АЎТАЛІТАГРА́ФІЯ (ад аўта... + літаграфія),

від літаграфіі, пры якой выяву на камень наносіць мастак-аўтар, у адрозненне ад рэпрадукцыйнай літаграфіі, дзе арыгінал перамалёўвае на камень майстар-літограф. У бел. мастацтве аўталітаграфію выкарыстоўваюць з пач. 19 ст. ў літаграфскіх майстэрнях пры Віленскім ун-це. У 1920—30-я г. ў тэхніцы аўталітаграфіі працавалі Я.​Горыд, А.​Малярэвіч, Н.​Сасноўская, Ф.​Фогт. У сучасным бел. мастацтве амаль усе творы ў гэтай тэхніцы выконваюцца пры ўдзеле аўтараў (У.​Басалыга, А.​Паслядовіч, А.​Кашкурэвіч, С.​Герус, В.​Шаранговіч, В.​Александровіч, І.​Немагай, С.​Раманаў).

В.​Ф.​Шматаў.

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САВЫ КАМЯНІ́,

манументальныя помнікі эпіграфікі 12 ст. на тэр. Беларусі. 7 вял. валуноў з высечанымі на іх 6-канцовымі крыжамі і надпісамі «Господи помози...». Захаваліся 3: у Маскве ў музеі-запаведніку «Каломенскае», каля Полацкага Сафійскага сабора, у г.п. Друя; астатнія разбураны. Да прыняцця хрысціянства (10 ст.) Барысавы камяні былі язычніцкімі фетышамі. Крыжы на валунах высечаны паводле загаду полацкага кн. Рагвалода Усяславіча (пасля хрышчэння Барыс) у 1-й трэці 12 ст. ў сувязі з ажыўленнем язычніцкіх вераванняў і з мэтай увекавечыць імя князя (гл. таксама Рагвалодаў камень).

Барысаў камень каля Сафійскага сабора ў Полацку.

т. 2, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАКЛІ́Н (ад мікра... + грэч. klinō нахіляюся),

пародаўтваральны мінерал групы палявых шпатаў, алюмасілікат калію K [Al, Si3O8]. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, утварае таксама зярністыя агрэгаты. Крышталі і зерні складана здвоены. Колер белы, ружовы, буравата-жоўты, чырвоны, блакітна-зялёны (амазаніт). Бляск шкляны, перламутравы. Празрыстыя і паўпразрыстыя бясколерныя М. з блакітнай ірызацыяй (эфект месяцавага каменю). Вядомы авантурынавыя М. (сонечны камень). Цв. 6—6,5. Шчыльн. 2,55—2,6 г/см³. Трапляецца ў інтрузіўных пародах і пегматытах, гнейсах, аркозавых пясчаніках і інш. Выкарыстоўваецца ў шкляной, керамічнай (тонкі фарфор, эл. кераміка) прам-сці; амазаніт, месяцавы і сонечны камень — у ювелірнай справе.

т. 10, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНДЖЫКІ́ДЗЕ (Гурам Іванавіч) (н. 22.4.1933, Тбілісі),

грузінскі пісьменнік. Друкуецца з 1957. Раманы «Сёмае неба» (1967), «Камень чыстай вады» (1972), «Год актыўнага сонца» (1978) пра духоўную дэградацыю чалавека; раман-фантасмагорыя «Спіраль» (1985—86) — прыклад антыінтэлектуалізму ў навук. фантастыцы; раман «Кола д’ябла» (1996) пра трагедыю таленавітай асобы, што стала на шлях канфармізму ў жорсткіх ідэалагічных рамках. Аўтар зб-каў апавяданняў «Маркіза» (1961), «Вясёлы космас» (1964), «Зімовы дзень» (1970), «Аргенціна! Аргенціна!» (1979), кн. нарысаў «Залатая каманда» (1965).

Тв.:

Рус. пер. — Камень чистой воды. Тбилиси, 1974;

Год активного солнца: Романы.

М., 1983; Песочные часы: Романы, повесть, рассказы. Тбилиси, 1985; Спираль. М., 1989.

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЗІ́Ф, Сісіф,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі сын Эола — родапачынальніка племя эалійцаў, будаўнік і цар стараж. Карынфа. Праславіўся сваёй хітрасцю. С. падмануў нават багіню смерці Танатас і закаваў яе ў кайданы (вызвалена Арэсам праз некалькі гадоў, на працягу якіх людзі не паміралі), потым быў адзіным з памерлых, каму ўдалося ўцячы з царства мёртвых — аіда. Калі С. зноў, ужо назаўсёды, трапіў у аід, то быў жорстка пакараны багамі за свае хітрыкі і злачынствы: яго прымусілі бясконца каціць на высокую гару вялізны камень, які, дасягнуўшы вяршыні, кожны раз скочваўся ўніз. Адсюль выразы «сізіфава праца», «сізіфаў камень» — цяжкая, марная, бясконцая праца.

т. 14, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБАЧА́НСКІЯ ВАЛУНЫ́,

помнік прыроды рэсп. значэння у Беларусі (з 1988), за 5 км на ПдЗ ад в. Глыбачка Ушацкага р-на Віцебскай вобл. 3 валуны шаравата-ружовага парфірападобнага граніту. Найбуйнейшы камень даўж. 4 м, шыр. 2,6 м, выш. над паверхняй зямлі 1,8 м, у абводзе 12 м. Другі валун ляжыць за 30 м на Пн (даўж. 2,3 м, шыр. 2,3 м, выш. над паверхняй зямлі 0,7 м). Трэці камень знаходзіцца за 1 км на ПдЗ ад вёскі, формаю нагадвае вял. прас (даўж. 3,3 м, шыр. 1,4 м, выш. 1,6 м). Глыбачанскія валуны прынесены ледавіком каля 18 — 20 тыс. гадоў назад з раёна г. Выбарг.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́МПЕР ((Semper) Іаханес) (22.3.1892, с. Пахуверс, Эстонія — 21.2.1970),

эстонскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Эстоніі (1964). Скончыў Тартускі ун-т (1928), у 1928—40 выкладаў у ім. У 1930—40 працаваў у перыяд. друку. У 1940 міністр асветы Эстоніі. Друкаваўся з 1910. Аўтар раманаў «Камень на камень» (1939), «Чырвоныя гваздзікі» (1955) пра эст. інтэлігенцыю, зб-каў грамадз. і філас. лірыкі «Не магу маўчаць» (1943), «Як бы змог ты жыць?» (1958), «Старонкі, як лісты ў вецер» (апубл. 1972), п’ес, дарожных нататак, кн. мемуараў «Падарожжа ў мінулае» (1969). На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі Ю.​Свірка, Я.​Сіпакоў.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1976.

т. 14, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВАМАРЫ́Н (ад лац. agua marina марская вада),

мінерал, разнавіднасць берылу. Празрыстыя крышталі сінявата-зялёнага ці блакітнага колеру. Трапляюцца ў гранітных і слюдзяна-кварцавых горных пародах (Бразілія, ЗША, Мадагаскар, Індыя, Украіна). Каштоўны камень.

Аквамарын.

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСІЛАЛІ́Т (ад ксіла... + lithos камень),

штучны буд. матэрыял з сумесі магнезіяльнага вяжучага рэчыва, пілавіння і драўнянай мукі з дабаўленнем тонкадысперсных мінер. рэчываў і пігментаў. Выкарыстоўваецца пераважна для пакрыццяў бясшвовых падлог і асноў пад падлогі з сінт. матэрыялаў.

т. 8, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РМУР (ад грэч. marmaros бліскучы камень, каменная глыба),

поўнакрышталічная метамарфічная карбанатная горная парода, якая ўтварылася ў выніку перакрышталізацыі вапняку або даламіту. Колер белы, шэры, ружовы, чорны і інш. ў залежнасці ад прымесей. Цв. 3—4. Шчыльн. 1,9—2,8 г/см³. Дробнакрышт. М. адрозніваецца найб. трываласцю і лепшай паліравальнасцю. Белы М. найб. каштоўны (статуарны, скульптурны). Цэніцца таксама М. з дэкаратыўнай структурай: слаістай, паласатай, брэкчыяпадобнай, кангламератавай, маляўнічай афарбоўкай. Выкарыстоўваецца як каштоўны дэкар. камень у буд-ве, дарожна-буд. і вырабны ў скульптурных работах. Здабываецца ў многіх краінах свету, найб. каштоўны для скульптуры ў Італіі (Карарскае радовішча), Грэцыі (Параскае). У буд-ве М. наз. таксама метамарфічныя пароды сярэдняй цвёрдасці, што добра паліруюцца: мармурызаваныя вапнякі, шчыльны даламіт, карбанатныя брэкчыі і кангламераты, офікальцыт, часам змеявік.

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)