ПІКЕ́Т,

пункт на мясцовасці, абазначаны драўляным або метал. калочкам, які служыць арыенцірам для ўстаноўкі рэйкі пры нівеліраванні і часовага замацавання трасы на мясцовасці. На эксплуатуемых лініях (напр., чыгунка) П. замацоўваюцца больш трывала.

т. 12, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНО́СНАЯ ВЫШЫНЯ́,

адлегласць па вертыкалі ад пункта на паверхні зямлі да якога-н. адвольна прынятага за нуль узроўню. Паказвае, наколькі адзін пункт зямной паверхні перавышае другі (напр., выш. горнай вяршыні над яе падэшвай).

т. 1, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ТЫЯ (Boothia),

паўвостраў на крайняй Пн Паўн. Амерыкі, тэр. Канады. Паверхня — плато з асобнымі масівамі выш. да 573 м, якое абкружана прыбярэжнымі раўнінамі. Тундравая расліннасць. На Пн мыс Мерчысан — самы паўн. пункт мацерыка.

т. 3, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛЬКА ў мовазнаўстве,

семантычнае запазычанне з інш. мовы шляхам літаральнага перакладу структуры слова або словазлучэння, напр., бел. «пункт гледжання» з рус. «точка зрения». бел. «цалкам і поўнасцю» з ням. «im Ganzen und Vollen».

т. 7, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНІ́ЧНАЯ СЬЕ́РА, Ціхаакіянская Кардыльера,

ланцуг вулканічных конусаў, які цягнецца ўздоўж Ціхаакіянскага ўзбярэжжа Цэнтр. Амерыкі. Дзеючыя вулканы: Тахумулька (4217 м) у Гватэмале (найвыш. пункт Цэнтр. Амерыкі), Санта-Ана, Ісалька (Сальвадор), Ірасу (Коста-Рыка) і інш.

т. 4, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА ДРУКА́РСКІХ МЕР, тыпаметрыя,

сістэма вымярэння памераў, прынятая ў паліграфіі і выдавецкай справе. Створана ў 1737 франц. друкаром і словалітчыкам П.​С.​Фурнье, удасканалена Ф.​А.​Дзідо. З дапамогай Сд.м. вымяраюцца кеглі шрыфтоў, наборных лінеек, прагальных матэрыялаў, фарматы паласы набору; адбіўкі, водступы, палі, аборкі, міжлітарныя і міжрадковыя разрадкі, памеры калонак, ілюстрацый.

У аснову С.д.м. пакладзены друкарскі пункт, роўны ​1/72 франц. цалі, якая складае 27,06 мм. Для практычных вымярэнняў і большасці разлікаў 1 пункт прымаецца роўным 0,376 мм. 12 пунктаў складаюць 1 цыцэра, 4 цыцэра роўныя 1 квадрату, або 48 пунктам. Паміж адзінкамі С.д.м. і метрычнай існуюць суадносіны: 1 цыцэра = 4,51 мм, I квадрат = 18,04 мм, 1 мм = 2,66 пункта. Гэтая С.д.м. выкарыстоўваецца ў большасці еўрап. краін, у т. л. на Беларусі, Расіі і інш. краінах СНД. У ЗША, Вялікабрытаніі і інш. англамоўных краінах выкарыстоўваецца англа-амер. варыянт С.д.м., у аснову якога пакладзены друкарскі пункт, роўны ​1/72 т.зв. каралеўскай цалі (0,3514 мм); у іх фотанаборных машынах кегль шрыфту амаль на 7% меншы, чым у сістэме Дзідо.

Літ.:

Воскресенский М.И., Колосов А.И. Наборные процессы и переработка текстовой информации. М., 1989.

У.​М.​Сацута.

т. 14, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́НБ’ЁРН (Gunnbjørn),

гара на У Грэнландыі, у хр. Уоткінса. Выш. 3700 м (найвыш. пункт в-ва Грэнландыя і ўсёй Арктыкі). Складзена з базальтаў, што выступаюць над ледзяным покрывам. Названы ў гонар першаадкрывальніка Грэнландыі Ульфсана Гунб’ёрна.

т. 5, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛЕ́ЛЬ НЯБЕ́СНАЯ, сутачная паралель,

малы круг нябеснай сферы, плоскасць якога паралельная плоскасці нябеснага экватара. Уяўляе сабой шлях, які праходзіць пункт нябеснай сферы (за выключэннем полюсаў свету) з прычыны бачнага сутачнага вярчэння сферы вакол восі свету.

т. 12, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАКО́ЛЛЕ пункта ў метрычнай прасторы,

мноства ўсіх пунктаў, адлегласць якіх да дадзенага пункта меншая за некаторы дадатны лік. У больш агульным выпадку Н. — любое адкрытае мноства, элементам якога з’яўляецца дадзены пункт. Н. — адно з асн. паняццяў тапалогіі.

т. 11, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫГЕ́ЛІЙ (ад перы... + грэч. helios Сонца),

бліжэйшы да Сонца пункт арбіты нябеснага цела, якое рухаецца вакол яго па адным з канічных сячэнняў: эліпсе, парабале або гіпербале; процілеглы афелію. Адлегласць П. ад цэнтра Сонца наз. перыгелійнай адлегласцю.

т. 12, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)