БЫ́СТРАЯ,

рака ў Беларусі, у Горацкім і Дрыбінскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток Проні (бас. Дняпра). Даўж. 46 км. Пл. вадазбору 688 км². Пачынаецца за 5 км на У ад в. Быстрая Горацкага р-на, вусце каля в. Дрыбін. Асн. прытокі: Рамясцвянка (злева), Дняпрэц, Лебядзёўка, Каліноўка, Жалезня (справа). Цячэ пераважна па Горацка-Мсціслаўскай раўніне.

Даліна трапецападобная, шыр. 800 м — 1 км. Пойма месцамі двухбаковая, шыр. 200—250 м. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань 3—15 м. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў. 6 км рэчышча ў верхнім цячэнні каналізавана.

т. 3, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ВЫШЫНЯ́, абсалютная адзнака,

адлегласць па вертыкалі ад якога-небудзь пункта на паверхні зямлі да сярэдняга ўзроўню паверхні акіяна. Для мясціны, вышэйшай за ўзроўневую паверхню, абсалютная вышыня дадатная, для ніжэйшай — адмоўная. Найвыш. пункт Зямлі — г. Джамалунгма (8848 м), найб. нізкая адзнака Зямлі — узбярэжжа Мёртвага мора (-395 м); на Беларусі адпаведна г. Дзяржынская (345 м) і пойма р. Нёман на мяжы з Літвой (80 м). Для геадэзіі і гравіметрыі на тэр. рэспублікі за зыходную ўзроўневую паверхню прыняты сярэдні ўзровень Балтыйскага м., адзначаны нулявым дзяленнем на Кранштацкім футштоку.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯ́РСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Чашніцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Свінка (працякае праз возера), за 12 км на ПнУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,2 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,5 м. Пл. вадазбору 17,2 км².

Катлавіна злёгку выцягнутая з Пн на Пд, схілы пераважна разараныя. Берагі сплавінныя, на ПдУ абразійныя. Пойма забалочаная. Дно сподкападобнае, сапрапелістае, уздоўж берагоў вузкая паласа глею і пяску. Амаль трэць плошчы возера занята расліннасцю (паласа шыр. 10—175 м да глыб. 1 м).

т. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎНЯ́,

возера ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лукомка, за 22 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,29 км², даўж. 1,16 км, найб. шыр. 310 м, найб. глыб. 9,2 м, даўж. берагавой лініі каля 2,8 км. Пл. вадазбору 5,53 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м, на З да 14, у верхняй частцы разараныя. Берагі нізкія. Пойма шыр. ад 10 да 200 м, забалочаная, месцамі пад хмызняком. Дно глеістае, каля берагоў пясчанае. Упадае ручай з возера без назвы, на Пд пратока ў воз. Чарэйскае.

т. 4, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЗДЫ́,

вадасховішча на паўн.-зах. ускраіне Мінска, у складзе Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Створана ў 1976. Пл. 2,4 км², даўж. 6 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 5,5 м, аб’ём вады 6,17 млн. м³. Катлавіна вадасховішча — забалочаная пойма р. Свіслач. Берагі нізкія, плаўна зліваюцца са схіламі. Дно пясчанае. 2 астравы (пл. 0,05 км²). Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і воднага добраўпарадкавання горада. На берагах Д. санаторыі, лагеры адпачынку, лодачная станцыя, пляжная зона. Паміж вадасх. Заслаўскае і Дразды пабудаваны канал воднага слалама. Арніталагічны заказнік Лебядзіны.

Г.​С.​Жукоўская.

Вадасховішча Дразды.

т. 6, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́БНА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 46 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,8 км², даўж. 1,83 км, найб. шыр. 700 м, найб. Глыб. 1,2 м, даўж. берагавой лініі 5,4 км. Пл. вадазбору 19,6 км².

Схілы катлавіны выш. 4—5 м (на Пн да 11 м), параслі лесам і хмызняком, на ПнЗ разараныя. Берагі забалочаныя, сплавінныя, на Пн пясчаныя. Пойма шыр. да 200 м, забалочаная, тарфяністая. Дно выслана сапрапелем. Поўнасцю зарастае падводнай расліннасцю. Упадае ручай з воз. Званае, выцякае ручай у воз. Клетнае.

т. 5, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ПА,

рака ў Светлагорскім, Калінкавіцкім і Мазырскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 109 км. Пл. вадазбору 1010 км². Пачынаецца за 3 км на ПнЗ ад в. Сякерычы Светлагорскага р-на, цячэ па нізінах Гомельскага і Прыпяцкага Палесся. Асн. прыток — р. Віша (справа). Даліна трапецападобная, у нізоўі скрынкападобная, шыр. 1,5—2 км. Пойма нізкая, шыр. да 1,5 км. Рэчышча ад вытоку на працягу 95 км каналізаванае, шыр. 10—12 м. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,9 м³/с.

т. 7, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКІ́СІНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 27 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,78 км², даўж. 1,9 км, найб. шыр. 550 м, найб. глыб. 33,5 м, даўж. берагавой лініі больш за 5 км Пл. вадазбору 2,8 км². Схілы катлавіны выш. 12—15 м (на З і У 2—6 м), разараныя. Пойма шырокая, месцамі забалочаная. Берагі пясчаныя, зах. і паўн. забалочаныя. Мелкаводдзе шырокае, выслана пясчанымі адкладамі, глыбакаводная ч. дна — сапрапелем. Вада вызначаецца чысцінёй і празрыстасцю. Выцякае ручай у воз. Вогзіна.

т. 7, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВАЯ ЛЯСНА́Я,

рака ў Пружанскім і Камянецкім р-нах Брэсцкай вобл. (бас. р. Зах. Буг). Даўж. 50 км. Пл. вадазбору 750 км. Пачынаецца на ПдЗ ад в. Мыльніск Пружанскага р-на. Зліўшыся з р. Правая Лясная, утварае р. Лясная. Цячэ па Прыбугскай раўніне. Асн. прыток — р. Вішня (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 1,6—2,5 км, у сярэднім цячэнні месцамі невыразная. Пойма шыр. 300—500 м, нізкая, забалочаная, перасечаная старыцамі і меліярац. каналамі. Рэчышча каналізаванае, шыр. 6—20 м. Берагі нізкія, параслі хмызняком. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,6 м³/с.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ПНЯ,

рака ў Клімавіцкім і Касцюковіцкім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Жадунька (бас. р. Дняпро). Даўж. 41 км. Пл. вадазбору 136 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Сакалоўка Клімавіцкага р-на. Цячэ на ПдУ Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна выразная, шыр. да 2 км, парэзаная лагчынамі. Пойма ў верхнім і ніжнім цячэнні чаргуецца па берагах, у сярэднім двухбаковая, асушаная, лугавая. Рэчышча каналізаванае на працягу 26 км, у верхнім цячэнні слабазвілістае. Шыр. ракі ў межань да 10 м. Прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў.

т. 8, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)