МАГНІ́Т (грэч. magnētis ад Magnetis lithos літар. камень з Магнесіі — стараж. горада ў М.Азіі),
цела, якому ўласціва намагнічанасць — здольнасць ствараць вакол сябе магнітнае поле. Бываюць пастаянныя М. і электрамагніты (у т. л.звышправодныя магніты), намагнічанасць якіх ствараецца эл. токам.
Пастаянны М. бывае прыродны, з магн. жалезняку (магнетыту) і зроблены ў выглядзе падковы, паласы, стрыжня і да т.п. з папярэдне намагнічаных ферамагнетыкаў (пераважна магнітацвёрдых матэрыялаў). Гал. ўласцівасць М. — здольнасць прыцягваць жалеза, нікель, кобальт, некат. лантаноіды, іх сплавы і злучэнні, а таксама злучэнні хрому, марганцу і урану. Характарызуецца астаткавым намагнічваннем, каэрцытыўнай сілай, формай пятлі гістэрэзіса, макс. шчыльнасцю магн. энергіі. Свабодна падвешаны, адхіляецца ў магн. полі Зямлі адным бокам (полюсам) на Пн, другім — на Пд (гл.Магнітныя палюсы Зямлі). Шырока выкарыстоўваецца як аўтаномная крыніца пастаяннага магн. поля ў элементах, прыладах і апаратах электра- і радыётэхнікі, электронікі, аўтаматыкі.
У.М.Сацута.
Магнітнае поле пастаянных магнітаў: а — без магнітаправода; б — з магнітаправодам; 1 — магніт; 2 — магнітаправод; 3 — рабочы зазор; N і S — полюсы магніта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКАВЕ́Ц-БА́РТЛАВА (Валянціна Пятроўна) (н. 24.8.1951, в. Янкі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. У 1978—86 мастак Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. З 1988 выкладае ў Бел.АМ (з 1991 заг. кафедры). Працуе ў галіне габелена ў тэхніцы аўтарскага ручнога ткацтва. Творы вызначаюцца выкарыстаннем традыцый бел.нар. ткацтва і арнаментыкі, імкненнем перадаць праз разнастайнасць фактуры і каларыту, эксперыменты з матэрыяламі прыгажосць роднай зямлі, сувязь мінуўшчыны з сучаснасцю: «Жнівень» (1977), «Адчуванне» (1978), «Гаспадар пушчы» (1980), «Імгненне паэта» (1981), «Песні Купалля» (1982), «Раўбічы» і «Асеннія рытмы» (абодва 1983), «Канаплянкі» (1984), «Адраджэнне» (1987), дыпціх «Набат» і прасторавая кампазіцыя «Успаміны» (абодва 1988), «Поле экалогіі» (1989), «Парасткі» (1990), «Ралля» (1993), «Белыя кветкі ў чырвонай вазе» і «Сум» (абодва 1995), «Крумкачы» (1996) і інш. Аўтар манум. габелена «Белавежская пушча» (1990) для рэабілітацыйнага цэнтра Мін-ва аховы здароўя Беларусі, серыі «Вытокі» (1998—99, з Л.Бартлавым) для адм. корпуса БДУ, сцэн. касцюмаў для ансамбляў «Песняры», «Харошкі» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІЗКАДЗЕ́ЯННЕ,
канцэпцыя, паводле якой узаемадзеянні ў фізіцы паміж аддаленымі матэрыяльнымі аб’ектамі перадаюцца пры дапамозе «пасрэдніка» (гравітацыйнага, эл.-магн. ці іншага фіз. поля) ад аднаго пункта да другога з канечнай скорасцю. Напр., кожная эл. зараджаная часціца стварае вакол сябе эл.-магн.поле, якое дзейнічае на іншыя зараджаныя часціцы і распаўсюджваецца ў вакууме са скорасцю святла. Гл. таксама Далёкадзеянне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЧНІ́,
у беларусаў тоўстыя мучныя бліны з начынкай. Наз. таксама хапуны. Скаромныя С. начыняюць мясам, тварагом або яйкамі, посныя — яблыкамі, вішнямі, макам і інш. Часта С. пяклі ў дарогу, бралі з сабой у поле. Такія С. вядомы на Пн Віцебшчыны. На Ушаччыне, у некаторых раёнах Магілёўшчыны С. пякуць з хлебнага цеста, якое яшчэ не падышло, без начынкі (гл.Скавароднік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЦЕНЬ,
у бел.нар.дэманалогіі «гаспадар» поля (яго жаночая паралель — жытняя баба). Ж. ўяўлялі ў выглядзе маленькага дзядка («жытні дзед») з доўгай барадой. Лічылася, што ён забяспечваў ураджай жыта («даваў жыта»), збіраў каласы на жытняй ніве нядбайнай гаспадыні і пераносіў іх на поле руплівай жняі. Яго шанавалі таксама як духа багацця і дабрабыту. З вобразам Ж. звязаны земляробчы абрад «завіванне барады».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РНСТА—ЭТЫНГСГА́ЎЗЕНА ЭФЕ́КТ,
узнікненне эл. поля (поля Нернста) у цвёрдых правадніках пры наяўнасці градыента т-ры і перпендыкулярнага да яго магн. поля. Адкрыты ў 1886 В.Нернстам і аўстр. фізікам А.Этынгсгаўзенам. Абумоўлены скрыўленнем траекторыі носьбітаў зараду ў магн. полі. Адрозніваюць падоўжны (эл.полеEN накіравана ўздоўж градыента т-ры ▽T) і папярочны (EN перпендыкулярнае ▽T і магн. полю) эфекты. Гл. таксама Гальванамагнітныя з’явы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́БУГ»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 160 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Грабоўскія, Доўнар-Запольскія, Каняцпольскія. Мае ў блакітным полі выяву сярэбранай падковы з пастаўленым на ёй залатым кавалерскім крыжом. Клейнод — над прылбіцай з каронай палова сярэбранага харта. У першапачатковым варыянце герб меў чырв.поле. Вядомы з канца 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́ДАВАЕ ПЕ́ЧЫВА адзін з элементаў сямейных і каляндарных святаў і абрадаў многіх народаў свету. На Беларусі ім сустракалі і частавалі гасцей, бралі ў поле, едучы першы раз сеяць, пакідалі ў полі на дажынках, давалі жывёле, каб добра вялася, ім клікалі вясной буслоў і г. д. На радзіны звычайна пяклі жытнія пірагі (дарылі бабкам-павітухам), якія з жартамі ламалі, каштавалі, елі з баршчом за святочным сталом. Жанчын, што ішлі ў адведкі, частавалі пірагамі (на Брэстчыне такі пірог наз. скрушок). На вяселле акрамя каравая пяклі пшанічныя пірагі маладым — месяц, падручнік, крыж (булка з крыжам). Падручнік і крыж пяклі для маладой, з імі яна ехала да маладога і клала на века дзяжы свекрыві. Памінальнае печыва заўсёды было прэснае (мёртвы хлеб) — корж, гарачыкі, галушкі, праснак. Корж і гарачыкі крышылі ў канун, «па крошцы» раздавалі прысутным за жалобным сталом. На Каляды пяклі жытнія пірагі-каляднікі, якімі абдорвалі калядоўшчыкаў. На саракі выпякалі 40 піражкоў (птушкі з цеста, галушкі, варэнікі) з макам або з фасоляй (іх называлі саракі, жаваронкі, бапкі). У вялікі пост пяклі храсцы-крыжыкі, саху, барану (булку, абкладзеную шышкамі), якія бралі ў поле, едучы сеяць. На Благавешчанне пяклі пампушкі, галёпы, якімі сустракалі буслоў, на Вялікдзень — здобныя пірагі (паскі, калачы). На Палессі на Юр’я пяклі расянік і хадзілі з ім вакол жыта, у Бярозаўскім р-не гатавалі піражок-юрок і клалі ў жыта (калі жыта яго не закрывала, то гэта прадказвала дрэнны ўраджай). У некаторых мясцінах на Юр’я ішлі ў поле з хлебам і інш. частаваннем. На святы рабілі таксама варэнікі з хлебнага цеста з макам або канапляным семем (на Варвару, Міколу), каржы з мёдам (напярэдадні Купалля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАТЭРМІ́Я, геатэрміка (ад геа... + грэч. thermē цяпло),
раздзел геафізікі, які вывучае цеплавы стан нетраў і цеплавую гісторыю Зямлі. Даследуе цеплавое поле Зямлі, размеркаванне т-р і крыніц цеплавой энергіі нетраў, шчыльнасць цеплавой плыні з глыбінь ла паверхні, змяненні цеплавога стану Зямлі з моманту яе ўзнікнення да сучаснасці.
Т-ра рэчыва Зямлі павышаецца з глыбінёй і залежыць ад цеплавой плыні, што паступае з верхняй мантыі ў падэшву зямной кары і пры распадзе доўгажывучых радыеактыўных элементаў (пераважна ізатопаў урану, торыю, калію). Найб. вывучанае цеплавое поле верхняй ч. зямной кары, дзе магчымы непасрэдныя вымярэнні т-ры ў свідравінах (да глыб. 6—10 км). Аб т-ры больш глыбокіх нетраў мяркуюць паводле ўскосных звестак — т-ры вулканічных лаў і некат. геафіз. паказчыках. Цеплавое поле Зямлі характарызуецца шчыльнасцю цеплавой плыні, якая вызначаецца паводле велічыні геатэрмічнага градыента і каэфіцыента цеплаправоднасці горных парод. Геатэрмія цесна звязана з тэктонікай, геадынамікай і тэрмадынамікай, абапіраецца на даныя планеталогіі. Геатэрмічныя даследаванні выкарыстоўваюцца пры вывучэнні геал. будовы і геадынамічнай актыўнасці рэгіёнаў Зямлі, пры пошуках і эксплуатацыі радовішчаў нафты, газу і інш. карысных выкапняў.
Геатэрмія як галіна геафізікі адасобілася ў сярэдзіне 20 ст. Першыя вымярэнні шчыльнасці цеплавой плыні ў Еўропе зрабіў Э.Булард (Вялікабрытанія), на тэр. СНД — А.А.Любімава.
На Беларусі адзінкавыя замеры т-ры ў свідравінах рабілі з 1928. У 1965 Х.В.Багамолаў арганізаваў высокадакладныя вымярэнні т-ры ў свідравінах і вывучэнне цеплавых уласцівасцей горных парод і цеплавой плыні на ўсёй тэр. краіны, якія прадаўжаюцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі (П.П.Атрошчанка, Л.А.Цыбуля і інш.).
Літ.:
Богомолов Г.В., Цыбуля Л.А., Атрощенко П.П. Геотермическая зональность территории БССР. Мн., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПА́Р, папарнае поле,
поле севазвароту, якое ўвесь вегетацыйны перыяд або частку яго застаецца незасеяным і неаднаразова апрацоўваецца для ачысткі глебы ад пустазелля і ўтрымання вільгаці. Папарная сістэма земляробства склалася ў эпоху феадалізму, замяніўшы лядную і лесапольную сістэмы трохпольнай (П., азімыя, яравыя). П. выкарыстоўваецца пераважна пад азімыя жыта і пшаніцу. Бывае чысты і заняты. Чысты П. — чорны (зяблевая апрацоўка ўгноенай глебы вядзецца ўвосень) і ранні (асн. апрацоўка вясною) — найчасцей выкарыстоўваюць у засушлівых раёнах. У нечарназёмнай зоне чысты П. пакідаюць на ўчастках з вял. колькасцю шматгадовага пустазелля. У інтэнсіўным земляробстве найб. эфектыўны заняты П., калі першую палавіну лета вырошчваюць культуры з кароткім вегет. перыядам (прапашныя, віка-аўсяная сумесь, кукуруза на сілас, кармавы лубін, канюшына і інш.), якія ўбіраюць за 3—4 тыдні да сяўбы азімых раслін. Сідэральны П. (разнавіднасць занятага П.) паляпшае якасць бедных, пераважна пясчаных і супясчаных глеб. Ён менш эфектыўны, чым П., заняты культурамі на кармы. На папарным полі вырошчваюць культуры (лубін і інш.), якія заворваюць на зялёнае ўгнаенне. Гл. таксама Сістэма земляробства.