ТЭРМІНА́Л (ад лац. terminalis канцавы, заключны, канчатковы),

1) канцавая прылада ў складзе ЭВМ, выліч. сістэмы, аўтаматызаванай сістэмы кіравання і інш., якая служыць для ўводу-вываду інфармацыі, напр., пры ўзаемадзеянні чалавека і ЭВМ. Карыстальнікі (абаненты) могуць знаходзіцца на значнай адлегласці (напр., ад ЭВМ, выліч. цэнтра) і абменьвацца інфармацыяй па каналах перадачы даных.

Адрозніваюць Т. пасіўныя (без перапрацоўкі інфармацыі) і актыўныя (перапрацоўваюць інфармацыю). Да пасіўных Т. адносяць дысплеі, друкавальныя прылады, тэлетайпы, электронныя тэлефонныя апараты і інш. Актыўныя Т. маюць мікрапрацэсар (мікра- ці міні-ЭВМ як частку выліч. сістэмы) і служаць для папярэдняй апрацоўкі (групавання, класіфікацыі, кадзіравання, расшыфроўкі, часовага захоўвання і інш.) уведзенай інфармацыі, рашэння асобных характэрных задач, кіравання працэсам перадачы даных і інш. 2) Пляцоўка на тэр. порта ці грузавой чыг. станцыі, прызначаная для апрацоўкі кантэйнераў і пакетаваных грузаў.

3) Памяшканне ў буйных аэрапортах для размяшчэння пасажыраў у час мытнага агляду, чакання грузаў, дазапраўкі самалётаў і інш.

М.​П.​Савік.

т. 16, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТАМНЫ ЛЕДАКО́Л,

судна з ядзернай энергетычнай устаноўкай, прызначанае для плавання сярод ільдоў і падтрымкі навігацыі ў замярзальных басейнах.

Першы атамны ледакол «Ленін» пабудаваны ў СССР (1959), водазмяшчэнне 16 тыс. т, магутнасць 32,4 МВт, скорасць ходу па чыстай вадзе 33 км/гадз, у лёдзе таўшчынёй 2,5 м — 3,7 км/гадз. Ядзерная энергет. ўстаноўка з 3 вода-вадзянымі рэактарамі на уране. Водажалезная біял. ахова засцерагае ад радыеактыўнага выпрамянення. Кіраванне дыстанцыйнае. Атамны ледакол «Арктыка» (водазмяшчэнне 23 тыс. т, магутнасць 55 МВт) у 1977 дасягнуў Паўн. полюса. Аднатыпныя Атамныя ледаколы «Сібір» (1978) і «Расія» (1985).

Атамны ледакол «Арктыка»: асноўныя пазіцыі пры наступленні ледакола на льды (схемы): 1 — напаўзанне на льдзіну; 2 — працісканне; 3 — наступнае напаўзанне.
Да арт. Атамны ледакол. Схема энергетычнай устаноўкі і размяшчэння яе асноўных агрэгатаў на ледаколе «Арктыка»: 1 — дыферэнтная цыстэрна; 2 — аддзяленне грабных электрарухавікоў; 3 — кармавая электрастанцыя; 4 — памяшканне атамнай параўтваральнай устаноўкі; 5 — аддзяленне галоўных турбагенератараў; 6 — аддзяленне дапаможных механізмаў; 7 — грабныя вінты; 8 — сярэдні электрарухавік; 9 — бартавыя электрарухавікі; 10 — электрашчыт; 11 — электрагенератары; 12 — турбіна; 13 — помпы; 14 — парагенератар; 15 — стабілізатар ціску; 16 — атамны рэактар.

т. 2, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКАЯ СІКСЦІ́НСКАЯ КАПЭ́ЛА,

помнік італьян. мастацтва эпохі Адраджэння ў палацавым комплексе Ватыкана. Узведзена ў 1473—81 (арх. Дж. дэ Дольчы), асвячона ў 1483 пры папе Сіксце IV (адсюль назва) як дамавая царква Ватыкана. З’яўляецца месцам правядзення канклаваў (сходаў кардыналаў, якія збіраюцца для выбрання папы рымскага), адначасова музей. Памяшканне прамавугольнае ў плане, паводле памераў (40 × 13 м) роўнае разбуранаму Саламонаву храму ў Іерусаліме. У 1481—83 сцены капэлы размаляваны фрэскамі са сцэнамі жыцця Майсея і Хрыста (маст. С.​Батычэлі, Пінтурык’ё, Л.​Сіньярэлі, Д.​Гірландайо, П.​Перуджына). У 1508—12 Мікеланджэла аздобіў столь, люнеты і распалубкі размалёўкай, адметнай багаццем і разнастайнасцю вобразаў, велічнай цэльнасцю задумы; драматызмам і выразнасцю вылучаецца размалёўка алтарнай сцяны «Страшны суд» (1536—41). Па кардонах Рафаэля (1515—16) сатканы шпалеры, якія ва ўрачыстыя дні закрывалі ніжнюю ч. алтарнай сцяны капэлы. Падлога аздоблена геам. інкрустацыяй з каляровых камянёў на ўзор сярэдневяковых храмаў. У 1980-я г. праведзена рэстаўрацыя фрэсак Мікеланджэла. Р.С.к. ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

І.​Л.​Чэбан.

Рымская Сіксцінская капэла. Агульны выгляд.

т. 13, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛЛЁВА-БУДАЎНІ́ЧЫ КААПЕРАТЫ́Ў,

добраахвотнае аб’яднанне грамадзян з мэтай буд-ва жылых памяшканняў на ўласныя сродкі або з дапамогай крэдытаў, субсідый і інш. форм дзярж. падтрымкі. Кааператыў як юрыд. асоба — уласнік жылых памяшканняў у будынках Ж.-б.к. Яго члены маюць права ўласнасці толькі на паенакапленні ў кааператыве адпаведна ўнесеных сродкаў і кошту іх жылых памяшканняў, а права ўласнасці на жылое памяшканне — пасля аплаты яго поўнай вартасці і юрыд. афармлення гэтага права. Дзейнасць і кіраванне Ж.-б.к. рэгулююцца статутам, які прымаецца на ўстаноўчым сходзе. Вышэйшы орган кіравання — агульны сход, які выбірае праўленне, старшыню, рэвіз. камісію. Першыя Ж.-б.к. ўзніклі ў 19 ст. ў Зах. Еўропе. У БССР пачалі стварацца з 1921. У 1937 ліквідаваны, а іх дамы перададзены ў фонд мясц. органаў улады. Для паскарэння тэмпаў буд-ва ў адпаведнасці з рашэннем урада СССР у 1958 стварэнне Ж.-б.к. адноўлена. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. развіццё набыло новы ўзровень (могуць стварацца ў нарматыўна-явачным парадку, больш дэмакратычна праводзіць сваю дзейнасць і інш.). Развіццё Ж.-б.к. (пры ўмове дзярж. фін. падтрымкі) — адна з перспектыўных форм вырашэння жыллёвага пытання. Гл. таксама Жыллёвы фонд. У.​А.​Вітушка.

т. 6, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́ЙСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры пач. 17—18 ст. Пабудаваны ў 1603—06 у в. Камаі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. У стылявой трактоўцы касцёла спалучаны прыёмы і формы абарончага дойлідства, готыкі і рэнесансу.

Напачатку меў падоўжна-восевую кампазіцыю, быў 3-нефавы, 4 слуповы, перакрыты крыжовымі і зорчатымі скляпеннямі (захаваліся ў апсідзе). Пасля пажару ў сярэдзіне 17 ст. слупы разабраны, асн. памяшканне перакрыта драўляным люстраным скляпеннем. У 1778 да паўд. сцяны прыбудавана вял. прамавугольная ў плане капліца з крыптай, перакрытай цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі.

Мураваны 2-вежавы квадратны ў плане храм з вял. паўцыркульнай апсідай, сакрысціяй і хорамі над бабінцам. Гал. фасад асн. аб’ёму завершаны трохвугольным шчытом, раскрапаваны ў верхняй частцы 4 плоскімі арачнымі нішамі з байніцамі, фланкіраваны 2 магутнымі цыліндрычнымі вежамі (выш. 16 м, дыям. 6 м) з байніцамі. Усе скляпенні касцёла размаляваны арнаментамі ў тэхніцы грызайль. Захаваліся арган 18 ст., аздоблены разнымі па дрэве гірляндамі кветак, скульпт. выявамі анёлаў і муз. інструментаў, 4 разныя драўляныя алтары. Дэкаратыўна аформлены цэнтр. 2-ярусны алтар 2-й пал. 18 ст., у аснове якога 4 калоны карынфскага ордэра. Захаваўся алтарны абраз «Маці Божая з дзіцем» (17 ст.) у сярэбраным чаканным абкладзе.

У.​А.​Чантурыя, Г.​М.​Ярмаленка.

Камайскі касцёл.

т. 7, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУ́ДЫЯ (італьян. studio ад лац. studeo старанна працую, займаюся),

1) майстэрня жывапісца, скульптара, фатографа і інш. 2) У тэатры — творчы калектыў, які спалучае навуч., эксперым. і вытв. (паказ спектакляў) задачы. Ствараліся пры буйных тэатр. калектывах і развівалі іх творчыя прынцыпы, або арганізоўваліся самастойна і займаліся пошукамі новых сродкаў сцэн. выразнасці. Асабліва пашыраны ў 1920—30-я г., С. пад кіраўніцтвам Я.​Вахтангава, Ю.​Завадскага, Р.​Сіманава, А.​Дзікага, М.​Хмялёва ў Маскве, С.​Радлава ў Ленінградзе і інш. С. часта служылі асновай і базай для стварэння новых т-раў, падрыхтоўкі акцёрскіх кадраў: С. пры Маскоўскім Маст. акад. т-ры, Беларуская драматычная студыя ў Маскве (1921—26), Беларуская студыя оперы і балета (1930—33), Беларуская студыя пры Цэнтральным тэатральным вучылішчы ў Ленінградзе (1933—37), Студыі Беларускага тэатра імя Якуба Коласа (1928—64), Студыі Беларускага тэатра імя Янкі Купалы (1932—69). У Мінску працуюць Оперная студыя Беларускай акадэміі музыкі, Тэатр-студыя кінаакцёра.

3) Школа прасцейшага тыпу (муз., тэатр., оперная, балетная). Існуюць пры палацах і дамах культуры, клубах і інш. 4) Радыёстудыя, тэлевізійная С. — творчы калектыў для стварэння радыё- і тэлеперадач; абсталяванае спец. апаратурай памяшканне для радыёвяшчання і тэлеперадач (гл. таксама Студыі тэлебачання абласныя).

С. ёсць у кіно (гл. Кінастудыя), цыркавым мастацтве і інш.

т. 15, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРА́ЦЫЯ (франц. aération ад грэч. aēr паветра),

1) натуральнае (абмен з атмасферай) або штучнае насычэнне вады атм. паветрам пры дапамозе тэхн. сродкаў у спец. збудаваннях (аэратэнках) або праз устараненне перашкод (лёд, масляная плёнка і да т.п.) натуральнаму доступу паветра да паверхні вады. Ажыццяўляецца распырскваннем вады ў паветры або прадзіманнем яе паветрам з мэтай насычэння атм. кіслародам. Выкарыстоўваецца пры апрацоўцы пітной і тэхн. вады, біялагічнай ачыстцы сцёкавых водаў у мэтах прадухілення замораў рыб і інш. жывых арганізмаў у прыродных і штучных вадаёмах, паляпшэння ўмоў існавання жывых арганізмаў у штучных збудаваннях і асяроддзях.

2) Газаабмен глебавага паветра з атмасферным. Адбываецца прыродным шляхам. Залежыць ад паветрапранікальнасці глебы і яе вільготнасці. Пры аэрацыі кісларод трапляе з атмасферы ў глебу і часткова прадуцыруецца рознымі глебавымі арганізмамі, што забяспечвае дыханне каранёў раслін, глебавых жывёл і аэробных мікраарганізмаў, спрыяе мінералізацыі і засваенню арган. рэчываў. Неабходная для паспяховага росту і развіцця раслін і глебавых жывёл. Паляпшаецца рознымі спосабамі апрацоўкі і меліярацыі глебы (дрэнаж, рыхленне і інш.).

3) Аэрацыя збудаванняў — арганізаваная натуральная вентыляцыя памяшканняў. Забяспечваецца за кошт рознасці шчыльнасцяў вонкавага і ўнутранага паветра, а таксама ўздзеяння ветру на сцены і пакрыцці збудаванняў. Вонкавае паветра паступае ў памяшканне праз вокны (праёмы) у яго ніжняй частцы і выцясняе цёплае і забруджанае паветра праз праёмы і аэрацыйныя ліхтары ў верхняй частцы. Аэрацыя выкарыстоўваецца гал. чынам у вытв. памяшканнях са значным выдзяленнем цеплыні.

т. 2, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЛІ́ЦА (ад позналац. capella),

1) невялікае каталіцкае культавае збудаванне на раздарожжы; спецыяльна абсталяванае для малітвы памяшканне ў замку, палацы, публічнай установе, на могілках; мемар. пахавальня на могілках; малы касцёл, прыбудова з алтаром у касцёле; асобны алтар у касцёле. У адрозненне ад касцёла ў К. служаць імшу толькі па гал. святах са спец. дазволу епіскапа. Настаяцель К. наз. капеланам.

2) Невял. правасл. царква без алтара (рус. часовня), звычайна на могілках. Будавалі пераважна ў гонар знамянальных падзей царк. і дзярж. жыцця.

На Беларусі былі пашыраны з 16 ст. Стаялі асобна або ўваходзілі ў аб’ём большага збудавання. У плане пераважна прамавугольныя (часам са скошанымі вугламі ў алтарнай ч.), завершаныя двухсхільным, вальмавым ці паўвальмавым дахам; цэнтрычныя (квадратныя, 6- і 8-гранныя ў плане) з шатровым пакрыццём, якія пад уплывам барока набылі складаныя ламаныя і ярусныя дахі, вежачкі. У класіцыстычнай архітэктуры сфарміраваліся тыпы К. у выглядзе купальнай ратонды і прамавугольныя ў плане з порцікам на гал. фасадзе. У архітэктуры несапраўднай готыкі і псеўдарус. стылю К. характэрны складаны сілуэт, багацце дэкар. формы (вежачкі, купалкі, какошнікі, парталы, фрызы, маёлікавыя ўстаўкі). У пахавальных К. акрамя асн. памяшкання былі скляпы (крыпты). Прыдарожная К. — слупавая канструкцыя пад шатровым дахам, асобны невял. аб’ём або калона для размяшчэння культавай скульптуры. На Беларусі найб. вядомы Гайцюнішская капліца, Гомельская капліца, Мірская капліца, Мілавідская мемарыяльная капліца, К. ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. і інш.

С.​А.​Сергачоў.

т. 8, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЕНЬСКІ КРЫ́ЗІС 1917,

трэці пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 паліт. крызіс у Расіі (пасля красавіцкага і чэрвеньскага), у выніку якога ліквідавана двоеўладдзе. Узнік пасля правалу Чэрвеньскага наступлення 1917 і захадаў Часовага ўрада па ўмацаванні дысцыпліны ў арміі. 2(15) ліп. з урада выйшлі кадэты, узнік урадавы крызіс. 3(16) ліп. ў Петраградзе пад уплывам анархістаў пачалася антыўрадавая дэманстрацыя салдат і рабочых з заклікамі да адстаўкі «10 міністраў-капіталістаў» і перадачы ўлады Саветам. Бальшавікі вырашылі ўзначаліць рух і шляхам масавай мірнай дэманстрацыі дамагчыся пераходу ўсёй улады у рукі Саветаў. 4(17) ліп., нягледзячы на забарону ВЦВК Саветаў, на дэманстрацыю з заклікам «Уся ўлада Саветам!» выйшла каля 500 тыс. рабочых, салдат і матросаў. У выніку сутыкненняў з вернымі ўраду войскамі загінула 56 чал., паранена 650. Бальшавікоў абвінавацілі ў спробе дзярж. перавароту. Часовы ўрад пачаў расфарміроўваць або адпраўляць на фронт вайск. часці, якія знаходзіліся пад уплывам бальшавікоў, раззбройваць і арыштоўваць рабочых, забараніў газ. «Правда», разграміў памяшканне ЦК РСДРП(б), аддаў загад аб арышце У.​І.​Леніна. Пасля Л.к. ўлада ў Расіі цалкам перайшла да Часовага ўрада, якому ВЦВК Саветаў, дзе пераважалі меншавікі і эсэры, надаў надзвычайныя паўнамоцтвы. 7(20) ліп. з урада выйшаў міністр-старшыня Г.​Я.​Львоў, яго месца заняў А.Ф.Керанскі. Адносна мірны перыяд развіцця рэвалюцыі ў Расіі скончыўся, партыя бальшавікоў узяла курс на прыход да ўлады ўзбр. шляхам.

т. 9, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫ́РНІЦА,

гаспадарчая пабудова для сушкі і захоўвання сыру. Лакальныя назвы сырнік, сырня. Былі пашыраны на Беларусі, у Літве, Польшчы пераважна ў сядзібах і фальварках 16 — пач. 20 ст. У канцы 19 ст. з’явіліся і ў некат. сял. гаспадарках, якія наладзілі вытв-сць сыроў на продаж. На Беларусі найчасцей С. рабілі драўлянымі, абавязкова 2-яруснымі. 1-ы паверх мог заставацца адкрытым, на слупах (1—12; вёскі Рудня Астравецкага, Сваятычы Ляхавіцкага р-наў), або мець памяшканне для захоўвання малочных прадуктаў (в. Боркі Дзятлаўскага р-на). Каркасная канструкцыя 2-га паверха з дошак, жэрдак, плятня дапамагала ствараць неабходныя ўмовы для добрай вентыляцыі і сушкі сыроў. Характэрны элемент С. — галерэя на 2-м паверсе, дзе пад страхой сушылі сыры (б. маёнтак Залучча, Стаўбцоўскі р-н). Галерэю рабілі на выпусках бэлек ці на слупах. Квадратны план, ярусная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя, шатровы гонтавы дах, кругавая галерэя, выразны сілуэт рабілі С. адной з цікавых пабудоў сядзібы. Ставілі С. паблізу сядзібнага дома ці ў парку. Захавалася С. 19 ст. мяшанай канструкцыі (мураваны ніжні паверх) у парку б. сядзібы ў в. Сітцы Докшыцкага р-на.

Літ.:

Сергачоў С. Сырніцы // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. №4.

С.​А.​Сергачоў.

Сырніца ў былым маёнтку Залучча Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. Фрагмент гравюры А.​Савіцкага. 1873.
Сырніца ў вёсцы Боркі Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобл. Пач. 19 ст.

т. 15, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)