Праваслаўная духоўная гімназіязасн. ў 1788 пры пач. партыкулярнай школе ў Богаяўленскім манастыры (пераведзена сюды духоўная 2-класная гімназія з Невеля). Вучэбны курс быў пашыраны і тэрмін навучання павялічаны да 3 гадоў. Выкладаліся: рус., лац. і польск. мовы, арыфметыка, чыстапісанне, катэхізіс, нотныя спевы. Гімназія была філіялам Магілёўскай правасл.семінарыі (падрыхтоўчым аддзяленнем). Выкладчыкамі былі яе выхаванцы. Вучыліся дзеці мясц. святароў ва ўзросце 6—8 гадоў. З-за невял. колькасці выхаванцаў (штогод 20—30 юнакоў) у 1792 кіраўніцтва Пскоўскай епархіі вярнула яе ў Невель. Ваенная гімназія ўтворана ў 1865 на базе Полацкага кадэцкага корпуса ў выніку рэарганізацыі сістэмы ваен. асветы ў Рас. імперыі. Тэрмін навучання 6, з 1873—7 гадоў. Мела агульнаадук. праграму, але захавала традыцыйны для кадэцкага корпуса паўвайсковы ўклад і вайск. форму. Выкладаліся: Закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, матэматыка, геаметрыя, чарчэнне, фізіка, гісторыя, геаграфія, касмаграфія, ваенная падрыхтоўка, чыстапісанне і маляванне. У 1865 былі 333 выхаванцы. У 1872—74 існаваў праект адкрыць на базе гімназіі ун-т, а гімназію перавесці ў Вільню або Юр’еў. У 1882 рэарганізавана ў кадэцкі корпус. У гімназіі вучыўся генерал Р.І.Кандраценка. Жаночая дзяржаўная гімназія засн. 1.1.1903. Мела 2-класнае падрыхтоўчае аддзяленне, 7 асн. класаў і 8-ы педагагічны. У 1911 у штаце былі кіраўнік, 8 наглядчыц, 5 законанастаўнікаў, 15 выкладчыкаў. Займалася 360 вучаніц. Выкладаліся: рус., ням. і франц. мовы, педагогіка, матэматыка, геаграфія, фізіка, методыка выкладання. маляванне, чыстапісанне, рукадзелле, спевы. Скасавана ў 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАСА ЯКУ́БА ЛІТАРАТУ́РНА-МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й Засн ў 1956 у Мінску як літ. музей, адкрыты ў 1959, з 1997 сучасная назва. Размешчаны ў доме, дзе жыў Я.Колас з канца 1944 да 1956. Пл. экспазіцыі 255 м², каля 30 тыс. экспанатаў асн. фонду (1998). Захаваны прыжыццёвы інтэр’ер кабінета і спальні, на сядзібе растуць дрэвы, пасаджаныя Я.Коласам. У фондзе рукапісаў (1597 адзінак) сшыткі з запісамі фальклору, зробленымі ў перыяд вучобы паэта ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі і настаўніцтва на Палессі (1899—1904), рукапісы твораў (вершы дакастр. часу, ташкенцкага перыяду, паэм «Сымон-музыка», «Рыбакова хата», «Суд у лесе» і інш.), перапіска з роднымі, знаёмымі, грамадскімі дзеячамі, пісьменнікамі, перакладчыкамі, вучонымі і інш.Фонд кінафотадакументаў налічвае 3436 адзінак. У фондзе выяўл. мастацтва (1037 адзінак) прыжыццёвыя партрэты Я.Коласа, напісаныя мастаком З.Паўлоўскім і графікам Т.Жырмунскай, карціны, падараваныя паэту ў 1952 («Зіма ў Беларусі» П.Радзімава, «Нёман у ваколіцах Мікалаеўшчыны» Г.Гарэлавай-Азгур), творы Л.Гумілеўскага, У.Сулкоўскага, Я.Драздовіча, С.Федарэнкі, графічныя работы Г.Паплаўскага, А.Кашкурэвіча, У. і М. Басалыгаў і інш., скульптараў З.Азгура, Гумілеўскага, С.Селіханава і інш.У кніжным фондзе больш за 10 тыс. адзінак. У музеі зберагаюцца таксама прадметна-рэчавыя помнікі (864 адзінкі), дакументы (830 адзінак), архіў (547 адзінак), асабісты архіў паэта (6500 адзінак) і інш. З 1985 музей штогод праводзіць літ. свята і навук. канферэнцыю «Каласавіны». Дзейнічаюць філіялы музея на радзіме Я.Коласа ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл.: мемарыяльныя сядзібы ў Смольні, Акінчыцах, Альбуці, Ластку (гл.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял, Коласаўскі заказнік).
Літ.:
Пратасевіч М.І. Літаратурны музей Якуба Коласа. Мн., 1981;
Камароўская З.М. Літаратурны музей Якуба Коласа. Мн., 1989.
З.М.Камароўская.
Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей Рабочы кабінет Я.Коласа.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКУНА́БУЛЫ (ад лац. incunabula калыска, пачатак),
друкаваныя выданні, выпушчаныя ў ранні перыяд кнігадрукавання; умоўна — кнігі, выдадзеныя ад першых спроб І.Гутэнберга (1440-я г.) да 1.1.1501.
У гэты перыяд у Зах. і Цэнтр. Еўропе дзейнічала 1099 друкарняў у 246 гарадах, якія выдалі каля 12 млн.экз. кніг (больш за 40 тыс. назваў). Сярэдні іх тыраж — 300, асобных — 1000 і больш экз. Першапачаткова І. вонкавым выглядам нагадвалі рукапісныя кнігі (адсутнасць тытульнага ліста, выхадныя звесткі ў канцы тэксту ў калафоне, рукапіснае афармленне ініцыялаў, рубрык-заставак). Паступова яны набылі рысы друкаванай кнігі. Друкавалі І. пераважна гатычным шрыфтам. Пры наборы выданняў ант. аўтараў і пісьменнікаў-гуманістаў карысталіся шрыфтам лац. алфавітнай сістэмы, у 1480—90-я г — глаголіцай і кірыліцай.
І. зберагаюцца ў буйнейшых навук. кнігазборах свету, у дзярж., акад., універсітэцкіх б-ках. Вядзецца іх міжнар. ўлік і апісанне; выдадзены «Зводны каталог інкунабулаў» (т. 1—8, 1925—76), выходзяць нац. каталогі І. І. бел. паходжання няма, але яны вядомы на Беларусі з 15—16 ст. Найчасцей іх прывозіла з інш. краін моладзь, якая вучылася ў Кракаве, Лейпцыгу, Падуі, Балонні і інш. Паводле каталогаў 16—18 ст. І. меліся ў б-ках манастыроў, навуч. устаноў, кнігазборах прыватных асоб. Захаваліся І. з б-кі Радзівілаў (11 з іх у б-цы Рас.АН), з б-кі Храптовічаў у Шчорсах (3). У б-ках Вільнюса захоўваецца больш за 100 І. з розных гарадоў Беларусі, у т. л. з Гродна (з б-к кляштараў дамініканцаў і кармелітаў, езуіцкага калегіума), з Нясвіжа, Слоніма, в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на, Жыровіцкага манастыра базыльян (Слонімскі р-н), з манастыроў Полацка, Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі і інш. Шмат І. зберагалася ў прыватных калекцыях магнатаў. 42 экз. І. зберагаюцца ў Нац. б-цы Беларусі, 4 — у Цэнтр.навук. б-цы Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́МІН-СІБІРА́К (сапр.Мамін) Дзмітрый Наркісавіч
(6.11.1852, г.п. Вісім Свярдлоўскай вобл., Расія — 15.11.1912),
рускі пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў рус. «сацыялагічнага рамана». Вучыўся ў Пермскай духоўнай семінарыі (1868—72), Пецярбургскай мед.-хірургічнай акадэміі (1872—76) і Пецярбургскім ун-це (1876—77). З 1877 жыў на Урале (пераважна ў Екацярынбургу), з 1891 у Пецярбургу і Царскім Сяле. Друкаваўся з 1875. Гал. тэма уральскіх раманаў «Прывалаўскія мільёны» (1883), «Горнае гняздо», «Дзікае шчасце» (пад назвай «Жылка», абодва 1884), «Тры канцы» (1890), «Золата» (1892), «Хлеб» (1895) — улада капіталу над душамі асобных людзей і над лёсамі цэлых сац. пластоў. У рамане «Імяніннік» (1888) стварыў тып «лішняга чалавека» апошняй чвэрці 19 ст. Раман-успамін «Рысы з жыцця Пяпко» (1894) пра жыццё пецярбургскіх рэпарцёраў. Раманы «Веснавыя навальніцы» (1893), «Без назвы» (1894), «Па новым шляху» (1896) і інш. пра рус. інтэлігенцыю. Аповесці «Браты Гардзеевы» (1891), «Ахоніны бровы» (1892) на гіст. тэматыку. Аўтар раманаў «На вуліцы» («Бурны паток», 1886), «Зоркі, якія падаюць» (1899), «Уральскіх апавяданняў» (т. 1—2, 1888—89), п’есы «На залатым дне» («Золатапрамыслоўцы», паст. 1887), падарожных нарысаў «Ад Урала да Масквы» (1881—82), успамінаў «З далёкага мінулага» (1902) і інш. Творчасці М.-С. ўласцівы маштабнасць ахопу матэрыялу, драматызм, безылюзорны і шырокі погляд на чалавека, унутрана-напружанае апавяданне, жыццёвая дакладнасць, натуралістычныя падрабязнасці. Пісаў для дзяцей: «Ямеля-паляўнічы» (1884), «Зімоўе на Студзёнай» (1892), «Шэрая шыйка» (1893), «Алёнчыны казкі» (1894—97) і інш. Апрацоўваў легенды казахаў і кіргізаў (зб. «Легенды», 1898). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Я.Маўр, А.Якімовіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́Ф’ЕЎ (Аляксандр Андрэевіч) (2.12.1900, с. Кабона Волхаўскага р-на Ленінградскай вобл. — 18.9.1971),
рускі паэт.Герой Сац. Працы (1970). Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Пецярбургскай настаўніцкай семінарыі (1913—17). Друкаваўся з 1919. Першыя зб-кі вершаў — «Поўдзень», «Вуліца Чырвоных Зор» (абодва 1931), «Перамога» (1932). У паэт. зб-ках «Атака», «Гармонік» (абодва 1943) і паэме «Расія» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946) услаўленне подзвігу народа ў Вял.Айч. вайну. Аўтар кніг паэзіі «Дарога праз мост» (1933), «Летапіс» (1934), «На абарону закаханых» (1939), «У краі маім» (1948), «У дарозе» (1953), «Прызнанні» (1957), «Яблыня над морам» (1958), «Запрашэнне да падарожжа» (1960, Ленінская прэмія 1961), «Пад сонцам і пад ліўнямі» (1964), «Развітанне з Прымор’ем» (1969), паэм «Сад» (1948), «Юнацтва» (1955), вершаў для дзяцей і інш. Паэзіі П. ўласцівыя грамадз. пафас, глыбокі лірызм, эмацыянальнасць і шчырасць, творчае выкарыстанне фальклору, нар. гумару і жарту, быліннасці і казачнасці. Некат. яго вершы пакладзены на музыку. Шэраг вершаў П. прысвяціў Беларусі, яе прыродзе («Беларусі», «Сябрам», «То ляцелі гусі...», «Лявоніха», «Ой, ляціце», думы...»), а таксама Я.Купалу, Я.Коласу, П.Броўку, С.Прытыцкаму. На рус. мову пераклаў многія творы Я.Купалы, Я.Коласа, паасобныя М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Чарота, П.Броўкі, П.Глебкі, М.Танка, П.Панчанкі, У.Дубоўкі, М.Лужаніна, А.Вялюгіна, Е.Лось і інш. Беларусі і яе л-ры прысвяціў арт. «У нагу з часам», «Веліч слова», «Слова пра веліч талента», «Сэрца народнае», «Рысы вялікага натхнення» і інш. Неаднаразова прыязджаў на Беларусь. На бел. мову яго вершы перакладалі М.Аўрамчык, Броўка, В.Вітка, А.Вольскі, Н.Гілевіч, Глебка, С.Грахоўскі, Дубоўка, М.Калачынскі, А.Куляшоў, Лось, Лужанін, П.Пестрак, Ю.Свірка, Я.Семяжон, М.Танк, У.Шахавец і інш.
Тв.:
Собр соч. Т. 1—4. М., 1978—80;
Бел.пер. — Выбр. вершы. Мн., 1948;
Прызнанне ў любві. Мн., 1961;
Святло над светам. Мн., 1976.
Літ.:
Молдавский Д.М. Александр Прокофьев. Л., 1975;
Александр Прокофьев: Вспоминают друзья. М., 1977;
Панчанка П. На паэтычным небасхіле. Мн., 1977;
Ліякумовіч Ц. У сугучнасці з купалаўскім словам // Бел.літ. 1982. Вып. 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАК-МІХАЙЛО́ЎСКІ (Сымон Аляксандравіч) (14.4.1885, в. Максімаўка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 27.11.1938),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч, публіцыст, педагог. Скончыў пед.ін-т у Феадосіі (1912). У рэвалюцыю 1905—07 прапагандаваў ідэі сац. і нац. вызвалення, быў выбраны сялянамі хадаком у Дзярж. думу. У 1906 за распаўсюджанне с.-д. л-ры арыштаваны на 3 месяцы і зняволены ў Вілейцы. З-за праследаванняў улад вымушаны быў пераехаць у Крым. З 1914 на вайск. службе. У 1917 уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, чл. яе ЦК, нам. старшыні Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, сакратар бел. школьнай падкамісіі пры Мінскай гар. думе. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У 1918 старшыня Бел. вучыцельскага хаўрусу (саюза), чл.Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, адзін з лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1919 выкладчык Першых бел.пед. курсаў у Мінску. У час польск. акупацыі старшыня Беларускай школьнай рады Міншчыны, пазней Цэнтральнай беларускай школьнай рады, чл. Часовага бел.нац.к-та і Беларускай вайсковай камісіі. У 1920—22 заснавальнік і дырэктар Барунскай настаўніцкай семінарыі, адзін з арганізатараў Таварыства беларускай школы, выкладчык Гродзенскай і Віленскай бел. гімназій. З 1922 дэпутат сейма Польшчы, заснавальнік Беларускай партыі незалежных сацыялістаў. У 1925 адзін з ініцыятараў стварэння і нам. старшыні Беларускай сялянска-работніцкай грамады, адначасова з 1926 чл.КПЗБ. У шматлікіх артыкулах, якія друкаваліся ў газ. «Наша ніва», «Беларусь», «Звон», час. «Родны край» і інш.зах.-бел. выданнях, выступаў у абарону бел. школ, за сац. справядлівасць, супраць рабавання польск. ўладамі прыродных багаццяў Зах. Беларусі. У 1927 арыштаваны і зняволены польск. ўладамі. з 1930 у БССР, дырэктар Бел.дзярж.сац.-гіст. музея ў Мінску. Чл.ЦВКБССР з 1931. У 1933 арыштаваны органамі АДПУ і асуджаны на 10 гадоў па справе «Беларускі нацыянальны цэнтр». У ліст. 1938 Асобай тройкай НКУСБССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1956.
Літ.:
Бергман А. Сымон Рак-Міхайлоўскі: (Кароткі біягр. нарыс) // Беларускі каляндар. 1980. Беласток, 1980;
Адамушка У. Сацыял-дэмакрат Сымон Рак-Міхайлоўскі // Сыны і пасынкі Беларусі. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯДУ́ЛЯ (Змітрок) (сапр.Плаўнік Самуіл Яфімавіч; 23.4.1886, в. Пасадзец Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 3.11.1941),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў яўр. пачатковай школе і духоўнай семінарыі. У 1912—15 у Вільні; працаваў у выдавецкім т-ве і газ. «Наша ніва». З 1915 — у Мінску, з 1920 працаваў у газ. «Савецкая Беларусь», час. «Зоркі», «Наш край». Уваходзіў у літ. аб’яднанне «Маладняк», пасля — ва «Узвышша». Першая публікацыя — абразок «Пяюць начлежнікі» («Наша ніва», 23.9.1910). Друкаваўся таксама ў час. «На берегах Невы» (Пецярбург) і «Молодые порывы» (Вільня). Першая кніга — зборнік лір. імпрэсій-мініяцюр «Абразкі» (1913), жанрава блізкіх да вершаў у прозе. У іх рамантычна-эмацыянальнае ўспрыманне жыцця, паэтызацыя бел. вёскі, яе побыту, асуджэнне сац. несправядлівасці. У рэаліст. апавяданнях Бядулі — праблемы бел. сялянства, яго сац. становішча («Пяць лыжак заціркі», «Умарыўся», «Злодзей», «Чараўнік» і інш.), нац. інтэлігенцыі, мастацтва, лёсу маладых талентаў у цяжкіх сац. і быт. умовах («На каляды к сыну», «Велікодныя яйкі» і інш.). Вастрынёй сац. тэматыкі вызначаліся таксама і вершы гэтага перыяду. Матывы смутку, тугі і роспачы ў вершах антываен. накіраванасці («Ад крыві чырвонай», «Вайна», «Не мы...», «І сотнямі тысяч» і інш.). 1920—30-я г. — перыяд ідэйна-творчага росту пісьменніка. Пашырэнне тэматычнага дыяпазону, імкненне да эпічнасці ў адлюстраванні складаных з’яў рэчаіснасці, каларытныя малюнкі жыцця і побыту бел. вёскі канца 19 — пач. 20 ст. выявіліся ў зб-ках паэзіі «Пад родным небам» (1922), «Буралом» (1925), «Паэмы» (1927), зб-ках апавяданняў «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926), фалькл.-рамант. аповесці «Салавей» (1927), сац.-псіхал. рамане «Язэп Крушынскі» (кн. 1—2, 1929—32; 2-я напісана пад уплывам вульгарнага сацыялагізму), аўтабіягр. аповесцях «Набліжэнне» (1935) і «У дрымучых лясах» (1939). У яго творах — сучаснае і гіст. мінулае Беларусі, спалучаны рамант.-пафаснае адлюстраванне рэв. эпохі, эпохі прыгоннага права і сац. працэсаў грамадскага жыцця перыяду індустрыялізацыі і калектывізацыі вёскі. Выступаў як публіцыст, аўтар твораў для дзяцей, перакладчык. Даследаваў пытанні этнаграфіі і фальклору («Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных казках і песнях», 1924), пісаў літ.-крытычныя артыкулы, нарысы (кн. «Дзесяць», 1930).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ СПА́СКІ МАНАСТЫ́Р Існаваў у 2-й пал. 16 — пач. 20 ст. ў Магілёве. Комплекс уключаў мураваныя будынкі ў стылі барока: Спаса-Праабражэнскую царкву, манастырскі корпус, агароджу з брамай і званіцай. З Магілёўскім архірэйскім палацам і Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкамі ўтвараў адзіны буйны горадабудаўнічы ансамбль. Драўляная Спаская царква вядома з 1478, у 1594 пабудавана новая, драўляная (згарэла ў 1709). З канца 15 ст. пры царкве існавалі драўляныя будынкі, дзе размяшчаліся манаскія келлі. Каля 1600 правасл. брацтва (вядома ў 1597) засн. пры манастыры школу. З 1618 да сярэдзіны 17 ст. манастыр пераходзіў да уніятаў, у 2-й пал. 17 ст. вернуты праваслаўным. У 1740—42 магілёўскі епіскап Іосіф Ваўчанскі пачаў будаваць мураваную Спаса-Праабражэнскую царкву. Буд-ва яе амаль завершана да 1748 пад кіраўніцтвам епіскапа Ераніма Ваўчанскага (згарэла ў 1748, засталіся муры і сцены). З 1756 буд-вам царквы кіраваў архіепіскап Г.Каніскі, у 1762 дабудаваў яе арх. І.К.Глаўбіц (да 1802 была кафедральным саборам). Царква ўяўляла сабой крыжова-купальны храм з 2-вежавым гал. фасадам. Над сяродкрыжжам на высокім светлавым 8-гранным барабане ўзвышаўся сферычны купал, завершаны галоўкай. Да глухіх граней барабана далучаліся 4 2-ярусныя вежачкі з невысокімі купаламі, якія разам стваралі 5-купальную кампазіцыю. Гал. фасад завяршалі 2-ярусныя вежы, паміж якімі быў высокі ступеньчатага абрысу франтон. Сцены фасадаў завяршаліся шырокім тонкапрафіляваным карнізам, рытмічна чляніліся лучковымі аконнымі праёмамі з дэкар. ляпнымі дэталямі, паміж аконнымі праёмамі — спараныя пілястры з дарычнымі капітэлямі. У інтэр’еры былі творы мясц. майстроў: жывапісца М.Пігарэвіча і чаканшчыка П.Слізіка (Сліжыка). Царква разбурана ў Вял.Айч. вайну, пазней знесена, частка пабудоў захавалася. У 1785 завершана буд-ва мураванай агароджы з брамай і манастырскага корпуса. Г-падобны ў плане манастырскі корпус разам з агароджай абкружаў усю тэр. манастыра і ўтвараў трапецападобны ў плане ўнутр. дворык. Корпус складаўся з 2-павярховай часткі (дзе размяшчалася кансісторыя, захавалася) і 1-павярховага крыла (манаскія келлі, убудаваная царква, гасп. памяшканні, частка захавалася). Гал. фасад 2-павярховага корпуса аздоблены на ўсю вышыню пілястрамі і іанічнымі капітэлямі. Высокія прамавугольныя аконныя праёмы дэкарыраваны ліштвамі з замковым каменем, падаконнымі прамавугольнымі нішамі. Фасады 1-павярховага крыла расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з простымі ліштвамі, міжаконнымі лапаткамі. У 1918 манастыр закрыты.
Т.І.Чарняўская.
Да арт.Магілёўскі Спаскі манастыр. Спаса-Праабражэнская царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІЯ ГІМНА́ЗІІ Існавалі ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. Падпарадкоўваліся Віленскай навучальнай акрузе. Мазырская мужчынская гімназія адкрыта ў кастр. 1859. Напачатку мела 1—3-і класы, у 1860 адкрыты 4—6-ы, у 1861—7-ы (выпускны) класы. Больш за 90% гімназістаў — дзеці дваран і чыноўнікаў. Выкладанне вялося на польск., з 1864 — на рус. мове. З 1865 класічная гімназія. Выкладаліся: Закон Божы, рус. мова і славеснасць, лац., грэч., франц., ням. мовы, матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, гісторыя, геаграфія, чыстапісанне і інш. Пры гімназіі з 1864 існавала нядзельная школа для навучання чытанню, пісьму і арыфметыцы ўсіх гараджан незалежна ад веравызнання і ўзросту. Да 1874 у падпарадкаванні дырэкцыі гімназіі быў 4-класны прыватны жаночы пансіён. У 1874 гімназія пераўтворана ў 4-класную, з 1876 — у 6-класную прагімназію, якая ў 1910 рэарганізавана ў 8-класную гімназію. Падрыхтавана больш за 1000 выпускнікоў. Існавала да 1918. Мазырская жаночая гімназія адкрыта ў 1907 на базе жаночага вучылішча (засн. ў 1860). Да 1911 жаночая гімназія Е.Сапрыноўскай, 29.11.1911 пераўтворана ў 7-класную жаночую гімназію. Утрымлівалася за дзярж. кошт. За навуч. справай наглядаў дырэктар мужчынскай гімназіі. У ёй працавалі 3 законанастаўнікі і 12 выкладчыкаў Пецярбургскага і Юр’еўскага ун-таў, Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў і інш. Выкладаліся: рус. мова і л-ра, гісторыя, матэматыка, фізіка, геаграфія, прыродазнаўства, чыстапісанне, маляванне, ням. і франц. мовы, спевы. У 1915 было 269 навучэнак. Існавала да 1917; на яе базе створана 7-гадовая агульнаадук. школа. Мазырская прыватная жаночая прагімназіязасн. 18.7.1908 на базе (прыватнага жаночага вучылішча 1-га разраду, мела 5 асн. і 1 падрыхтоўчы класы (у 1909 адкрыты 6-ы, у 1910—7-ы класы). Утрымлівалася А.Тадароўскай-Еўдакімавай за кошт платы за навучанне. Працавалі 3 законанастаўнікі і 9 выкладчыкаў з Беластоцкага ін-та, Мінскай духоўнай семінарыі, Пецярбургскіх і Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў. Выкладаліся: рус. мова і л-ра, матэматыка, чыстапісанне, прыродазнаўства, франц. і ням. мовы, рукадзелле, маляванне, спевы. У 1908 было 146 навучэнак. Закрыта ў 1913.
Літ.:
Сборник сведений о средних учебных заведениях Виленского учебного округа. Вильна, 1873;
Шпаковский К. Историческая записка о Мозырской прогимназии, 1859—1909. Мозырь, 1909;
Бобр А.Г. Мой Мозырь: Ист. очерк. Ч. 1. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЯТО́ВЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,
пачатковыя навуч. ўстановы павышанага тыпу ў Рас. імперыі ў 19 — пач. 20 ст. Існавалі публічныя і духоўныя П.в. Публічныя паводле статута навуч. устаноў (1804) адкрываліся ў губернскіх і пав. гарадах для падрыхтоўкі выхаванцаў «усякага звання» да паступлення ў гімназію. Мелі 2-гадовы тэрмін навучання. Паводле статута 1828 рэарганізаваны ў 3-класныя. У іх вывучаліся свяшчэнная і царк. гісторыя, рус. і ўсеагульная гісторыя, арыфметыка, геаграфія, чарчэнне і інш. Пры вучылішчах адкрываліся дадатковыя курсы, якія давалі пач.прафес. адукацыю. У Віленскай навучальнай акрузе П.в. (паводле асобных статутаў ад 1803 і 1804) мелі свае асаблівасці: ствараліся таксама ў мястэчках, тэрмін навучання да 6 гадоў, захоўвалі праграмы Адукацыйнай камісіі, падзяляліся на свецкія і манаскія (каталіцкія і уніяцкія), выпускнікі мелі права паступаць у ВНУ; у большым аб’ёме вывучаліся прававыя навукі, фізіка, геаметрыя, прыродазнаўства, логіка; дадаткова выкладаліся польская мова (рус. мова вывучалася як замежная), гісторыя Рэчы Паспалітай і ВКЛ, каморніцтва, хімія, тэорыя вакцынацыі, сельская гаспадарка, архітэктура і інш. У 1803 у Беларусі дзейнічалі 23 П.в. Пазней некат. атрымалі статус гімназій. Пасля рэарганізацыі ў 1826 праграмы навучання бел. П.в. набліжаны да агульнаімперскіх. Паводле статута 1828 П.в. рэарганізаваны і падзяляліся на 5-класныя для дваран (філіялы гімназій) і 3—4-класныя для мяшчан (у 1834—35 яны таксама пераўтвораны ў дваранскія 5-класныя). У 1858 замест 19 пяцікласных П.в. адкрыта 7 гімназій і 12 трохкласных вучылішчаў, у 1865 трохкласныя вучылішчы на бел. землях рэарганізаваны ў 2-класныя. У 1884 на Беларусі 21 П.в. На большай частцы Рас. імперыі П.в. пераўтвораны ў гарадскія вучылішчы ў 1872, на Беларусі яны праіснавалі да 1909. Духоўныя П.в. ствараліся ў Рас. імперыі з пач. 19 ст. паводле статута 1808. Яны падзяляліся на вышэйшыя, сярэднія і ніжэйшыя, падпарадкоўваліся Камісіі па справах духоўных вучылішчаў пры св. Сінодзе. Рыхтавалі святароў і тых, хто жадаў паступіць у семінарыі. З 1860-х г.правасл. П.в. атрымалі назву духоўных вучылішчаў; у пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі 3 жан. і 9 мужчынскіх. Скасаваны ў 1917.
Літ.:
Воронов А. Историко-статистическое обозрение учебных заведений Санкт-Петербургского учебного округа с 1829 по 1853 включительно. СПб., 1854;
Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915;
Погодин А.Л. Виленский учебный округ, 1803—1831 гг. СПб., 1901;
Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.