МЕА́НДРЫ (ад грэч. Maiandros Меандр, стараж. назва вельмі звілістай ракі Вял. Мендэрэс у М. Азіі),
лукавіны, выгіны рэчышча ракі. Характэрны пераважна для раўнінных рэк. Утвараюцца ў выніку бакавой эрозіі пры размыванні берагоў водным патокам. Увагнуты, звычайна стромкі, бераг размываецца, а выпуклы нарошчваецца за кошт наносаў і ўтварэння водмелі. У выніку ў плане рака прымае звілістую петлепадобную форму. Часам вадацёк прарывае сабе новы больш кароткі шлях, а М. ператвараюцца ў старыцы. У горных і перадгорных абласцях, якія зазнаюць тэктанічныя падняцці, трапляюцца ўрэзаныя (рэліктавыя) М., абмежаваныя выступамі карэнных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЕДИЦИ́НСКИЙ ВЕ́СТНИК»,
што тыднёвая галіновая газета. Выходзіць з вер. 1991 у Мінску на рус. мове (асобныя публікацыі — на бел. мове). Заснавальнікі: Мін-ва аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, БРК прафсаюза работнікаў аховы здароўя і калектыў рэдакцыі. Асвятляе тэарэт. і практычныя пытанні аховы здароўя, мед. навукі, дзейнасці лячэбна-прафілактычных, н.-д. і навуч. устаноў. Змяшчае матэрыялы пра стан, шляхі і перспектывы мед. абслугоўвання насельніцтва, пра дасягненні айч. і замежнай мед. навукі, тэарэт. і практычныя рэкамендацыі для захавання і паляпшэння здароўя чалавека. Мае рубрыкі «Доктар тлумачыць, папярэджвае, рэкамендуе», «У дапамогу доктару-практыку», «Вы прасілі расказаць», «Дапамажы сабе сам» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л АЛЯКСА́НДРАВІЧ (1333, г. Пскоў, Расія — 26.8.1399),
вялікі князь Цвярскога княства [1365—99, з перапынкамі]. Сын вял. цвярскога кн. Аляксандра Міхайлавіча. Двойчы (1368 і 1370) быў скінуты з прастола вял. маскоўскім кн.Дзмітрыем Іванавічам Данскім і хаваўся ў ВКЛ (яго сястра была жонкай вял. князя літоўскага Альгерда). У 1372 пры дапамозе войск ВКЛ вярнуў сабе цвярскі прастол. МА. — апошні вял. цвярскі князь, які змагаўся з Масквой за Уладзімірскае вял. княжанне, валоданне якім фармальна азначала паліт. панаванне ў Паўн.-Усх. Русі. У 1370—71 і 1375 атрымліваў вялікакняжацкія ярлыкі ў Залатой Ардзе, але замацавацца на Уладзімірскім прастоле не здолеў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМА КРЫВІ́,
вадкая частка крыві, якая застаецца пасля выдалення форменных элементаў. Мае ў сабе 90—93% вады і 7—10% сухога рэчыва. У П.к. ёсць бялкі (каля 200 відаў), тлушчы, вугляводы. мінер. солі, ферменты, вітаміны, гармоны і інш.Асн. функцыі П.к.: трафічная, рэгулятарная, ахоўная, гамеастатычная, ферментатыўная. Абумоўлівае згусальнасць крыві, удзельнічае ў газаабмене. Найб. значныя бялкі П.к. — альбуміны, глабуліны, фібрынаген (пры гемакаагуляцыі ператвараецца ў фібрын). П.к. без фібрыну наз. сывараткай. Змены ў саставе П.к. маюць дыягнастычнае значэнне для вызначэння захворвання (рэўматызм, цукровы дыябет). З П.к. гатуюць лек. прэпараты (напр., альбумін, фібрынаген, гама-глабулін). Гл. таксама Кровазаменныя вадкасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ТА (Ruta),
род кветкавых раслін сям. рутавых. 7 відаў (па інш. звестках каля 70 разам з родам Haplophyllum). Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і і ўмераным поясе Азіі. Здаўна ў Еўропе культывуецца Р. духмяная (R. graveolens) як прыпраўная і лек. расліна. Інтрадукавана ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі.
Шматгадовыя пахучыя травы або паўкусты. Лісце чаргаванае, перыстарассечанае. Кветкі дробныя, зеленавата-жоўтыя, сабраныя ў шчыткападобную мяцёлку на верхавінцы сцябла. Плод — каробачка. Р. духмяная — ядавітая, мае ў сабе эфірны алей, які аказвае моцнае мясцовае раздражненне. Лісце і кветкі ўжываюцца як прыправа. Лек., тэхн., харч., дэкар. і інсектыцыдныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЧАРД II (Richard; 6.1.1367, г. Бардо, Францыя — 14.2.1400),
кароль Англіі [1377—99]. Апошні з дынастыі Плантагенетаў. Уступіў на трон у 12-гадовым узросце (краінай правіў савет). З 1389 правіў самастойна, абапіраючыся на парламент і ч. знаці. Заключыў мір з Францыяй (1397). З 1397 усталяваў аднаасобнае праўленне, падпарадкаваў сабе парламент, выгнаў з краіны свайго брата Генрыха IV Ланкастэрскага і пазбавіў яго спадчынных правоў. Сваіх б. праціўнікаў караў штрафамі і канфіскацыяй іх маёмасці, што выклікала мяцеж буйных феадалаў. У 1399 скінуты, у 1400 забіты ці памёр ад голаду ў зняволенні. Герой гіст. драмы У.Шэкспіра «Рычард П» (1595).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭТЫКУЛАЦЫ́ТЫ (ад лац. reticulum сетачка + kytos клетка),
бяз’ядзерныя постклетачныя структуры, якія папярэднічаюць утварэнню эрытрацытаў. У крыватоку за 24—28 гадз пераўтвараюцца ў спелыя эрытрацыты. Цытаплазма Р. амаль цалкам запоўнена гемаглабінам, мае ў сабе рэшткі полірыбасом і інш. арганел. У Р. ажыццяўляецца сінтэз бялку, пурынаў, ліпідаў і інш. У дарослага чалавека ў норме Р. у крыві 0,7—1% ад агульнай колькасці эрытрацытаў. Павелічэнне колькасці Р. (да 50% і больш) сведчыць пра недастатковасць пераносу кіслароду (бывае, напр., пры вял. стратах крыві). Р. менш за 0,5% ад агульнай колькасці эрытрацытаў — прыкмета прыгнечання іх утварэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРДЭ́ЧНІК (Leonurus),
род кветкавых раслін сям. губакветных (ясноткавых). Каля 15 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 2 віды С.: пяцілопасцевы (L. quinquelobatus) і сардэчны (L. cardiaca). Трапляюцца на пустках, у зарасніках хмызняку, уздоўж дарог.
Шматгадовыя травы выш. 25—120 см. Сцёблы прамастойныя, 4-гранныя, апушаныя. Лісце 3—5-раздзельнае або лопасцевае. Кветкі ружовыя, у несапраўдных кальчаках, сабраныя ў падоўжанае коласападобнае суквецце. Плод — арэшак. С. пяцілопасцевы і сардэчны маюць у сабе сардэчныя гліказіды, сапаніны, эфірны алей, культывуюцца і выкарыстоўваюцца ў афіц. і нар. медыцыне. Меданосныя, фарбавальныя, лек., тэхн. (алей, валокны) расліны, некат. — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКАНТЫЯ́НСТВА,
ідэалістычны філас. кірунак, які ўзнік у 2-й пал. 19 ст. ў Германіі. Сфарміраваўся ва ўмовах крызісу метадалаг. асноў прыродазнаўства і гіст. навукі, уяўляў сабой спробу яго пераадолення з дапамогай тэарэт. спадчыны І.Канта. Адным з першых філосафаў, які заявіў пра неабходнасць «вярнуцца да Канта» і «ачысціць» вучэнне Канта ад наслаенняў яго паслядоўнікаў, быў О.Лібман. Н. пашырылася ў Германіі, Аўстрыі, Францыі, Расіі і інш.Найб. вядомымі былі марбургская (Г.Коген, П.Натарп, Э.Касірэр і інш.) і бадэнская (В.Віндэльбанд, Г.Рыкерт і інш.) школы. Нягледзячы на часам прынцыповыя адрозненні ў тлумачэнні кантавай спадчыны, усе неакантыянцы зыходзіліся ў адным — крытычных адносінах да кантавай «рэчы ў сабе». У адрозненне ад самога Канта, які прызнаваў «рэч у сабе» як незалежную ад суб’екта, як рэальна існуючую, яны трактавалі яе, як чалавечы вопыт. Калі Кант спрабаваў строга акрэсліць межы пазнавальнай здольнасці суб’екта і ўрэшце перайшоў на пазіцыі агнастыцызму і суб’ектыўнага ідэалізму, то неакантыянцы ў большай ступені апелявалі да пастулатаў аб’ектыўнага ідэалізму (бога, логаса і г. д.). Яны адрывалі пазнанне ад прадмета пазнання. Прадмет, па іх меркаванні, не дадзены, а зададзены суб’екту. Такім чынам, пазнанне ёсць лагічная пабудова і яна здзяйсняецца па законах мыслення. Н. паўплывала на неагегельянства, экзістэнцыялізм і інш. кірункі.
Літ.:
Кассирер Э. Жизнь и учение Канта: Пер. с нем. СПб., 1997;
Хайдеггер М. Кант и проблема метафизики: Пер. с нем. М., 1997;
Гайденко П.П. Прорыв к трансцемдентмому: Новая онтология XX в. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІ́Т (ад грэч. orchis яечка),
запаленне яечка. Адзначаецца ў чалавека і млекакормячых, часта спалучаецца з эпідыдымітамі. Неспецыфічныя архіты выклікаюцца бактэрыямі, вірусамі, часцей маюць другаснае паходжанне, спецыфічныя — узбуджальнікі туберкулёзу, бруцэлёзу, сіфілісу, актынамікозу. Ганарэйныя, трыхаманозныя, хламідыёзныя, мікаплазмавыя архіты перадаюцца палавым шляхам. Прычынай архіта могуць быць перакруты яечка і гідатыдаў, яго траўматычныя пашкоджанні. Пры вострых архітах павышаная балючасць пры хадзе, дотыку адзення, змена паходкі. Архіты могуць прывесці да атрафіі аднаго або абодвух яечак, што тоіць у сабе бясплоддзе і зніжэнне патэнцыі. Лечаць востры архіт ў стацыянары, хірург. ускрыццём гнайнікоў або выдаленнем яечка. Хранічныя архіты трэба дыферэнцыраваць ад злаякасных пухлін. Палавыя здольнасці, як правіла, захоўваюцца.