гліняная пасудзіна, якая са стараж. часоў выкарыстоўвалася ў ювелірнай справе для разліўкі расплаўленых каляровых металаў. Узнікла ад тыгля з ручкай. 3 развіццём ювелірнай справы ўдасканальвалася. Паводле формы падзяляюцца на лыжкападобныя з закрытым верхам і масіўнай утулкавай ручкай (11 ст.), выцягнутая закрытая пасудзіна авальнай формы з дзвюма круглымі адтулінамі і ручкай (11—12 ст.), моцнапаглыбленая лыжка з плаўным пераходам корпуса ў ручку (13—14 ст.). Ва ўсх.-слав. гарадах 11—14 ст. знойдзена больш за 150 Л. На Беларусі знойдзены ў Віцебску, Гродне, Лукомлі, Навагрудку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РА СТРЫМА́ННЯў крымінальным працэсе,
прадугледжаныя законам меры працэсуальнага прымусу, якія ўжываюцца да абвінавачанага пры наяўнасці дастатковых падстаў лічыць, што ён можа схавацца ад следства або суда, перашкодзіць высвятленню ісціны па крымін.справе, займацца злачыннай дзейнасцю, а таксама для забеспячэння выканання прыгавору. Да М.с. ў бел.крымін. працэсе адносяцца: падпіска аб нявыездзе, асабістае паручыцельства або паручыцельства грамадскіх арг-цый і калектываў працоўных, узяцце пад варту, пад нагляд камандавання вайск. часцей (у адносінах да ваеннаслужачых), адданне непаўналетніх пад нагляд бацькоў або апекуноў. Узяцце пад варту робіцца толькі з санкцыі пракурора або па вызначэнні суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАКЛІ́Н (ад мікра... +грэч. klinō нахіляюся),
пародаўтваральны мінерал групы палявых шпатаў, алюмасілікат калію K [Al, Si3O8]. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, утварае таксама зярністыя агрэгаты. Крышталі і зерні складана здвоены. Колер белы, ружовы, буравата-жоўты, чырвоны, блакітна-зялёны (амазаніт). Бляск шкляны, перламутравы. Празрыстыя і паўпразрыстыя бясколерныя М. з блакітнай ірызацыяй (эфект месяцавага каменю). Вядомы авантурынавыя М. (сонечны камень). Цв. 6—6,5. Шчыльн. 2,55—2,6 г/см³. Трапляецца ў інтрузіўных пародах і пегматытах, гнейсах, аркозавых пясчаніках і інш. Выкарыстоўваецца ў шкляной, керамічнай (тонкі фарфор, эл. кераміка) прам-сці; амазаніт, месяцавы і сонечны камень — у ювелірнай справе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАВО́Е ПАГАДНЕ́ННЕ,
згода бакоў на спыненне ў любой стадыі суд. працэсу суд. спрэчкі на аснове ўзаемных уступак. Паводле цывільнага працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь магчымасць вырашэння спрэчкі шляхам М.п. суддзя высвятляе і ў працэсе падрыхтоўкі справы да суд. разбору. Кантроль за законнасцю М.п. належыць суду: ён не зацвярджае М.п., калі яно супярэчыць закону або парушае чые-н. правы ці інтарэсы, якія ахоўваюцца законам. Умовы М.п., выкладзеныя бокам у суд. пасяджэнні, заносяцца ў пратакол суд. пасяджэння і падпісваюцца абодвума бакамі. Пры зацвярджэнні М.п. суд выносіць вызначэнне пра спыненне вядзення па справе, у якім указваюцца ўмовы М.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАРА́Д ПЛАНЕ́Т»,
уяўнае збліжэнне планет па прамяні зроку. Бачны з Зямлі, калі здаецца, што большасць планет знаходзяцца блізка адна да адной (напр., у адным задыякальным сузор’і); на самай справе планеты аддалены адна ад адной на вял. адлегласці. Адбываецца прыблізна 1 раз у некалькі гадоў. Не аказвае адчувальнага гравітацыйнага ўздзеяння на Зямлю з прычыны малой агульнай масы планет у параўнанні з масай Сонца. Апошні «П.п.» адбыўся 6.4—17.5.2000, калі Марс, Юпітэр, Меркурый, Сатурн, Сонца і Венера знаходзіліся блізка па прамяні зроку (з прычыны блізкага вуглавога размяшчэння планет ад Сонца, гэта з’ява практычна не назіралася).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЛАА́М (свецкае імя Шышацкі Рыгор; 1750, в. Красілаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 1821 ці 1823),
праваслаўны царк. дзеяч. Скончыў Пераяслаўскую духоўную семінарыю і Кіеўскую духоўную акадэмію. У 1776 прыняў манаства, у 1780—95 ігумен і архімандрыт манастыроў у Расіі, на бел. і літ. землях Рэчы Паспалітай. У 1793 памагаў мінскаму архіепіскапу Віктару (Садкоўскаму) вяртаць уніятаў да праваслаўя. З 1805 епіскап, з 1808 архіепіскап магілёўскі і віцебскі. У час вайны 1812 падтрымаў французаў, загадаў служыць набажэнствы за Напалеона. Пасля выгнання акупантаў прыцягнуты да адказнасці па справе аб здрадзе, у 1813 пазбаўлены сану і сасланы простым манахам у Ноўгарад-Северскі і Спаса-Праабражэнскі манастыр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́РНЫ ПУНКТ,
1) у ваеннай справе — найбольш умацаваная і насычаная агнявымі сродкамі частка абарончага раёна (участка, пазіцыі), прыстасаваная для працяглай кругавой абароны ўзвода або роты. Ствараецца на ўчастках мясцовасці, зручных для назірання і вядзення эфектыўнага агню па праціўніку. Апорны пункт мае акопы, траншэі, укрыцці, загароды, хады зносін, пазіцыі для агнявых сродкаў штатных (узвода, роты) і прыдадзеных падраздзяленняў. Прамежкі паміж апорнымі пунктамі прыкрываюцца інж. збудаваннямі і агнём з усіх відаў зброі.
2) У геадэзіі і тапаграфіі — замацаваны на мясцовасці пункт у адзінай сістэме каардынат з планавым размяшчэннем і вышынёй, якая выкарыстоўваецца ў час правядзення геад. і тапагр. здымак (гл.Апорная геадэзічная сетка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНАЯ ЛАКА́ЦЫЯ,
выяўленне аддаленых аб’ектаў, вызначэнне іх месцазнаходжання, геам. памераў і скорасці руху з дапамогай эл.-магн. хваляў аптычнага дыяпазону (1014—1015Гц). Бывае пасіўная (пры ўласным выпрамяненні аб’екта) і актыўная (лазерная; пры адбіцці ад паверхні аб’екта выпрамянення лакацыйнай станцыі). Крыніца эл.-магн. выпрамянення для зандзіравання — лазер. Аптычная лакацыя адрозніваецца высокай раздзяляльнай здольнасцю (да доляў метра), высокай дакладнасцю ў вызначэнні вуглавых каардынатаў (да адзінак вуглавых секундаў) і скорасці аб’екта. Выкарыстоўваецца ў паветр. і касм. навігацыі, ваен.справе (навядзенне ракет, снарадаў), астраноміі (аптычная лакацыя планет), для даследавання стану атмасферы, дакладнага картаграфавання паверхні Зямлі, Месяца і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́СНЕВА ГРУ́ПА,
адна з першых с.-д. арг-цый у Расіі. Утворана ў 1889 у Пецярбургу ў выніку аб’яднання рэв. студэнцкіх і рабочых гурткоў. Наз. «Цэнтральны рабочы камітэт», «Рабочы саюз», пазней па імю кіраўніка групы М.І.Бруснева. Займалася прапагандай марксізму сярод рабочых. Кіравалася праграмай групы «Вызваленне працы». Мела сувязі з рэв. гурткамі многіх гарадоў, у т. л. Гродна і Вільні, якія дапамагалі ёй набываць л-ру для паліт. прапаганды. Адным з яе кіраўнікоў быў ураджэнец Ліды М.В.Алюшкевіч. У час сходкі 3.6.1893 арыштаваны кіраўнікі і частка членаў групы. Следства па справе Бруснева групы працягвалася каля 2 гадоў. Большасць прапагандыстаў была рэпрэсіравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЗНЕС-ПЛАН,
дакумент з абгрунтаваннем запланаванай камерцыйнай дзейнасці фірмы на пэўны перыяд. Распрацоўваецца супрацоўнікамі фірмы з дапамогай кансультантаў і, як правіла, з удзелам яе кіраўніка для абгрунтавання заявак на атрыманне крэдыту ў камерцыйных банках, распрацоўкі праектаў стварэння прыватных фірмаў, складання праспектаў эмісіі каштоўных папер (акцый і аблігацый), прыватных прадпрыемстваў і тых, якія прыватызуюцца. Мэта бізнес-плана: вывучэнне рынку збыту запланаванай прадукцыі (паслуг) з улікам іх колькасці і якасці, аналіз выдаткаў вытв-сці і ступень прыбытковасці запланаванага камерцыйнага мерапрыемства, аналіз магчымага развіцця падзей у запланаванай справе, у т. л. цяжкасцяў і шляхоў іх пераадолення, вылучэнне прыярытэтных паказчыкаў, па якіх можна ацаніць пачатак задуманага мерапрыемства.