МАКРЭ́ДЗІ ((Macready) Уільям Чарлз) (3.3.1793, Лондан — 27.4.1873),

англійскі акцёр, рэжысёр. Дэбютаваў у 1810 у Бірмінгеме. З 1816 у Лондане ў т-рах «Ковент-Гардэн» (у 1837—39 кіраўнік), «Друры-Лейн» (у 1841—43 кіраўнік). Пастаноўшчык і выканаўца гал. роляў у п’есах: «Генрых V» У.​Шэкспіра, «Два Фаскары» Дж.​Байрана, «Страфард» Р.​Браўнінга, «Ліёнская прыгажуня», «Рышэльё» Э.​Дж.​Булвер-Літана. Акцёр вял. драм. тэмпераменту. Яго мастацтву ўласціва яркая тэатральнасць, глыбокае пранікненне ў псіхал. сутнасць вобраза. Адзін з першых адрадзіў на сцэне сапраўдныя шэкспіраўскія тэксты. Сярод роляў: кароль Лір, Гамлет, Макбет (аднайм. п’есы Шэкспіра).

т. 9, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЬКО́ЎСКІ (Аляксандр Захаравіч) (25.12.1900, с. Снежная Вінніцкай вобл., Украіна — 12.4.1979),

украінскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1960). Скончыў кіеўскі Муз.-драм. ін-т імя М.​Лысенкі (1930). У 1934—41 маст. кіраўнік і гал. дырыжор хар. капэлы Укр. радыё, з 1943 дырэктар і дырыжор Укр. дзярж. нар. хору, у 1946—73 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж. капэлы бандурыстаў Украіны. З 1951 выкладаў у Кіеўскай кансерваторыі (з 1965 праф.). Складальнік зборнікаў для хар. калектываў, ансамбляў і капэл бандурыстаў, аўтар музыказнаўчых артыкулаў. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1969.

Літ.:

Лаба Б.М. О.​Міньківський. Київ, 1980.

т. 10, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКА́Н (ад лац. decanus дзесятнік, першапачаткова — начальнік 10 салдат),

1) кіраўнік факультэта ў ВНУ.

2) У каталіцкай і англіканскай цэрквах — старэйшы свяшчэннік, які наглядае за групай прыходаў.

т. 6, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ РА́ДЫЁ за мяжой.

Упершыню перадачы на бел. мове пачалі выходзіць у 1928—29 у Чыкага (ЗША, засн. Я.​Варонкам, адноўлены ў 1940-я г. Я.​Тарасевічам), з 1949 на радыё Ватыкана (засн. П.​Татарыновічам). У 1954 створана бел. рэдакцыя на радыё «Вызваленне» ў Мюнхене (кіраўнік В.​Жук-Грышкевіч; з 1959 наз. «Свабода», з 1995 у г. Прага, кіраўнік М.​Іваноў). З 1958 на Мадрыдскім нац. радыё (Іспанія) пачаліся штодзённыя бел. перадачы. На бел. мове выходзілі таксама перадачы ў ЗША (у гарадах Дэтройт, Кліўленд, Нью-Йорк), у Канадзе (Лондан, Садбур, Таронта, Оўквіл), у Аўстраліі (Брысбен, Мельбурн), у Вялікабрытаніі, Германіі, Аргенціне, Бельгіі і інш. Існуюць (1996) бел. праграмы на радыёстанцыях «Свабода», «Нёман» (г. Чыкага, ЗША, кіраўнік Н.​Жызнеўскі), «Рэха Масквы» (г. Масква, Расія), у Ватыкане, у гарадах Перт і Сідней (Аўстралія, кіраўнікі М.​Раецкі, М.​Лужынскі), Беласток (Польшча, наз. «Пад знакам пагоні»), Вільнюс (Літва, «Беларускае слова на хвалях Літвы»), Львоў (Украіна, «Весткі з Беларусі»), на нац. радыё Польшчы, Латвіі, Эстоніі і інш.

А.​С.​Ляднёва.

Да арт. Беларускае радыё за мяжой. Беларускае радыё ў Таронта. У студыі Ю.​Рапецкі.

т. 2, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР КЛАСІ́ЧНАГА БАЛЕ́ТА пад кіраўніцтвам Н.​Дз.​Касаткінай і У.​Ю.​Васілёва. Засн. ў 1966 як Харэаграфічны канцэртны ансамбль СССР «Малады балет». Арганізатар і першы маст. кіраўнік І.Майсееў

(да 1970). З 1971 наз. Канцэртны ансамбль СССР «Класічны балет» (кіраўнік Ю.​Жданаў),

з 1978 Дзярж. канцэртны ансамбль «Маскоўскі класічны балет», з 1986 Маскоўскі дзярж. т-р балета СССР, з 1992 сучасная назва. З 1977 дырэктар і маст. кіраўнік Васілёў, гал. балетмайстар Касаткіна. У рэпертуары балеты «Хітрыкі Тэрпсіхоры» на муз. І.​Штрауса, «Абліччы кахання» на зборную музыку; фрагменты з класічных балетаў «Сільфіда» Ж.​Шнейцгофера, «Наталі, або Швейцарская малочніца» А.​Гіравеца і М.​Э.​Карафы ды Калабрана (абодва 1980), «Чароўны камзол» М.​Карэтнікава (1983), «Лебядзінае возера» (1988) і «Шчаўкунок» (1994) П.​Чайкоўскага, «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса (1990), «Жызэль» А.​Адана (1991), «Папялушка» С.​Пракоф’ева (1993) і інш. У розны час у трупе працавалі: А.​Гарбацэвіч, С.​Ісаеў, У.​Малахаў, І.​Мухамедаў, Т.​Палій, М.​Перкун-Бебезічы, Г.​Сцепаненка, В.​Цімашова, Г.​Шляпіна і інш.

Маскоўскі дзяржаўны тэатр класічнага балета. Сцэна з балета «Чароўны камзол».

т. 10, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛУ́МЕ ((Blume) Фрыдрых) (5.1.1893, г. Шлюхтэрн, Германія — 22.11.1975),

нямецкі музыказнавец. Праф. ун-таў у Лейпцыгу, Берліне, Кілі. У 1927—29 кіраўнік Ін-та муз. навукі, з 1935 супрацоўнік Дзярж. ін-та ням. музыказнаўства. З 1951 кіраўнік створанай ім міжнар. камісіі па арганізацыі выдання «Міжнародны даведнік музычных крыніц». Асн. працы прысвечаны музыцы 16—18 ст., у т. л. І.С.Баху. Рэдактар выданняў «Спадчына нямецкай музыкі» (1935—43), «Нямецкая музычная культура» (1939—45), поўнага збору твораў М.Прэторыуса (1928—40). Заснавальнік і рэдактар энцыклапедыі «Музыка ў гісторыі і сучаснасці» (т. 1—18, 1949—85). Прэзідэнт Міжнар. т-ва музыказнаўства (1958—62).

Літ.:

Festschrift Fr. Blume zum 70. Geburstag. Kassel etc., 1963.

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮМ ((Blum) Леон) (9.4.1872, Парыж — 30.3.1950),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі, пісьменнік, публіцыст. У 1919 абраны ў палату дэпутатаў. З 1920 кіраўнік Франц. сацыяліст. партыі (СФІА). У 1936—37 і ў 1938 кіраўнік урадаў Нар. фронту, якія ажыццявілі шэраг сац. рэформаў. Праводзіў палітыку няўмяшальніцтва ў час грамадз. вайны ў Іспаніі (1936—39). У 1940 арыштаваны калабарацыянісцкім урадам «Вішы», у 1943 выдадзены герм. уладам і вывезены ў канцлагер Бухенвальд, потым у Дахаў. Прэм’ер-міністр Францыі ў 1946—47. У сваіх працах («У чалавечым маштабе», 1945, і інш.) развіваў тэорыю «інтэгральнага сацыялізму», паводле якой перамогу сацыялізму павінна забяспечыць «маральная рэвалюцыя», а не ўзбр. барацьба за ўладу.

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БХУ́ТА (Беназір) (н. 21.6.1954, г. Карачы, Пакістан),

палітычны і дзярж. дзеяч Пакістана. Дачка З.А.Бхута. Вучылася ў Гарвардскім (ЗША) і Оксфардскім (Вялікабрытанія) ун-тах. У час дыктатуры ген. М.Зія-уль-Хака знаходзілася пад дамашнім арыштам (1977—84), жыла ў эміграцыі ў Лондане (1984—86), рабіліся замахі на яе жыццё (крас. 1986 і студз. 1987). З 1982 кіраўнік Пакістанскай нар. партыі. Прэм’ер-міністр краіны ў 1988—90 (адначасова міністр абароны і міністр фінансаў) і з 1993 (першая жанчына—кіраўнік урада ў мусульм. свеце).

Тв.:

Рус. пер. — Дочь Востока // Наука и религия. 1990. N° З.

Літ.:

Москаленко В., Сумский В. Беназир Бхутто // Азия и Африка сегодня. 1990. № 4.

т. 3, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РАЙІ, Каральі (Károlui) Міхай (4.3.1875, Будапешт — 18.3.1955), венгерскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф. У 1906—18 дэп. парламента. З кастр. 1918 кіраўнік Нац. савета з прадстаўнікоў розных партый, а пасля перамогі рэвалюцыі ў Венгрыі (31.10.1918) — кіраўнік урада; у студз.—сак. 1919 прэзідэнт Венг. рэспублікі. Пасля абвяшчэння Венг. сав. рэспублікі (24.3.1919) эмігрыраваў. За мяжой выступаў супраць дыктатуры М.​Хорці (1920—44), удзельнічаў у антыфаш. і антываен. руху, у т. л. ўзначальваў «Рух за дэмакратычную Венгрыю» ў Вялікабрытаніі (1943). З 1946 зноў на радзіме, у 1947—49 венг. пасланнік у Парыжы. Пратэстуючы супраць паказальнага працэсу Л.Райка і рэпрэсіўнага кіраўніцтва М.Ракашы, выйшаў у адстаўку і застаўся ў эміграцыі.

т. 8, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАХІ́ДЗЕ (Джансуг Іванавіч) (н. 10.1.1936, Тбілісі),

грузінскі дырыжор. Нар. арт. Грузіі (1978), нар. арт. СССР (1985). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1958), выкладае ў ёй. Вучань А.Дымітрыядзі. З 1955 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж. хар. капэлы Грузіі. У 1962—71 дырыжор, з 1982 гал. дырыжор Груз. т-ра оперы і балета. З 1973 адначасова маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж. сімф. аркестра Грузіі. Сярод пастановак: оперы «Саламея» Р.​Штрауса, «І быў год восьмы...» Б.​Квернадзе (абедзве 1983), «Музыка для жывых» Г.​Канчэлі (1984). Інтэрпрэтатар сімфоній С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча, Канчэлі, твораў І.​Стравінскага, Г.​Малера, Р.​Штрауса, груз. кампазітараў. Дзярж. прэмія Грузіі 1977.

т. 8, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)