Каклен-старэйшы Бенуа Канстан (23.1.1841, г. Булонь, Францыя — 27.1.1909), французскі акцёр і тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1859—60). У 1860—92 (з перапынкам) у «Камеды Франсэз», адначасова ствараў уласныя трупы. З 1895 у т-ры «Рэнесанс», з 1897 узначальваў «Порт-Сен-Мартэн» у Парыжы. Творчасці ўласцівы высокая сцэн. культура, віртуознае валоданне мастацтвам моўнай характарыстыкі, майстэрства знешняга пераўвасаблення, вострая індывідуальнасць вобраза. Сярод лепшых роляў: Фігаро («Жаніцьба Фігаро», «Севільскі цырульнік» П.Бамаршэ), Сірано («Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана); іграў у камедыях Мальера, рамант. п’есах, выконваў драм. ролі ў творах сучаснай яму драматургіі.
Тв.:
Рус.пер. — Искусство актера. Л.;
М., 1937.
Літ.:
История западноевропейского театра. Т. 5. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РФАВА (Хрысціна) (24.4.1889, г. Стара-Загора, Балгарыя — 1.6.1936),
балгарская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Вучылася ў Пеўчай школе ў Празе. З 1913 салістка Балг. опернага т-ва (з 1921 Сафійская нац. опера), з 1916 — Нац.т-ра ў Празе. У 1931—36 выкладала ў Муз. акадэміі ў Сафіі. Валодала надзвычай прыгожым і гнуткім голасам, выконвала лірычныя і драм. партыі: Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.Сметаны), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Лакмэ(«Лакмэ» Л.Дэліба), Аіда («Аіда» Дж.Вердзі), Царыца ночы («Чароўная флейта» В.А.Моцарта), Даліла («Самсон і Даліла» К.Сен-Санса), Сантуца («Сельскі гонар» П.Масканьі). Выконвала балг., чэш. і інш.слав.нар. песні. У 1936 у Сафіі засн. Жаночы хор імя М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КЕГЕМ (Ockeghem, Okeghem) Іаханес (Жан) дэ (каля 1425, г. Дэндэрмондэ, Бельгія — 1495), франка-фламандскі кампазітар, дырыжор; віднейшы прадстаўнік нідэрландскай шкалы. Вучыўся ў метрызе (муз. школе, дзе рыхтавалі пеўчых) сабора Нотр-Дам у Антверпене. З 1452 1-ы капелан і капельмайстар франц. каралеўскага двара, з 1456 адначасова каралеўскі саветнік і казначэй абацтва Сен-Мартэн у Туры. Прадстаўнік поліфаніі строгага стылю, узбагаціў тэхніку скразной імітацыі, зацвердзіў паўнагучнае 4-галоссе хар. стылю a cappella. Аўтар мес (захавалася 10), матэтаў (у т. л. 36-галосы матэт «Хвала госпаду» — спалучэнне чатырох 9-галосых канонаў, якія прыпісваюць О.), шансон. Для яго твораў характэрны формы на cantus firmus (трывалы напеў), у якасці якога выкарыстоўваў і свецкія песні. Кампазіцыі будаваў на матэм. разліках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМСО́Н (стараж.-яўр.Шымшон, магчыма, ад шэмеш — хвоя),
у Бібліі (Стары запавет) старажытнаяўрэйскі герой-асілак, надзелены звышчалавечай сілай і адвагай; дванаццаты з «суддзяў ізраілевых». Здзейсніў шматлікія подзвігі ў барацьбе з філістымлянамі (знішчыў 1000 ворагаў, выкраў вароты г. Газа і інш), але закахаўся ў філістымлянку Далілу, якая выведала, што неадольная сіла С. — у яго валасах. У час сну філістымляне абстрыглі С., асляпілі і закавалі ў ланцугі. Калі валасы ў С. адраслі, ён разбурыў храм, пад абломкамі якога загінулі філістымляне і С. Біблейскія сюжэты, звязаныя з С., шырока ўвасоблены ў мастацтве: гравюра А.Дзюрэра, карціны Рэмбранта, А. ван Дэйка, А.Мантэньі, статуя М.І.Казлоўскага для фантана ў Пецяргофе, опера К.Сен-Санса і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНЕГА́Л (Sénégal),
рака ў Зах. Афрыцы, у Гвінеі, Малі, Сенегале, Маўрытаніі. Пачынаецца ў горным масіве Фута-Джалон пад назвай Бафінг, пасля сутокаў з р. Бакой наз. С. Даўж. 1430 км (ад вытоку р. Бафінг), пл.бас. 441 тыс.км². У вярхоўях парожыстая, утварае вадаспады, ніжэй цячэ па раўніннай мясцовасці. Упадае ў Атл. акіян, утварае дэльту (пл. каля 1,5 тыс.км²), у вусці пясчаны бар. Асн. прыток Фалеме. Сярэдні расход вады каля 1500 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. ГЭС. Рыбалоўства. Суднаходная ў перыяд разводдзя ад г. Каес (785 км), пасля спаду вады — ад г. Падор (283 км). Гал. гарады: Каес (Малі), Каэды, Роса (Маўрытанія), Падор (Сенегал), у вусці марскі порт Сен-Луі (Сенегал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЛЬ ((Gaulle) Шарль дэ) (22.11.1890, г. Ліль, Францыя — 9.11.1970),
французскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч. Брыгадны генерал (1940). Скончыў ваен. вучылішча ў Сен-Сіры (1912) і Вышэйшую ваен. школу ў Парыжы (1924). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—21 ваен. саветнік у Польшчы. Выкладаў ваен. гісторыю ў Сен-Сіры (з 1921), служыў у штабе маршала А.Ф.Петэна (з 1925). У 1932 — 36 ген. сакратар Нац. савета абароны. У ваен.-тэарэт. працах «За прафесійную армію» (1934), «Францыя і яе армія» (1938) падкрэсліваў неабходнасць узмацнення абараназдольнасці краіны, хутчэйшай механізацыі франц. арміі, стварэння аператыўна самаст.танк. падраздзяленняў. У пач. 2-й сусв. вайны камандзір танк. Падраздзяленняў 5-й франц. арміі, потым 4-й бранятанк. дывізіі, нам.ваен. міністра. Перад капітуляцыяй Францыі эмігрыраваў у Лондан. Заснавальнік руху «Свабодная Францыя» (з 1942 «Змагарная Францыя»). З 1943 у Алжыры, сустаршыня (1943) і старшыня (1943—44) Французскага камітэта нацыянальнага вызвалення. У 1944—46 кіраўнік урада (да ліст. 1945 Часовага) Франц. Рэспублікі, у ліст. 1945 — студз. 1946 таксама яе часовы прэзідэнт (да ўстанаўлення парламенцкай Чацвёртай рэспублікі 1946—58). Стваральнік і старшыня (1947—53) паліт. руху «Аб’яднанне франц. народа». Ва ўмовах паліт. крызісу 1958 выбраны прэм’ер-міністрам. У 1958—69 прэзідэнт Францыі. Ініцыіраваў устанаўленне прэзідэнцкай Пятай рэспублікі, спыненне калан. вайны ў Алжыры і наданне яму незалежнасці (1962), заключэнне германа-французскага дагавора 1963, выхад Францыі з ваен. арг-цыі НАТО (1966) і інш. Пайшоў у адстаўку пасля прайгранага рэферэндуму 27.4.1969 аб новым адм.-тэр. падзеле краіны і рэарганізацыі Сената.
Тв.:
Рус.пер. — Военные мемуары. Т. 1—2. М., 1957—60.
Літ.:
Арзаканян М.Ц. Шарль де Голль // Вопр. истории. 1991. № 2—3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКІЯ АНТЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ (Nederlandse Antillen),
уладанне Нідэрландаў у Вест-Індыі, на 5 астравах з групы Малых Антыльскіх астравоў. Афіцыйна лічацца часткай Каралеўства Нідэрланды, карыстаюцца аўтаноміяй ва ўнутр. справах. Пл. 800 км². Нас. 207,8 тыс.чал. (1999). Афіц. мова — нідэрландская, вельмі пашырана мясц. крэольская мова «папіямента» (на аснове ісп. і партуг. моў). Адм. ц. — г.Вілемстад на в-ве Кюрасао. 5 адм. адзінак (на кожным востраве мясц. органы ўлады). Нац. свята — Дзень Каралевы (30 крас.).
Прырода. 2 найб. а-вы — Кюрасао (пл. 444 км²) і Банайрэ (пл. 288 км²) — знаходзяцца каля ўзбярэжжа Венесуэлы, 3 дробныя — Сен-Мартэн (падзелены паміж Францыяй і Нідэрландамі), Сінт-Эстатыус і Саба (агульная пл. 68 км²) — на Пн, на У ад в-ва Пуэрта-Рыка. Астравы ўзгорыстыя і раўнінныя, в-аў Саба — патухлы вулкан (выш. 862 м). З карысных выкапняў ёсць фасфарыты (в-аў Кюрасао), пемза, буд. матэрыялы. Клімат трапічны, засушлівы. Сярэднія месячныя т-ры 26—28 °C. Ападкаў на Пд каля 500 мм за год. Расліннасць складаецца пераважна з сухіх хмызнякоў і кактусаў. Жывёльны свет бедны. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі.
Насельніцтва. Жывуць мулаты (85%), негры (10%), выхадцы з Нідэрландаў, Венесуэлы, Бразіліі, краін Усх. Азіі. Сярод вернікаў пераважаюць католікі і пратэстанты. Сярэднегадавы прырост каля 1 %. Сярэдняя шчыльн. 260 чал. на 1 км². Каля 95% насельніцтва засяроджана на паўд. а-вах, дзе шчыльн. 300—350 чал. на 1 км². У гарадах жыве больш за 70% насельніцтва. Большая ч. насельніцтва занята ў абслуговых галінах, каля 28% — у прам-сці і гандлі.
Гісторыя. Астравы адкрыты іспанцамі ў канцы 15 ст. У 1630—40 іх занялі галандцы (у 1634 нідэрл. Вест-Індская кампанія ў пошуках баз заняла а-вы Кюрасао, Арубу, Банайрэ); пасля неаднаразова акупіравалі іспанцы, англічане, французы. У 1807—16 Падветраныя (Банайрэ, Кюрасао, Аруба) і ў 1810—16 Наветраныя (Сен-Мартэн, Сінт-Эстатыус, Саба) астравы — брыт. ўладанне. У 1816 адышлі да Нідэрландаў. У 1863 тут адменена рабства. Эканам. ўздым пачаўся ў 1920-я г. з пабудовай заводаў па перапрацоўцы венесуэльскай нафты. У 1954 атрымалі статус федэрацыі з унутр. самакіраваннем. У 1977 насельніцтва в-ва Аруба прагаласавала за стварэнне самаст. дзяржавы; з 1.1.1986 востраў — асобная тэр. ў складзе Каралеўства Нідэрландаў. Спробы нідэрл. ўрада змяніць статус інш. астравоў адхілены насельніцтвам (рэферэндумы 1993 і 1994).
На в-ве Кюрасао дзейнічаюць Нац.нар. партыя, Новы антыльскі рух, Дэмакр. партыя, Рабочы фронт вызвалення. На Банайрэ вядучая партыя — Патрыят. саюз, на Сен-Мартэне — Дэмакр. партыя.
Гаспадарка. У эканоміцы гал. ролю адыгрываюць абслугоўванне замежных турыстаў і прам-сць. Штогадовы даход на 1 чал. каля 11,5 тыс. долараў. У абслуговых галінах атрымліваюць 84% валавога ўнутр. прадукту, у прам-сці — 15%, у сельскай гаспадарцы — 1%. Астравы з’яўляюцца важным раёнам турызму. Сухі і цёплы клімат, выдатныя пляжы, арх. і гіст. помнікі 17—19 ст. прыцягваюць больш за 1 млн. турыстаў штогод (пераважна з ЗША, Канады, Зах. Еўропы). Найб. турыстаў бывае на а-вах Кюрасао і Сен-Мартэн. У прам-сці найб. развіта перапрацоўка імпартнай нафты (пераважна з Венесуэлы і Мексікі) на нафтаперапр. з-дзе на в-ве Кюрасао (штогод каля 15—20 млн.т). Працуюць 3 транзітныя нафтавыя тэрміналы па перагрузцы нафты і нафтапрадуктаў на буйнатанажныя танкеры Буйны цэнтр суднарамонту, на в-ве Кюрасао дзейнічае сухі док, які можа абслугоўваць судны водазмяшчэннем да 155 тыс.т. Вытв-сць электраэнергіі 1,4 млрд.кВт∙гадз (1996). Ёсць прадпрыемствы тэкст., харч., цэлюлозна-папяровай, тытунёвай, лікёра-гарэлачнай (вядомы лікёр «Кюрасао») прам-сці. Праводзіцца зборка электронных кампанентаў з імпартаваных дэталей. Невял. здабыча фасфарытаў (в-аў Кюрасао), пемзы (в-аў Сінт-Эстатыус), солі з марской вады. Саматужныя промыслы (выраб сувеніраў, капелюшоў-панам). У сельскай гаспадарцы з-за недахопу вады выкарыстоўваецца толькі 8 тыс.га зямлі (10% тэр.). Асн. культуры — алоэ, сорга, бабовыя, цукр. трыснёг, бавоўнік, агародніна, фрукты. Малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Рыбалоўства і марскія промыслы. Астравы з’яўляюцца афшорнай зонай, на іх тэр. дзейнічаюць філіялы замежных банкаў і кампаній, што прыносіць краіне дадатковы прыбытак. Унутр. транспарт аўтамабільны, на астравах 600 км аўтадарог. Марскі флот абслугоўвае знешнегандл. перавозкі. Да партоў (Вілемстад, Кралендэйк, Філіпсбург) прыпісаны гандл. флот водазмяшчэннем больш за 1 млн.т. 5 аэрапортаў, у т. л. 3 міжнар. на а-вах Кюрасао, Банайрэ, Сен-Мартэн. А-вы Кюрасао і Банайрэ злучаны з нафтавымі радовішчамі Венесуэлы падводнымі нафтаправодамі. У 1997 экспарт склаў 268,2 млн.дол., імпарт — 1,4 млрд. долараў. Экспартуюць нафтапрадукты (больш за 90% кошту экспарту), электронныя вырабы, лікёр, фасфарыты, алоэ і інш.; імпартуюць нафту, разнастайныя харч. і прамысл. прадукты. Гал.гандл. партнёры: ЗША (28% экспарту, 16% імпарту), Венесуэла (34% імпарту), Мексіка (16% імпарту), Нідэрланды, Бельгія і інш. Краіна атрымлівае дапамогу ад Нідэрландаў. Грашовая адзінка — нідэрландскі антыльскі гульдэн (фларын).
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).
французскі жывапісец і графік. Прадстаўнік фавізму. Самавучка, фарміраваўся пад уплывам В. ван Гога і П.Сезана. Раннія творы (пач. 20 ст.) дынамічныя па кампазіцыі, напружана-кантрастныя і крыкліва-зыркія па колеры і пейзажы: «Чырвоныя дрэвы», «Дом пад дрэвам», «Цырк», «Нацюрморт з яблыкамі» (усе 1906), «Баркі на Сене» (1907), «Буксір каля Шату» (1908), «Кветкі» (1909); партрэт «А.Дэрэна» (1905), «Аўтапартрэт» (1912) і інш. Творам 1920—30-х г. («Руэй-ла-Гадэльер», «Царква ў Аверсюр-Уаз. Памяці ван Гога») уласціва драм. экспрэсія, змрочны каларыт. Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі (гравюры на дрэве «Жаночая галава», «Аржэнтоль», літаграфія «Сен-ле-Таверні» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛІ́Б ((Delibes) Клеман Філібер Леа) (21.2.1836, Сен-Жэрмен-дзю-Валь, цяпер у межах г. Ла-Флеш, Францыя — 16.1.1891),
французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1884). З 1848 вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў А.Адана і інш. (з 1881 яе праф.). З 1853 акампаніятар «Тэатр лірык» і царк. арганіст у парыжскіх саборах, даваў урокі фп. У 1865—72 другі хормайстар т-ра «Гранд-Апера». Працаваў пераважна ў муз.-тэатр. жанрах. Найб. вядомыя яго оперы «Так сказаў кароль» (1873) і «Лакмэ» (1883) — адна з лепшых франц. арыентальных опер. Наватар у галіне балета, сімфанізаваў балетную музыку, развіў у ёй драм. пачатак. Яго лепшыя балеты «Капелія» (1870) і «Сільвія» (1876) зрабілі вял. ўплыў на развіццё муз.-харэаграфічнага мастацтва.
Літ.:
Давидсон И. Балеты Делиба // Сов. музыка. 1961. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛО́РМ (Delorme, de 1′Orme) Філібер (паміж 1510—15, г. Ліён, Францыя — 8.1.1570), французскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры эпохі Адраджэння. У 1533—36 у Рыме вывучаў ант. архітэктуру. З 1541 архітэктар караля. Работам уласціва спалучэнне ордэрных і гатычных элементаў: замак у Анэ 1543—55 (захаваўся часткова), грабніца Францыска I у царкве Сен-Дэні (Парыж, 1547), працы ў замках Фантэнбло (1548—54), Венсан (1558), Ле Мюэт (1550), шматлікія пабудовы ў Парыжы. Аўтар праекта замка Цюільры ў Парыжы (разбураны ў 1871). Увёў франц. калону (з дэкарыраванымі паясамі), «аркі Дэлорма» (драўляныя формы для перакрыцця вял. праёмаў). Аўтар тэарэт. прац «Новыя вынаходніцтвы для добрага ўмацавання гарадоў пры малых затратах» (1561), «Першы том архітэктуры Філібера Дэлорма» (1567), якія паспрыялі ўзнікненню класіцыстычнай плыні ў франц. архітэктуры.