БРУ́СТЭР ((Brewster) Дэвід) (11.12.1781, г. Джэдбара, Шатландыя — 10.2.1868),
шатландскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1815). Чл.-кар. Французскай (1825) і Пецярбургскай (1830) АН. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1800). У 1837—59 кіраўнік каледжаў і праф. ун-та ў Сент-Андрусе, Эдынбургу. Навук. працы ў галіне оптыкі. Даследаваў палярызацыю святла. Устанавіў Брустэра закон. Адкрыў кругавую палярызацыю святла, падвойнае праменепраламленне ў асяроддзях са штучнай анізатрапіяй, існаванне двухвосевых крышталёў. Сканструяваў першы калейдаскоп, лінзы для маякоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫМЕ́ТРЫЯ,
сукупнасць метадаў фіз.-хім. даследаванняў, заснаваных на вывучэнні ступені палярызацыі святла і на вярчэнні плоскасці яго палярызацыі аптычна актыўнымі рэчывамі (гл.Аптычная актыўнасць). Вымярэнні праводзяцца з дапамогай палярыметраў.
Метад вызначэння канцэнтрацыі рэчыва ў растворы, заснаваны на залежнасці ад яе вугла павароту плоскасці палярызацыі ў рэчыве, наз.цукраметрыяй. Ён з’яўляецца асн. метадам колькасных вымярэнняў у вытв-сці цукру, камфары, какаіну, нікаціну і інш. Пры вывучэнні хім. будовы і прасторавай канфігурацыі злучэнняў, механізму хім. рэакцый выкарыстоўваюць спектрапалярыметрыю, дзе выяўляецца залежнасць вугла павароту плоскасці палярызацыі ад даўжыні хвалі зыходнага святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДБЕ́ЛЬВАННЕ,
бяленне, тэхналагічны працэс выдалення дамешкаў і знішчэння непажаданай натуральнай афарбоўкі матэрыялаў (натуральных і штучных валокнаў, паперы, воску, скуры, футра, пластычных мас і інш.) для надання ім белага колеру ці перад фарбаваннем. Хімічнае адбельванне ўключае папярэднюю апрацоўку матэрыялу хлорамінам, слабымі растворамі кіслот і шчолачаў або ферментатыўнымі прэпаратамі і наступнае ўздзеянне акісляльнікаў (гіпахларыту натрыю ці кальцыю, пераксіду вадароду, хларыту натрыю, перманганату калію) ці аднаўляльнікаў (сярністага газу, гідрасульфіту ці бісульфіту натрыю). Аптычнае адбельванне заснавана на дзеянні бясколерных флуарэсцыруючых арган. рэчываў — белафораў (вытворных стыльбену, аксазолу, імідазолу), якія ператвараюць УФ-выпрамяненне дзённага (сонечнага) святла ў сіне-фіялетавы колер бачнага святла і такім чынам кампенсуюць паглынанне святла забруджваннямі. Матэрыялы пры гэтым набываюць высокую ступень белізны, фарбаваныя — яркасць і кантрастнасць. Фатаграфічнае адбельванне — прамежкавая стадыя апрацоўкі каляровых і чорна-белых кіна- і фатаграфічных матэрыялаў, у выніку якой адбываецца акісленне метал. серабра відарыса акісляльнікамі (чырв. крывяная соль, біхрамат калію і інш.) у злучэнні белага колеру, што выдаляюцца пры далейшай апрацоўцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯБІЁНТЫ [ад гелія... + біёнт(ы)],
віды расліннага і жывёльнага свету, якія аддаюць перавагу месцам, асветленым сонечным святлом, — геліяфіты і геліяфілы (святла- і сонцалюбівыя віды — большасць раслін, яшчаркі, змеі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́СТЭРА ЗАКО́Н,
суадносіны паміж паказчыкам пераламлення n дыэлектрыка і такім вуглом падзення (φ светлавога праменя, пры якім адбітае ад паверхні дыэлектрыка натуральнае (непалярызаванае) святло поўнасцю палярызуецца. Адкрыты ў 1815 Д.Брустэрам. Паводле Брустэра закона tg φ = n, дзе φ — вугал Брустэра. Пры выкананні Брустэра закона вугал паміж адбітым і пераломленым прамянямі складае 90°. Брустэра закон пакладзены ў аснову работы прылад аптычнай апрацоўкі інфармацыі, інтэгральнай оптыкі. Гл. таксама Палярызацыя святла.
Да арт.Брустэра закон. Ход прамянёў на мяжы падзелу двух асяроддзяў пры падзенні святла пад вуглом Брустэра φ: E1 — складальная электрычнага вектара, якая ляжыць у плоскасці падзення, E2 — перпендыкулярная да яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭКТЫ́РАВАННЕ,
пераўтварэнне электрычных (або інш.) ваганняў, у выніку чаго атрымліваюцца ваганні іншай (як правіла, больш нізкай) частаты. Найб. важны выпадак Д. — працэс, адваротны мадуляцыі (дэмадуляцыя; гл.Мадуляцыя ваганняў, Мадуляцыя святла) — выдзяленне нізкачастотнага мадулюючага сігналу (напр., ваганняў нізкай частаты ці сігналаў відарысу) з высокачастотных прамадуляваных ваганняў. У залежнасці ад віду мадуляцыі адрозніваюць амплітуднае, частотнае, фазавае і інш. Д.
Для Д. выкарыстоўваецца нелінейнасць вольт-ампернай характарыстыкі электронных прылад (вакуумных і паўправадніковых дыёдаў, трыёдаў, транзістараў і інш.). Пры амплітудным Д. ў ланцугу дэтэктара амплітудна мадуляваныя ваганні пераўтвараюцца ў высокачастотныя імпульсы адной палярнасці, амплітуда якіх змяняецца паводле закону мадуляцыі. Пры частотным (ці фазавым) Д. частотна (фазава) мадулявання ваганні спачатку пераўтвараюцца ў амплітудна мадуляваныя, а потым падаюцца на амплітудны дэтэктар. Пры прамым Д. святла на фотакатод прыёмніка падаецца толькі карысны аптычны сігнал; выхадны сігнал прыёмніка мае інфармацыю аб амплітуднай мадуляцыі зыходнай хвалі. Пры гетэрадзінным Д. святла зыходнае выпрамяненне камбінуецца на фотакатодзе з эталонным выпрамяненнем (напр., ад лазера) і выхадны сігнал нясе інфармацыю аб амплітудзе, частаце і фазе зыходнай хвалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТЭ́ЛА, Вітэлій (Witelo, Vittelio) Эразм (каля 1230, каля г. Вроцлаў, Польшча — каля 1280), польскі прыродазнавец і філосаф. Вучыўся ў Парыжы і Падуі. Філасофію трактаваў як своеасаблівую навуку аб прыродзе, яго навук. дзейнасць звязана з развіццём эмпірычнага прыродазнаўства, пачатак якому дала оксфардская школа. Аўтар вядомага ў сярэднія вякі трактата па оптыцы «Перспектыва» (1270—73), тройчы выдадзенага ў Нюрнбергу (1535, 1551, 1572). У гэтым творы выкладаюцца элементы геам. оптыкі, вядомыя Эўкліду, Пталамею і Альхазену, а таксама прыводзіцца закон абарачальнасці прамянёў пры пераламленні святла, даказваецца, што парабалічныя люстэркі маюць адзін фокус, разглядаюцца будова вока і ўласцівасці зроку, тлумачыцца прырода вясёлкі на аснове пераламлення святла ў вадзяных кроплях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Пётр Мікалаевіч) (8.3.1866, Масква — 14.3.1912),
расійскі фізік-эксперыментатар, стваральнік навук.фіз. школы ў Расіі. Скончыў Страсбургскі ун-т (1891). У 1892—1911 у Маскоўскім ун-це (з 1900 праф.). Навук. працы па эксперым. абгрунтаванні эл.-магн. тэорыі святла. Першым атрымаў міліметровыя эл.-магн. хвалі (1895) і даследаваў іх уласцівасці. Выявіў ціск святла на цвёрдыя целы (1899) і газы (1907) і правёў адпаведныя вымярэнні. Выканаў арыгінальныя эксперыменты па магнетызме вярчальных цел, выказаў гіпотэзу аб паходжанні каметных хвастоў. Яго імем названы Фіз.ін-тРас.АН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРО́ІД, палярызацыйны святлафільтр,
адзін з асн. відаў лінейных палярызатараў.
Уяўляе сабой тонкую палярызацыйную плёнку, якая мае вял. колькасць аднолькава арыентаваных мікракрышталікаў рэчыва і заклеена для аховы ад мех. пашкоджанняў і ўздзеяння вільгаці паміж 2 празрыстымі пласцінкамі. Плёнка раскладае светлавы прамень, што падае на яе, на 2 прамяні (гл.Падвойнае праменепераламленне) і адзін з іх паглынае. Натуральнае святло пры праходжанні праз яе палярызуецца (гл.Палярызацыя святла). Выкарыстоўваецца ў палярызацыйных прыладах у розных дыяпазонах аптычнага выпрамянення, а таксама для розных тэхн. мэт, напр., П. на фарах і ветравым шкле аўтамабіля ахоўваюць вадзіцеля ад асляплення святлом сустрэчных машын, акуляры з П. засцерагаюць вочы ад яркага святла.