Я́КАСЦЬ ПРАДУ́КЦЫІ,

сукупнасць уласцівасцей, якія выяўляюць узровень навізны, надзейнасць, даўгавечнасць, эканамічнасць, а таксама эрганамічныя, эстэтычныя і інш. спажывецкія ўласцівасці прадукцыі, што надаюць ёй здольнасць задавальняць людзей у адпаведнасці з яе прызначэннем. Патрабаванні да Я.п. фарміруюцца спажыўцом (заказчыкам), распрацоўшчыкам, выканаўцам і замацоўваюцца дзярж. органамі ў адпаведных нарматыўна-тэхн. дакументах і дагаворах. Заканадаўства вызначае і юрыдычна замацоўвае адносіны ўдзельнікаў грамадскай вытв-сці, звязаныя з забеспячэннем якасці навук.-тэхн., прамысловай, буд., с.-г. і інш. прадукцыі, трансп., гандл. і інш. відаў работ і паслуг, прадугледжвае абарону правоў і інтарэсаў спажыўца. Адрозніваюць якасць стварэння прадукцыі (залежыць ад якасці нарматыўнай дакументацыі і тэхн. сродкаў, неабходных для яе выпрацоўкі, сыравіны, матэрыялаў, камплектуючых дэталей, працы распрацоўшчыкаў і вытворцаў прадукцыі) і якасць эксплуатацыі (залежыць ад якасці эксплуатацыйных дакументацыі і абсталявання, матэрыялаў і прыстасаванняў, што ўжываюцца пры эксплуатацыі, ад якасці працы асоб, якія выкарыстоўваюць гэту прадукцыю). Пацвярджэнне, што прадукцыя дакладна адпавядае неабходным канкрэтным стандартам і тэхн. умовам, і выдача адпаведнага дакумента наз. сертыфікацыяй.

В.​Р.​Залатагораў.

т. 18, кн. 1, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІ́ЧНАЯ КУЛЬТУ́РА, фізкультура,

адна са сфер сац. дзейнасці, накіраваная на ўмацаванне здароўя, развіццё фіз. здольнасцей чалавека і выкарыстанне іх у адпаведнасці з запатрабаваннямі грамадства; частка агульнай культуры грамадства і асобы. Асн. паказчыкі стану Ф.к.: узровень здароўя і фіз. развіцця людзей, выкарыстанне Ф.к. ў сферы выхавання і адукацыі, вытв-сці, быце, узровень спарт. дасягненняў і інш. Асн. элементы: фіз. практыкаванні, іх комплексы і адпаведныя спаборніцтвы, загартоўванне арганізма, гігіена працы і быту, актыўна-рухальныя віды турызму, фіз. праца як форма актыўнага адпачынку.

Да матэр. каштоўнасцей Ф.к. адносяцца спартыўныя збудаванні, спартыўны інвентар і абсталяванне, экіпіроўка і інш.; да духоўных — навук. распрацоўкі, методыкі спарт. трэніровак і фіз. падрыхтоўкі, спарт. дасягненні, спарт. інфармацыя, творы мастацтва ў спарт. сферы і інш. Ф.к. асобы — арганічнае адзінства фіз. або спарт. заняткаў, неабходных для гэтага ведаў, уменняў і навыкаў, фіз. і псіхічнай гатоўнасці да сістэм. заняткаў фіз. практыкаваннямі, накіраваных на самаўдасканаленне. Ф.к. як сацыяльны інстытут уключае наступныя кампаненты (формы): базавую, спарт., прафесійна-прыкладную, аздараўленча-рэабілітацыйную, рэкрэацыйную Ф.к. Базавая Ф.к. — фундаментальная частка Ф.к., якая ўваходзіць у сістэму адукацыі і выхавання (вучэбны прадмет у школах і інш. навуч. установах), яна забяспечвае фарміраванне асн. жыццёва важных рухальных уменняў і навыкаў, аптымальнага ўзроўню рознабаковай фіз. падрыхтоўкі. Спартыўная Ф.к. прадугледжвае падрыхтоўку і ўдзел спартсменаў у спаборніцтвах. Спарт. Ф.к. ў адрозненне ад спорту ўключае толькі тыя яго віды, якія звязаны з актыўнай рухальнай дзейнасцю і накіраваны на фіз. ўдасканаленне чалавека. Прафесійна-прыкладная Ф.к. выкарыстоўваецца з мэтай фарміравання рухальных уменняў і навыкаў, якія садзейнічаюць асваенню прафесіі, развіццю прафес. якасцей і ўстойлівасці да шкодных фактараў працы: уваходзіць у сістэмы прафес. падрыхтоўкі ў спец. навуч. установах (тэхнікумах, ВНУ, ваен. вучылішчах) і навук. арганізацыі працы на прадпрыемствах і ва ўстановах з неспрыяльнымі ўмовамі працы (напр., статычнасць позы, павышаная канцэнтрацыя ўвагі і інш.), у арміі. Аздараўленча-рэабілітацыйная Ф.к. арыентавана на выкарыстанне фіз. практыкаванняў як сродкаў лячэння захворванняў і аднаўленне функцый арганізма, парушаных пры хваробе, траўме і інш., напр., лячэбная гімнастыка, дазіраваная хадзьба і інш. Яе роля ўзрастае ў сувязі з паніжэннем натуральнай рухальнай актыўнасці чалавека на вытв-сці і ў быце. Рэкрэацыйная Ф.к. — форма актыўнага адпачынку, аднаўленне фіз. і псіхічных сіл чалавека ў вольны час; уключае сістэм. заняткі фіз. практыкаваннямі, у т. л. гульні, спарт. танцы, аэробіку, турысцкія паходы, падарожжы і інш.

Літ.:

Кун Л. Всеобщая история физической культуры и спорта: Пер. с венг. М., 1982;

Матвеев Л.П. Введение в теорию физической культуры. М., 1983;

Кряж В.Н., Кряж З.С. Гуманизация физического воспитания. Мн., 2001.

Я.​К.​Кулінковіч.

т. 16, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

зямная прырода, частка геаграфічнай абалонкі, якая асвоена чалавекам, уключана ў грамадскую вытворчасць і з’яўляецца неабходнай умовай існавання грамадства. Мае складаную структуру суадносін прыродных і антрапагенных кампанентаў, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, уздзейнічаюць адзін на аднаго і ўтвараюць складаныя сістэмы. Асаблівасці геаграфічнага асяроддзя выяўляюцца праз разнастайнасць прыродных умоў розных рэгіёнаў і краін (клімат, рэльеф, глебы, расліннасць і інш.), уздзейнічаюць на жыццё грамадства, вызначаюць характар і спосабы прыродакарыстання. Пастаяннае пераўтварэнне геаграфічнага асяроддзя пад уплывам чалавечай дзейнасці, насычанасць антрапагеннымі элементамі адбываюцца на працягу ўсяго жыцця чалавецтва, вызначаюць узровень гаспадаркі, паскараюць або запавольваюць яго развіццё. З расшырэннем сферы дзейнасці чалавека ў ходзе грамадскага развіцця і росту вытв. сіл геаграфічнае асяроддзе ахоплівае ўсё б.ч. геагр. абалонкі. Ва ўмовах навук.-тэхн. прагрэсу рэзка мяняецца сам змест адносін чалавека і геаграфічнага асяроддзя. Дзейнасць чалавека прыводзіць да забруджвання навакольнага асяроддзя і ўплывае на механізм самарэгуляцыі ў прыродзе. Таму перад чалавецтвам усё больш востра паўстаюць праблемы экалогіі, устанаўлення гарманічных адносін грамадства і геаграфічнага асяроддзя. Для ацэнкі стану і якасці геаграфічнага асяроддзя выкарыстоўваецца тэрмін прыроднае асяроддзе.

В.​С.​Аношка.

т. 5, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАПАГЛЫНА́ЛЬНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы (вырабы, канструкцыі), якія паглынаюць гукавыя хвалі і тым самым зніжаюць узровень шумаў; разнавіднасць акустычных матэрыялаў. Уласцівасці гукапаглынальных матэрыялаў характарызуюцца рэверберацыйным каэф. гукапаглынання — адносінамі паглынутай гукавой энергіі да ўсёй энергіі гукавой хвалі, што падае на матэрыял. Бываюць штучныя (блокі, пліты), рулонныя (маты, паласавыя пракладкі, палотны), рыхлыя і сыпкія (мінер. і шкляная вата, керамзіт); порыста-валакністыя, -ячэістыя і -трубчастыя (з мінер. і шклаваты, ячэістага бетону, керамзіту і перліту, пенапластаў, гумы); мяккія (маты і рулоны на аснове шкловалакна і мінер. ваты), паўшорсткія (драўнянавалакністыя пліты, мінерала- і шклаватныя пліты, пліты з базальтавага валакна, парапласты) і шорсткія (пліты з грануляванай або суспензіраванай мінер. ваты, з газабетону, гіпсавыя, а таксама пліты і тынкавальныя растворы на аснове пемзы, успучаных вермікуліту і перліту). Гукапаглынальныя матэрыялы выкарыстоўваюць для гукаізаляцыі памяшканняў, ва ўстаноўках вентыляцыі і кандыцыяніравання паветра, гукавымяральных камерах і інш. З гукапаглынальных канструкцый найб. пашыраны спец. абліцоўкі ўнутр. паверхняў (сцен, шахтаў, кажухоў і інш.), канструкцыі ў выглядзе шчытоў, конусаў, прызмаў для зніжэння шумаў ад тэхнал. абсталявання, элементы актыўных глушыцеляў шуму (устанаўліваюцца пераважна ў паветраводах аэрадынамічных установак). Гл. таксама Гукаізаляцыйныя матэрыялы.

М.​М.​Кунцэвіч.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫХЛАПНЫ́Я ГА́ЗЫ,

газападобныя і цвёрдыя прадукты, што выкідваюцца ў атмасферу рухавікамі ўнутр. згарання; адна з асн. крыніц забруджвання атмасфернага. Пераважныя інгрэдыенты выхлапных газаў: вокіс вугляроду (CO), вокіслы азоту (NOx), сярністы ангідрыд (SO2), вуглевадароды (CnHm), серавадарод (H2S) і інш. Асобную групу складаюць канцэрагенныя поліцыклічныя араматычныя вуглевадароды і найб. актыўны з іх — бенз(а)пірэн (індыкатар наяўнасці канцэрагенаў у выхлапных газах). Пры выкарыстанні этыліраванага бензіну ў саставе выхлапных газаў высокатаксічныя злучэнні свінцу. Пад уздзеяннем сонечнай радыяцыі ў выніку фотахім. рэакцый выхлапныя газы ператвараюцца ў таксічныя рэчывы і адмоўна ўплываюць на чалавека, жывёл (павялічваюць успрымальнасць да розных хвароб, пераважна анкалагічных) і расліны (парушаюць працэс фотасінтэзу). Выкіды аўтатранспарту — асн. прычына фотахім. смогу ў гарадах. Узровень выкідаў CO, CnHm, NOx і дымнасці выхлапных газаў рэгулюецца спец. нарматывамі (дапушчальныя выкіды на 1 км пройдзенага шляху) і кантралюецца газааналізатарамі і дымамерамі. На Беларусі выкіды ад аўтатранспарту склалі 1,7 млн. т (77% ад агульных выкідаў у атмасферу; 1995). Таксічнасць выхлапных газаў зніжаецца пры выкарыстанні неэтыліраванага бензіну і экалагічна чыстых відаў паліва — прыроднага і звадкаванага газу.

В.​І.​Корбут.

т. 4, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ БІ́ЗНЕС,

прадпрымальніцкая дзейнасць, якая ажыццяўляецца з контрагентамі інш. краін. Перадумовы інтэрнацыяналізацыі эканам. і фін. працэсаў склаліся ў пач. 20 ст. Пасля 2-й сусв. вайны развіццё інтэграцыйных працэсаў прывяло да з’яўлення і імклівага пашырэння якасна новай формы буйнога бізнесу — транснацыянальных карпарацый (ТНК), якія ўстанавілі кантроль над значнай доляй сусв. рынку і сёння адыгрываюць вядучую ролю ў сістэме міжнародных эканамічных адносін. Актыўнаму асваенню замежных рынкаў нац. капіталам вядучых краін спрыяла пашырэнне сучасных форм сувязі, паляпшэнне сусв. трансп. шляхоў, фарміраванне сістэмы крэдытна-грашовых сувязей, што ахоплівае ўвесь свет. Разам са знешнегандл. абменам таварамі і паслугамі і вывазам капіталу ў пазыковай форме значнае месца занялі прамыя фін., вытв. і тэхнал. сувязі паміж прадпрыемствамі розных краін, розныя формы навук.-тэхн., культ. і інш. супрацоўніцтва. Урады прамыслова развітых краін (асабліва ў Зах. Еўропе) садзейнічаюць развіццю і паглыбленню міжнар. эканам. сувязей кампаній і капіталаў, ад чаго ў значнай ступені залежыць стан нац. эканомікі, загрузка вытв. магутнасцей, узровень беспрацоўя і інш. У выніку капіталы свабодна мігрыруюць з адной краіны ў другую ў пошуках найб. спрыяльных умоў для свайго выкарыстання.

В.​А.​Дадалка.

т. 10, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭНДЭ́НЦЫЯ (сярэднелац. tendentia накіраванасць),

накіраванасць развіцця пэўнай з’явы ці працэсу. У развіцці адной і той жа з’явы могуць назірацца розныя і нават процілеглыя Т. Развіццё падобных ці роднасных па паходжанні сістэм характарызуецца наяўнасцю падобных Т. Адрозніваюць Т.: лінейныя, пры якіх узровень змен мае пастаянны характар і ў графічным выглядзе ўтварае прамую лінію; нелінейныя, калі інтэнсіўнасць змен не пастаянная на розных этапах развіцця; рацыянальныя, якія выяўлены шляхам навук. аналізу, маюць лагічнае і тэарэт. абгрунтаванне; эмпірычныя, якія выяўлены на аснове эмпірычных звестак, але не атрымалі тэарэт. тлумачэння. Вылучэнне гал. Т. развіцця — адзін з найважнейшых элементаў навук. аналізу працэсаў у прыродзе і грамадстве. Да сац. Т. адносяць паступовыя і ўстойлівыя змены ў сац. сістэме, слоі ці групе (напр., змена памеру сям’і, скарачэнне ці павелічэнне нараджальнасці і інш.). У сац.-паліт. і духоўна-культ. працэсах Т. звязана з паслядоўным правядзеннем індывідам ці сац. групай пэўнай ідэі, што часам прыводзіць да з’яўлення тэндэнцыйнага ў культуры і палітыцы — перадузятага ажыццяўлення пэўных ідэй без уліку сац. абставін і грамадскай думкі.

В.​А.​Салееў.

т. 16, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УТЫЛІТАРЫ́ЗМ (ад лац. utilitas карысць, выгада),

1) прынцып ацэнкі ўсіх з’яў з пункту гледжання іх карыснасці, магчымасці служыць сродкам для дасягнення пэўнай мэты.

2) Кірунак у этыцы, прадстаўнікі якога разглядаюць карысць як аснову маральнасці, крытэрый ацэнкі ўсіх чалавечых учынкаў. Быў шырока распаўсюджаны ў Англіі ў 19 ст. Асн. прынцыпы У. распрацаваны англ. філосафамі І.Бентамам і Дж.С.Мілем. Тэарэт. аснова поглядаў Бентама — натуралістычны падыход да чалавека, дзе за аснову маралі прымаецца прыроднае імкненне людзей адчуваць асалоду і пазбягаць пакут. Маральным ідэалам Бентам абвясціў «найбольшае шчасце найбольшай колькасці людзей» шляхам задавальнення іх прыватных інтарэсаў; на яго думку, узровень маральнасці кожнага ўчынку можна разлічыць з матэм. дакладнасцю ў выглядзе балансу прыемнасцей і пакут, якія з’яўляюцца вынікам паводзін чалавека ў пэўнай сітуацыі. Міль імкнуўся да паслаблення гранічнага эгаізму У.; асн. палажэнні У. ён дапоўніў прынцыпам салідарнасці і ўзгаднення асабістых інтарэсаў усіх людзей. Прыхільнікі У. спрабавалі выкарыстаць утылітарысцкі падыход у тлумачэнні сац., эканам. і дзярж.-прававых з’яў. У. паўплываў на англ. сацыялогію 19 ст. (Г.Спенсер і інш.). Своеасаблівае прадаўжэнне У. — прагматызм, які пашырыў прынцып практычнай карыснасці на веды.

В.​І.​Боўш.

т. 16, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАША́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

зямельная тэрыторыя з комплексам размешчаных на ёй гідратэхн. збудаванняў, прызначаных для арашэння. Уключае крыніцу вады, водазабор, водаправодную і водаразмеркавальную сетку, прыстасаванні для пераводу вады з праточнага стану ў глебавыя вільгацезапасы, прылады і абсталяванне для кіравання арашэннем, дапаможныя збудаванні.

Адрозніваюць арашальную сістэму: самацёчныя (арашальныя землі ніжэй за ўзровень вады ў вадаёме) і з мех. водападыманнем (арашальны масіў вышэй за ўзровень вады); адкрытыя (каналы і латкі), закрытыя (напорныя і безнапорныя трубаправоды) і камбінаваныя; з паверхневым паліваннем (вада размяркоўваецца па паверхні поля напускам, па палосах, па барознах), з дажджаваннем (вада распырскваецца над полем у выглядзе дажджу) і ўнутрыглебавыя (вада падаецца па поласцях у падворыўным гарызонце). Выкарыстоўваюцца таксама сістэмы дробнадысперснага (аэразольнага) увільгатнення, якія дробна распыляюць ваду ў прыземным слоі паветра, і сістэмы падглебавага ўвільгатнення, якія рэгулююць узровень грунтавых водаў з мэтай увільгатнення кораненаселенага слоя капілярнай вільгаццю. На Беларусі найбольш пашыраны сістэмы падглебавага ўвільгатнення і сістэмы з дажджаваннем.

А.​П.​Ліхацэвіч.

Схема арашальнай сістэмы з дажджаваннем: 1 — вадаём (рака); 2 — водазабор (помпавая станцыя); 3 — водаправодная сетка (падземны напорны трубаправод); 4 — водаразмеркавальная сетка (напорныя трубаправоды); 5 — дажджавальныя машыны кругавога дзеяння; 6 — дажджавальныя машыны франтальнага дзеяння; 7 — гідранты для далучэння дажджавальнай машыны; 8 — стацыянарныя дажджавальныя апараты.

т. 1, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗААБМЕ́Н у фізіялогіі,

працэс пастаяннага абмену газаў паміж арганізмам і навакольным асяроддзем пры дыханні, фотасінтэзе і інш. Заключаецца ў паглынанні арганізмам кіслароду (O2) і выдзяленні вуглякіслага газу (CO2) — канчатковага прадукту акісляльнага метабалізму. Біял. роля газаабмену вызначаецца яго непасрэдным удзелам у абмене рэчываў, пераўтварэнні хім. энергіі засваяльных пажыўных прадуктаў у энергію, неабходную для жыццядзейнасці арганізма. Газаабмен адлюстроўвае інтэнсіўнасць працэсаў акіслення біялагічнага ва ўсіх органах і тканках. У раслін газаабмен адбываецца праз вусцейкі ліста; у чалавека і высокаарганізаваных жывёл — праз сістэмы органаў дыхання і кровазвароту і скуру, у прасцейшых — шляхам дыфузіі газаў праз паверхню цела. Патрэба ў газаабмене тым большая, чым вышэй арганізаваны жывы арганізм.

Газаабмен у чалавека і жывёл вызначаюць спец. прыладамі, з дапамогай якіх разлічваюць энергазатраты арганізма (непрамая каларыметрыя). Узровень газаабмену залежыць ад стану арганізма, умоў знешняга асяроддзя, інтэнсіўнасці мышачнай дзейнасці і інш. Рэгуляцыя газаабмену ідзе на ўсіх этапах транспарту газаў за кошт біяхім., біяфіз., нервовых і гумаральных уплываў. Газаабмен вывучаюць для ацэнкі дынамікі захворванняў і эфектыўнасці іх лячэння, у с.-г. жывёл — для распрацоўкі навукова абгрунтаваных нарматываў кармлення і ўтрымання.

Літ.:

Уэст Дж. Физиология дыхания: Основы: Пер. с англ. М., 1988;

Физиология дыхания. Л., 1991 (Руководство по физиологии).

Н.​М.​Петрашэўская.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)