную ролю ў задушэнні Тайпінскага паўстання 1850—64. З 1870 намеснік сталічнай прав. Чжылі, канцлер, чл. упраўлення па замежных справах. Прыхільнік і адзін з праваднікоў палітыкі «самаўзмацнення», якая мела мэтай стварэнне ў Кітаі сучаснай арміі і флоту. У знешняй палітыцы імкнуўся шляхам уступак і пагадненняў з адной імперыялістычнай дзяржавай супрацьстаяць агрэсіі інш. дзяржавы. Падпісаў Сіманасекскі дагавор 1895. У 1896 заключыў сакрэтны дагавор з Расіяй пра абарончы ваен. саюз супраць Японіі і прадастаўленне Расіі канцэсіі на буд-ва Кітайска-ўсходняй чыгункі. У 1901 падпісаў навязаны Кітаю «Заключны пратакол» з дзяржавамі, якія ўдзельнічалі ў задушэнні іхэтуаньскага паўстання.
т. 9, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВО́НАЎ (Віктар Мікалаевіч) (21.11. 1916, г. Зарайск Маскоўскай вобл., Расія),
двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Каспійскае вышэйшае ваен.-марское вучылішча імя Кірава (1950). У ВМФ з 1937. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўн. флоце, са снеж. 1942 нам. камандзіра разведатрада па палітчасці, з мая 1944 камандзір разведатрада. Вызначыўся пры выкананні баявых задач у тыле ворага ў Запаляр’і, у жн. 1945 на чале асобнага разведатрада асобага прызначэння Ціхаакіянскага флоту пры высадцы дэсантаў на ўсх. ўзбярэжжа Паўн. Карэі. Пасля вайны да 1956 у цэнтр. апараце ВМФ СССР. Аўтар кніг «Твар у твар» (1957), «Урокі мужнасці» (1975) і інш.
т. 9, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)