ГНЕ́ЗНАЎСКІ КАСЦЁЛ МІХАІ́ЛА АРХА́НГЕЛА,

помнік архітэктуры позняй готыкі з элементамі рэнесансу. Пабудаваны каля 1524 у в. Гнезна Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. ўладальнікамі маёнтка Я. і А.​Шамятовічамі на месцы драўлянага храма. З 2-й пал. 16 ст. да 1643 быў заняты пратэстантамі (касцёл быў пераабсталяваны ў кальвінскі збор). Значна пацярпеў ад пажару 1838 (згарэла ўсё драўлянае абсталяванне), адбудаваны ў 1844 уладальнікам маёнтка Г.​Тарасевічам. У 1931—32 рэстаўрыраваны арх. Т.​Плюцынскім. Мураваны 1-нефавы 1-вежавы храм з трохграннай алтарнай апсідай. Гал. фасад аздоблены плоскімі нішамі і аркамі рознага абрысу. Уваход аформлены арачным парталам. Сцены ўмацаваны гранёнымі контрфорсамі, завершанымі ступеньчатымі кансолямі. У касцёле абразы і скульптура 17—18 ст. На тэрыторыі яго захаваліся надмагільныя помнікі 19 — 1-й пал. 20 ст.

А.​А.​Ярашэвіч.

Гнезнаўскі касцёл Міхаіла Архангела.

т. 5, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́, Меле,

дзяржаўнае ўтварэнне ў Зах. Судане ў 8—17 ст. на тэр. сучасных Малі і Гвінеі, у раёне верхняга цячэння р. Нігер. Этн. аснова М. — плямёны мандынга. Да пач. 13 ст. знаходзілася ў залежнасці ад Ганы. З 11 ст. дзярж. рэлігія М. — іслам. У 2-й пал. 13 ст. пры мансе (правіцелі) Сундзьяце пачаўся хуткі ўздым М. (сталіца — г. Ніяні). Дасягнула росквіту пры Мусе I (1312—37) і Сулеймане (1341—60), калі М. займала тэр. ад Атлантычнага ак. да г. Гао ў сярэднім цячэнні Нігера. Асновай багацця быў гандаль рабамі і золатам. З 1370-х г. пачаўся заняпад, з 2-й пал. 15 ст. М. ў залежнасці ад дзяржавы Сангаі. У 17 ст. існавала як невял. вобласць вакол паселішча Кангаба, дзе захавалася ўлада царскага клана Кейта.

т. 10, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ СКАРБ.

Знойдзены ў Брэсце ў 1834. Складаўся з сярэбраных чары і 2 кавалкаў лому, 470 медных солідаў 1659—66 і 87 сярэбраных манет 2-й пал. 17 ст. Рэчы Паспалітай, Прусіі, Саксоніі. Скарб ухаваны ў канцы 17 ст. 39 сярэбраных манет са скарбу захоўваюцца ў Эрмітажы.

т. 3, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСНЫ́ СУД,

ніжэйшы саслоўны сял. суд у Рас. імперыі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Засн. ў 1861. На аснове мясц. звычаяў разглядаў найб. пашыраныя крымін. і цывільныя справы. Паводле «Часовых правіл аб валасным судзе» 1889 поўнасцю залежаў ад мясц. адміністрацыі, шырока ўжываў цялесныя пакаранні.

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́КЕР ((Becker) Барыс) (н. 22.11.1967, г. Ляймен, Германія),

нямецкі спартсмен (тэніс). Пераможца ў адзіночным разрадзе турніраў ва Уімблдане (1985, 1986, 1989), адкрытых чэмпіянатаў ЗША (1989), Аўстраліі (1991, 1995), турніру «Мастэрс» (1988, 1992). У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. быў лідэрам сярод лепшых тэнісістаў свету.

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫГАРА́ННЕ РАСЛІ́Н,

заўчаснае засыханне раслін у выніку працяглай глебавай і атм. засухі. Асабліва адчувальныя да засухі збожжавыя культуры, у якіх выгаранне (найбольш плямамі, вельмі рэдка вял. масівамі) ва ўмовах Беларусі часцей у 1-й пал. лета, да пачатку фарміравання зерня, у першую чаргу на пясчаных узгорках.

т. 4, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОЎТ (англ. groat),

англійская сярэбраная манета 14—19 ст. Упершыню выраблены ў 1351 (лігатурная маса 4,57 г), адпавядаў 4 пені. З канца 15 ст. маса манеты бесперапынна змяншалася (у 1-й пал. 19 ст. 1,88 г). У 1856 чаканка гроўта спынена, да 1887 заставаўся ў абарачэнні.

т. 5, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБН РУ́СТА, Iбн Даста Абу Алі Ахмед ібн Амар, арабамоўны вучоны-энцыклапедыст 2-й пал. 9 — пач. 10 ст. Паводле паходжання перс. Аўтар «Кнігі каштоўных караляў». Да нас дайшоў толькі 7-ы т., у якім змешчаны каштоўныя звесткі пра народы Блізкага і Сярэдняга Усходу і Усх. Еўропы.

т. 7, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗІША́Х (ад стараж.-перс. уладар + перс. цар),

тытул манарха ў шэрагу краін Б. і Сярэдняга Усходу. Узнік у стараж. Іране. Тытул П. насілі правіцелі Асманскай імперыі (15 — пач. 20 ст.), Магольскай імперыі (16—19 ст.), Майсура (2-я пал. 18 ст.), Афганістана (1926—73) і інш.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́КА (Paracco) Антоні, архітэктар 2-й пал. 18 ст.; прадстаўнік архітэктуры барока. Італьянец, родам з Генуі. У 1762—83 працаваў на Віленшчыне і Навагрудчыне. Пабудаваў касцёлы бернардзінцаў (1773) у г.п. Друя Браслаўскага і місіянераў (1783) у г.п. Асвея Верхнядзвінскага р-наў Віцебскай вобл.

В.​Ф.​Марозаў.

т. 12, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)