хранічная хвароба крывяносных сасудаў, пры якой на ўнутраных сценках артэрый утвараюцца атэрасклератычныя бляшкі — ачаговыя назапашванні ліпідаў (тлушчападобных рэчываў), складаных вугляводаў, фібрознай тканкі, кампанентаў крыві і кальцыю. У выніку артэрыі трацяць эластычнасць і дэфармуюцца, іх прасвет звужаецца, ламінарны цёк крыві ператвараецца ў турбулентны; пашкоджанне крывяных пласцінак, актывацыя згусальнай і прыгнечанне антызгусальнай сістэм крыві садзейнічаюць узнікненню ў сасудах трамбатычных мас; парушаюцца кровазабеспячэнне, функцыі розных органаў і тканак. Напрыклад, моцны атэрасклероз сасудаў сэрца праяўляецца каранарнай недастатковасцю або інфарктам міякарда, мозга — парушэннямі разумовай дзейнасці, інсультам і паралічам, нырак — стойкай гіпертаніяй, ног — эндартэрыітам аблітэральным і інш. Найчасцей хварэюць на атэрасклероз у сталым і старэчым узросце (мужчыны часцей за жанчын), развіццё атэрасклератычных змен магчыма і з дзяцінства, асабліва пры спадчыннай да яго схільнасці.
Да фактараў рызыкі, што ўплываюць на ўзнікненне атэрасклерозу, адносяць незбалансаванае харчаванне, захворванне на цукр. дыябет, жоўцекамянёвую хваробу, хранічную нырачную недастатковасць, атлусценне арганізма, малую фіз. актыўнасць (гіпакінезія), гіпертэнзію, ужыванне алкаголю, курэнне, змяненні гарманальнага фону ў выніку пастаяннага псіхаэмацыянальнага перанапружання, уплыў некаторых спецыфічных умоў працы і інш. Паводле халестэрынавай гіпотэзы патагенезу атэрасклерозу, якая існуе каля 80 гадоў, цэнтр. месца ў развіцці хваробы адводзіцца парушэнням абмену халестэрыну. У прафілактыцы атэрасклерозу гал.роля належыць здароваму спосабу жыцця, абмежаванню ў ежы прадуктаў з вял. колькасцю халестэрыну і спажыванню большай колькасці прадуктаў, у якіх шмат алею і клятчаткі, выключэнню фактараў рызыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫНО́ІДЫ, актыніды,
сям’я з 14 хімічных радыеактыўных элементаў VII перыяду сістэмы элементаў з ат. н. 90—103: торый, пратактыній, уран, нептуній, плутоній, амерыцый, кюрый, берклій, каліфорній, эйнштэйній, фермій, мендзялевій, нобелій і лаўрэнсій. Уран, торый, менш пратактыній ёсць у прыродзе, астатнія актыноіды (наз.трансуранавыя элементы) атрыманы штучна ў выніку ядз. пераўтварэнняў. Вядучая роля ў сінтэзе і вывучэнні актыноідаў належыць Г.Сібаргу. Актыноіды — серабрыста-белыя металы высокай шчыльнасці (да 2∙104кг/м³). Найб. легкаплаўкія нептуній і плутоній, tпл — 640 °C, астатнія плавяцца пры т-ры больш за 1000 °C. Актыноіды рэакцыйна-здольныя, у здробненым стане пірафорныя, лёгка рэагуюць з вадародам, кіслародам, азотам, серай, галагенамі, утвараюць комплексныя злучэнні. Блізкасць хім. уласцівасцяў актыноідаў паміж сабой і з лантаноідамі звязана з падабенствам канфігурацый вонкавых электронных абалонак іх атамаў. Практычна выкарыстоўваюцца торый, уран, плутоній; плутоній-238, кюрый-244 — у вытв-сці ядз. крыніц эл. току бартавых касм.сістэм. Некаторыя нукліды актыноідаў — у медыцыне, дэфектаскапіі, актывацыйным аналізе, нукліды урану-235, плутонію-239 — паліва ў ядз. энергетыцы, крыніца энергіі ў ядз. зброі. Актыноіды і іх злучэнні надзвычай таксічныя, што абумоўлена іх радыеактыўнасцю.
Літ.:
Сиборг Г.Т., Кац Дж.Д. Химия актинидных элементов: Пер. с англ.М., 1960;
Келлер К. Химия трансурановых элементов: Пер. с англ.М., 1976;
Лебедев Н.А., Мясоедов Б.Ф. Последние достижения в аналитической химии трансурановых элементов // Радиохимия. 1982. Т. 24, вып. 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕ́ТЫКА МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,
раздзел генетыкі чалавека, які вывучае спадчынныя хваробы, прычыны іх узнікнення, шляхі пашырэння, метады папярэджання, дыягностыкі і лячэння, ролю спадчынных структур у развіцці інш. хвароб, а таксама зваротны ўплыў паталагічных фактараў і знешняга асяроддзя на спадчынны апарат чалавека. Выкарыстоўвае метады агульнагенет. і спец. (блізнятны, генеалагічны, цытагенет., біяхім., папуляцыйна-статыстычны і інш.).
Генетыка медыцынская пачала развівацца ў пач. 20 ст., калі былі сфармуляваны асн. палажэнні тэорый мутацыі, храмасомнай, папуляцыйнай і эвалюцыйнай спадчыннасці, устаноўлены яе матэрыяльныя носьбіты. Пачынальнікі генетыкі медыцынскай ў СССР: С.Р.Левіт, С.М.Давыдзенкаў, С.Н.Ардашнікаў, М.С.Навашын і інш.
На Беларусі распрацоўкі па генетыцы медыцынскай вядуцца з 1960-х г. у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН, мед. установах і ВНУ. Даследаваліся: генетыка злаякасных пухлін і імунагенетыка (М.В.Турбін, Г.В.Краскоўскі, А.Ю.Бранавіцкі), роля храмасомных парушэнняў у патагенезе спантанных абортаў і анамалій развіцця (Ю.В.Гулькевіч), месца спадчынных фактараў у развіцці некат. дзіцячых хвароб (І.Н.Усаў), анамалій мочапалавой сістэмы (М.Я.Саўчанка), лейкозаў (А.І.Свірноўскі) і інш.; аналізуюцца метады геннай інжынерыі як найб. перспектыўныя ў лячэнні спадчынных хвароб. Наладжана сістэма медыка-генет. кансультавання насельніцтва, у т. л. асоб з абцяжаранай спадчыннасцю, на базе рэсп. медыка генет. цэнтра ў Мінску, адпаведных кансультацый і кабінетаў у абл. гарадах. Працуе НДІ спадчыннасці і прыроджаных захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАХТА́НГАЎ (Яўген Багратыёнавіч) (13.2.1883, г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція — 29.5.1922),
рускі рэжысёр, акцёр, педагог. З 1901 удзельнічаў у аматарскіх драм. гуртках Уладзікаўказа і Масквы. У 1911 скончыў Школу драмы А.Адашава (Масква) і быў прыняты ў МХТ, працаваў у яго 1-й Студыі. Дакладнасць і строгасць сцэн. формы, псіхал. глыбіня выявіліся ў ролях Тэкльтона («Цвыркун на печы» паводле Ч.Дзікенса), Блазна («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра) і інш., у пастаноўках «Свята міру» Г.Гаўптмана (1913), «Патоп» Ю.Бергера (1915, і роля Фрэзера). У 1913 заснаваў і быў кіраўніком Студэнцкай драм. студыі (з 1921 3-я Студыя МХТ, з 1926 Тэатр імя Я.Вахтангава). У акцёрскай і рэжысёрскай дзейнасці выкарыстоўваў Станіслаўскага сістэму. Абвясціў праграму «фантастычнага рэалізму», які ствараў асаблівую тэатр. рэальнасць; імкнуўся пранікнуць у сутнасць з’явы і адлюстраваць свае перажыванні ў яркай форме, раскрыць унутраны сэнс драм. твора сродкамі гратэску: «Цуд святога Антонія» М.Метэрлінка (1916, 2-я рэдакцыя 1921), «Вяселле» А.Чэхава (1920), «Эрык XIV» А.Стрындберга (1921), «Гадзібук» С.П.Рапапорта (1922). Апошняя пастаноўка Вахтангава — «Прынцэса Турандот» К.Гоцы (1922) азнаменавала сабой узнікненне цэлай школы ў тэатр. мастацтве, стала своеасаблівым маніфестам Вахтангаўскага т-ра (і цяпер у рэпертуары). Гэтую казку Вахтангаў ператварыў у сучасны па светаадчуванні, прасякнуты жыццярадаснасцю, паэзіяй і гумарам святочны спектакль. Асноўныя прынцыпы рэжысёрскага мастацтва Вахтангава знайшлі свой працяг і развіццё ў творчасці яго вучняў і паслядоўнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯВЫ́ МОЗГ,
цэнтральны орган кроваўтварэння, размешчаны ў губчатым рэчыве касцей і касцёвамазгавых поласцях пазваночных жывёл і чалавека. Выконвае таксама функцыі біял. аховы арганізма і косцеўтварэння. У чалавека К. м. паяўляецца на 2-м месяцы эмбрыянальнага развіцця ў закладцы ключыцы, на 3-м месяцы — у лапатках, рэбрах, грудзіне, пазванках і інш., на 5-м — функцыянуе як асн. кроваўтваральны орган. Маса К. м. ў дарослага чалавека да 3700 г (3,4—5,9% ад масы цела). Складаецца з рэтыкулярнай тканкі, крывятворных і тлушчавых клетак; забяспечаны нервамі і крывяноснымі сасудамі. Адрозніваюць чырвоны К. м. (захоўваецца ўсё жыццё, яму належыць гал.роля ў кроваўтварэнні, у чалавека складае каля 1,5% масы цела) і жоўты К. м. (пераважна ўдзельнічае ў тлушчавым абмене).
У касцях дзяцей да 7 гадоў пераважае чырвоны К. м. Ва ўзросце 18—20 гадоў у дыяфізах трубчастых касцей ён замяняецца жоўтым К. м. Спелыя клеткі крыві з К. м. праз сценку сінусоідных капіляраў паступаюць у крывяносную сістэму, няспелыя паяўляюцца пры парушэнні кроваўтварэння. К. м. выконвае ахоўную функцыю (рэтыкулярныя клеткі і клеткі эндатэлію сінусоідных капіляраў здольныя захопліваць іншародныя часцінкі з крыві і станавіцца макрафагамі). Функцыя косцеўтварэння праяўляецца пры загойванні пераломаў касцей. Даследаванне К. м. дае звесткі для дыягностыкі і лячэння хвароб крыві (асабліва лейкозаў), злаякасных утварэнняў, многіх паразітарных інфекцый, прамянёвай хваробы, злаякаснага малакроўя. З дапамогай клетак К. м., узятых ад донара, лечаць ад анеміі, прамянёвай хваробы, лейкозаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕМАЛІ́СЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ,
нацыянальная рэвалюцыя ў Турцыі ў 1919—23. Назва ад імя кіраўніка — ген. М.Кемаля (Атацюрка). Пачалася як нац.-вызв. рух ва ўмовах паліт. і сац.-эканам. крызісу, выкліканага паражэннем Турцыі ў 1-й сусв. вайне і акупацыяй ч. яе тэрыторыі войскамі Антанты. З 1920 набыла характар вызв. вайны (гл.Грэка-турэцкая вайна 1919—22). Мела на мэце абарону нац. суверэнітэту краіны і яе мадэрнізацыю ў новых гіст. умовах. Асн. масу ўдзельнікаў складалі сяляне, кіруючая роля належала нац. буржуазіі, інтэлігенцыі і афіцэрству. Асн. падзеі: абранне Сіваскім кангрэсам нац. арг-цый (вер. 1919) Прадстаўнічага к-та (часовага ўрада) на чале з М.Кемалем; прыняцце парламентам (28.1.1920, г. Стамбул) дэкларацыі незалежнасці і разгон парламента акупантамі (сак. 1920); скліканне (23.4.1920, Анкара) Вял.нац. сходу Турцыі, які абвясціў сябе адзінай законнай уладай у краіне; сав.-тур. дагавор аб сяброўстве і братэрстве (сак. 1921); перамога рэв. арміі пры матэрыяльнай дапамозе Сав. Расіі над грэч. інтэрвентамі (1921—22); прызнанне незалежнасці Турцыі і адмена кабальнага Сеўрскага мірнага дагавора 1920 у час Лазанскай канферэнцыі 1922—23; ліквідацыя султаната (1.11.1922) і абвяшчэнне рэспублікі (29.10.1923). У ходзе К.р. і наступных пераўтварэнняў (ліквідацыя халіфата ў 1924 і інш.) Турцыя зрабіла пераход ад феад.-тэакратычнай імперыі да свецкай рэспублікі.
Літ.:
Шамсутдинов АМ. Национально-освободительная борьба в Турции 1918—1923 гг.М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т БІЯХІ́МІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1985 у Гродне на базе Аддзела рэгуляцыі абмену рэчываў АН Беларусі (з 1970). Лабараторыі (1998): біяхіміі каферментаў, біяхіміі эндакрынных залоз, біяфізікі, эксперым. гепаталогіі, аналіт. біяхіміі, экалагічнай біяхіміі, энзімалогіі і біятэхналогіі, марфалогіі і нейрахіміі, біяхім. фармакалогіі, біяхіміі спіртоў і альдэгідаў. Аспірантура (з 1970).
Асн. кірункі даследаванняў: вывучэнне механізмаў абмену рэчываў на ўзроўні цэлага арганізма, асобных органаў, тканак, клеткі і ферментатыўных рэакцый; карэкцыя парушэнняў абмену рэчываў з дапамогай прыродных біялагічна актыўных злучэнняў і іх вытворных. Вынікі даследаванняў: на арганізмавым, клетачным і малекулярным узроўнях вывучаны метабалізм вітаміну В, ва ўмовах гіпер- і гіпавітамінозу; даследаваны фіз.-хім. ўласцівасці і структура ізаляваных вітаміназалежных ферментаў; вывучана морфабіялогія кары наднырачнікаў жывёл пры стрэсе, расшыфраваны малекулярныя механізмы функцыян. цыкла картыкацытаў; вызначаны метабалічныя перадумовы і наступствы ўжывання алкаголю, расшыраны ўяўленні пра біяхім. механізмы патагенезу алкагалізму і прапанаваны новыя падыходы ў прафілактыцы і лячэнні захворвання; атрыманы даныя аб біяхім. механізмах рэалізацыі біял. актыўнасці і накіраванай рэгуляцыі метабалічнага балансу ў ц. н. с., печані і злаякасных новаўтварэннях амінакіслотамі і іх вытворнымі; на іх аснове створаны новыя эфектыўныя лек. прэпараты; высветлена роля біясінтэзу каферменту A у фарміраванні ўнутрыклетачнага фонду каферменту і яго ацыліраваных форм; даследаваны біятрансфармацыя і фармакалагічная актыўнасць вытворных пантатэнавай к-ты, распрацаваны на іх аснове сродкі метабалічнай тэрапіі. У Ін-це працаваў акад.АН Беларусі Ю.М.Астроўскі, працуюць 12 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ГЕНЕ́ТЫКІ І ЦЫТАЛО́ГІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1965 у Мінску на базе Аддзела генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (з 1963). Лабараторыі (1998): малекулярнай генетыкі, гетэрозісу і генетыкі колькасных прыкмет, генетыкі збожжавых культур, мутагенезу, цытагенетыкі раслін, антымутагенезу, агульнай цытагенетыкі, радыяцыйнай генетыкі. нехрамасомнай спадчыннасці, генетыкі фітаімунітэту; тэматычныя групы, аддзел навук. інфармацыі і інфарматыкі Дзейнічае селекцыйна-генет. комплекс (да 1989 біял. доследная станцыя). Аспірантура (з 1963), дактарантура (з 1989).
Асн. кірункі даследаванняў: генет. асновы селекцыі (гетэрозіс, поліплаідыя, нехрамасомная спадчыннасць, генетыка імунітэту), індуцыраваны і спантанны мутагенез, антымутагенез, радыяцыйная генетыка, генет. і клетачная інжынерыя, матэм. генетыка. Вынікі даследаванняў: сфармуляваны новая канцэпцыя гетэрозісу, гіпотэза ўзаемадзеяння ядзерных генаў і плазмагенаў пры цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці. Даказана важная роля цытаплазматычных спадчынных структур ва ўстойлівасці раслін да захворванняў, атрыманы значныя вынікі па вывучэнні генет. заканамернасцей арганізацыі і экспрэсіі геномаў раслін. Створаны арыгінальныя генет. калекцыі збожжавых, зернебабовых культур і бульбы. Атрыманы практычныя вынікі: каштоўныя гетэрозісныя гібрыды кукурузы, азімага жыта, цукр. буракоў, ільну, яравой пшаніцы, ячменю і трыцікале. Раянаваны новыя высокапрадукцыйныя сарты цукр. буракоў, соі, цяплічных памідораў. Вынікі даследаванняў пра эколага-генет. наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС перададзены ў Дзяржкамчарнобыль. У Ін-це працавалі акад.АН Беларусі А.Р.Жэбрак, П.Ф.Ракіцкі, акад.АН Беларусі і УАСГНІЛ М.В.Турбін, чл.-кар. А.М.Іпацьеў, У.К.Саўчанка, працуюць акад.Нац.АН Беларусі М.А.Картэль (дырэктар з 1994), Л.У.Хатылёва (пачэсны дырэктар), чл.-кар. У.Я.Борматаў, 13 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБІХЕВІЯРЫ́ЗМ (ад неа... + біхевіярызм),
адзін з кірункаў у заходняй, пераважна амер. паводзінскай псіхалогіі. Узнік у 1930-я г. (К.Хал, Э.Толмен). У адрозненне ад ранняга біхевіярызму (даследаваў рэакцыі арганізма на знешнія ўздзеянні без аналізу ўнутр. рэгулюючых механізмаў паводзін) Н. дапоўніў формулу «стымул-рэакцыя» прамежкавым звяном «прамежкавыя пераменныя» — унутрыпсіхічныя кампаненты паводзін, якія праламляліся пад знешнім уздзеяннем. Да іх адносяцца веды, намеры, надзеі, звычкі, патэнцыялы ўзбуджэння і тармажэння. Гэта была спроба зблізіць біхевіярызм з гештальтпсіхалогіяй і фрэйдызмам, растлумачыць цэласнасць і мэтазгоднасць паводзін яго рэгуляваннем інфармацыяй пра навакольнае асяроддзе і залежнасцю ад патрэб арганізма. Аднак асн. біхевіярысцкая ўстаноўка на біялагізацыю чалавечай псіхікі захавалася. Не ўлічваліся сац. патрэбнасці і інтарэсы, звязаныя з імі погляды, перакананні, ідэалы і імкненні. Сац. прыроду псіхікі чалавека прымяншаў і т.зв. сацыяльны Н. (Б.Скінер і інш.), які разглядаў грамадства і яго культуру як некаторыя наборы знешніх стымулаў і ўнутр. рэгулятараў, арыентаваных на задавальненне і выжыванне. Гал. асаблівасць усіх варыянтаў сучаснага біхевіярысцкага падыходу — прызнанне таго, што асн. ініцыятарам і рэгулятарам паводзін з’яўляецца знешняе ў адносінах да яго падмацаванне; роляўнутр. матывацый прымяншаецца.
Літ.:
Ярошевский М.Г. Психология в XX столетии. 2 изд. М., 1974;
Толмен Э. Поведение как молярный феномен: Пер. с англ. // Хрестоматия по истории психологии. М., 1980;
Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;
Чирков В.И. Самодетерминация и внутренняя мотивация поведения человека // Вопр. психологии. 1996. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЖЫ́НСКІ (Вацлаў Фаміч) (17.12.1889, паводле інш. звестак 12.3.1890, Кіеў — 8.4.1950),
расійскі танцоўшчык, балетмайстар. Брат Б.Ф.Ніжынскай. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1907).
У 1907—11 саліст Марыінскага т-ра. У 1909—13 і 1916—17 вядучы танцоўшчык Рускіх сезонаў за мяжой. Першы выканаўца гал. партый у Марыінскім т-ры: Белы раб («Павільён Арміды» М.Чарапніна), Раб («Егіпецкія ночы» А.Арэнскага), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна); у трупе Рускі балет Дзягілева ў спектаклях «Карнавал» на муз. Р.Шумана, «Шахеразада» М.Рымскага-Корсакава, «Прывід ружы» на муз. К.М.Вебера, «Пятрушка» І.Стравінскага, «Нарцыс» Чарапніна, «Сіні бог» Р.Ана, «Дафніс і Хлоя» М.Равеля і інш. Адрадзіў мастацтва мужчынскага танца, які спалучае высокую тэхніку скачка і піруэта з выразнасцю пластыкі і пантамімы, узбагаціў танц. лексіку і сродкі выразнасці. Сярод пастановак: «Пасляпаўдзённы адпачынак фаўна» (1912, гал.роля) і «Гульні» на муз. К.Дэбюсі, «Вясна свяшчэнная» Стравінскага (абодва 1913), «Тыль Уленшпігель» на муз. Р.Штрауса (1916). Аўтар «Дзённіка Ніжынскага» (Парыж, 1953; Масква, 1995). Яму прысвечаны балет «Ніжынскі, клоун божы» на муз. П.Чайкоўскага і П.Анры (1971, паст. М.Бежар), «Вацлаў» на муз. І.С.Баха (1979, паст. Дж.Ноймаер), драм. спектаклі, дакумент., маст. кіна- і тэлефільмы, опера.
Літ.:
Красовская В. Нижинский. Л.. 1974;
Нижинская Р. Нижинский // Сов. балет. 1989. № 6;
1990. № 1.
Л.А.Сівалобчык.
В.Ніжынскі ў балеце «Шэхеразада». Мастак Монтэ-Негра.