тэорыя і практыка стварэння і паляпшэння сартоў і гібрыдаў раслін. Распрацоўвае спосабы ўздзеяння на расліны з мэтай змянення іх спадчынных якасцей у патрэбным кірунку. Звязана з сістэматыкай, марфалогіяй, фізіялогіяй, біяхіміяй раслін і інш.Тэарэт. аснова С.р. — генетыка раслін. Асн. метады С.р.: адбор, гібрыдызацыя, мутагенез, поліплаідыя. Перспектыўны кірунак С.р. — сінтэтычная С.р., заснавана на выкарыстанні з’явы трансгрэсіі (больш моцнае развіццё станоўчых якасцей у патомкаў у параўнанні з бацькоўскімі формамі) у гібрыдаў, што атрыманы скрыжаваннем некалькіх сартоў ці форм. На Беларусі навук. працы па С.р. вядуцца з канца 19 ст. (М.В.Рытаў, А.Семпалоўскі, К.Бяляўскі); планамерныя даследаванні — з 1920-х г. у Бел. аддзяленні Усесаюзнага ін-та раслінаводства, на Бел.с.-г. доследнай станцыі паляводства і інш. Да 1941 створаны бел. сарты і сабраны селекцыйны матэрыял палявых, агароднінных, пладовых і ягадных культур. Праблемамі С.р. займаюцца НДІ генетыкі і цыталогіі, аховы раслін і інш.Нац.агр.АН Беларусі, земляробства і кармоў, бульбаводства, гароднінаводства, пладаводства і інш.Нац.АН Беларусі. Створаны: сарты і гібрыды бульбы, капусты, якія спалучаюць прадукцыйнасць, хваробаўстойлівасць і макс. назапашванне пажыўных рэчываў; нізкарослыя і высокапрадукцыйныя сарты збожжавых культур; скараспелыя кукурузы; лёну і лубіну, устойлівыя да фузарыёзу і інш.Найб. вядомыя сарты бел. С.р.: азімага жыта — Спадчына, Завея-2, Дружба, Белта; ячменю — Жодзінскі-5, Крынічны, Прыма Беларусі, Візіт, Верас, Гонар; трыцікале — Дар Беларусі, Міхась, Мара, Лана; аўса — Вандроўнік; бульбы — Лазурыт, Явар, Скарб, Архідэя, Арбіта, Ласунак, Беларускі-3; лёну — Аршанскі-2; яблыні — Алеся, Антэй і інш. Шматлікія сарты бел. С.р. унесены ў нац. рэестры Расіі, Украіны, краін Балтыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЯХ-КАЧА́НСКІ (Вячаслаў Антонавіч) (24.12.1885, г.Лагойск Мінскай вобл. — 8.8.1976),
бел. і рас. спявак, хар. і тэатр. дзеяч, педагог. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1905) і Пецярбургскую кансерваторыю (1915). У 1905—10 працаваў настаўнікам на Віленшчыне і інш. З 1915 у трупе Марыінскага імператарскага т-ра, адначасова ў 1916—18 у Александрынскім драм. т-ры. У 1923—25 выкладаў у Муз.драм. ін-це ў Петраградзе. За 1915—23 выканаў больш за 20 вядучых партый, некат. разам з Ф.Шаляпіным. З 1924 выкладаў у оперным і хар. класах Мінскага муз. тэхнікума і кіраваў муз. падсекцыяй Інбелкульта, арганізаваў пры ёй бел.хар. студыйны калектыў (у 1927 паставіў першую на бел. мове оперу «Русалка» А.Даргамыжскага). З 1927 дырэктар БДТ-1, з 1930 заг.Бел.драм. курсаў, дырэктар Бел.тэатр. тэхнікума і Бел. тэхнікума сцэн. мастацтва. З 1933 на Украіне і ў Расіі. З 1943 узначальваў Мінскі гар.т-р, кіраваў аддзелам культуры і мастацтва Бел.нар. самапомачы і аддзелам мастацтва ў Бел.цэнтр. радзе. З 1944 у Германіі, з 1950 у ЗША, дзе займаўся арганізацыяй хароў і тэатр. груп, ладзіў канцэрты і спектаклі. Аўтар зб. песень «Спеўнік беларускага жаўнера» (1975).
Тв.:
Уласны жыцьцяпіс // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Нью-Йорк. 1999.
Літ.:
Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990;
Юрэвіч Л. Беларускі тэатр і драматургія на эміграцыі // Тэатр. творчасць. 1997. № 6;
1998, № 1;
Кекелева Т. Спявак Селях-Качанскі // Спадчына. 1999. № 2;
Селях С. Вядомы і забыты: Старонкі творчай біягр. Вячаслава Селяха // Мастацтва. 2001. № 5—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁРНС ((Burns) Роберт) (25.1.1759, Алаўэй, каля г. Эйр, Шатландыя — 21.7.1796),
шатландскі паэт. Першы зб. «Вершы, напісаныя пераважна на шатландскім дыялекце» (т.зв. «Кільмарнакскі зборнік», 1786). Пачынаў у рэчышчы сентыменталізму (паэма «Суботні вечар ласяляніна»), пазней палітра ўзбагацілася рысамі асветніцкага рэалізму і прэрамантызму. У лірыцы Бёрнса зліваюцца народна-песенная шатландская культура і традыцыі англ. асветніцкай л-ры, арганічна спалучаюцца фалькл.спадчына і дух высокай кніжнай паэзіі. Ён яскрава адлюстраваў не толькі побыт шатландскага сялянства (верш «Быў чэсны фермер бацька мой...»), але ўвасобіў неўміручы нар. дух (балада «Джон Ячменнае Зерне»), выявіў глыбіню пачуццяў простага чалавека (вершы «Каханне», «Начлег у дарозе» і інш.), выступіў з крытыкай сац., нац. і клерыкальнага прыгнёту (паэмы «Два пастухі», 1784; «Малітва святошы Вілі», 1785; вершы «Брус — да шатландцаў», «Шатландская слава», «За тых, хто далёка...», «Чэсная беднасць», «Дрэва Свабоды» і інш.). Мяккі гумар і задушэўны лірызм спалучаюцца ў яго паэзіі са злой іроніяй і сарказмам (асабліва ў эпіграмах). Аўтар поліфанічнай кантаты «Вясёлыя жабракі», вершаванай аповесці «Тэм О’Шэнтар». Збіраў і апрацоўваў шатландскія нар. песні для фалькл. зб-каў «Шатландскі музычны музей» (1787—1803), «Выбраны збор арыгінальных шатландскіх мелодый» (1793). Многія вершы Бёрнса сталі нар. песнямі. На бел. мову яго творы перакладалі Ю.Гаўрук, Я.Семяжон і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Шатландская слава: Выбр.Мн., 1957;
Вам слова, Джон Ячмень. Мн., 1983;
Рус.пер. — Роберт Бернс в переводах С.Маршака. Кн. 1—2. М., 1979;
Избранное. М., 1982.
Літ.:
Райт-Ковалева Р.Я. Роберт Бернс. М., 1965;
Елистратова Л.А. Роберт Бернс. 3 изд. М., 1965;
Колесников Б.И. Роберт Бернс: Очерк жизни и творчества. М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБ (Тамаш Тамашавіч) (19.3.1895, в. Паляны Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 25.1.1938),
бел.паліт. і культ. дзеяч, публіцыст. Вучыўся ў Пецярбургу. Скончыў філас.ф-т Карлава ун-та ў Празе (1928). У 1-ю сусв. вайну на фронце. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. Чл. Рады БНР і яе Выканаўчага к-та, нар. сакратар земляробства ва ўрадзе Я.Варонкі. Уваходзіў у Цэнтр.Бел. вайсковую раду. Быў дэлегатам 3-га Усерас. з’езда Саветаў (Петраград, студз. 1918). У 1919 выдаваў у Вільні газ.«Грамадзянін». Адзін з ініцыятараў стварэння і кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Арыштоўваўся польск. ўладамі летам 1919 у Гродне як супрацоўнік газ. «Родны край», вясной 1920 як чл. Мінскага падп. паўстанцкага к-та. З канца 1920 у эміграцыі ў Коўне (Каўнас), дзе ўдзельнічаў у выданні газ. «Сялянская доля»; з восені 1922 у Празе. Абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Пытанне народа і нацыі». Быў чл. замежнага бюро БПС-Р, сакратаром-кіраўніком Беларускага навуковага кабінета, удзельнічаў у рабоце Бел. рады ў Празе, Бел. культурнага т-ва імя Ф.Скарыны, Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый. У 1934—38 заг.Беларускага загранічнага архіва, складаў бібліяграфію па беларусазнаўстве. Друкаваўся ў час. «Перавясла», «Іскры Скарыны», «Студэнцкая думка», «Золак», «Бюлетэні загранічнай групы Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў». Аўтар брашуры «Прамова бунтаўшчыка аб сацыялізме» (1922—24, пад псеўд. Антон Небарака), артыкулаў па гісторыі, пытаннях бел. адраджэнскага руху. Апублікаваў урыўкі з рамана «Паўстанцы» (Іскры Скарыны. 1934. № 3). На бел. мову пераклаў брашуру «Аб кааперацыйным ідэале» М.Туган-Бараноўскага, на чэшскую — кн. «Дэмакратыя, дыктатура, сацыялізм» В.Чарнова.
Літ.:
Мядзёлка П. Сцежкамі жыцця: Успаміны. Мн., 1974;
Ліс А. Рыцар беларускай свабоды // Спадчына. 1995. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧАНО́К (Ігар Міхайлавіч) (н. 6.8.1938, г. Мар’іна Горка Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Нар.арт. Беларусі (1982). Нар.арт.СССР (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1961, клас А.Багатырова), у 1982—86 яе рэктар. З 1980 старшыня праўлення Бел. саюза кампазітараў. Працуе ў розных жанрах (вак,сімф., камерна-інстр., камерна-вак.), найб. плённа ў песенным. Асн. вобразная сфера яго песеннай творчасці — лірыка-рамантычная. Музыцы ўласцівы яркі меладызм і нац. самабытнасць. Сярод твораў: кантаты «Курган» на словы Я.Купалы і «Салдацкае сэрца» (абедзве 1962), «Невядомы салдат» (1970), «Зоры над соснамі» (1981), паэма-легенда «Гусляр» (1979), вак.-сімф. паэма «Вайна не патрэбна» (1983); уверцюра-фантазія для сімф.арк. (1975), стр. квартэт, саната для габоя і фп., саната і прэлюдыя для фп.; вак. цыклы «Сіні колер» (1965), трыпціх «Чалавеку патрэбна цішыня» (1966), цыкл рамансаў «О, Радзіма бацькоў» на вершы В.Дуніна-Марцінкевіча, М.Танка, Н.Гілевіча (1980), балады «Апасіяната» на словы Э.Агняцвет (1969), «Авэ Марыя» на словы М.Алтухова (1973); песні «Памяць сэрца», «Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Спадчына», «Алеся», «Вераніка», «Верасы», «Хатынь», «Каб камяні маглі гаварыць», «Пісьмо з 45-га», «Зачарованая мая», «Майскі вальс», «Світанак», «Белы бусел», «Я хаджу закаханы», «Пакуль на зямлі існуе каханне», «Мар’іна Горка», «Дарагія мае старыя» і інш.; хары, творы для эстр. аркестра; музыка для дзяцей, да драм. спектакляў, радыё- і тэлепастановак, тэле- і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.
Літ.:
Зубрыч І.І. Ігар Лучанок;
Кім Цесакоў. Мн., 1973;
Ауэрбах Л.Д. Белорусские композиторы: Е.Глебов, С.Кортес, Д.Смольский, И.Лученок. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЧЫНА,
галоўная форма зямельнай уласнасці ў сярэднявеччы. У гіст. л-ры тэрмінам «вотчына» абазначаюць комплекс зямельнай уласнасці феадалаў і звязаных з ёю правоў на залежных сялян. У сац.-эканам. значэнні вотчына — форма прысваення прыбавачнай працы сялян, аснова панавання феадалаў у сярэдневяковым грамадстве.
У краінах Еўропы склалася ў 8—9 ст. З фарміраваннем вотчыны ствараўся апарат прымусу (адміністрацыя, вотчынны суд). Сяляне, падначаленыя вотчыннай уладзе феадала, захоўвалі і абшчынную арганізацыю. Вотчына адрозніваліся эканам. структурай, памерамі, сац.-саслоўнай прыналежнасцю вотчыннікаў, юрыд. паходжаннем правоў. Аснова вытв. дзейнасці вотчыны — сял. гаспадарка. Для Зах. Еўропы тыповая вотчына напачатку з панскай гаспадаркай, у 16—17 ст. — без панскай гаспадаркі (чыстая вотчына). У краінах Цэнтр. і Усх. Еўропы з 14—15 ст. пашыралася паншчынная гаспадарка, разлічаная на збыт с.-г. прадукцыі на ўнутр. і знешнім рынках. На Русі вотчына пашырылася ў 11—15 ст. Для яе характэрна спадчыннасць правоў на зямлю. У адрозненне ад памесцяў, падараваных у часовае ўладанне, вотчыну можна было прадаць, падарыць, закласці, перадаць у спадчыну. Адрознівалі вотчыны радавыя, купленыя, падараваныя, княжацкія і інш. У 13—15 ст. вотчына — пераважная форма феад. зямельнай уласнасці. З сярэдзіны 14 ст. з умацаваннем велікакняжацкай улады і ўтварэннем Рус. цэнтраліз. дзяржавы правы вотчыннікаў абмяжоўваюцца. Указам 1714 юрыдычна аформлена зліццё вотчыны і памесця.
На Беларусі ў 14—16 ст. тэрмінам «вотчына» абазначалася зямельная ўласнасць, якая перайшла ў спадчыну ад бацькі дзецям. Таму вотчынай называлі ўладанні і феадалаў, і сялян. Прававы статус вотчыны феадалаў развіваўся ў 14—16 ст. і заканадаўча аформлены шэрагам велікакняжацкіх прывілеяў і статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588. З канца 16 ст. тэрмін «вотчына» выцясняецца раўназначнымі польск. тэрмінамі «dziedzictwo» (спадчына), «mienie ojczyste» (бацькоўская маёмасць) і інш., з канца 18 ст. — рус. тэрмінам «памесце», які абазначаў зямельную ўласнасць дваран незалежна ад спосабу яе набыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Антоні Генрык) (13.6.1775, Вільня — 7.4.1833),
палітычны дзеяч, мецэнат, кампазітар-аматар, спявак (тэнар). Сын Міхала Гераніма Радзівіла (гл. ў арт.Радзівілы). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це (да 1794). У 1796 ажаніўся з Фрэдэрыкай Луізай, прынцэсай Брандэнбургскай, пляменніцай прускага караля, і застаўся ў Прусіі. Пасля паўстання 1794 падтрымліваў планы адраджэння польскай дзяржавы на чале з каралём Прусіі Гогенцолернам, дзе сам разлічваў стаць віцэ-каралём, а Т.Касцюшка — галоўнакамандуючым. Выступаў за кааліцыю Прусіі, Расіі і Аўстрыі супраць Напалеона, стварэнне асобнай арміі з ураджэнцаў б. Рэчы Паспалітай. Ардынат нясвіжскі і алыцкі (1814). У 1815—33 намеснік прускага караля ў Вял.кн. Пазнанскім, ген.-паручнік. Трымаў у Берліне і Познані артыстычныя салоны. Быў выдатным віяланчэлістам і гітарыстам, іграў на інш.муз. інструментах, пісаў музыку, спяваў у аматарскіх спектаклях («Вялікі дзень у замку, альбо Сцэны трубадураў з 1148 года»; паст. у час Венскага кангрэса 1815). Пісаў рамансы (у т. л. з «Вільгельма Майстэра» І.В.Гётэ), вак. дуэты і трыа, фп. творы (вальсы, паланэзы), хары (у сучасным рэпертуары хар. калектываў Берлінскай акадэміі музыкі). Набыў вядомасць як кампазітар оперы «Фауст» (лібрэта Гётэ). Падтрымліваў кантакты з вядомымі кампазітарамі. Свае творы яму прысвяцілі Л.Бетховен («Імянінная» уверцюра), Ф.Мендэльсон (фп. квартэт), Ф.Шапэн (фп. трыо g-moll), М.Шыманоўская (серэнада для фп. і віяланчэлі). На Беларусі фрагменты оперы «Фауст» упершыню паказаны ў 1995 у Нясвіжы «Беларускай капэлай», у 1999 цалкам Нац.акад. т-рам оперы, запісана на радыё.
Літ.:
Скорабагатаў В. Беларускі «Фауст» // Спадчына. 1995. № 1;
Яго ж. Лёс падарыў Гётэ музыку Радзівіла // Мастацтва. 1995. № 4;
Собалева Н. Агмень родавы, агмень культурны: (Жыцьцё, дзейнасць і атачэньне Антонія Генрыка Радзівіла) // Там жа. № 8;
Яе ж. «Геніяльная парывістая кампазіцыя...» // Там жа. № 9;
Jachimecki Z., Pozniak W. Antoni Radziwilł i jego muzyka do Fausta. Kraków, 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДЗЕВІЧ (Леапольд Іванавіч) (12.6.1895, фальварак Кур’янаўшчына, цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. — 1938?),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Брат Ч.І.Родзевіча. Вучыўся ў Камуніст. ун-це нац. меншасцей Захаду (1923—24). З 1910 у Вільні, уключыўся ў бел.культ.-асв. і грамадскі рух. Удзельнічаў у Беларускім музычна-драматычным гуртку, выступаў у Першай беларускай трупе Ігната Буйніцкага. У 1917 мабілізаваны ў армію. У час польск. акупацыі 1919—20 працаваў пісарам Бел. вайсковай камісіі ў Мінску. З прыходам сав. улады ў апараце Наркамата земляробства БССР, потым пераехаў у Вільню. У 1921—23 кіраваў Беларускай драматычнай майстроўняй, рэдагаваў газ.«Беларускі звон», «Наша будучыня». У 1922 увайшоў у Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю (БРА), чл. яе ЦК. У 1923 арыштаваны польск. ўладамі. Адзін з ініцыятараў аб’яднання БРА з КПЗБ; з 1923 чл.ЦККПЗБ. З 1924 сакратар Гродзенскага акр.к-таКПЗБ. У 1925—33 рэдактар газ.«Чырвоны сцяг», час.«Бальшавік». На II канферэнцыі КПЗБ (ліст. 1924) далучыўся да сэцэсіі. З восені 1925 у Мінску, кіраваў замежнай рэдакцыяй прадстаўніцтва ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б, быў рэдактарам «Бюлетэня ЦККПЗБ», членам Камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АНБССР. У 1933 арыштаваны па справе т.зв. Бел.нац. цэнтра. Да 1938 знаходзіўся ў Саратаве. У 1938 паўторна арыштаваны (дакладныя дата і месца смерці невядомы). Рэабілітаваны ў 1956. Аўтар драм «Блуднікі» (1912, надрук. ў 1960), «Пакрыўджаныя» (1916, надрук. ў 1921), вадэвіляў, у т. л. «Збянтэжаны Саўка» (1921), «Багаты і бедны» (1922), паэт. зб-каў «Беларусь» (1922), «На паняволеных гонях» (1928) і інш.
Літ.:
Хаўратовіч І. Ён заслужыў добры ўспамін аб сабе // Полымя. 1965. №9;
Ліс А. Паміж літаратурай і палітыкай: драма аднаго рамантыка // Спадчына. 1997. №3. Bergman A. Leopold Rodziewich // Bergman A. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej Warszawa, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ТВО́РЧАСЦЬ»,
шматтомнае навук. выданне бел. фальклору. Выдаецца з 1970 Ін-там мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы АН Беларусі. Уключае матэрыялы з друкаваных крыніц і архіваў Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы. Апубл. шмат тэкстаў з палявых запісаў фалькларыстаў 1920—90-х г. Матэрыялы ў тамах падабраны паводле жанравага прынцыпу. Ва ўступных артыкулах раскрыта гісторыя збірання і публікацыі жанру, ідэйна-тэматычныя і маст. яго асаблівасці. У песенных тамах прыведзены самыя характэрныя ўзоры меласу дадзенага жанру. Выданне сведчыць пра багацце бел. вуснапаэт. творчасці, вял. ўклад бел. народа ў скарбніцу сусв. паэтычнай і муз. культуры.
Выдадзены: «Песні савецкага часу» (1970), «Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі» і «Радзінная паэзія» (1971), «Дзіцячы фальклор» і «Загадкі» (1972), «Чарадзейныя казкі» (ч. 1—2, 1973—78), «Жартоўныя песні» і «Жніўныя песні» (1974), «Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі» (1975), «Сацыяльна-бытавыя казкі» (1976), «Прыказкі і прымаўкі» (кн. 1—2, 1976), «Балады» (кн. 1—2, 1977—78), «Песні пра каханне» і «Вяселле: Абрад» (1978), «Веснавыя песні» і «Выслоўі» (1979), «Валачобныя песні» (1980), «Вяселле: Песні» (кн. 1—6, 1980—88), «Восеньскія і талочныя песні» (1981), «Народны тэатр» і «Легенды і паданні» (1983), «Жарты, анекдоты, гумарэскі» і «Сямейна-бытавыя песні» (1984), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985), «Пахаванні. Памінкі. Галашэнні» (1986), «Сацыяльна-бытавыя песні» (1987), «Казкі ў сучасных запісах», «Беларуская народная інструментальная музыка» і «Прыпеўкі» (усе 1989), «Земляробчы каляндар: (Абрады і звычаі)» і «Вяселле: Мелодыі» (1990), «Замовы» і «Паэзія беларускага земляробчага календара» (1992), «Жаніцьба Цярэшкі»(1993).
Літ.:
Синявець О.І. Перші книги багатотомної серії «Білоруська народна творчість» // Народна творчість та етнографія. 1973. № 1;
Гусев В.Е. Многотомное издание белорусского фольклора // Сов. этнография. 1979. №1;
Тарасюк Л. Нам засталася спадчына // Мастацтва Беларусі. 1986. №8;
Конон В. Фольклор и современность // Нёман. 1988. №3;
Саламевіч Я. Беларускія казкі пра жывёл // Полымя. 1972. №1;
Яго ж. Поэзия белорусских хресьбин // Нёман. 1972. №2;
Яго ж. Помнік народнага мудраслоўя // Полымя. 1987. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАМС ((Brahms) Іаганес) (7.5.1883 7.5.1833, г. Гамбург, Германія — 3.4.1897),
нямецкі кампазітар, піяніст, дырыжор. Музыцы навучаўся ў бацькі. З 1862 у Вене, выступаў як піяніст, пазней і як харавы дырыжор у Пеўчай капэле і Т-ве сяброў музыкі. З сярэдзіны 1870-х г. прысвяціў сябе пераважна творчай дзейнасці, выступаў як дырыжор і піяніст з выкананнем уласных твораў. Яго муз.спадчына ахоплівае многія жанры (за выключэннем оперы). 4 сімфоніі Брамса, асабліва апошняя (1885), у ліку вяршынь сімфанізму 2-й пал. 19 ст. Цыклічную кампазіцыю сімфоніі ён разумеў як інстр. драму, часткі якой аб’яднаны пэўнай ідэяй. Да сімфоній па маст. значнасці прымыкаюць і яго інстр. канцэрты, трактаваныя як сімфоніі з саліруючымі інструментамі (самыя вядомыя скрыпічны, 1878, і 2-і фп., 1881, канцэрты). З вак.-аркестравых твораў найб. значны «Нямецкі рэквіем» (1868) з эпічным размахам і пранікнёнай лірыкай. У вакальнай музыцы важнае месца займаюць апрацоўкі нар. песень (каля 100). Лепшым камерна-інстр. творам уласцівы героіка-эпічныя рысы і адначасова суб’ектыўна-лірычная накіраванасць (фп. трыо, фп. квінтэт, санаты для скрыпкі і віяланчэлі з фп. і інш.). Фартэпіянныя творы вылучаюцца кантрапунктычна развітой фактурай, тонкай матыўнай распрацоўкай. У фп. вальсах і «Венгерскіх танцах» выявілася захапленне Брамса венг. фальклорам. Сярод інш. твораў: «Песня лёсу» і «Трыумфальная песня» (1871), кантата «Рынальда» (1868), «Рапсодыя» (1869, усе для хору з арк.); 2 серэнады, «Варыяцыі на тэму І.Гайдна», «Акадэмічная» і «Трагічная» уверцюры (1881, усе для арк.); канцэрты для фп., скрыпкі і віяланчэлі (1887); камерна-інстр. ансамблі — санаты для скрыпкі і фп., віяланчэлі і фп., клавесіна і фп., 3 фп. трыо, 3 стр. квартэты, 2 стр. квінтэты, фп. квінтэт; санаты, варыяцыі, балады, фантазіі, рапсодыі і інш. для фп.; для аргана — 11 харальных прэлюдый і інш.; каля 60 мяшаных хароў; для голасу з фп. — 60 вак. квартэтаў, 20 дуэтаў, каля 200 рамансаў і песень і інш.
Тв.:
Briefwechsel. Bd. 1—16. Berlin, 1908—22.
Літ.:
Гейрингер К. Иоганнес Брамс: Пер. с нем. М., 1965;
Грасбергер Ф. Иоганнес Брамс: Пер. с нем. М., 1980;