прасторавая кампазіцыя з саломы, папяровых кветак, зерняў лубіну, фасолі і інш.; традыц. ўпрыгожанне інтэр’ера бел.нар. жылля. П. падвешвалі над сталом (лічылася, што ён прыносіць шчасце). Найб. пашыраны з саломы (шарападобныя, рамбічныя і зорчатыя). Шарападобныя рабілі з саломінак (часта з каласкамі), якія разыходзіліся ва ўсе бакі ад цэнтра (напр., утыкаліся ў бульбіну). Канцы саломінак аздаблялі кветкамі з паперы ці пер’я, зоркамі з фольгі і інш. У аснове рамбічнага П. 8-гранная фігура з 12 саломінак аднолькавай даўжыні. Унутры і да яго вуглоў падвешвалі П. меншых памераў (часта да некалькіх дзесяткаў), саламяныя ці папяровыя ланцужкі, кветкі з рознакаляровай паперы ці пер’я, абгорнутыя фольгай мяцёлкі аўса і інш. Разнавіднасць рамбічнага П., — жорсткая канструкцыя са змацаваных паміж сабою васьміграннікаў аднолькавых памераў. Зорчатыя П. мелі плоскую канструкцыю з саломінак у выглядзе шматпялёсткавай разеткі. Бытавалі таксама П. накшталт абажура: да абруча з лазы ці дроту падвешвалі гірлянды з зярнят фасолі, гароху, лубіну, начэпленых на ніткі. Арыгінальны П. пач. 20 ст. з гірляндаў кудзелі і кутасоў. Выйшлі з нар. ўжытку ў 1950-я г. Вырабляюцца сувенірныя П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́КАЎЛЕЎ Юрый Васілевіч (н. 25.4.1928, Масква),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1976). Скончыў Тэатр. вучылішча імя М.Шчукіна (1952). Працуе ў Маскоўскім т-ры імя Я.Вахтангава. Яго мастацтва вызначаецца лёгкасцю ігры, псіхалагізмам, стрыманай эмацыянальнасцю, артыстызмам, дакладным пачуццём стылю і жанру твора, арыстакратычнасцю. Сярод роляў: Гарацыо («Гамлет» У.Шэкспіра), Маёр («Дамы і гусары» А.Фрэдры), Панталоне («Прынцэса Турандот» К.Гоцы), Рыкарда, Каладжэра ды Спелта («Філумена Мартурана», «Вялікая магія» Э.Дэ Філіпа), Балангброк («Шклянка вады» Э.Скрыба), Кларк («Вясёлыя хлопцы» Н.Саймана), Моцарт («Маленькія трагедыі» А.Пушкіна), Карэнін («Жывы труп» Л.Талстога), Глумаў, Дудукін («На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Чэхаў («Насмешлівае маё шчасце» Л.Малюгіна), Казанова сямідзесяці трох гадоў («Тры ўзросты Казановы» паводле п’ес М.Цвятаевай), Богаяўленскі («Кабанчык» В.Розава) і інш. З 1956 здымаецца ў кіно: князь Мышкін («Ідыёт», 1958), паручнік Ржэўскі («Гусарская балада», 1962), Сціва Аблонскі («Ганна Карэніна», 1968), домакіраўнік Бунша і цар Іван Грозны («Іван Васілевіч мяняе прафесію», 1973), Бруханаў («Любоў зямная», 1975; «Лёс», 1978), Іпаліт («Іронія лёсу, альбо З лёгкай парай», тэлефільм, 1975). Сярод інш. фільмаў: «Ідэальны муж», «Карнавал», «Небяспечны паварот» (тэлефільм), «Зладзейка» і інш.Дзярж. прэміі Расіі 1970, 1994. Дзярж. прэмія СССР 1979.
Літ.:
Рыбаков Ю. Ю.Яковлев // Труд актера. М., 1974. Вып. 21.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ХАЎ Дзмітрый Максімавіч (н. 27.7.1943, с. Масляніна Новасібірскай вобл., Расія),
бел. архітэктар, тэатр. мастак. Вучыўся ў БПІ (1961—64). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1968). З 1965 на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1970 у Спец.навук.-рэстаўрацыйных майстэрнях, з 1973 мастак-архітэктар Мінскага маст.-вытв. камбіната, у 1983—96 гал. мастак Т-ра-студыі кінаакцёра. З 1985 выкладае ў Бел. ун-це культуры і Бел.АМ. Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Горад майстроў» (1964), «Альпійская балада» (1965), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1967), «Я, Францыск Скарына...» (1970). Аўтар праектаў рэстаўрацыі Слуцкай брамы ў Нясвіжы, вял. залы Жыліцкага палаца (Магілёўская вобл.) і інш.; рэканструкцыі інтэр’ера Нац. бібліятэкі Беларусі (усе 1973), ратушы і прылеглых будынкаў у Віцебску (1995). Аформіў больш за 200 спектакляў у муз. і драм. т-рах Расіі, Прыбалтыкі, Сярэдняй Азіі і Каўказа. Сярод спектакляў, аформленых набел. сцэне: у Нац.акад. т-ры оперы і балета — «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1985) і «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (1992); у Т-ры-студыі кінаакцёра — «Шчасце маё...» А.Чарвінскага (1983), «Гамлет» У.Шэкспіра (1987), «Генералы ў спадніцах» Ж.Ануя (1989); у Гомельскім — «Зойчына кватэра» М.Булгакава (1990), у Гродзенскім — «Уладзімір і Рагнеда» А.Дударава (1998) абл.драм. т-рах; у Т-ры юнага гледача — «Маленькі лорд» Ф.Бернета (1998). Для арганізацыі сцэн. прасторы выкарыстоўвае трансфармацыю сцэн. канструкцый, дэтальную распрацоўку павільёна, жывапіс, светлавую партытуру і ўвасабляе адухоўлены і паэт. вобраз рэжысёрскай задумы.
С.У.Пешын.
Дз.Мохаў. Макет дэкарацыі да спектакля «Генералы ў спадніцах» Ж.Ануя. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЦІ́ЛА Іван Браніслававіч (28.12.1910, в. Талька Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.2.1977),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1953). Скончыў драм. курсы імя Ф.Дзяржынскага ў Мінску (1932). У 1932—61, 1967—71 працаваў у Бел. т-ры імя Я.Купалы, у 1961—67 — у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, вял.сцэн. абаяння. Валодаў яркім тэмпераментам, выконваў ролі эмацыянальна, з драм. насычанасцю і сац. акрэсленасцю. Складаным псіхал. малюнкам і драматызмам вызначаліся вобразы Рыгора («Партызаны» К.Крапівы), Янкі Купалы («Шчасце паэта» В.Віткі), Касагорава («Уцёкі з ночы» бр. Тур), Сыраварава («У мяцеліцу» Л.Лявонава). Пранікнёна, з лірызмам іграў Якіма Сароку («Паўлінка» Я.Купалы), Міколу Вераса («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), з палымяным тэмпераментам — Тыбальта («Рамэо і Джульета» У Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Левановіч («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Іван Зарудны («У ціхім завулку» А.Маўзона), Мікола («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Раман («Каб людзі не журыліся» А.Макаёнка), Вронскі («Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога), Трэплеў («Чайка» А.Чэхава), Крэчат («Платон Крэчат» А.Карнейчука), Рыбакоў («Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна), Хельмер («Нора» Г.Ібсена). Здымаўся ў кіно: «Пяюць жаваранкі», «Першыя выпрабаванні», «Вуліца малодшага сына», «Масква—Генуя».
Літ.:
Сабалеўскі А. Творчасць, сугучная думам народным // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;
Яго ж. Рампай асветленае. Мн., 1962. С. 35—49;
Яго ж. Жыццё тэатра. Мн., 1980. С. 203—206;
Бур’ян Б. Адухоўлены прафесіяналізм: (Да 60-годдзя І.Б.Шацілы) // Тэатр. Мінск. 1970. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУРКО́Ў Аляксей Аляксандравіч (13.10.1899, в. Сераднёва Рыбінскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 14.6.1983),
рускі паэт, грамадскі дзеяч. Герой Сац. Працы (1969). Засл. дз. культ. Арменіі (1970). Скончыў Ін-т чырвонай прафесуры ў Маскве (1934). У 1944—46 гал. рэдактар «Литературной газеты», у 1945—53 час. «Огонек». Друкаваўся з 1918. Першая кніга вершаў — «Запеў» (1930). Зб-кі вершаў «Апошняя вайна» (1933), «Так мы раслі» (1940) прасякнутыя героікай грамадз. вайны. У песнях «Зямлянка» («Б’ецца ў цеснай пячурцы агонь...»), «Песня смелых» і інш. (Дзярж. прэмія СССР 1946), зб-ках «Снежань пад Масквой» (1942), «Расія караючая» (1944), «Свету — мір!» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Песні пра чалавецтва» (1961), «Што такое шчасце?» (1969) услаўленне парыву да перамогі, барацьбы за мір. Неаднаразова бываў на Беларусі: удзельнік вызвалення Зах. Беларусі (1939), прысутнічаў наНар. сходзе Зах. Беларусі (28—30.10.1939, Беласток) і інш. Па матывах бел.нар. песень напісаў вершы «Над зялёнай магілай», «Заспявала дзяўчына», «Удовіна». Партызанам Беларусі, гераізму, мужнасці і стойкасці яе народа ў Вял.Айч. вайну прысвяціў вершы «Дзед Талаш», «Беларусь», «Вораг увайшоў у мой дом і разбіў...», «Клятва над кроўю», «Лясны бой пад Полацкам». Да 35-годдзя літ. дзейнасці Я.Купалы напісаў арт. «Народны паэт» (1940) і інш. Перакладаў вершы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, А.Куляшова, А.Александровіча, М.Машары. Набел. мову асобныя вершы С. перакладалі А.Астрэйка, С.Дзяргай, М.Аўрамчык, А.Вялюгін, Х.Жычка, А.Звонак, К.Кірэенка, У.Шахавец.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1978—80;
Бел.пер. — у кн.: Анталогія рускай савецкай паэзіі. Мн., 1936;
Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.
Літ.:
Резник О.С. Алексей Сурков: Путь поэта. 3 изд. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПСКІ Уладзімір Сцяпанавіч (н. 6.5. 1940, в. Шолкавічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1966). З 1964 працаваў у раённым друку, у апараце ЦК ЛКСМБ. З 1976 адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1978 гал. рэдактар час. «Вясёлка». Друкуецца з 1953. Аўтар кніг публіцыстыкі «Дзень за днём» (1973), «Знайдзі сябе» (1974), нарысаў «Прыдзвінскі цуд» (1975), «Высокія зоркі» (1981), дакумент. аповесцей «Крутыя вёрсты» (1980, пра Героя Сав. Саюза З.Тусналобаву-Марчанка), «Урокі Купрэвіча» (1987), «Любі мяне пры ўсякай долі...» (з Б.Чалым, 1989; пра моладзь, вывезеную ў час Вял.Айч. вайны ў Германію), «Невядомы» (1990; пра нарадавольца І.Грынявіцкага), зб-каў прозы «Лаўрэнавы працадні» (1984), «Раны» (1987), «Дзень нараджэння» (1988). Пра родную вёску, праблемы выхавання моладзі аповесць «Адпяванне жывых» (1993). Тэма дзяцей-сірот узнята ў дзённіку «Бацькі і дзеці» (1995). Аповесць «Я: Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод» (1998), створаная на архіўных і дакумент. матэрыялах, расказвае пра карані сем’яў, прозвішчаў, гербаў. Выдаў кнігі аповесцей, апавяданняў, казак (у т. л. казкі-коміксы) для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды» (1974), «Якое яно, шчасце?», «Марынчына казка» (абедзве 1977), «Як бог стварыў свет» (1993), «Вясёлая азбука», «Падкідыш» (абедзве 1992; Літ. прэмія імя Я.Маўра 1993). За аповесць «Загадкавы чалавечак» (1997) Літ. прэмія імя В.Віткі 1997. Творы для дзяцей адметныя веданнем дзіцячай псіхалогіі, займальнасцю, жывой нар. мовай, дасціпнасцю. Паводле аповесці «Вясёлая азбука» ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі пастаўлены мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» (1996, лібрэта С.Клімковіч, муз. В.Войціка). З 1988 прэзідэнт Бел. дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі дзіцячых фондаў. Ініцыятар і старшыня 1-га Усебел. фестывалю нар. гумару ў Аўцюках Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. (1995). Міжнар. прэмія А.Швейцара за дабрачынныя справы на карысць дзяцей, заложнікаў чарнобыльскай трагедыі (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭ́ЕНКА Кастусь (Канстанцін Ціханавіч; 12.12.1918, в. Гайшын Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 15.9.1988),
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1940). Працаваў у час. «Беларусь» (1945—62), з 1962 гал. рэдактар час. «Бярозка», у 1972—86 — час. «Полымя». Друкаваўся з 1939. Паэзія К. непарыўна звязана з лёсам свайго пакалення, якое прайшло праз выпрабаванні вайной (зб. «Ранак ідзе», 1945). Тонкая настраёвасць і лірызм у ёй спалучаюцца з узнёслым пачуццём любові да роднай зямлі, са свежасцю і багаццем адценняў перажыванняў: зб-кі «Пасля навальніцы» (1947), «Мая рэспубліка» (1949), «Маякі», «Родны свет» (абодва 1952), «Любоў і дружба» (1955), «Светлая хваля» (1959). Творы больш позняга часу вызначаюцца схільнасцю да абагульненняў, філас. разважанняў над праблемамі часу: кн. «Смага» (1962, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964), «Цёплая радуга» (1966), «Кніга ста песень» (1971, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1972), «Слухайце ластавак» (1974), «Сіні вырай» (1976), «Вёсны веснаваць» (1979), «Дэкрэтам сэрца» (1983), «Калыска вятроў», «Надзея» (абедзве 1985), ліра-эпічная паэма «Трыпутнік» (1976). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Ручаіны шукаюць ракі» (1967), «Вандроўнае шчасце. Рыбацкая паэма» (1988), публіцыстыкі «Амерыка здалёку і зблізку» (1971), успамінаў і эсэ «Заўсёды з Радзімай» (1980). Пісаў для дзяцей: паэма «Алёнчына школа» (1951), зб-кі вершаў і паэм «Зялёнае рэха» (1953), «Прысяга» (1969), «Размова з капітанам» (1987), апавяданняў «Алесева кніжка» (1972). На вершы К. напісалі песні М.Аладаў, У.Алоўнікаў, У.Буднік, Ю.Семяняка, С.Палонскі і інш. Перакладаў творы рус., укр., малд., лат. і інш. пісьменнікаў.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1986—88.
Літ.:
Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 196—213;
Гурская А. Адказнасць перад часам: Нарыс творчасці К.Кірэенкі. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРО́Ў Пётр Лаўравіч (14.6.1823, в. Меліхава Пскоўскай вобл., Расія — 6.2.1900),
рускі філосаф і сацыёлаг, публіцыст, ідэолаг рэв.народніцтва. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча ў Пецярбургу (1842), выкладаў у ім (1844—66), потым у Пецярбургскай артыл. акадэміі. З 1852 выступаў як публіцыст. З 1862 у т-ве «Зямля і воля». У 1866 арыштаваны і сасланы ў Валагодскую губ., адтуль уцёк у Парыж (1870). Быў чл. Парыжскага антрапалагічнага т-ва, чл. 1-га Інтэрнацыянала. Выдаваў час. «Вперёд!» (1873—77), газ. «Вперёд!» (1875—76). У 1883—86 Л. адзін з рэдактараў «Вестника Народной воли». Яго філас. погляды сфарміраваліся пад уплывам сенсуалізму, пазітывізму, неагегельянства, неакантыянства, але ён не стаў прыхільнікам гэтых плыняў. Сваю філас. пазіцыю вызначаў як «антрапалагічны пункт погляду», філасофію ўяўляў як філасофію прыроды, духу і гісторыі. Лічыў, што філасофія павінна грунтавацца на тых жа рацыянальных асновах, што і прыродазнаўства. З яго імем звязаны т. зв. суб’ектыўны кірунак у сацыялогіі. Лічыў, што грамадства, у адрозненне ад прыроды, развіваецца па сваіх спецыфічных законах. Гал. асоба гісторыі — чалавек. Гісторыю і яе законы разглядаў праз прызму чалавечай свядомасці, функцыянавання «крытычнай думкі». Чалавек свабодны ў дзеяннях і ўчынках найперш з-за сваёй мэтанакіраванасці, наяўнасці пэўнага ідэала. З гэтага рабіў высновы пра ролю крытычна мыслячых асоб, паліт. партый у прагрэс. пераўтварэнні грамадства. Грамадскі ідэал Л. — «царства справядлівасці», заснаванае на прынцыпах салідарнасці і «ўсеагульнай працы на ўсеагульнае шчасце»; дасягнуць яго магчыма шляхам сацыяльнай рэвалюцыі.
Тв.:
Философия и социология. Т. 1—2. М., 1965.
Літ.:
Богатов В.В. Философия П.Л.Лаврова. М., 1972;
Лукин В.Н. П.Л.Лавров как эстетик и литературный критик. Саратов, 1979;
Семенкова Т.Г. Экономические взгляды П.Л.Лаврова. М., 1980;
Антонов В.Ф. Революционное творчество П.Л.Лаврова. Саратов, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́МІН-СІБІРА́К (сапр.Мамін) Дзмітрый Наркісавіч
(6.11.1852, г.п. Вісім Свярдлоўскай вобл., Расія — 15.11.1912),
рускі пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў рус. «сацыялагічнага рамана». Вучыўся ў Пермскай духоўнай семінарыі (1868—72), Пецярбургскай мед.-хірургічнай акадэміі (1872—76) і Пецярбургскім ун-це (1876—77). З 1877 жыў на Урале (пераважна ў Екацярынбургу), з 1891 у Пецярбургу і Царскім Сяле. Друкаваўся з 1875. Гал. тэма уральскіх раманаў «Прывалаўскія мільёны» (1883), «Горнае гняздо», «Дзікае шчасце» (пад назвай «Жылка», абодва 1884), «Тры канцы» (1890), «Золата» (1892), «Хлеб» (1895) — улада капіталу над душамі асобных людзей і над лёсамі цэлых сац. пластоў. У рамане «Імяніннік» (1888) стварыў тып «лішняга чалавека» апошняй чвэрці 19 ст. Раман-успамін «Рысы з жыцця Пяпко» (1894) пра жыццё пецярбургскіх рэпарцёраў. Раманы «Веснавыя навальніцы» (1893), «Без назвы» (1894), «Па новым шляху» (1896) і інш. пра рус. інтэлігенцыю. Аповесці «Браты Гардзеевы» (1891), «Ахоніны бровы» (1892) нагіст. тэматыку. Аўтар раманаў «На вуліцы» («Бурны паток», 1886), «Зоркі, якія падаюць» (1899), «Уральскіх апавяданняў» (т. 1—2, 1888—89), п’есы «На залатым дне» («Золатапрамыслоўцы», паст. 1887), падарожных нарысаў «Ад Урала да Масквы» (1881—82), успамінаў «З далёкага мінулага» (1902) і інш. Творчасці М.-С. ўласцівы маштабнасць ахопу матэрыялу, драматызм, безылюзорны і шырокі погляд на чалавека, унутрана-напружанае апавяданне, жыццёвая дакладнасць, натуралістычныя падрабязнасці. Пісаў для дзяцей: «Ямеля-паляўнічы» (1884), «Зімоўе на Студзёнай» (1892), «Шэрая шыйка» (1893), «Алёнчыны казкі» (1894—97) і інш. Апрацоўваў легенды казахаў і кіргізаў (зб. «Легенды», 1898). Набел. мову асобныя яго творы пераклалі Я.Маўр, А.Якімовіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СНІ ПРА КАХА́ННЕ,
пазаабрадавая песенная паэзія розных народаў, звязаная з інтымнымі перажываннямі лірычнага героя. Сярод інш. песенных жанраў і груп вылучаюцца глыбокім рэалізмам. Іх лірычныя героі — канкрэтныя асобы (хлопец і дзяўчына) і іх унутр. свет, часта споведзь лірычнага героя. Вобраз дзяўчыны надзелены асабліва прывабнымі рысамі — пяшчотай, шчырасцю, адданасцю, багаццем духоўнага свету, высакароднасцю, мудрасцю, працавітасцю. Вернасць у каханні і самаахвярнасць узняты на самую высокую ступень агульначалавечай маралі. У бел. песнях шырока паказаны бяспраўнае становішча сял. дзяўчыны ва ўмовах патрыярхальна-сямейнага ўкладу і феад.-прыгонніцкага ладу, залежнасць яе ад бацькоў. Гераіня нярэдка ўздымаецца над суровай рэчаіснасцю, бароніць сваю годнасць, права на свабоду выбару, сваіх пачуццяў, ідэалаў і поглядаў. У іх цэлы комплекс чалавечых узаемаадносін, у якім паядналіся розныя сямейна-бытавыя і грамадскія праблемы — звычаёва-прававыя, сац., маральныя, філас., этычныя, эстэтычныя і інш. Дамінуе нар. мараль, якая выхоўвае ў чалавеку ідэалы дабра, справядлівасці, вышыні духу. Праз многія песні праходзіць матыў горкай долі напачатку ў бацькоў, потым у сям’і мужа, што ўспрымаецца як доля самога народа, суровая і беспрасветная. Сац. становішча, якое вызначала адносіны паміж людзьмі, негатыўна адбівалася на шчырых памкненнях закаханых. Але якім цяжкім ні было б каханне, калі яно заснавана на шчырым і ўзаемным пачуцці, яно заўсёды прыносіць чалавеку вял. радасць і шчасце — асн. змест большасці такіх песень. Прывабнымі фарбамі ў іх намаляваны і вобраз хлопца. Яго заляцанні, жаданне пабачыцца з каханаю, звязаць з ёю свой лёс маляўніча ўвасоблены ў многіх песнях. Побач з каханнем крочыць здрада, якая ніколі не даруецца. У песнях асуджаецца рэўнасць як сляпое пачуццё, як трагедыя вызначаецца адзінота, спароджаная маральна-этычнымі нормамі. Рускія П.п.к. падзяляюцца на частыя, дзе адносіны закаханых разгортваюцца на бытавым фоне, і працяжныя — элегічныя паводле тону, выказваюць сум, журбу, крыўду.
Публ.:
Песні пра каханне. Мн., 1978;
Пісні кохання. Київ, 1986.
Літ.:
Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;
Колпакова Н.П. Восточнославянская лирическая песня: (Сравнит. анализ поэтики) // Русский фольклор. М.; Л., 1968. Т. 11.