навука аб народанасельніцтве і заканамернасцях яго развіцця. Па матэрыялах статыстыкі вывучае: рух і развіццё насельніцтва (нараджальнасць, смяротнасць, прырост, міграцыйныя працэсы, прагноз яго колькасці, складу, размеркавання, шлюбнасць, сям’ю, дзярж. і грамадскія ступені ўплыву на дэмаграфічныя працэсы); насельніцтва і эканам. развіццё (суадносіны эканам. і дэмаграфічнага росту, праблемы і крытэрыі занятасці, дэмаграфічныя праблемы выкарыстання прац. рэсурсаў, іх прафес. і кваліфікацыйны склад, эканам. ўмовы развіцця і ўзнаўлення насельніцтва); насельніцтва і прыродныя рэсурсы і інш. Падзяляецца на дэскрыптную (апісвае насельніцтва на аснове стат. звестак), эканамічную і сацыяльную (даследуе сувязі паміж дэмаграфічнымі, эканам. і сац. працэсамі), гістарычную (гісторыя развіцця народанасельніцтва), матэматычную (апісвае дэмаграфічныя працэсы і структуры з дапамогай матэм. мовы), патэнцыяльную (агульную колькасць чалавека-гадоў, якія належыць пражыць людзям, што ўваходзяць у пэўную сукупнасць), вайсковую (вайсковы патэнцыял краіны ў сувязі з эканам. і тэхн. патэнцыялам, яго выкарыстанне ў мірны і ваен. час) і інш. Цесна звязана з этнаграфіяй, экалогіяй, біяметрыяй, генетыкай народанасельніцтва і інш. Праз метады стат., матэм. і ўласна дэмаграфічныя Д. распрацоўвае тэорыю ўзнаўлення насельніцтва, дэмаграфічныя прагнозы, абгрунтоўвае дэмаграфічную палітыку. Найб. поўнай крыніцай інфармацыі з’яўляецца перапіс насельніцтва.
Пачынальнікам навукі Д. лічыцца Дж.Граўнт (1620—74). Вялікі ўклад у развіццё Д. зрабілі англ. (У.Пеці, Т.Р.Мальтус, Г.Спенсер), ням. (І.П.Зюсмільх, В.Лексіс, Г.Ф.Кнап, Р.Р.Кучынскі), франц. (А.Дэпарсьё, Ж.Бертыльён), амер. (Р.Пірл, А.Дж.Лотка), галанд. (В.Керсебом), швед. (П.В.Варгенцін), бельг. (А.Кетле), рас. (Д.Бернулі, М.В.Ламаносаў, Л.Эйлер, І.Ф.Герман, К.Ф.Герман, В.І.Грабеншчыкоў, В.Я.Бунякоўскі, Г.В.Пляханаў, М.В.Птуха, С.А.Навасельскі) вучоныя.
На Беларусі дэмаграфічныя даследаванні пачаліся ў 1880-я г. (праводзілі медыкі-гігіеністы Л.І.Галынец, А.А.Бекарэвіч, В.В.Кошалеў, С.М.Урванцоў). У савецкі час аналізаваліся матэрыялы перапісаў 1923 і 1926, натуральны рух насельніцтва, асаблівасці яго ўзнаўлення, пытанні сям’і і шлюбу і інш. (С.Слупскі, Д.М.Паслаўскі, С.Я.Вальфсон, Б.Я.Смулевіч). У 1960—70-я г.гал. цэнтрам вывучэння дэмаграфічных пытанняў стаў НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР. Дэмаграфічнымі пытаннямі займаюцца Камітэты па народанасельніцтве і міграцыі; міграцыйная служба, НДІ і аддзелы дэмаграфіі пры Мін-ве статыстыкі і аналізу, Мін-ве працы, Нац.АН. Праблемы Д. даследуюць А.А.Ракаў, С.А.Польскі, Л.П.Шахоцька, Л.І.Спіжанкоў, Б.А.Манак, М.Р.Юркевіч, А.Н.Пешкава, Г.Ц.Максімаў, І.В.Насонава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА РАСЛІ́Н,
1) комплекс дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні асобных відаў і ўсёй сукупнасці дзікарослых раслін, уключае ахову генафонду, фітацэнозаў, біягеацэнозаў у цэлым і інш. рэсурсаў расліннага свету, састаўная частка аховы прыроды і праблемы захавання біял. разнастайнасці Зямлі. Уключае ахову лясоў, ахову расліннага покрыва, зялёных насаджэнняў, балотнай і лугавой расліннасці, лек., асабліва ахоўных раслін і інш. Ахова рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў раслін ажыццяўляецца ў адпаведнасці са спісам, прапанаваным Міжнар. саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), Еўрапейскім Чырвоным спісам рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў раслін, рэгіянальнымі і нац. Чырвонымі кнігамі праз увядзенне забароны на іх збіранне, праз аднаўленне колькасці, утварэнне асабліва ахоўных прыродных тэрыторый ў месцах іх росту, абвяшчэнне помнікамі прыроды асобных месцаў іх росту, штучнае развядзенне некат. відаў, уключэнне адпаведных палажэнняў у праекты леса- і землеўпарадкавання.
На Беларусі ахова раслін рэгулюецца законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), парадкам выдачы дазволаў на збіранне раслін з відаў, занесеных у Чырвоную кнігу, адпаведнымі палажэннямі зямельнага, воднага і ляснога заканадаўства, міжнар. пагадненнямі, канвенцыямі і інш. У адпаведнасці з канвенцыяй аб міжнар. гандлі відамі дзікай фауны і флоры, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, забаронены збіранне, продаж і купля ўсіх відаў сям. ятрышнікавых, лабеліі Дортмана і воўчніка баравога. Ахова некат. гаспадарча карысных відаў раслін і грыбоў ажыццяўляецца ліцэнзаваннем, правядзеннем біятэхн. мерапрыемстваў, увядзеннем часовых забарон на збіранне асобных відаў. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове раслін ажыццяўляюць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Мін-ва лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь з залучэннем грамадскасці. Адной з формаў аховы раслін з’яўляецца вырошчванне і развядзенне рэдкіх і гаспадарча карысных відаў на спец. участках, у гадавальніках, бат. садах і гэтак далей.
2) Галіна с.-г. навукі, якая распрацоўвае метады і спосабы барацьбы з хваробамі і шкоднікамі с.-г. культур і лясных парод, з пустазеллем. Прадугледжвае комплекс мерапрыемстваў у сельскай і лясной гаспадарцы, накіраваных на павелічэнне ўраджаю і зберажэнне якасці прадукцыі за кошт ліквідацыі страт ад шкодных арганізмаў, а таксама на прадухіленне біял. забруджвання навакольнага асяроддзя. Асн. задача — знішчэнне шкодных для сельскай і лясной гаспадаркі арганізмаў або абмежаванне іх дзейнасці (гл.Каранцін). Ахову тэр. Беларусі ад пранікнення каранцінных шкоднікаў, хвароб і пустазелля, каранцінныя мерапрыемствы ажыццяўляе Бел.дзярж. каранцінная інспекцыя. Дзярж.служба аховы раслін праводзіць практычныя мерапрыемствы па ахове ў калгасах, саўгасах, арг-цыях, установах, на прадпрыемствах, а таксама на прысядзібных участках, у калект. садах і агародах. Распрацоўку сістэм мерапрыемстваў па барацьбе са шкоднікамі, хваробамі і пустазеллем, метадычнае кіраўніцтва вытв. службай па ахове раслін ажыццяўляе Аховы раслін Беларускі НДІ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІНІ́ЗМ,
від спорту, узыходжанне на цяжкадаступныя горныя вяршыні ў спартыўных ці інш. мэтах.
Афіц. гісторыя альпінізму пачынаецца з 1786 (узыходжанне швейцарцаў Ж.Бальмы і М.Пакара на Манблан у Альпах). З 2-й пал. 19 ст. ўзнікаюць альпінісцкія клубы ў Англіі, Аўстрыі, Італіі, Швейцарыі, Расіі і інш. Да канца 19 ст. ў Альпах былі адолены многія вяршыні, пракладзены складаныя маршруты. Па меры вывучэння і даследавання інш. горных сістэм, удасканалення сродкаў зносін пашыралася геаграфія альпінізму, які актыўна развіваецца з 1950-х г. пасля пакарэння найвышэйшых вяршыняў свету (гл.табл.).
Альпінізм патрабуе добрай фізічнай і спец. падрыхтоўкі, спец. адзення, абутку, харчавання для жыццезабеспячэння ва ўмовах высакагор’я і адпаведнага рыштунку (вяроўкі, ледарубы, скальныя і лёдавыя кручкі, карабіны і інш.) для страхоўкі спартсменаў. Пры ўзыходжанні на вяршыні вышынёй больш за 8 000 м часта выкарыстоўваюць кіслародныя апараты. У альпінізме прынята класіфікацыя маршрутаў паводле іх складанасці (усяго 6 катэгорый). Альпінісцкую падрыхтоўку атрымліваюць у спец. альплагерах ці школах. Узыходжанні робяць, як правіла, у складзе групы, з інструктарам або гідам-правадніком (на пач. этапе) ці самастойна. У горных раёнах дзейнічае спец. горнавыратавальная служба. Нац. федэрацыі і альпінісцкія саюзы розных краін аб’яднаны (з 1932) у Міжнар. саюз альпінісцкіх асацыяцый (УІАА). Праводзяцца альпініяды.
На Беларусі альпінізм развіваецца з 1950-х г. Дзейнічае (з 1955) федэрацыя альпінізму і скалалажання. З 1973 праводзіцца першынство краіны па альпінізму. Бел. альпіністы — удзельнікі і прызёры чэмпіянатаў СССР і СНД па альпінізму. Імі зроблены ўзыходжанні на вышэйшыя (больш за 8000 м) вяршыні свету ў Гімалаях: Э.Ліпень (Джамалунгма, 1990, 1993, Шыша-Пангма, 1992, разам з І.Велянковай), В.Кульбачэнка (Канчэнджанга, 1994). Восенню 1994 адбылася першая бел. экспедыцыя (з удзелам рас. і балг. альпіністаў) у Гімалаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЙКА (Алег Антонавіч) (н. 1.5.1931, г. Слонім Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік, літ.-знавец, крытык. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1989). Д-рфілал.н. (1969), праф. (1971). Скончыў БДУ (1953), працуе ў ім (з 1985 заг. кафедры бел. л-ры). З 1996 адначасова выкладае ва ун-це ў г. Седльцы (Польшча). Друкуецца з 1943. Паэзіі Л. ўласцівы рамантычна-ўзнёслае светабачанне, мяккі гумар, сувязь з фальклорам, сцвярджэнне маральных прынцыпаў народа, роздум над складанымі праблемамі часу (зб-кі «На юначым шляху», 1959; «Блакітнае азерца», 1965; «Дзівасіл», 1969; «Шчырасць», 1973; «Няроўныя даты», 1983; «Грайна», 1986; «Талая вясна», 1990; «Трэці золак», 1993, і інш.). Распрацоўвае гіст. тэматыку: паэмы «Белая вежа» (1969), «Лясун» (1971) і інш. Тэме Вял.Айч. вайны прысвечаны паэмы «Хлопец над вогненным плёсам» (1963), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1985), драматызаваная паэма «Вяселле — заўтра» (1993) і інш. Развівае жанр балады (зб. «Балады вайны і міру», 1988). У дакумент.-маст. рамане «Як агонь, як вада...» (1984, 2-я рэд. 1992; пад назваю «Янка Купала» выдаваўся ў серыі «Жыццё выдатных людзей» у 1982) стварыў рамантызаваны, псіхалагічна праўдзівы вобраз нар. песняра. Жыццю і дзейнасці бел. першадрукара прысвечаны інтэлектуальна-філас. раман-эсэ «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае» (1990; пад назваю «Скарына» выдаваўся ў серыі «Жыццё выдатных людзей» у 1989, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1990), аповесць «Скарына на Градчанах» (1990). Аўтар аповесці «Кельты не ўміраюць...» (1997). Даследуе сучасную паэзію («Сустрэчы з днём сённяшнім», 1968; «Паэзія і час», 1981), праблемы рэалізму і рамантызму, фалькларызму паэзіі, заканамернасці развіцця бел. лірыкі і эпасу, літ. сувязі. Выдаў дапаможнік для ВНУ «Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд» (ч. 1—2, 1977——80, 2-е выд. 1989), адзін са складальнікаў хрэстаматыі «Беларуская літаратура XIX ст.» (1971, 2-е выд. 1988). Піша для дзяцей (зб-кі «Як Тоня рэха шукала», 1962; «Каля млына», 1972; «Дзе хто начуе?», 1977; «Кніжка Надзейкі», 1987, і інш.). Пераклаў на бел. мову творы П.Верлена (зб. «У месяцавым ззянні», 1974), І.В.Гётэ (зб. «Спатканне і ростань», 1981), Ф.Шылера (зб. «Улада песняспеву», 1997), рус., укр., польск., літ. і інш. паэтаў.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1992;
Калі ў дарозе ты...: Выбранае. Мн., 1971;
Скрыжалі: Выбранае. Мн., 1981;
Пралескі ў акопах. Мн., 1987;
Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;
Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.Мн., 1963 (разам з Н.Перкіным);
«Новая зямля» Якуба Коласа. Мн., 1961;
Максім Багдановіч. Мн., 1966;
Беларуская паэзія пачатку XX ст.Мн., 1972;
Традыцыі літаратуры старажытнай Русі ў беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд.Мн., 1982 (разам з В.Чамярыцкім, А.Коршунавым).
Літ.:
Кароткая Л. Жывое, роднае... Мн., 1989. С. 61—84;
Сіненка Г. Насуперак канону. Мн., 1997;
Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974. С. 141—152;
Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982. С. 187—205;
Саламевіч Я. У славу Янкі Купалы // Маладосць. 1985. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКІ́ (цюрк., удалец, вольны чалавек),
казацтва, 1) вольныя людзі — жыхары паўд. ускраін Усх. Еўропы ў канцы 15 — пач. 18 ст., потым асобае ваен. саслоўе ў Расійскай імперыі ў 18 — пач. 20 ст., якое валодала зямлёй пры ўмове абавязковай воінскай павіннасці. Утвараліся ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай са збеглых сялян, у т. л. з Беларусі, і пасадскіх людзей, што сяліліся ў нізоўях Дняпра, у т.зв.Дзікім полі. У сярэдзіне 16 ст. князь Дз.І.Вішнявецкі заснаваў Запарожскую Сеч. У сярэдзіне 17 ст. вярхі К. мелі намер ажыццявіць ідэю стварэння ўкр. дзяржавы з уключэннем у яе склад паўд.-ўсх. зямель Беларусі. Спробы рэалізацыі ідэі мелі месца ў час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З канца 15—16 ст. уздоўж Дона, Церака, Волгі і Урала ствараліся самакіравальныя абшчыны К. (як і ўкр., мелі выбарных атаманаў і кіруючы орган — старшыну). У канцы 17 — пач. 18 ст. яны падпарадкаваны рас. ўладамі; узнікла саслоўе К. (уключала К.-воінаў і іх сем’і). Найбольшай ваен.-адм. адзінкай К. было войска (стваралася і з рус. перасяленцаў для аховы межаў дзяржавы ў Сярэдняй Азіі, Сібіры і на Д. Усходзе). У пач. 20 ст. было 11 войскаў (Данское, Кубанскае, Арэнбургскае, Забайкальскае, Сямірэчанскае, Церскае, Сібірскае, Астраханскае, Усурыйскае, Уральскае, Амурскае), больш за 4,4 млн. К., у т. л. 474 тыс. на службе (1916). З 1874 К. адбывалі воінскую павіннасць ва ўзросце 18—38 гадоў і падзяляліся на падрыхтоўчы, страявы і запасны разрады, у 1909 тэрмін іх службы скарочаны на 2 гады; зброю, коней і амуніцыю К. набывалі за свой кошт. У грамадз. вайну К. падтрымлівалі пераважна «белы» рух. У 1920 казацтва ліквідавана як саслоўе, да 1936 служба К. у Чырв. Арміі абмежавана. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па аднаўленні самакіравання і культ. традыцый К.
2) Тып войска (пераважна лёгкая нерэгулярная конніца) у ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расіі і СССР. У войску ВКЛ і Рэчы Паспалітай К. — атрады ўкр. К., нанятыя на службу каралём і вял. князем, або наёмная конніца, узброеная «па-казацку» (шабля, піка, стрэльба, панцыр). Апошніх, у адрозненне ад запарожцаў, называлі «панцырнымі» К. (у 17 ст. складалі больш за палавіну конніцы Рэчы Паспалітай). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 дзейнічаў (1654—55) Бел. казацкі полк, сфарміраваны магілёўскім шляхціцам К.Паклонскім. У Расіі ў 14 — пач. 18 ст. былі і служылыя К. — вольныя людзі, якія за грошы або за права карыстання зямлёй неслі ваен. службу ў аддаленых раёнах краіны (гарадавыя К., вартавыя К.), як і стральцы, але мелі падначаленых ваяводам выбарных атаманаў. У той жа час падобныя служылыя К. былі і ў ВКЛ. У 16—17 ст. у баявых дзеяннях рас. войск удзельнічалі атрады вольных К. Пазней казацкія войскі выстаўлялі пэўную колькасць конных, пешых і артыл. часцей, каманды для паліцэйскай службы. Конны казацкі полк складаўся з 4—6 соцень, брыгада — з 2—3 палкоў. Пешыя (з 1842 пластунскія) падраздзяленні зводзіліся ў батальёны. У 1-ю сусв. вайну (да 1917) К. выставілі 164 конныя палкі, 54 артыл. батарэі, 30 пластунскіх батальёнаў, 179 асобных соцень і інш. (усяго 200 тыс.чал.). У 1920 як саслоўе скасаваны, адначасова праводзілася палітыка «расказачвання», якая суправаджалася рэпрэсіямі. 20.10.1936 ЦВКСССР адмяніў абмежаванні для службы К. у Чырв. Арміі. Перад Вял.Айч. вайной сфарміраваны казацкія кав. дывізіі, а ў вайну (снеж. 1941) — і карпусы. Ням.-фаш. войскі мелі ў сваім складзе конныя і пешыя «казацкія» часці з ваеннапалонных і добраахвотнікаў — ураджэнцаў казацкіх абласцей пераважна для барацьбы з партызанамі, у т. л. і на Беларусі. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па фарміраванні новых казацкіх часцей. Асобныя казацкія фарміраванні ўзнікалі стыхійна і ўдзельнічалі ва ўзбр. канфліктах на тэр.б.СССР (напр., у Прыднястроўі). Спробы стварэння невял. грамадскіх аб’яднанняў К. прадпрымаюцца ў 1990-я г. на Беларусі (напр., у Віцебску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДУ́ЛІН (Рыгор Іванавіч) (н. 24.2.1935, в. Гарадок Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, перакладчык. Нар. паэт Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1959). Працаваў у перыяд. друку, з 1969 у выд-ве «Беларусь», з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асн. змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959). Выдаў каля 40 кніг лірыкі, сатыры, зб-каў для дзяцей. У ранняй творчасці (кн. лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!», 1961; «Нагбом», 1963; «Неруш», 1966; «Адам і Ева», 1968) данёс да чытача трываласць асноў нар. маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці бел. народа, у яго багатай духоўнасці. У паэзіі асэнсоўвае асн. змест эпохі: вайну, убачаную дзіцячымі вачыма, клопат пасляваен. дачаснага ўзмужнення падлеткаў, сённяшні і заўтрашні дзень планеты. У вершах «Жароўня», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Цялушка», «Палата мінёраў», «Скрыпачы» і інш. — старонкі біяграфіі пакалення дзяцей вайны, што вырастаюць да маштабнага асэнсавання трагізму жыцця бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай нар. творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Барадуліна. У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці нашага народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манум. вобразы Маці, Радзімы, Бацькаўшчыны. Многія вобразы ранняй лірыкі нярэдка маюць працяг у пазнейшых творах (зб-кі «Маўчанне перуна», 1986; «Самота паломніцтва», 1990; «Міласэрнасць плахі», 1992; «Евангелле ад Мамы», 1995). У апошніх кнігах узмацняецца гучанне біблейскіх матываў. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы, малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэнне бел. нацыі. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў «Трыкірыі». Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыстычных твораў «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі...» (1977), «Амплітуда смеласці» (1983), «Мудрэц са ступаю» (1988) і інш., эпіграм на дзеячаў бел. л-ры і мастацтва (альбом «Няўрокам кажучы», 1971, шаржы М.Лісоўскага; «Абразы́ без абра́зы», 1985, шаржы К.Куксо); твораў для дзяцей (зб-кі «Мех шэрых, мех белых», 1963; «Красавік», 1965; «Экзамен», 1969; «Ай! Не буду! Не хачу!», 1971; «Што было б тады б, калі б?», 1977; «Ці пазяхае бегемот?», 1981; «Азбука не забаўка», 1985, і інш.), зб. артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987). На бел. мову пераклаў п’есу «Ветрык, вей!» Я.Райніса, зб-кі твораў А.Вазнясенскага «Небам адзіным» (1980), І.Драча «Мелодыя каліны» (1981), Г.Містраль «Ветраліст» (1984), Умара Хаяма «Рубаі» (1989), «Слова пра паход Ігаравы» (1986), паасобныя творы У.Шэкспіра, Дж.Байрана, П.Нэруды, Н.Гільена, А.Міцкевіча, В.Каратынскага, У.Бранеўскага, С.Нерыс, О.Вацыеціса, С.Паптонева, С.Ясеніна, Я.Еўтушэнкі, Б.Акуджавы, Б.Ахмадулінай, М.Нагнібеды, Р.Гамзатава і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976 за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці» (1974). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1976 за зб. вершаў «Рум» (1974) і кнігу перакладаў выбр. лірыкі Ф.Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975). Песні на словы Барадуліна напісалі І.Барсукоў, Г.Вагнер, З.Галубіцкая, Я.Глебаў, У.Журовіч, М.Наско, Дз.Смольскі, М.Хаўхлянцаў і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1984;
Свята пчалы. Мн., 1975;
Белая яблыня грому. Мн., 1979;
Вечалле. Мн., 1980;
Паэмы прызвання. Мн., 1982;
Трэба дома бываць часцей... Мн., 1995.
Літ.:
Гарэлік Л.М. Зямля бацькоў дала мне права. Мн., 1983;
Клышка А. Адзін з майго пакалення // Клышка А. Права на верш. Мн., 1967;
Шклярэўскі І. Жывая душа: Фрагменты да літ. партрэта Рыгора Барадуліна // Полымя. 1970. № 2;
Зуёнак В. Лінія высокага напружання // На стрыжні часу. Мн., 1973;
Яго ж. Неба тваіх вачэй: Маналог з Ушаччыны // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983;
Арочка М. Нагбом з глыбінь // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;
Бечык В. Неабходнасць прыгожага // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Яго ж. Свет увесь жывы табой... // Бечык В. Перад высокаю красою... Мн., 1984;
Караткевіч У. Шчыравала ў бары пчала... // Полымя. 1977. № 1;
Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 74—90;
Сямёнава А. «Шчаслівай зоркі самародак...» // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Лойка А. Па законах таленту // Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Семашкевіч Р. Ганчарны круг паэта // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;
Стральцоў М. Ад маладзіка да поўні // Барадулін Р. Выбр.тв.Мн., 1984. Т. 1;
Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 94—110.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЧЫГУ́НКА,
вытворча-эксплуатацыйнае падраздзяленне трансп. комплексу Рэспублікі Беларусь. У сучасных межах дзейнічае з 1953. У снеж. 1991 аддзялілася ад адзінай чыгункі б.СССР і стала самастойная. Агульная эксплуатацыйная даўж. чыгункі 5542,8 км, з іх 875 км электрыфікавана (1995).
У канцы 19 ст. Беларусь стала адным з самых развітых чыгуначна-транспартных рэгіёнаў Рас. імперыі. За 1860—80 тут здадзена ў эксплуатацыю больш за 2 тыс.кмчыг. ліній, на пач. 20 ст. — яшчэ каля 1 тыс.км. У 1913 даўжыня чыг. сеткі перавышала 3,8 тыс.км. Паскоранае буд-ва чыгунак абумоўлена эканам. і ваенна-паліт. інтарэсамі Расіі ў перыяд яе капіталіст. развіцця і геагр. размяшчэннем Беларусі. Першая на Беларусі чыг. лінія Парэчча—Гродна (30 км) і далей да сучаснай граніцы з Польшчай пачала дзейнічаць у 1862 як частка Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1866—69 пабудаваны чыг. ўчастак Завольша—Віцебск—Полацк—Бігосава (уваходзіў у склад Рыга-Арлоўскай чыгункі). Але пачаткам развіцця беларускай чыгункі лічыцца 1871, калі ў эксплуатацыю здадзена магістраль Смаленск—Мінск—Брэст, якая на вузлах Орша, Мінск, Баранавічы, Брэст аб’яднала лініі розных напрамкаў і вызначыла асн. кірункі фарміравання беларускай чыгункі. У 2-й пал. 19 ст. пракладзена (адна з першых на Беларусі) вузкакалейка ад р. Сож да Старынкаўскага чыгуналіцейнага з-да (Слаўгарадскі р-н). У 1873 пабудаваны чыг. ўчастак Ковель—Брэст (частка чыг. лініі Брэст—Бярдзічаў), пачаўся рух паяздоў па лініі Вільня—Мінск—Гомель (участак будучай Лібава-Роменскай чыгункі). У 1882—87 пачала дзейнічаць сетка Палескіх чыгунак (працягласць больш за 1 тыс.км), якія звязалі Прыбалтыку з зах. губернямі Украіны і цэнтр. Расію з Польшчай. На пач. 20 ст. пракладзены яшчэ 2 чыг. магістралі, якія злучылі Пецярбург з паўд. губернямі Расіі і Польшчай: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін—Оўруч (1904—16) і Невель—Полацк—Маладзечна—Ліда—Ваўкавыск (1907) з выхадам да сучаснай граніцы з Польшчай і адгалінаваннем Масты—Гродна. Пабудаваны таксама лініі мясц. значэння: Крулеўшчына—Варапаева, Вярэйцы—Градзянка, Асіповічы—Старыя Дарогі—Слуцк, Васілевічы—Хойнікі і інш.Буд-ва чыгунак вялося ўручную, выкарыстоўваліся рэйкі лёгкага тыпу, масты будаваліся пераважна драўляныя. Эксплуатаваліся паравозы малой магутнасці і 2-восевыя таварныя вагоны грузападымальнасцю 15—16 т. У 1915—17 пабудаваны чыг. лініі на ўчастках Жлобін—Калінкавічы, Калінкавічы—Оўруч (Украіна), Полацк—Ідрыца (Расія). У 1922 на базе Аляксандраўскай, Маскоўска-Балтыйскай і інш. участкаў дарогі створана Маскоўска-Беларуска-Балтыйская чыгунка. У эксплуатацыю ўведзены новыя чыг. лініі: Орша—Унеча (1923), Орша—Лепель (1927), Чарнігаў—Гомель (1930), Рослаў—Крычаў—Магілёў—Асіповічы (1931), Бабруйск—Старушкі (1939), Варапаева—Друя (1933). Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (1939) створаны Брэст-Літоўская чыгунка і Беластоцкая чыгунка (кіраўніцтва ў Беластоку). У 1939 Беларусь абслугоўвалі Заходняя, Беларуская (кіраўніцтва ў Гомелі), Брэст-Літоўская і Беластоцкая чыгункі. У Вял.Айч. вайну, каб перашкодзіць дастаўцы жывой сілы і ваен. тэхнікі ворага на фронт, бел. партызаны вялі на беларускай чыгунцы актыўныя баявыя дзеянні, у т. л.рэйкавую вайну. Гітлераўскія акупанты ў час адступлення знішчалі чыг. палатно, паравозы, дэпо, станцыі. У пасляваен. перыяд беларуская чыгунка ў асн. адноўлена (да 1950). У 1951 Брэст-Літоўская чыгунка і Мінскае аддзяленне Зах. чыгункі аб’яднаны ў Мінскую чыгунку, якая ў 1953 далучана да беларускай чыгункі (кіраўніцтва ў Мінску). У 1957 Беларусі перададзены Аршанскае і Віцебскае аддзяленні Калінінскай чыгункі (РСФСР). У выніку чыг. сетка рэспублікі супала з адм. граніцамі БССР. Ажыццяўлялася рэканструкцыя і пераўзбраенне чыгункі, падведзены лініі да буйных новабудоўляў: да Салігорска, Бярозаўскай ДРЭС, Полацкага нафтаперапр. аб’яднання і інш. Да 1973 найважнейшыя магістралі пераведзены на цеплавую цягу. У 1963 электрыфікаваны першы ўчастак чыгункі Мінск—Аляхновічы. З 1981 рэгулярны рух электрапаяздоў адкрыты па маршруце Мінск—Масква, з 1989 — на ўсёй лініі Брэст—Масква. Электрыфікаваны таксама ўчасткі Аляхновічы—Маладзечна (1966) і Мінск—Асіповічы (1973). Скорасць пасаж. паяздоў дасягнула 120—140 км/гадз, грузавых — 100 км/гадз. На вакзалах і чыг. станцыях наладжана даведачна-інфарм.служба, з 1989 уведзена аўтаматызаваная сістэма браніравання і продажу білетаў «Экспрэс-2» на пасаж. паязды і даведачна-інфарм. сістэма «ВІЗІНФОРМ» у Мінску, Гомелі і Брэсце. Пачата (1989) буд-ва буйнога вакзальнага комплексу ў Мінску. Курсіруюць камфартабельныя паязды «Беларусь», «Буг», «Дняпро», «Мінскі», «Няміга» і інш. Дзейнічаюць 2 выліч. цэнтры (Мінск, Брэст) і спец. бюро па распрацоўцы аўтаматызаваных сістэм кіравання ў Гомелі.
Шчыльнасць чыг. сеткі Беларусі больш за 26 км на 1 тыс.км². У складзе беларускай чыгункі 6 аддзяленняў (Баранавіцкае, Брэсцкае, Віцебскае, Гомельскае, Магілёўскае, Мінскае), больш як 400 станцый, 9 дэпо па рамонце вагонаў, 17 дэпо па рамонце лакаматываў і інш. прадпрыемствы. Парк грузавых вагонаў налічвае каля 36 тыс. адзінак трансп. сродкаў, пасажырскі парк мае больш за 1 тыс. цягавых сродкаў (цеплавозы, электравозы, дызель-паязды, электрапаязды і інш.). У 1995 беларускай чыгункай перавезена 73,4 млн.т. грузаў і 147,3 млн. пасажыраў. Грузаабарот склаў 25,5 млн.т/км, пасажыраабарот — 12,5 млн. пасажыра-км. Беларуская чыгунка — чл.міжнар. Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак і Міжнар. саюза чыгунак. Гл. схему.
Літ.:
Кацяш Г. Стальныя магістралі рэспублікі. Мн., 1957;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСТЭ́ЧКА,
населены пункт, які адрозніваўся ад горада меншай колькасцю насельніцтва, адсутнасцю абарончых збудаванняў, агр. рысамі, ад сяла і вёскі — наяўнасцю гандлю і рамяства як сталых заняткаў часткі жыхароў. На Беларусі актыўна ўзнікалі з 14 ст. каля месцаў традыц. кірмашоў, на бойкіх гандл. скрыжаваннях, у вял. сёлах і вёсках (каралеўскія таргі). У 15—16 ст. на тэр. Беларусі было больш за 200 М., з іх каля 70 у Панямонні, больш за 40 у цэнтр. рэгіёне і Паазер’і, больш за 30 у Падняпроўі і прыкладна столькі ж на Палессі. Пэўны час падаткі ад местачковага гандлю ішлі выключна на карысць казны. Феадалам забаранялася ствараць прыватнаўладальніцкія таргі без дазволу вял. князя ці караля, праводзіць прыватнаўладальніцкія кірмашы бліжэй чым за тры мілі ад каралеўскіх М. У 1588 шляхта дамаглася скасавання абмежаванняў і забароны буд-ва прыватнаўладальніцкіх таргоў у М. Жыхары, якія вырашылі сяліцца ў М., вызваляліся на некалькі гадоў ад натуральных і грашовых падаткаў. Некат. М. будаваліся каля замкаў ці ствараліся разам з імі (Іказнь, 1504; Дзісна, 1566). Многія ўзнікалі каля кляштараў і вял. прыходаў (Жыровічы, 1643). З часу скасавання абмежаванняў у 16 ст. ў М. пачалі пераўтварацца вял. сёлы і вёскі (Моталь, 1554; Дзівін, 1566; Станькава, 1585, і інш.). Найб. хутка раслі М. на буйных шляхах і скрыжаваннях дарог, каля перапраў і прыстаней (Нача, Барань, Старобін, Стары Свержань, Свіслач, Петрыкаў і інш.). У абавязкі местачкоўцаў уваходзілі нагляд за дарогамі, будаўніцтва корчмаў і заезных дамоў. У 16—18 ст. на Беларусі было ўжо каля 400 М. На чале адміністрацыі М. стаяў войт. М. падзяляліся паводле прыналежнасці (дзярж., прыватнаўласніцкай, царк.), ландшафтнай прывязкі (берагавыя, сухадольныя, балотныя). Магнаты і заможныя паны стваралі свае М. побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (Шчучын, Паставы, Варняны, Лужкі і інш.). Ва ўзнікненні М. пэўную ролю адыгрывала наяўнасць прамысл. і інш. аб’ектаў.
Планіровачную структуру вызначалі асн.гандл. шляхі (вуліцы-дарогі). Звычайна на іх перасячэнні стваралася гандлёвая плошча, дзе будавалі гандлёвыя рады, крамы, корчмы, аўстэрыі, у М., якія мелі магдэбургскае права, — ратушы, важніцы (напр., Койданава, цяпер г. Дзяржынск, в. Цімкавічы Капыльскага р-на, г. Клецк Мінскай вобл., г.п.Вял. Бераставіца Гродзенскай вобл.). У цэнтр. частцы М., дзе сяліліся рамеснікі і гандляры, жылыя дамы злучаліся з крамамі і майстэрнямі, часам уключалі ў свой аб’ём шынкі. Пад жыллё шырока выкарыстоўвалі мезаніны і мансарды. Асн.дэкар. элементы аздаблення жылых дамоў — высокі ашаляваны франтон, часам складанай формы, і падчэні пры ўваходзе. Перыферыйныя часткі М. займалі сядзібы сельскага тыпу. М., утвораныя магнатамі і заможнымі панамі побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (гарады Шчучын Гродзенскай вобл., Паставы, в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.), мелі 2 кампазіцыйныя ядры: ансамбль забудовы плошчы і ансамбль палацава-замкавага комплексу. У асобных выпадках абодва цэнтры зліваліся (Лужкі, Паставы). У пач. 19 ст. для многіх М. распрацоўваліся т.зв. ўзорныя планы [напр., гарады Быхаў, Клімавічы, Крычаў, Прапойск (цяпер г. Слаўгарад), Чавусы Магілёўскай вобл., Маладзечна, Вілейка Мінскай вобл., Сянно Віцебскай вобл. і інш.], паводле якіх забудова арганізоўвалася квартальным прынцыпам. Найб. развітую планіровачную структуру на У Беларусі мелі М., што раней былі пав. цэнтрамі (гарады Быхаў, Горкі, Чавусы Магілёўскай вобл., Рагачоў Гомельскай вобл.) ці т.зв. пазаштатнымі гарадамі (гарады Бялынічы, Крычаў, Мсціслаў Магілёўскай вобл.). Астатнія М. Падняпроўя захоўвалі традыц. вясковае аблічча, нярэдка з адной вуліцай. Заходнебел. М. вызначаліся больш развітым цэнтрам, які ўтваралі брукаваная плошча з гандл. радамі, царква ці касцёл, карчма, валасная ўправа (гміна). Непадалёку маглі размяшчацца сінагога, часам — мячэць, пажарная служба з дазорнай вежай. Дамы-крамы ставілі па перыметры плошчы і на асн. вуліцах надзвычай шчыльна, дах да даху. Будынкі часцей былі драўляна-каменныя (фахверкавыя, 15—18 ст.), з мураваным 1-м паверхам (сутарэннем) ці поўнасцю мураваныя (в. Гальшаны Ашмянскага р-на, г.п. Дзятлава, Іўе, Любча, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.). Шырока выкарыстоўваліся ўзорныя праекты местачковых дамоў (Варняны, Дзятлава, Іўе, Паставы). У структуры М. зах. рэгіёнаў пэўную ролю адыгрывалі мясц. прадпрыемствы: валюшні, крупадзёркі, млыны, бровары, суднабуд. верфі. Гэта найб. характэрна для М. Радзівілаў (г.п. Урэчча Любанскага р-на Мінскай вобл., Целяханы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), Сапегаў (г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.). На працягу 20 ст. ў М. адбыліся пэўныя арх.-планіровачныя пераўтварэнні. У тых, што сталі раённымі цэнтрамі, рэканструяваны (зах. рэгіёны) ці зноў створаны (усх. рэгіёны) плошчы, дзе важнае месца занялі адм. будынкі, дамы культуры, рэстаран, гасцініца, універсальныя магазіны. У заходнебел. М. пад новыя патрэбы часам прыстасоўваліся і старыя збудаванні: гандл. рады ў Іўі, Навагрудку, Пружанах — пад магазіны, дамы-крамы ў Ваўкавыску, Іўі Гродзенскай вобл., Валожыне, Нясвіжы, Ракаве Мінскай вобл. — пад майстэрні, пункты харчавання, невял. гандл. пункты. Развіццё былых М. вядзецца паводле індывід. праектаў. Добраўпарадкоўваюцца плошчы, ствараюцца кветнікі і скверы, ставяцца помнікі. Жылая забудова прадстаўлена секцыйнымі 2—5-павярховымі дамамі. У канцы 19 ст. ў М. жыло каля 150 тыс.чал. У 1920—30-я г. многія М. БССР пераўтвораны ў гарады і гар. пасёлкі, астатнія — у вёскі. У Зах. Беларусі М. існавалі да 1939.
Літ.:
Лакотка А.І. Дойлідства. Мн., 1997 (Беларусы;
Т. 2);
Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999.
А.І.Лакотка.
Да арт.Мястэчка. Маладзечна. Рынак. Пач. 20 ст.Да арт.Мястэчка. Гандлёвая плошча ў Клецку (Мінская вобл.). 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЖАНЦЫ,
асобы, якія пакінулі краіну свайго грамадзянства ці пастаяннага месцажыхарства ў выніку ваен. дзеянняў ці інш. надзвычайных сітуацый або ганенняў па паліт., расавых, рэліг. матывах і не атрымалі грамадзянства інш. дзяржавы. У міжнар. праве паняцце «бежанцы» ўпершыню аформлена пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, калі з набліжэннем фронту прымусова высялялася насельніцтва цэлых паветаў і губерняў.
Паводле афіцыйных (далёка не поўных) звестак, на 14.2.1917 у Расіі было 3,2 млн. бежанцаў, з іх зарэгістравана 750 680 з Гродзенскай, 164 351 з Віленскай, 161 453 з Мінскай, 51 954 з Віцебскай, 1654 з Магілёўскай губерняў. Бежанцы з Беларусі былі раскіданы па ўсёй Расіі. Найбольш іх асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губернях, у Петраградзе (100 704), Маскве (128 261). Паводле звестак Наркамата ўнутр. спраў РСФСР, на 11.5.1918 у Расіі жыло 2 292 395 бежанцаў з Беларусі, у т. л. беларусаў і рускіх 2 059 857. На працягу 1918—24 у Зах. Беларусь іх вярнулася каля 700 тыс. Першыя бежанцы на Беларусі з’явіліся восенню 1914. Пасля паражэння рус. арміі вясной — летам 1915 і з набліжэннем фронту Беларусь ператварылася ў бежанскі лагер. Бежанскі рух быў стыхійны, ніякага плана эвакуацыі не існавала. Сяляне імкнуліся застацца на сваёй зямлі, але вайскоўцы і выпраўлялі іх у бежанства. 24.7.1915 былі прызначаны Галоўнаўпаўнаважаныя па ўладкаванні бежанцаў на франтах. Беларусь увайшла ў раён дзейнасці Галоўнаўпаўнаважанага па ўладкаванні бежанцаў Паўн.-Зах. фронту. Толькі 30.8.1915 прыняты закон «Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў», пры міністру ўнутр. спраў створана Асобая нарада па ўладкаванні бежанцаў. Дабрачыннай дзейнасцю займаўся К-т яе імператарскай высокасці вял. княжны Таццяны Мікалаеўны (Таццянінскі к-т, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пераўтвораны ва Усерас.к-т дапамогі пацярпелым ад вайны). Шырокую дзейнасць разгарнулі нац. дабрачынныя арг-цыі. У крас. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое адкрыла шэраг аддзелаў на месцах. У студз. 1916 створана Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Становішча бежанцаў было надзвычай цяжкім. Высокай была іх смяротнасць. Узнікалі канфлікты з мясц. насельніцтвам. Нягледзячы на гэта, нац. свядомасць бел. бежанцаў значна вырасла. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 сярод бежанцаў дзейнічалі арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай народнай грамады. У Маскве адбыліся 2 з’езды бежанцаў-беларусаў (7—10.10 і 2—4.12.1917). Пытанне аб бежанцах разглядалася на Усебел. з’ездзе 1917 (даклад А.Цвікевіча «Бежанскае пытанне і праца бежанскай секцыі з’езда»), на ім створаны к-т па аказанні дапамогі бежанцам. Пазней вырашэннем праблем бежанцаў займалася Рада БНР. Сярод бежанцаў створаны Арэнбургскі гурток беларусаў, Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле, Беларуская вучнёўская грамада і Гурток бел.сацыяліст. моладзі ў Калузе, «Беларуская хатка» ў Арле, «Беларус» і Беларуская чыгуначная грамада ў Маскве, «Беларуская хатка» ў Петраградзе, Бел.нац. гурток у Багародзіцку Тульскай губ, Саюз беларусаў у Архангельску і інш. У 1918—19 работу сярод бежанцаў праводзілі Беларускі нацыянальны камісарыят і бел. секцыі РКП(б). У ліп. 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. У складзе Наркамата па ваен. справах РСФСР у крас. 1918 створана Цэнтр. калегія па справах палонных і бежанцаў (з мая 1919 у Наркамаце ўнутраных спраў РСФСР).
У пачатку Вял.Айч. вайны з Беларусі амаль 1,5 млн.чал. былі эвакуіраваны на ўсход (на бацькаўшчыну вярнуўся толькі кожны 3-і). У час адступлення з акупіраваных тэрыторый ням.-фаш. армія сілай зброі прымушала мясц. насельніцтва адступаць з ёй з тэрыторый, якія займала Сав. Армія. У выніку на тэр. Беларусі былі сагнаны сотні тысяч бежанцаў з Арлоўскай, Калінінскай, Пскоўскай, Смаленскай і інш. абласцей. У выніку прымусовага вывазу фашыстамі насельніцтва з захопленых тэрыторый у Германію (з Беларусі каля 380 тыс.чал.) узнікла катэгорыя перамешчаных асоб. Пагадненнямі паміж СССР, ЗША і Англіяй (лют. 1945), СССР і Францыяй (чэрв. 1945) прадугледжваліся абавязкі бакоў па аблягчэнні лёсу бежанцаў і перамешчаных асоб, садзейнічанні іх рэпатрыяцыі. З утварэннем ААН гэтыя абавязкі паводле рэзалюцый Ген. Асамблеі ад 12 лют. і 15 снеж. 1946 прымалі на сябе краіны — члены ААН, створана Міжнар.арг-цыя па справах бежанцаў (у 1951 заменена Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў). Былі прыняты міжнар. канвенцыі аб прававым статусе бежанцаў (28.6.1951) і апатрыдаў (28.9.1954), пратакол аб статусе бежанцаў (1967), у якіх дэталёва вызначаюцца і падрабязна трактуюцца правы бежанцаў. Паводле гэтых дакументаў, дзяржава, якая прымае бежанцаў, абавязана прадаставіць ім тыя ж правы, якімі карыстаюцца іншаземцы, што жывуць на яе тэрыторыі, права выбару месца жыхарства і вольнага перамяшчэння па краіне. Забараняецца высылка бежанцаў у краіны, з якіх яны прыехалі і дзе цярпелі ганенні (апошняя норма пашыраецца толькі на паліт.эмігрантаў). Бежанцы могуць быць высланы толькі ў выпадку асуджэння за ўчыненне асабліва цяжкага злачынства, якое пагражае бяспецы краіны. Прававое становішча бежанцаў рэгулюецца таксама нац. заканадаўствам, якое распрацавана ў гэтых адносінах у дзяржавах-удзельніцах канвенцыі аб статусе бежанцаў 1951. Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай гэтай канвенцыі.
З распадам СССР і ўзнікненнем міжнар. канфлікту у краінах — б. саюзных рэспубліках Беларусь стала прытулкам для новай хвалі бежанцаў. Іх колькасць павялічваецца і за кошт грамадзян Азіі і Афрыкі, якія па розных прычынах апынуліся на Беларусі і прэтэндуюць на статус бежанцаў. Усяго на Беларусь за 1992—95 прыбылі больш як 30 тыс. такіх асоб. Беларусь мае закон аб бежанцах (прыняты ў 1995). Пытаннямі бежанцаў на Беларусі займаецца спец.Дзярж. міграцыйная служба (з 1992). Дзейнічае прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў (з 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ШТА (польск. poczta, італьян. posta ад позналац. posita прыпынак, станцыя, дзе мянялі коней),
паштовая сувязь, від сувязі, які ажыццяўляе рэгулярную перасылку паштовых адпраўленняў — пісьмовай карэспандэнцыі, перыяд. выданняў, грашовых пераводаў, бандэролей, пасылак — пераважна з дапамогай трансп. сродкаў.
Напачатку паштовая сувязь была эпізадычная. З узнікненнем дзяржаў пачала набываць упарадкаваны характар. У Стараж. Грэцыі, Рыме, Персіі, Егіпце, Кітаі існавала даволі наладжаная дзярж. паштовая сувязь: пісьмовыя паведамленні перасылаліся з коннымі і пешымі ганцамі паводле прынцыпу эстафеты. У сярэдневяковай Еўропе існавалі манастырскія і універсітэцкія П., з развіццём гандлю і рамёстваў з’явілася гарадская П. У 16—17 ст. у Францыі, Швецыі, Англіі і інш. краінах існавала цэнтралізаваная каралеўская П. З развіццём вытв. адносін узнікла патрэба ў рэгулярнай і хуткай паштовай сувязі, у т. л. паміж краінамі. Важны этап у гісторыі П. — выпуск паштовай маркі (1840, Вялікабрытанія). У 1874 створаны Усеагульны паштовы саюз (з 1878 — Сусветны паштовы саюз). У 1878 заключана Сусветная паштовая канвенцыя, што рэгулюе абмен карэспандэнцыяй.
На Беларусі дакладна невядома, калі ўзнікла паштовая сувязь, аднак ужо пад 885 у «Аповесці мінулых часоў» гаворыцца аб тым, што князь Алег накіраваў пасланцоў да радзімічаў. У 10 ст. існаваў «павоз» — абавязак насельніцтва даваць коней з павозкамі для княжацкіх ганцоў «ад стану да стану». У Віцебску і Мсціславе знойдзены стараж. пісьмы — берасцяныя граматы 13—14 ст. У ВКЛ 14—15 ст. існавала паштовая княжацкая служба — ганцы. Вял. і ўдзельныя князі трымалі ганцоў для перасылкі ўказаў, вусных і пісьмовых паведамленняў. Пад 1539 бел. летапісы згадваюць т.зв. «пісьманосцаў». Першыя паштовыя ўстановы ў ВКЛ створаны пасля 1558 намаганнямі вял. князя Жыгімонта II Аўгуста. Пачалося буд-ва паштовых дарог, станцый (праз кожныя 3—7 вёрст) і корчмаў. З 1558 наладжана пастаянная сувязь паміж Варшавай і Вільняй. У 1583 Стафан Баторый увёў плату за пісьмы па іх вазе (існавала да сярэдзіны 17 ст.). Паштовая сувязь у ВКЛ мела шмат агульнага з ямской службай у Расіі. Уздоўж гал. паштовых шляхоў размяшчаліся паштовыя станцыі — «ямы» (адсюль ямшчыкі — возчыкі пасажыраў і П.). У 1658 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) такія «ямы» пабудаваны ў Полацку. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай усталёўваліся паштовыя сувязі. Паштовы шлях пралягаў ад Масквы праз Смаленск да мяст. Мігнавічы ў Смаленскім ваяв., далей праз мяжу ВКЛ да мястэчка Кадзін Мсціслаўскага ваяв., далей праз Магілёў і Мінск на Вільню. Паштовыя сувязі паміж Масквой і Вільняй адкрыліся 11.3.1669. У снежні 1707 прайшла першая П. па тракце Барысаў—Быхаў, у 1708 пабудаваны паштовыя дарогі Віцебск—Копысь, Быхаў—Чарнігаў (праз Гомель). У 1726 Гродзенскі сейм прыняў рашэнне аб арганізацыі П. ў Навагрудскім ваяв. З 1764 паштмайстры ВКЛ прыносілі прысягу на вернасць Рэчы Паспалітай. У 18 ст. ў ВКЛгал. трактамі былі: Вільня—Трокі—Варшава (з адгалінаваннем на Брэст), Вільня—Мінск—Магілёў—Масква, Навагрудак—Мінск—Гродна—Вільня. Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі з 1777 пачаліся работы па аднаўленні буд-ва паштовых дарог і станцый. У «Паштовым падарожніку» за 1777 паведамлялася пра адкрыццё ў некат. бел. гарадах паштамтаў і прызначэнні паштмайстраў. У 1780 наладжана паштовая сувязь паміж бел. і ліфляндскімі губернямі. У 1798 адкрыты паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. У снежні 1857 выпушчана першая паштовая марка Рас. імперыі. Раней замест маркі ў паштовай справе выкарыстоўвалі паштовыя штэмпелі. Першы мінскі штэмпель вядомы з 1778, гродзенскі — з 1806, віцебскі — з 1810, пінскі — з 1843. У 1-й пал. 19 ст. штэмпелі мелі толькі назву месца адпраўлення карэспандэнцыі, дата ставілася ад рукі. У 2-й пал. 19 ст. ўведзены адзіны для ўсёй Рас. імперыі круглы штэмпель. Акрамя дзярж. існавала П. земстваў (не атрымала вял. пашырэння) і валасных праўленняў. 1.7.1886 утворана Мінская паштова-тэлеграфная акруга (Мінская і Магілёўская губ.). У 1-ю сусв. вайну на Беларусі дзейнічалі палявыя П. рас. арміі з цэнтрамі ў Мінску і Полацку. У 1918 паштова-тэлеграфнай справай на Беларусі займалася Смаленскае паштова-тэлеграфнае ўпраўленне. У ліст. 1918 на яго базе створана паштова-тэлеграфнае ўпраўленне Зах. камуны (вобласці), якое падпарадкоўвалася Наркамату пошт і тэлеграфаў РСФСР. Паўд. раёны Беларусі па лініі Брэст—Мазыр—Ветка падпарадкоўваліся Кіеўскай паштовай акрузе. Пасля ўтварэння БССР 6.1.1919 створаны наркаматы пошт і тэлеграфаў БССР з цэнтрам у Мінску, а 1.3.1919 — такі наркамат ЛітБел з цэнтрам у Вільні. Пасля аднаўлення сав. улады на Беларусі ў ліп. 1920 створаны аддзел нар. сувязі Мінскгубрэўкома, які ў жн. пераўтвораны ў Наркамат пошт і тэлеграфаў БССР.
У сувязі з рэформай кіравання сувяззю 7.9.1922 створана Упраўленне сувязі Зах. акругі, пазней — Наркамат сувязі БССР. Першыя бел.сав. паштовыя маркі выраблены ў 1920—21 у паштовых канторах Мінска, Рагачова, Себежа, Суража, Дрысы, Холмеча. У 1924 у БССР 1 прадпрыемства сувязі прыпадала на 11,6 тыс. жыхароў. У 1925 дзейнічалі 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы. У пач. 1930-х г. П. пачалі перавозіць самалётамі. У Вял.Айч. вайну тэхн. база бел. П. знішчана. Пасля вызвалення Беларусі для перавозкі П. выкарыстоўвалі гужавы транспарт. У 1945 адноўлена перавозка П. па чыгунцы. У 1945—46 працавалі 174 канторы, 1778 паштовых аддз. і агенцтваў сувязі, 14 аддз. перавозкі П. па чыгунцы. У 1954 пабудаваны Мінскі паштамт. У 1973 самалёты абслугоўвалі 100 авіяпаштовых ліній. Пасля абвяшчэння незалежнасці бел. П. існуе ў складзе Мін-ва сувязі. 20.9.1995 створана Рэсп.дзярж. аб’яднанне «Белпошта», дзейнічала каля 118 гар. і раённых вузлоў сувязі, каля 4 тыс.аддз. сувязі (1999).
Від паштовай сувязі для абслугоўвання цывільнага насельніцтва ў раёнах, што знаходзяцца пад ваен. кіраўніцтвам, на акупіраваных тэр., дзе не працуюць паштовыя ўстановы. У шэрагу дзяржаў такі від сувязі дзейнічаў у 1-ю сусв. вайну (напр., на акупіраванай тэр. Беларусі герм. камандаванне стварыла «Паштовую вобласць Вярх. галоўнакамандуючага на Усходзе», якая працавала ў 1915—18). Некат. элементы П. ваен. выкарыстоўвала на тэр. Беларусі камандаванне корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага ў 1-й пал. 1918, а таксама сав.ваен. кіраўніцтва ў Зах. Беларусі (вер. — ліст. 1939). У Вял.Айч. вайну акупац. ўлады Германіі для перапіскі выкарыстоўвалі спец. паштовыя карткі. Гл. таксама Палявая пошта.
Літ.:
Колосов Л.Л. Почтовые дороги Белоруссии. Мн., 1982;
Dąbkowski P. Rys urządzeń pocztowych w dawnej Polsce. Kraków, 1903.