комплекс збудаванняў для абслугоўвання пасажыраў міжгародніх і прыгарадных аўтобусных ліній. Размяшчаюць аўтавакзалы ў гарадах з развітой сеткай міжгародніх аўтобусных маршрутаў (на Беларусі найбуйнейшыя ў Мінску і абл. цэнтрах).
У залежнасці ад прапускной здольнасці і ўмяшчальнасці тыпавыя аўтавакзалы будуюць на 100, 200, 300 і 500 пасажыраў (большыя — па індывід. праектах). У склад аўтавакзала, акрамя асн. будынка з памяшканнямі службовымі і для абслугі, уваходзяць трансп. тэрыторыя з перонам пасадкі і высадкі пасажыраў, пляцоўкі для стаянкі аўтобусаў і інш. Буйныя аўтавакзалы аснашчаюць апаратурай для кіравання рухам аўтобусаў і інфармацыі пасажыраў. Часта аўтавакзалы аб’ядноўваюць з вакзаламі інш. відаў транспарту (чыгуначным, паветраным, рачным), пры іх узводзяцца атэлі, канцэнтруюцца гандлёвыя і інш. ўстановы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧ (Эміль Абрамавіч) (ліп. 1864, Гродна — 4.4.1922),
адзін з першых прапагандыстаў марксізму на Беларусі. Скончыў Гродзенскую гімназію (1882), вучыўся на мед. ф-тах Парыжскага (1882—84) і Дэрпцкага (Тартускага, 1884—88) ун-таў. У 1884 арганізаваў у Мінску гурток друкарскіх рабочых с.-д. кірунку. У 1886—87 вёў прапаганду ў Вільні, меў сувязі з народнікамі. У 1889 стварыў с.-д. гурток у Кіеве, дзе арыштаваны і высланы ў Сібір. У 1896 у Мінску, неўзабаве выехаў на Ленскія прыіскі. У 1912 за артыкул для «Правды» пра Ленскі расстрэл сасланы ў Табольскую губ. У 1914—15 служыў урачом у арміі. З 1917 працаваў у Саратаве.
бел. жывапісец. З 1905 вучыўся і працаваў у Мінску ў іканапіснай майстэрні П.Курбатава, у 1910—12 вучыўся ў Пецярбургу ў мастака С.Ягорава, скончыў там Школу т-ва заахвочвання мастацтваў (1916). У 1921 вярнуўся ў Мінск, працаваў дэкаратарам у т-ры «Чырвоная зала», выкладаў у чыг. тэхнікуме і інш. Аўтар твораў «Малады мастак» (1923), «Старое і новае» (1927), «Суботнік» (1932), «Маладыя спартсмены» (1934). Лепшыя творы гіст. жанру: «Курлоўскі расстрэл» (1924), «Лядовае пабоішча» (1938), «3 ліпеня 1944 года ў Мінску» (1945); з партрэтаў — «Змітрок Бядуля» (1924), «Сямейны партрэт» (1927), «Кандрат Крапіва» (1938) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙДУКЕ́ВІЧ (Станіслаў Сільвестравіч) (13.5.1876, Мінск — 25.5.1937),
бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1910). З 1910 у Мінску. У 1921—27 заг. праектнага аддзела К-тадзярж. пабудоў пры СНКБССР, у 1929—37 выкладаў у Мінскім арх.-буд. тэхнікуме. У 1937 рэпрэсіраваны. Асн. работы ў Мінску: жылыя дамы па вул. Захар’еўскай (сучасная вул. Савецкая), даходны дом Е.Кастравецкай, будынак польск. банка (не зберагліся), Дом селяніна (1929, у сааўт; разбураны ў Вял.Айч. вайну). Удзельнічаў у распрацоўцы праекта 1-й Усебеларускай с.-г. і прамысл. выстаўкі (1930, гал. ўваход, асн. павільёны) і інш. У яго творчасці выразна прасочваецца імкненне да адраджэння бел.арх. традыцый і ансамблевай забудовы горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ДАЎ (Юрый Міхайлавіч) (н. 26.6.1934, г. Чарапавец, Расія),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1979). Скончыў Маскоўскі арх.Ін-т (1958). З 1960 у ін-це «Мінскпраект». Работы ў Мінску: рэканструкцыя цэнтра горада (праект 1974, кіраўнік аўтарскага калектыву), праекты дэталёвай планіроўкі і забудовы Машэрава праспекта, рэканструкцыі і добраўпарадкавання Траецкага прадмесця, павільён Рэсп. выставачнага цэнтра, будынак Мін-ва ўнутраных спраў (1979), станцыя метрапалітэна «Плошча Незалежнасці» (1984, усе ў сааўт.). Працуе таксама ў галіне манум. Мастацтва: арх.-скульпт. мемар. комплексы «Хатынь» (Ленінская прэмія 1970), «Прарыў», «Кацюша», «Праклён фашызму»; помнікі М.Ф.Гастэлу і яго экіпажу каля г.п. Радашковічы (1976), у Мінску — Я.Купалу і Я.Коласу (абодва 1972; усе ў сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ ЛІТАРА́ТАРАў Мінску,
творчы клуб пісьменнікаў Беларусі. Пабудаваны ў 1976 (арх. Ю.Грыгор’еў, В.Шубіна).
Асіметрычны складанай канфігурацыі плана будынак. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя заснавана на кантрасце глухіх паверхняў сцен (крывалінейныя ў плане), абліцаваных светлым туфам, з вузкімі верт. праёмамі, упрыгожанымі вітражамі (маст. У.Стальмашонак) Унутр. планіроўка дакладна размежавана на 2 функцыян. зоны: парадная ўключае на 1-м паверсе вестыбюльную групу памяшканняў, бар, холы, на 2-м — прасторнае фае, глядзельную залу на 336 месцаў, канферэнц-залу, кафэ, кулуары; дзелавая — рабочыя пакоі, кабінеты, б-ку, групу дапаможных памяшканняў. Шэраг асн. і службовых памяшканняў выходзіць ва ўнутр. дворык. У аздабленні інтэр’ераў выкарыстаны прыродны камень, дрэва, чаканка (мастак Ю.Любімаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАХНІ́ШЫН (Юрый Мікалаевіч) (н. 3.3.1949, г. Магадан, Расія),
бел. мастак інтэр’ера. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1971). З 1971 у ін-це «Мінскпраект», з 1981 на Мінскім маст. камбінаце. Работам уласцівы ўзгодненасць арх. форм і дэкар. аздаблення: інтэр’еры ін-та «Мінскпраект» (1972—73), «Белбыттэхпраекта» і Дома мадэляў № 2 (абодва 1973), Бел.НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі (1974), гасцініцы і рэстарана «Беларусь» (1974—76), гасцініцы «Кастрычніцкая» (1975—81), аўтавакзала «Усходні» (1980—83), станцый метро «Камсамольская» (1977—78), «Маскоўская» (1979—84), Мінскага епархіяльнага ўпраўлення (1984), канцэртнай залы «Мінск» (1986), Палаца Рэспублікі (1988—98) — усе ў Мінску.
Ю.Івахнішын. Вестыбюль гасцініцы «Кастрычніцкая» ў Мінску (арх. Л.М.Пагарэлаў, Л.А.Кустова). 1975-81.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАБЛО́ЦКІ (Уладзімір Васілевіч) (н. 17.2.1952, в. Хвалава Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. мастак-манументаліст, жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). З 1997 выкладчык каледжа мастацтваў у Мінску. Працуе ў тэхніцы вітража, мазаікі, размалёўкі. Творчасць вызначаецца філасафічнасцю, уменнем арганізаваць вял арх. асяроддзе: вітраж «Чалавек і прырода» (1978) y НВА «Цэнтрсістэм» у Мінску, размалёўка «У імя жыцця на зямлі» (1985) у Музеі нар. славы ў г.п. Ушачы Віцебскай вобл., мазаікі на тарцах жылых дамоў у Брэсце (1985) і Салігорску (1986, 1997) і інш. Сярод станковых карцін: «Дыялог», «Песня пра зубра» (абедзве 1982), трыпціх «Маці зямлі» (1985), «Дрэва жыцця» (1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРО́Ў (Георгій Лаўрэнцьевіч) (10.1. 1896, в. Балахнята Сафонаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 24.5.1967),
расійскі і бел. архітэктар. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1926). Працаваў у Маскве, у 1928—34 у Мінску. Работы на Беларусі: гал. корпус і карпусы ф-таў БДУ (1928—31), клінічны гарадок (1931), Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Беларуская політэхнічная акадэмія, лабараторны корпус і друкарня імя Ф.Скарыны Нац.АН Беларусі (1934) — усе ў Мінску, інтэрнат і навук. корпус Бел.с.-г. акадэміі ў г. Горкі Магілёўскай вобл. (1930—33), будынак кінатэатра ў Оршы (1932). Сярод інш. работ: кінастудыі ў г. Алматы, Ашгабаце, Бішкеку (1956—59, у сааўт.), кінатэатры ў Бухарэсце (1956), Сафіі (1958) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЦЫРКАВЫ́ КАЛЕКТЫ́Ў.
Існаваў у 1959—74 у Мінску. Першая праграма паказана 11.2.1959 пры адкрыцці Мінскага цырка. У 1961 створаны новы калектыў пад назвай Беларускі цыркавы калектыў, які падрыхтаваў праграмы «Бывайце здаровы», «Красуй, Радзіма-Беларусь!».