савецкі навук.-гіст. часопіс. Выдаваўся ў 1922—41 у Маскве на рус. мове Упраўленнем Цэнтр. архіва РСФСР пры ВЦВК (з 1929 Цэнтр. архіўнае ўпраўленне пры ЦВКСССР, з 1938 Гал. архіўнае ўпраўленне НКУССССР) 6 разоў на год (у 1922—24 нерэгулярна, з № 8 уведзена падвойная нумарацыя). Адзін з заснавальнікаў і фактычны кіраўнік часопіса да 1932 — М.М.Пакроўскі. Друкаваліся архіўныя матэрыялы па гісторыі Расіі і СССР, партыі бальшавікоў, Кастр. рэвалюцыі 1917, грамадз. вайны 1918—22, эканам. і культ. пераўтварэнняў у СССР, міжнар. адносін, аб дзеячах кампартыі і сав. дзяржавы. Змяшчаліся таксама асобныя матэрыялы па гісторыі Беларусі з архіваў Масквы і Ленінграда: «Да гісторыі польскага паўстання 1863 г. (Невядомыя рукапісы А.Авейды)» [1933, № 2(57)], «Германскія акупанты на Палессі» [1938, № 6(91)] і інш. У «К.а.» супрацоўнічалі Б.П.Казьмін, У.І.Пічэта, Я.В.Тарле і інш. гісторыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМІ́Ч (Іона Савіч) (25.4.1897, г.п. Капаткевічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 26.5.1972),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў час яе акупацыі герм. войскамі ў першую сусв. вайну. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). У 1-ю сусв. вайну (з 1916) на Зах. фронце вёў рэв. работу сярод салдат. У час Кастр. рэвалюцыі 1917 камісар тэлеграфа ў Стаўцы Вярх. Галоўнакамандуючага (Магілёў). У 1918 адзін з арганізатараў партыз. барацьбы з герм. акупантамі на Палессі, кіраўнік партыз. атрада. З 1919 у Чырв. Арміі, камісар палка, удзельнік вызвалення Беларусі ў 1920 ад польскіх інтэрвентаў, пазней камісар дывізіі. З 1927 на ваен.-гасп. рабоце. У Вял.Айч. вайну на буд-ве ваен. аб’ектаў. У 1947—52 нач.буд-ва Мінскага трактарнага з-да, кіраўнік трэста «Белтрактарабуд». Чл.ЦККП(б)Б у 1949—52.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧНІ́К, светач, дзед,
у беларусаў стараж. прыстасаванне для асвятлення хаты з дапамогай лучыны ці смалістых корчыкаў. Былі стацыянарныя і пераносныя (рухомыя). Стацыянарны Л. меў дымаход, верхняя частка якога выходзіла на дах, і гарызантальна падвешаную пад ім жал. рашотку, дзе палілі смалістыя корчыкі. Сярод рухомых вылучаліся звычайныя і падвесныя Л. Звычайны ўяўляў сабой драўляную стойку, на верхнім канцы якой замацоўваўся клямар для лучыны, з суцэльнай асновай з выемкай для вады ці крыжападобнай, тады побач ставілі пасудзіну з вадой. Падвесны Л. — кароткі кій з клямарам для лучыны на адным канцы і з крукам для падвешвання на другім. Л. з дымаходам быў пашыраны ў цэнтр. Беларусі і на Палессі. Месцамі ўжываўся да 1930-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЯДЗВЕ́ДЖЫЯ ПАЦЕ́ХІ»,
«мядзведжыя камедыі», паказы скамарохаў — дрэсіроўшчыкаў мядзведзяў. Пашыраны ў 16—19 ст. у Расіі, Польшчы. У Беларусі школы дрэсіроўкі мядзведзяў існавалі ў ваколіцах Гродна, Нясвіжа, Мінска, Ракава, на Палессі, найб. папулярная сярод іх была т.зв.«Смаргонская акадэмія». Бел. дрэсіроўшчыкі мядзведзяў упершыню ўпамінаюцца ў пач. 16 ст., калі «мядзведнікаў» абкладалі спец. падаткам. Існаваў асаблівы рэпертуар «М.п.», які складаўся з быт. сцэнак, анекдотаў, жартаў; выкарыстоўваўся спец. рэквізіт (палкі, бубен, шапкі). Паказы суправаджаліся жартамі і прымаўкамі павадыра, часта спалучаліся з выступленнямі скамарохаў-акрабатаў, лялечнікаў і музыкантаў. Разам з «мядзведжым цкаваннем» і «мядзведжай бойкай» уваходзілі ў мядзведжыя гульні. Павадыры з «вучонымі» мядзведзямі з Беларусі хадзілі па кірмашах Расіі, Венгрыі, Германіі, Італіі і Скандынавіі. Апошнія паказы «М.п.» зафіксаваны ў пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЯДЗВЕ́ДЗЬ»,
гульня-паказ і маска-персанаж у стараж.бел.нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. Мяркуюць, што бярэ пачатак з часоў язычніцтва. Найб. пашыраны на Палессі, дзе захаваўся і ў наш час.
Здольнага да імітацыі хлопца прыбіралі ў 2 чорныя вывернутыя поўсцю наверх кажухі (рукавы аднаго надзявалі на ногі, другога па крыссі сшывалі ці падвязвалі вяроўкай), на галаву надзявалі шапку з аўчыны, твар вымазвалі сажай ці закрывалі маскай. Часам выканаўцу ролі «М.» спавівалі сухімі сцяблінкамі гароху. Гульня пераважна паўтарала паказы скамарохаў-мядзведнікаў (гл.«Мядзведжыя пацехі», сцэна з вучоным «М.» уваходзіла ў рэпертуар батлейкі). Паводле загадаў павадыра «М.» скакаў, імітаваў паводзіны чалавека ў розных жыццёвых абставінах. Разам з «М.» вадзілі «жураўля» ці «казу», часам у паказах удзельнічаў музы́ка з бубнам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛОТАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С, забалочванне,
прыродна-ландшафтны або антрапагенны працэс утварэння балотаў. Адрозніваюць два тыпы балотаўтваральнага працэсу: забалочванне сушы і затарфаванне вадаёмаў.
На сушы развіваецца пры залішнім увільгатненні глебаў, калі ападкі пераважаюць над выпарэннем, або пры падняцці ўзроўню грунтавых водаў (павышэнне базіса эрозіі, збудаванне плацін і інш.). Ператварэнне вадаёмаў у балота адбываецца ў выніку зарастання азёраў, старыц, сажалак прыбярэжнымі раслінамі (хвошч, чарот, трыснёг, асака) і ўтварэння сплавіны з плаваючых раслін (раска, водныя папараці і інш.). На сплавіне растуць шабельнік балотны, бабок, некаторыя асокі, імхі і інш. торфаўтваральнікі. Узнікае нізіннае балота, якое з часам можа трансфармавацца ў пераходнае і вярховае. Балотаўтваральны працэс у мінулым ахопліваў вял. прасторы на тэр. Беларусі, асабліва на Палессі.
Да арт.Балотаўтваральны працэс. Утварэнне балота на месцы вадаёма: А — адкрытая водная прастора; Б — прыбярэжна-водная расліннасць; В — асаковае нізіннае балота; Г — хваёвы лес на сфагнавым балоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ КУЛО́Н (Numenius arquata),
птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Манголіі, на ПнУ Кітая. Жыве пераважна на вярховых балотах, у поймах азёр і рэк, радзей на сухіх травяністых астравах, лугах і палях побач з мокрымі поймамі. На Беларусі рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на ўсёй тэр., часцей у Бел. Паазер’і і на Палессі. Нар. назвы вялікі кулён, вялікі бакас.
Даўж. да 70 см, маса да 1 кг, самкі большыя за самцоў. Афарбоўка бура-шэрая з чорнымі падоўжнымі стракацінамі, надхвосце і бруха белыя. Дзюба даўж 12—18 см, загнутая ўніз. Ногі доўгія. Гняздуецца невял. калоніямі або асобнымі парамі; гняздо на зямлі або на купіне. Выседжвае 4, вельмі рэдка 3 або 5 птушанят. Корміцца малюскамі, чарвямі, насякомымі і іх лічынкамі, дробнымі жабамі, зрэдку ягадамі і насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАБЫ́ЛА»,
«кабылка», «конь», гульня-паказ і маска-персанаж у стараж.усх.-слав.нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. На Беларусі асабліва пашырана на Бел.Палессі, дзе захавалася і ў наш час. «К.» майстравалі па-рознаму (напр., да замацаваных на канцах палкі рэшатаў прыладжвалі галаву і хвост з лёну). Накрыты посцілкай выканаўца ў час паказу сядзеў вярхом ва кіі. Паводле складу ўдзельнікаў вядомы малая (уваходзілі «К.» і яе павадыр-«цыган») і вялікая (яшчэ і «дзед», «афіцэр», «барыня», «улан», 10—12 «песельнікаў» і музы́ка). «К.» вадзілі па хатах. Гал. у дзеі было выступленне «цыгана», які ладзіў імправізаваны торг: мяняў або прадаваў «К.». Калі гаспадар не запрашаў у хату, у яго адрас спявалі здзеклівую песню. Гульня вызначалася імправізацыяй, выдумкай, акцёрскім пераўвасабленнем выканаўцаў асн. роляў. Уваходзіла ў паказы нар. тэатра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918—19,
выступленне партызан і насельніцтва Пінскага і Ровенскага пав. супраць аўстра-герм. акупантаў, войск укр. гетмана П.П.Скарападскага і Дырэкторыі за аднаўленне Сав. улады. У кастр. 1918 у раёне Лунінец—Сарны дзейнічалі партыз. атрады. Да канца 1918 яны аб’яднаны ў 1-ы, 2-і Палескія і 1-ы Дубровіцкі палкі і кантралявалі чыг. ўчасткі Сарны—Лунінец—Парахонск. 25.12.1918 у Століне абвешчана Сав. ўлада, перавыбраны Палескі рэўком, створаны Ваен. савет паўстанцкіх камуніст. войск Беларусі і Зах. Украіны. У студз. 1919 паўстанцы вялі баі супраць пятлюраўцаў, якія пацяснілі дубровіцкіх партызан і 1-ы Палескі полк. Ням. камандаванне перадало ўладу ў Пінску войскам урада Дырэкторыі, раззброіла атрады Чырв. Арміі і партызан. У адказ паўстанцы спынілі пропуск ням. эшалонаў праз Лунінец, што вымусіла немцаў вярнуць зброю чырвонаармейцам і паўстанцам. 25.1.1919 Пінск вызвалены і на Зах.Палессі ўстаноўлена Сав. ўлада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЕ́ТКА (ад франц. rosette літар. ружачка) у архітэктуры і мастацтве, арнаментальны матыў у выглядзе стылізаванай распушчанай кветкі (часцей ружы). Вядомы са старажытнасці ў арх. дэкоры і ў дэкар.-прыкладным мастацтве.
Найб. пашыраны матывы Р. ў нар. жыллі Беларусі, асабліва на Палессі, дзе яны блізкія паводле формы салярным знакам. Выявы Р. ці іх палавін робяць на франтонах. Колькасць іх на франтоне ад 1 да 3, што адпавядае міфалагічным пазіцыям сонца (раніца, поўдзень, вечар). Некат. Р. маюць выгляд кола. Стылізаваныя Р. пашыраны і ў аздабленні верхніх ч. ліштваў. Р. ўпрыгожваюць філёнгі дзвярэй, іканастасы, алтары, іх змяшчаюць на метопах, кесонах столі і інш. Вядомы таксама ў арнаментальных расл. кампазіцыях, дэкар. размалёўцы на дрэве, палатне, шкле. Разнастайнымі па малюнку Р. аздаблялі прасніцы, каўшы і інш. прадметы нар. побыту.
С.А.Сергачоў.
Разеткі ў афармленні столі палаца ў г. Высокае Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.