ПЕ́РШАСНАЯ НЫ́РКА, мезанефрас,

парны орган выдзялення ў пазваночных. Складаецца са шматлікіх канальцаў (адзін канец кожнага мае выраст — мальпігіева цельца, другім канцом каналец адкрываецца ў першаснанырачны або вольфаў канал). У кругларотых, рыб і земнаводных П.н. функцыянуе на працягу жыцця, у вышэйшых пазваночных — толькі на ранніх стадыях зародкавага развіцця, потым замяняецца метанефрасам (другаснай ныркай). Гл. таксама Выдзяляльная сістэма.

т. 12, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДА́Н (франц. redan уступ),

адкрытае палявое фартыфікацыйнае збудаванне з двух фасаў пад вуглом 60—120°, што выступае ў бок праціўніка і дазваляе весці косапрыцэльны агонь. Невялікія Р. з тупым вуглом наз. флешамі. Р. выкарыстоўваліся ў 17—19 ст., потым — ва ўмацаваных пазіцыях большасці армій у 1-ю сусв. вайну 1914—18 (акопы рэданнага тыпу).

План рэдана.

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕФЕВІ́ДЫ,

дынастыя правіцеляў дзяржавы на Блізкім і Сярэднім Усходзе ў 1502—1736. Паходзілі з азерб. шэйхаў суфійскага брацтва (тарыката) Сефевіе (13—15 ст.), потым шахаў Сефевідаў дзяржавы (1502—1736), стваральнікаў сучаснай іранскай дзяржавы. Шахі С.: Ісмаіл I [1502—24], Тахмасп I [1524—76], Ісмаіл II [1576—77], Мухамед Худабендэ [1578—87], Абас I Вялікі [1587—1629], Сефі I [1629—42], Абас II [1642—66], Сулейман [1666—94], Султан Хусейн [1694—1722], Тахмасп II [1722—32], Абас III [1732—36].

т. 14, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАУ́ДЫ (лац. Bagaudae),

удзельнікі антырым. руху ў Галіі і паўн. Іспаніі ў 3—5 ст. Асн. масу багаудаў складалі збяднелыя сяляне, дробныя рамеснікі, калоны, збеглыя рабы. Выступленні багаудаў пачаліся ў 283—285 (або 269—270). Атрады багаудаў нападалі на вілы буйных землеўладальнікаў і слаба абароненыя гарады. Правадыры багаудаў Аманд і Эліян былі абвешчаны імператарамі. Рух багаудаў падаўляўся рым., потым вестгоцкімі палкаводцамі.

т. 2, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМАНІ́ЗМ, атаманізм,

ідэйна-паліт. дактрына, высунутая «новымі асманамі» і младатуркамі ў Асманскай імперыі ў канцы 19 ст. Напачатку дэкларавала «роўнасць усіх асманаў», г. зн. усіх падданых Асманскай імперыі без нац. і рэліг. адрознення. Потым, асабліва пасля прыходу младатуркаў да ўлады ў 1908, ператварылася ў сродак барацьбы супраць нац. патрабаванняў нетурэцкіх народаў і ў ідэалаг. абгрунтаванне неабходнасці іх атурэчвання дзеля стварэння «адзінай асманскай нацыі».

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНКІНО́ВІЧ (Лявон Нічыпаравіч) (1907, в. Кашына Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 27.9.1943),

адзін з кіраўнікоў падполля і партыз. руху ў Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. З 1926 на сав. і адм. рабоце. З 1941 чл., потым кіраўнік Аршанскага парт. цэнтра, у 1942—43 камісар партыз. атрада, 2-і сакратар Аршанскага падп. РК КП(б)Б. Загінуў пры выкананні баявога задання.

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЭРЫ́ДЫЙ (ад грэч. anthēros квітнеючы),

мужчынскі орган палавога размнажэння (мужчынскі гаметафіт) споравых раслін (моха- і папарацепадобных, некаторых водарасцяў) і грыбоў (ааміцэтаў і аскаміцэтаў). У вышэйшых раслін — невял. авальнае або шарападобнае цельца з покрывам з аднаго або некалькіх радоў бясплодных клетак. Унутры антэрыдыю ўтвараюцца сперматагенныя клеткі, з іх потым узнікаюць мужчынскія гаметы — сперматазоіды, або спермацыі. У грыбоў змесціва антэрыдыю не падзелена на асобныя гаметы.

т. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕО́ПТЫЛЬ (ад грэч. koleos ножны, футарал + ptilon пяро),

калеоптыле, похвенны ліст першы ліст злакаў. Мае выгляд замкнёнай трубкі, дзе змешчаны малады праростак, ліставыя зачаткі (першы — пёрка) і конус нарастання, якія ён ахоўвае ад пашкоджання; не мае ліставой пласцінкі. Пры прарастанні зярняўкі К. прабівае глебу цвёрдай верхавінкай, разрываецца і праз прарыў выходзіць першы зялёны ліст (развіваецца з пёрка), потым К. засыхае.

т. 7, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАСПА́С—САРСА́Т»,

спадарожнікавая сістэма для вызначэння ў аварыйных сітуацыях каардынат радыёбуёў, устаноўленых на суднах і самалётах. «Каспас» — сав., а потым рас. частка сістэмы, «Сарсат» — частка сістэмы, якая стваралася ЗША, Канадай, Францыяй. Уводзілася паэтапна з сярэдзіны 1980-х г. Складаецца з ШСЗ на каляпалярных кругавых арбітах, аварыйных радыёбуёў, пунктаў прыёму інфармацыі. У зоне бачнасці ШСЗ вызначаюцца каардынаты 20 і больш радыёбуёў, якія працуюць адначасова.

т. 8, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЎБІК,

бел. нар. страва; свіны страўнік, начынены мясам. У вычышчаны размяты страўнік шчыльна ўкладвалі папярэдне пасоленыя і прыпраўленыя рэзанае мяса з ашыйка, лапатак, сцёгнаў, сала і зашывалі. Вешалі пад страхой у торбе ці ў кашы. На З Беларусі К. да вясны трымалі ў расоле, потым высушвалі на сонцы. Свіны страўнік начынялі таксама варанымі пасечанымі вантробамі, кашай са скваркамі, дранай бульбай.

т. 8, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)