традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў Зах. Палессі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна на тэр. Жабінкаўскага і Кобрынскага р-наў Брэсцкай вобл. Вызначаўся класічнай завершанасцю форм, віртуознай распрацоўкай арнаменту касцюма жанчын.
Комплекс летняга жаночага адзення складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха. Кашулю шылі з саматканага льнянога палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным або стаячым каўняром, прамым рукавом, які заканчваўся фальбонкай або каўнерцам, аздаблялі вышыўкай, радзей узорыстым ткацтвам і маршчэннем тканіны. Дробнаўзорысты (геам. або расл.) чырвона-малінавы арнамент з невял. ўкрапінамі чорнага ці цёмна-сіняга збіраўся ў вузкія, аднолькавай шырыні шлячкі, што ў падоўжным ці папярочным напрамку запаўнялі ўсю паверхню рукавоў. У блізкім да кашулі кампазіц.-арнаментальным вырашэнні афармляўся фартух, пашыты з 2 дэкар.злучаных полак белай ільняной тканіны. Адметнасць К.с. ў спосабе нашэння фартухоў (апраналі 2 фартухі так, каб асноўны арнамент ніжняга быў відаць з-пад верхняга). Спадніцы шылі з 4 полак узорыстай тканіны: ільняныя — з серабрыста-белай, вытканай у тэхніцы шматнітовага ткацтва; ваўняныя (андаракі) — з чырвонай, запоўненай каляровымі вузенькімі лініямі-прасноўкамі. Радзей выраблялі андаракі з чорнай або цёмна-сіняй тканіны. Падпяразвалі спадніцу поясам з кутасамі, вытканымі у рознакаляровыя палосы. Зрэдку надзявалі гарсэт. Галаўныя ўборы — намітка, белая палатняная хустка, упрыгожаная павай (пяром або веерам з пер’яў), чапец, вянок. Шыйнымі ўпрыгожаннямі былі пацеркі, стужкі, абразкі. Мужчынскае адзенне складалася з кашулі навыпуск, падпяразанай поясам, белых палатняных нагавіц, галаўнога ўбору — саламянага картуза, аздобленага ўзорыстай тасёмкай па верху і маляўнічай кукардай, шапкі (круглай чубатай). Верхняе адзенне мужчын і жанчын: світа (латушка з вусам), пашытая з белага або шэрага валенага сукна і аздобленая на грудзях і бакавых клінах стракатымі пышнымі кутасамі і вышыўкамі малінавымі, блакітнымі ніткамі воўны; куртка, кажух.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Кобрынскі строй. Жанчына ў касцюме з наміткай. Вёска Яўсімавічы Кобрынскага раёна. Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПА́ЛУБКА,
часовая форма для ўкладкі бетоннай сумесі і арматуры пры вырабе бетонных і жалезабетонных маналітных канструкцый. Робіцца з дрэва, металу, фанеры, жалезабетону, пластмасаў і інш. матэрыялаў. Бывае разборна-перастаўная, аб’ёмна-блочная, слізгальнарухомая і інш. Выбар тыпу апалубкі вызначаецца характарам канструкцый (збудаванняў), геам. памерамі, тэхналогіяй выканання работ, кліматычнымі ўмовамі.
Найб. пашырана разборна-перастаўная апалубка — дробнашчытавая (са шчытоў масай да 70 кг), буйнашчытавая (да 500 кг) і блочная (са шчытоў, злучаных у прасторавыя блокі, часам з рабочай арматурай). Выкарыстоўваецца пры заліўцы фундаментаў, сцен, вырабе пакрыццяў і перакрыццяў, калон, бэлек і інш. Пры адмоўнай т-ры шчыты ўцяпляюць ці падаграваюць. Аб’ёмна-блочная апалубка — прасторавая канструкцыя са стальных шчытоў, каркаса, мацаванняў і прыстасаванняў для адрыву шчытоў ад бетону. Мантаж і дэмантаж блок-формаў вядуць падымальнымі механізмамі. Выкарыстоўваецца для бетанавання канструкцый, якія стаяць асобна. Слізгальна-рухомая апалубка ствараецца пры буд-ве высокіх аб’ектаў (элеватараў, рэзервуараў, вежаў і інш.). Робіцца са шчытоў, якія падымаюцца з дапамогай дамкратаў па паверхні збудаванняў, што бетануюцца. Ёсць таксама пад’ёмна-перастаўная апалубка — са шчытоў, крапежных і пад’ёмных прыстасаванняў (для буд-ва вежаў, градзірняў і інш. высокіх збудаванняў); гарызантальна перасоўная — са шчытоў і каркаса на цялежках ці палазах (для узвядзення скляпенняў-абалонак, калектараў, падпорных сценак і інш.); няздымная — пліты, абалонкі, метал. сеткі і інш., якія пасля бетанавання канструкцыі (напр., плаціны) застаюцца ў ёй як састаўная частка; горная апалубка — перасоўная, створкавая, секцыйная і інш., выкарыстоўваецца для мацавання горных выпрацовак; стацыянарная металічная апалубка — пры вырабе жалезабетонных канструкцый на з-дзе ці палігоне. Найб. эфектыўная апалубка шматразовага выкарыстання (інвентарная), збіраецца з уніфікаваных элементаў і ўзбуйненых блокаў. Каб паверхня канструкцыі была гладкая, апалубку змазваюць ці пакрываюць пастай. Работы, звязаныя з вырабам, устаноўкай і разборкай апалубкі, наз. апалубнымі работамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАА́ГА (’s-Gravenhage, Den Haag),
горад на З Нідэрландаў. Месцазнаходжанне рэзідэнцыі каралеўскага двара, урада, парламента. Адм. ц. правінцыі Паўд. Галандыя. 444,6 тыс.ж. (1993). Порт на Паўн.м. (аванпорт — г. Схевенінген). Сетка каналаў, аўтамаб. і чыг. шляхоў звязвае Гаагу з інш. гарадамі. Развіта вытв-сць радыё- і тэлеапаратуры, электроннай апаратуры. Харч. (кандытарскія вырабы і інш.) і лёгкая прам-сць. Вытв-сцьмаст. вырабаў са шкла, дрэва і інш. У прыгарадзе — авіяц. з-ды «Фокер». У Гаазе працуюць праўленні шматлікіх гандл. і прамысл. фірмаў, установы сферы абслугоўвання. Месцазнаходжанне Міжнар. суда ААН. Каралеўская акадэмія выяўл. мастацтва.
Упершыню ўпамінаецца ў 1097 (да 1250 тут знаходзіўся паляўнічы домік графаў Галандыі, потым замак). Пасля стварэння Рэспублікі Злучаных правінцый (канец 16 ст.) — месца пасяджэнняў Генеральных штатаў. У 1806 Луі Банапарт надаў Гаазе статус горада і адначасова перанёс сталіцу ў Амстэрдам. Пасля ўтварэння Каралеўства Нідэрландаў (1815) — каралеўская рэзідэнцыя, а пасля абвяшчэння незалежнасці Бельгіі (1830) — фактычная сталіца краіны. З 2-й пал. 17 ст. Гаага — месца правядзення міжнар. канферэнцый і заключэння пагадненняў (гл.Гаагскія канвенцыі). У 2-ю сусв. вайну акупіравана (1940—45) ням. фашыстамі.
Цэнтр горада ў большасці захаваў сваё старадаўняе аблічча. На беразе воз. Вейвер — ансамбль Біненхоф (Унутраны двор, 13—18 ст.), гатычныя Рыцарская зала (каля 1280) і царква Сінт-Якабскерк (базіліка 14—16 ст.). Арх. помнікі рэнесансу — Старая ратуша (1564—65), класіцызму — палац Маўрыцхёйс (1633—35, арх. Я. ван Кампен, П.Пост), каралеўскі палац Хёйс-тэн-босх («Дом у лесе», 1644, арх. Пост; дабудаваны ў 1734—37 і 1790), Каралеўская б-ка (1734—36, арх. Д.Маро; 1761; арх. П. дэ Сварт). Прамавугольная сетка вуліц Гаагі мадэрнізавана і дапоўнена свабоднай планіроўкай новых раёнаў (1908—09, арх. Х.П.Берлаге, В.М.Дзюдак), забудаваных пераважна пасля 2-й сусв. вайны. Сярод пабудоў 20 ст. — Палац Міру (1907—13, арх. Л.М.Карданье), Муніцыпальны музей (1916—35, арх. Берлаге), канторы «Волхардынг» (1928, арх. Я.Бёйс) і «Шэл-Недэрланд» (1938—42, арх. П.Аўд), Каралеўскія кабінеты карцін (у Маўрыцхёйс), манет, медалёў і разных камянёў, Музей касцюма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАДЭЛУ́ПА (Guadeloupe),
востраў у групе Наветраных а-воў у Вест-Індыі; разам з суседнімі а-вамі (Мары-Галант, Дэзірад, Ле-Сент, Сен-Бартэльмі, Пціт-Тэр) і паўн.ч. в-ва Сен-Мартэн — уладанне Францыі (заморскі дэпартамент). Агульная пл. 1780 км², у т. л. в-ва Гвадэлупа 1703 км². Нас. 413 тыс.чал. (1993), у т. л. мулатаў — 77%, неграў — 10, крэолаў (нашчадкі еўрапейцаў) — 10%. Афіц. мова — французская. Большасць вернікаў католікі. Адм. ц. — г. Бас-Тэр, найб. горад — Лез-Абім, порт — Пуэнт-а-Пітр. В-аў Гвадэлупа складаецца з 2 ч. (Бас-Тэр і Гранд-Тэр), злучаных вузкім перашыйкам. Бас-Тэр складзены з вулканічных парод. Выш. да 1467 м (дзеючы вулкан Суфрыер — найвышэйшая вяршыня Малых Антыльскіх а-воў). Гранд-Тэр — плато выш. да 130 м, складзенае з вапнякоў і вулканічных туфаў. Развіты карст, рэк амаль няма. Клімат трапічны, пасатны, гарачы і вільготны. Ападкаў 1500—2000 мм за год. Востраў абкружаны каралавымі рыфамі. Горы ўкрыты вільготнымі трапічнымі лясамі. Гвадэлупскі прыродны парк. Апрацоўваецца каля 30% тэр., пад пашай і лугамі 10%. Асн. экспартныя с.-г. культуры: цукр. трыснёг, бананы, кава, какава, ваніль, цытрусавыя. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, коз, свіней. Рыбалоўства. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі, пераважна вытв-сць цукру і рому. Транспарт аўтамабільны. Вываз бананаў, цукру, рому; увоз паліва, тэхн. абсталявання, сыравіны, трансп. сродкаў. Гандл. сувязі пераважна з Францыяй. Развіты турызм. Грашовая адзінка — франц. франк
Востраў Гвадэлупа адкрыты Х.Калумбам 4.10.1493. У 16 — пач. 17 ст. тут спрабавалі замацавацца іспанцы. З 1635 калонія Францыі. У 1666, 1691 і 1703 Гвадэлупу імкнулася захапіць Вялікабрытанія. Парыжскі мірны дагавор 1763 пацвердзіў прыналежнасць Гвадэлупы Францыі. У 1805 на востраве ўведзены Франц.грамадз. кодэкс. У 1810 Гвадэлупа зноў акупіравана Вялікабрытаніяй, у 1816 вернута Францыі. У 1848 адменена рабства. З 1940 Гвадэлупа захоўвала лаяльнасць да франц. ўрада Вішы, з 1943 падтрымлівала ген. Ш. дэ Голя. З 1946 мае статус заморскага дэпартамента Францыі. Гвадэлупа прадстаўлена ў Нац. асамблеі ў Парыжы 2 сенатарамі і 3 дэпутатамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ГА,
пэўная колькасць збрашураваных аркушаў (аб’ём больш за 48 с.) з рукапісным або друкаваным тэкстам, злучаных у адно цэлае і прызначаных для распаўсюджвання ведаў; твор маст., навук., грамадскай л-ры як сродак масавай, навук. і тэхн. інфармацыі, адукацыі і фактар культуры. К. — прадукт кніжнай справы, якая ўключае яе стварэнне і размнажэнне (гл.Кнігадрукаванне, Выдавецкая справа), распаўсюджванне, захаванне і выкарыстанне (гл.Бібліятэка, Бібліяграфія), вывучэнне ў гіст. і сучасных аспектах (гл.Кнігазнаўства). Важную ролю ў афармленні К. адыгрывае мастацтва кнігі.
Узнікненне і развіццё К. звязана з развіццём пісьменнасці і мовы, л-ры і мастацтва, навукі і тэхнікі, з гісторыяй развіцця чалавечага грамадства. У старажытнасці для пісьма скарыстоўвалі каменныя і гліняныя пліты, дошчачкі, тканіну, папірус, бяросту, пергамент, паперу (вынайдзена ў 2 ст.н.э., у Еўропе як асн. пісчы матэрыял з 13 ст.). Вядомы 2 асн. тыпы канструкцыі К.: стужка-скрутак як адна з найб.стараж. яе форм (4—3 ст. да н.э.) і сукупнасць пласцін ці аркушаў, злучаных у блок (паліпціх, які развіўся ў т.зв. кодэкс, 2—4 ст.). Папярэднік друкаванай К. — рукапісная кніга. Найб.стараж. друкаванай К. лічыцца тэкст, узноўлены шляхам ксілаграфіі ў Карэі паміж 704—751. Першыя спробы кнігадрукавання зроблены ў сярэдзіне 11 ст. ў Кітаі. Першую друкаваную К. ў Еўропе выдаў І.Гутэнберг (15 ст.), першую бел. К. — Ф.Скарына (1517). К., выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, называюцца інкунабулы, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпы. На тэр. сучаснай Беларусі першыя К. на старабел. мове выдадзены С.Будным у 1562 у Нясвіжы.
Сучасная К. — звычайна неперыядычнае выданне, якое складаецца з шэрагу элементаў матэрыяльнай канструкцыі і паліграф. афармлення; уяўляе сабой блок знітаваных у карашку старонак з тэкстам і ілюстрацыямі і вонкавых ахоўных элементаў (пераплёт, вокладка, супервокладка). Першы загалоўны аркуш К. — тытульны ліст (тытул) змяшчае т. зв. выхадныя звесткі (прозвішча аўтара, назву К., выдавецтва, месца і год выдання і інш.). Тытул можа быць ардынарным (аднастаронкавым), з авантытулам і контртытулам (1-й і 2-й старонкамі). Упершыню тытульны ліст ужыў венецыянскі друкар Э.Ратдальт (1476), ва ўсх.-слав. друку — Скарына (1517). У рукапісных К. і старадруках у канцы К. змяшчалі калафон — пасляслоўе з выхаднымі звесткамі, часам з друкарскай або выдавецкай маркай. Першай бел. выдавецкай маркай з’яўляецца сыгнет Скарыны з выяваю сонца і месяца. На авантытуле змяшчаюць назву кніжнай серыі, выдавецтва, выдавецкую марку і інш., на яго адвароце можа быць фронтыспіс — ілюстрацыя, партрэт, карта або контртытул, які ўтрымлівае звесткі пра шматтомнае ці серыйнае выданне або з’яўляецца тытульным лістом на мове арыгінала ў перакладных выданнях. Тытульнаму лісту і раздзелам К. можа папярэднічаць шмуцтытул, які ў старадруках быў прызначаны для засцярогі К. ад забруджвання. На ім змяшчаюць кароткі загаловак К. або назву раздзела, эпіграф, прысвячэнне, выдавецкую марку, застаўку і інш. Для зручнасці карыстання ў верхняй частцы К. змяшчаюць калонтытулы — загалоўкі асобных раздзелаў. На старонках К. ставіцца парадкавы нумар — калонлічба, сукупнасць якіх называецца пагінацыяй. Упершыню калонлічбы выкарыстаў А.Мануцый (Венецыя, 1494). Сістэмай калонтытулаў і фаліяцыяй (нумарацыяй выдавецкіх аркушаў з дапамогай калонлічбаў) карыстаўся Скарына. У рукапісных К. і старадруках унізе старонак змяшчалі кустоды — першыя словы тэксту наступных старонак. Кожная К. мае свой фармат, які залежыць ад памеру старонкі. Памер старонкі К. і фармат выдання пазначаецца ў міліметрах (напр., 143 × 225) або фарматам аркуша паперы ў сантыметрах і долі, якую складае ад гэтага аркуша старонка пасля брашуроўкі кніжнага блоку (напр., 60 × 90 1/16). Фарматы выданняў склаліся ў 15 ст., у наш час яны стандартызаваныя (на Беларусі іх каля 40). У залежнасці ад таго, як у час друкавання складваўся аркуш паперы, фарматы мелі назву in folio (2°, складзены ўдвая), in guarto (4°, складзены ў чатыры столкі), in octavo (8°, складзены ў восем столак) і г.д. Даведачны апарат К. ўключае выхадныя звесткі, змест, анатацыю, рэферат, паказальнікі, заўвагі, каментарыі, бібліяграфічны спіс, дадаткі, зноскі, спасылкі, заўважаныя памылкі друку. Выпускае друкаваную прадукцыю, у т. л. К., паліграфічная прамысловасць. Рэдкія К. захоўваюцца ў спецыялізаваных аддзелах буйных бібліятэк. У 1990 адкрыты першы на Беларусі музей К. — Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.
Літ.:
Баренбаум И.Е., Давыдова Т.Е. История книги. М., 1971;
Сидоров А.А. Книга и жизнь. М., 1972;
Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Вып. 1—3. Мн., 1970—74 (вып. 3 наз.: Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии);
Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1976. Гл. таксама пры арт.Выдавецкая справа, Кнігадрукаванне, Кнігазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́СНЫ,
ручны ткацкі станок з навітай асновай для вырабу тканін у хатніх умовах. Найб. важныя часткі і прыстасаванні пашыраных на Беларусі гарызантальных К.: ставы (апорны каркас), на якіх мацаваліся навоі (для асновы і тканіны); ніты, у якіх накідалася аснова; бёрда з набіліцамі для прыбівання ўтку; панажы, кацёлкі для прывядзення ў рух нітоў і ўтварэння зева пры тканні. Пачыналі наладку К. з навівання падрыхтаванай асновы. Расплятаючы аснову, яе ўвесь час часалі драўляным грэбенем (для раўнамернага размеркавання) і, нацягваючы, накручвалі на навой. Для ўтварэння зева ў аснову прапускалі 2 вузкія (2—3 см) «чыноўныя» дошчачкі, якія перасоўвалі па меры накручвання асновы. Наступны этап — накіданне асновы ў ніты. Парадак прапускання асновы ў ніты і іх колькасць залежалі ад узору будучай тканіны (колькасць нітоў вагалася ад 2 да 16 і больш). Аснову прапускалі ў бёрда, звязвалі па некалькі нітак разам, прадзявалі пруточак і замацоўвалі яго на навоі. Ніты злучалі з панажамі. Наладка К. і тканне лічыліся жаночай справай. На К. выраблялі разнастайныя тканіны ад 2-нітовага палатна да шматнітовых і перабіраных узорыстых ручнікоў, абрусаў, посцілак і інш.
Прататыпам К. лічаць вядомыя з эпохі неаліту спец. квадратныя дошчачкі з дзіркамі па 4 вуглах, у якіх прапускалася аснова; пры паварочванні дошчачак у аснове ўтвараўся зеў для прапускання ўтку. Стараж. прыстасаваннем было таксама бёрдзечка — прамавугольная дошка памерам 25—30 × 18—25 см, на якой рабіліся круглыя дзірачкі для прапускання цотных нітак асновы і падоўжаныя — для няцотных; пры перамяшчэнні бёрдзечка ўніз і ўверх утвараўся зеў. Найб.стараж. былі прымітыўныя К. на «сохах», у якіх адсутнічалі бакавыя станіны (ставы), абодва навоі мацаваліся на падстаўках (слупках), укапаных у земляную падлогу развілкай уверх (захаваліся на У і ПдУ Беларусі да канца 19 — пач. 20 ст.). Больш дасканалымі былі К. са ставамі (ставіцамі), якія рабілі са ствала дрэва, выкапанага з каранямі, што служылі ножкамі, навой з асновай размяшчаўся на лаве, ніты, як і ў К. на «сохах», мацавалі да столі (у 19 ст. пашыраны ў цэнтр. і ўсх. раёнах). Самымі пашыранымі былі рамныя К., аснову якіх складала рама з 4 падставак, злучаных унізе папярочкамі, навоі мацаваліся на ставах, з боку ніцянога навоя — стойкі з перакладзінай (паднёбнік), на якія падвешвалі ніты. У 2-й пал. 19 ст. атрымалі пашырэнне тэхнічна больш удасканаленыя К. — варштаты, якімі напачатку карысталіся на саматужных промыслах, потым з некат. зменамі — сяляне. У 20 ст. на Беларусі пашыраны рамныя К. і варштат.
К. таксама называлі ніцяную аснову, што навівалася на навой ткацкага стана. Гл. таксама Ткацтва, Ткацтва мастацкае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЫНГТО́Н (Washington),
горад, сталіца Злучаных Штатаў Амерыкі. Размешчаны на Атлантычным узбярэжжы, паміж штатамі Мэрыленд і Віргінія, на ўсх. беразе р. Патомак, пры ўпадзенні ў яе р. Анакостыя. Вылучаны ў асобную федэральную акругу Калумбія (пл. 178 км²). Нас. ў межах акругі 585,2 тыс.ж., з прыгарадамі ў суседніх штатах 3,92 млн.ж. (1992). Буйны трансп. вузел: 5 магістральных чыгунак, аўтадарогі, 2 аэрапорты (Вашынгтонскі нац. і Міжнар. імя Дж.Ф.Далеса). Рачны порт. У Вашынгтоне знаходзіцца рэзідэнцыя прэзідэнта ЗША (Белы дом), кангрэс (Капітолій), вярх. суд, дзярж. дэпартамент, ваеннае мін-ва (Пентагон) і інш.дзярж. ўстановы. Асн. частка насельніцтва на дзярж. службе, у сферы паслуг, гандлі і фінансах. Буйны цэнтр паліграф. і харч. прам-сці. Машынабуд. (пераважна ў прыгарадах), у т. л. радыёэлектронная (вытв-сцьЭВМ, сродкаў сувязі), ракетна-касм., прыладабуд., ваенная прам-сць. Вытв-сць медыкаментаў. Дзярж. друкарні. Манетны двор.
Засн. ў 1791. Названы ў гонар 1-га прэзідэнта ЗША Дж.Вашынгтона. З 1800 сталіца ЗША (перанесена з Філадэльфіі). У 1802 атрымаў гар. правы. У англа-амер. вайну 1812—14 часова акупіраваны і спалены англічанамі (1814). У Вашынгтоне адбылася Вашынгтонская канферэнцыя 1921—22, тут размешчаны кіраўнічыя органы Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў.
План забудовы горада складзены ў 1790—93 франц.інж. П.Ш.Ланфанам пры ўдзеле асветніка і дзярж. дзеяча ЗША Т.Джэферсана: прамавугольная сетка вуліц дапаўняецца дыяганальнымі праспектамі (авеню), у т. л. прамянямі, якія сыходзяцца да будынка кангрэса — Капітолія (1793—1865, арх. У.Торнтан і інш.; статуя Свабоды — скульпт. Т.Кроўфард). Да паркавай магістралі Мол, якая вядзе ад Капітолія да р. Патомак, прылягае парк, дзе размешчаны Белы дом (1792—1829, арх. Дж.Хобан, Б.Латраб). У архітэктуры ўрадавых і адм. будынкаў пераважаюць формы класіцызму. Вашынгтон — адна з самых зялёных сталіц свету. У 1960—70-я г. пабудаваны новыя жылыя раёны, урадавыя і дзелавыя будынкі, сярод якіх Падатковы суд ЗША (1967, арх. В.Ландзі), Нац.Культ. цэнтр імя Дж.Кенэдзі (1971, арх. Э.Д.Стоўн). Каля Вашынгтона (Шантыйі, штат Віргінія) — міжнар. аэрапорт імя Далеса (1958—62, арх. Эка Саарынен) і горад-спадарожнік Рэстан (1963—65).
У Вашынгтоне асн.навук. арг-цыі ЗША: Нац.АН, Бат. сад, навук. т-вы (Амер.хім., Нац.геагр.), Нац. архіў, Амер. асацыяцыя садзеяння развіццю навукі, навук. ін-ты Карнегі і Брукінгса, Смітсанаўскі ін-т. У прыгарадзе Вашынгтона даследчы цэнтр мін-ва сельскай гаспадаркі, 5 ун-таў (у т. л. Говардскі і Дж.Вашынгтона), Вышэйшая с.-г. школа, Ваен. акадэмія і інш. У Вашынгтоне знаходзіцца Бібліятэка кангрэса ЗША, Нац. музей ЗША, Нац. галерэя выяўл. мастацтваў, маст. галерэі Коркаран, Фрыр, Філіпс. Нац. калекцыя прыгожых мастацтваў, Нац. партрэтная галерэя, музей паветраплавання і касманаўтыкі і інш.Нац.Культ. цэнтр імя Дж.Кенэдзі. Арлінгтанскія нац. могілкі (магілы Невядомага салдата, прэзідэнта Дж.Кенэдзі, сенатара Р.Кенэдзі).
І.В.Загарэц (гаспадарка).
Да арт.Вашынгтон. Від на Нацыянальную галерэю выяўленчых мастацтваў (на пярэднім плане) і Капітолій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЕ́РА (ад грэч. papyros выраб з расліны папірус),
тонкі ліставы шматкампанентны матэрыял, які складаецца са спецыяльна апрацаваных здробненых раслінных валокнаў, цесна пераплеценых паміж сабой і злучаных сіламі счаплення рознага тыпу. Вядома больш за 600 відаў П.: для друку, пісьма, апаратаў (тэлеграфная, для прынтэраў і інш.), чарцёжна-рысавальная (напр., калька), святлоадчувальная (напр., папера фатаграфічная), папяросная, сан.-гігіенічная, прамыслова-тэхн. (напр., патронная, электратэхн., наждачная) і інш. Характарызуецца масай 1 м² (4—250 г), таўшчынёй (4—400 мкм), фіз.-мех. ўласцівасцямі, колерам, беласцю, гладкасцю, усмоктвальнай здольнасцю. П. ўдзельнай масай больш за 250 г/м² — кардон. Вырабляецца П. на папераробных машынах (у рулонах, бабінах, лістах).
Для вытв-сці П. выкарыстоўваюць цэлюлозу дрэвавых парод і аднагадовых раслін, драўняную масу. Паводле кампазіцыйнага саставу адрозніваюць П. №1 (мае 80—100% цэлюлозы, выкарыстоўваецца для выданняў з тэрмінам службы больш за 10 гадоў) і №2 (80—25% цэлюлозы, для выданняў з тэрмінам службы 2—8 гадоў). Папяровыя кампазіцыі маюць таксама мінер. напаўняльнікі (робяць П. непразрыстай, павышаюць яе беласць і гладкасць), праклейваючыя матэрыялы (напр., каніфоль; павышаюць трываласць і шчыльнасць П.), фарбавальнікі, палімерныя сувязныя і інш. кампаненты. З хім. валокнаў, палімерных плёнак атрымліваюць П. сінтэтычную, якую выкарыстоўваюць для вырабу геагр. карт, грашовых купюр, дакументаў і інш.
П. вынайдзена ў Кітаі (упамінаецца ў кітайскіх крыніцах 1 ст.н.э., з 76 пачала выкарыстоўвацца для кніг). Атрымлівалі П. асаджэннем на сетку раслінных валокнаў з воднай суспензіі. У 105 кітаец Цай Лунь удасканаліў спосаб атрымання П., што дазволіла вырабляць яе з драўнянага лубу, пянькі і ануч. Спосаб вырабу П. кітайцы трымалі ў сакрэце. У 7—8 ст. ён вывезены ў Карэю і Японію. З 751 стаў вядомы ў Арабскім халіфаце (ф-ка ў Самаркандзе), потым у Багдадзе, Дамаску і інш. У Еўропе вытв-сць П. вядома з 12 ст. (з 1150 у Іспаніі, з 1276 у Італіі і інш.; з 1716 у Расіі). Яна прыйшла на змену папірусу і пергаменту. Адной з асн. аперацый пры вырабе П. было здрабненне папяровай масы. Спачатку яно рабілася ўручную, з 13—15 ст. — мех. таўчыльнямі, з канца 17 ст. — нажамі, насаджанымі на метал. валы (роламі). Здробненая маса падагравалася ў чанах з вадой, адцэджвалася, выкладвалася на лісты сукна ці лямцу, прапускалася праз прэс, сушылася, апрацоўвалася молатамі, лушчылася. У 1799 у Францыі вынайдзены механізаваны спосаб адліву папяровай масы, што стала пачаткам машыннай вытв-сці П. Да сярэдзіны 19 ст. П. выраблялі пераважна з рыззя. Паступова да папераробнага абсталявання далучаліся секцыі прасавання, сушкі, каландравання, намоткі П. ў рулоны. Павялічвалася (да 9 м) шырыня папяровага палатна, ролы былі заменены размолачнымі апаратамі. Найб. пашыраным стаў «мокры» спосаб вытв-сці П. з выкарыстаннем плоска- або двухсеткавых папераробных машын (з сеткавай, прэсавай, сушыльнай часткамі, каландрам і накатам для змотвання ў рулон).
На Беларусі П. з рыззя пачалі вырабляць у пач. 17 ст., з драўніны — з сярэдзіны 19 ст. У 1728 заснавана папяровая майстэрня ў Паставах, у 1850 было 10 мануфактур, у 1870 пушчана Добрушская папяровая фабрыка. З сучасных найбольшы ў рэспубліцы Светлагорскі цэлюлозна-папяровы завод. Гл. таксама Цэлюлозна-папяровая прамысловасць.
Літ.:
Шитов Ф.А., Шитов И.Ф. Технология бумаги и картона. 3 изд. М., 1983;
Примаков С.Ф. Производство бумаги. М., 1987;
Фляте Д.М. Технология бумаги. М., 1988;
Сквернюков П.Ф. В миреговорящих листков. М., 1990.
У.М.Сацута.
Да арт.Папера. А — старажытныя прыстасаванні для вырабу паперы (1 — чан з пульпай з раслінных валокнаў; 2 — канструкцыя для трымання сеткі; 3 — бамбуковая сетка для зачэрпвання пульпы); Б — «Поўны працэс вытворчасці паперы» (гравюра 17 ст.).Схема вытворчасці паперы: 1 — балансавая драўніна; 2 — караабдзіральны барабан; 3 — жорны (стружкарэз); 4 — прамыўная калонка; 5 — аўтаклаў; 6 — адбельвальнік; 7 — прамыўшчык пульпы; 8 — сіта; 9 — корабы адсмоктвання вады; 10 — адціскныя вальцы; 11 — сушыльныя вальцы; 12 — каландр; 13 — рулон паперы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1830—31у Польшчы, Беларусі і Літве, Лістападаўскае паўстанне,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Выклікана парушэннямі з боку царызму аўтаноміі Каралеўства Польскага і польскай канстытуцыі 1815, паступовай ліквідацыяй дзяржаўнасці і аўтаноміі Польшчы, намаганнем шляхты Беларусі і Літвы аднавіць дзяржаўнасць і свае паліт. правы кіравання ў незалежнай дзяржаве, што раней выявілася ў праектах аўтаноміі ВКЛ у складзе Рас. імперыі, у т. л. ў праекце аўтаноміі М.К.Агінскага. Падрыхтавана тайнымі арг-цыямі, у т. л.Патрыятычным таварыствам і Таварыствам падхарунжых. Пачалося ў Варшаве ў ноч на 29.11.1830. Паўстанцаў падтрымалі жыхары Варшавы і польскія вайск. часці. 30.11.1830 паўстанцы авалодалі Варшавай. Рас. войскі вымушаны былі адступіць з Варшавы, а да пач.снеж. 1830 — і з Польшчы; значная частка іх сканцэнтравалася на Беларусі. У Варшаве быў сфарміраваны Часовы ўрад, у склад якога ўвайшоў і прадстаўнік дэмакр. сіл І.Лялевель, але з 5.12.1830 да 17.1.1831 улада была перададзена вайск. дыктатару ген. Ю.Хлапіцкаму. 20.12.1830 польскі сейм апублікаваў «Маніфест польскага народа», у якім абвясціў мэты П. і заклікаў насельніцтва далучыцца да яго. На Беларусь, Літву і Украіну былі накіраваны эмісары, каб узняць там паўстанне. Па ініцыятыве Лялевеля ў Варшаве быў заснаваны клуб з прадстаўнікоў шляхты і інтэлігенцыі Беларусі, Літвы і Украіны («Клуб злучаных братоў»), які звярнуўся ў сейм з заявай пра далучэнне бел., літ. і ўкр. зямель да паўстання. Лялевель і інш. шляхецкія рэвалюцыянеры выступалі за надзяленне сялян зямлёй і паляпшэнне іх становішча. 13.12.1830 рас. ўрад абвясціў ваеннае становішча ў Зах. Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне.
У студз.—лютым 1831 на Беларусі і Літве быў створаны падпольны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт, у якім пераважалі кансерватыўныя элементы. К-т падтрымліваў сувязі з Варшавай і павятовымі к-тамі Беларусі і Літвы. Аднак у цэлым палітыка Віленскага к-та была нерашучай. У сак.—крас. 1831 паўстанне ахапіла Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Дзісенскі, Свянцянскі пав., у кожным з іх ствараліся ўрады (к-ты), якія праводзілі рэкруцкі набор у войска. Усяго ў гэтых паветах было каля 10 тыс. паўстанцаў. У крас.—маі 1831 каля Глыбокага адбыліся баі. Да канца мая 1831 у Віленскай і Мінскай губ. П. было задушана, але яно працягвалася ў Гродзенскай губ., што перашкаджала рас. войскам наступаць на Польшчу. У Польшчы дыктатура Хлапіцкага 18.1.1831 заменена кансерватыўным нац. урадам кн. А.Чартарыйскага. Рас. армія пад камандаваннем ген.-фельдмаршала І.Дзібіча-Забалканскага ўвайшла на тэр. Польшчы, але ў бітвах пад Сточакам, Ваўрам і 25.2.1831 пад Грохавам польскае войска спыніла наступленне рас. арміі. Контрнаступленне польск. войска вынікаў не дало. 26.5.1831 у бітве пад Астралэнкай яно панесла значныя страты. У маі 1831 з Варшавы на тэр. Гродзенскай губ. прыбыў атрад ген. Д.Хлапоўскага (820 чал.). У пач.чэрв. 1831 ён злучыўся ў Літве з мясц. атрадамі і 12-тыс. корпусам ген. А.Гелгуда (гл. ў арт.Гелгуды), які стаў галоўнакамандуючым у Літве і Беларусі. Пры яго штабе быў створаны часовы цэнтр. ўрад. 19.6.1831 корпус Гелгуда падышоў да Вільні, на Панарскіх узгорках адбыўся бой. 26-тысячнае рас. войска нанесла паражэнне аб’яднаным сілам паўстанцаў, якія адступілі і ў сярэдзіне ліп. перайшлі прускую граніцу і склалі зброю. Толькі ген. Г.Дэмбінскі з 4-тыс. корпусам адступіў у Польшчу. Пры набліжэнні корпуса Дэмбінскага ў Навагрудскім і Слонімскім пав. пачалося П. пад кіраўніцтвам шляхецкага павятовага маршалка Я.Кашыца, які ўзначаліў атрад у 400 чал. У чэрв.—ліп. 1831 паўстанцкія ачагі ўзніклі ў Пінскім, Мазырскім, Рэчыцкім, Навагрудскім пав., а таксама на тэр. Магілёўскай і Віцебскай губ. У жн. 1831 П. на Беларусі і Літве пацярпела паражэнне, хоць асобныя атрады Зах. Беларусі дзейнічалі і ў верасні. У канцы ліп. 1831 новы камандуючы рас. арміяй у Польшчы ген. І.Ф.Паскевіч сканцэнтраваў войскі на Пн Польшчы і пачаў наступленне ад Пултуска да Плоцка. Пад Торунем рас. войска пераправілася цераз Віслу. У Варшаве быў утвораны новы кансерватыўны ўрад на чале з ген. Я.Крукавецкім. Аднак і ён не здолеў арганізаваць абарону сталіцы. 6—7.9.1831 рас. войскі штурмавалі Варшаву і занялі яе зах. прадмесце — Волю. У ноч на 8 вер. была падпісана капітуляцыя Варшавы. Баі на тэр. Польшчы працягваліся ў вер. і кастр. 1831. Большасць польскіх вайск. атрадаў перайшла праз прускую і аўстр. граніцу і была інтэрніравана.
Пасля П. царскі ўрад скасаваў канстытуцыю 1815 і ўвёў Арганічны статут Каралеўства Польскага, які пазбаўляў Польшчу дзяржаўнасці і аўтаноміі. Указам ад 19.10.1831 на Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне пачаўся разбор шляхты і перавод значнай яе часткі ў аднадворцы. У 1832 створаны Асобы Камітэт па справах заходніх губерняў, скасавана дзеянне Статута ВКЛ 1588 (25.8.1840). Закрыты Віленскі ун-т (1832). Пачалося закрыццё каталіцкіх кляштараў і уніяцкіх манастыроў. Праведзена ліквідацыя уніяцкай царквы (гл.Полацкі царкоўны сабор 1839).
Літ.:
Смит Ф. История польского восстания и войны 1830—1831 гг.Т. 2. СПб., 1863;
Шпілеўскі І.Т., Бабровіч Л.А. Сінхраністычная табліца падзей паўстання на Беларусі, Літве і Польшчы ў 1830—1831 гг. // Наш край. 1929. № 10;
Sokołowski A. Dzieje powstania listopadowego. Wiedeń, 1907;
A.Z. Wojna na Litwie w roku 1831. Kraków, 1913;
Tokarz W. Wojna polsko-rosyjska 1830 і 1831. Warszawa, 1994.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Паўстанне 1830—31. Сутыкненне паўстанцаў з царскімі войскамі. Гравюра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎНЫ́ МОЗГ,
пярэдні аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны ў поласці чэрапа; матэрыяльная аснова вышэйшай нервовай дзейнасці, галоўны рэгулятар усіх жыццёвых функцый арганізма і яго ўзаемаадносін з навакольным асяроддзем.
Філагенетычна галаўны мозг фарміраваўся па шляху ўскладнення будовы і функцый пярэдняга канца нервовай трубкі ў цеснай сувязі з развіццём органаў пачуццяў (гл. ў арт.Цэфалізацыя). У беспазваночных яго ролю выконвае галаўны ганглій, асабліва развіты ў вышэйшых насякомых і малюскаў. Прымітыўны галаўны мозг вылучаецца ў папярэдніка пазваночных — ланцэтніка. У пазваночных жывёл ён ускладняўся з дыферэнцыяцыяй на аддзелы. Сапраўдны галаўны мозг упершыню выявіўся ў кругларотых з падзелам яго на слабадыферэнцыраваны пярэдні мозг (забяспечвае функцыю нюху), сярэдні мозг (уключае вышэйшыя зрокавыя цэнтры), задні мозг (з пачатковай дыферэнцыяцыяй на прадаўгаваты мозг і мазжачок). У рыб інтэнсіўна развіваецца і мазжачок. Выхад пазваночных на сушу абумовіў пераразмеркаванне ролі асобных аддзелаў галаўнога мозга: у земнаводных і рэптылій аб’ёмная доля задняга мозга невялікая, у павялічаным сярэднім мозгу з’яўляюцца адпаведна двух- і чатырохбугор’е; у рэптылій пярэдні мозг дыферэнцыруецца на прамежкавы мозг і 2 паўшар’і канцавога мозга. У птушак развіваюцца глыбокія аддзелы пярэдняга мозга і мазжачок; у млекакормячых — кара вялікіх паўшар’яў (пярэдні і задні мозг дыферэнцыруецца). Антагенетычна галаўны мозг — вытворнае мазгавых пузыроў, поласці якіх развіваюцца ў жалудачкі мозга;эвалюцыйнае ўскладненне будовы галаўнога мозга прасочваецца ў працэсе эмбрыянальнага развіцця жывёл.
У чалавека галаўны мозг дасягнуў найвышэйшай ступені развіцця за кошт павелічэння масы, ускладнення будовы і функцый вял. паўшар’яў, марфал. і функцыян.злучаных пучком нерв. валокнаў — мазолістым целам. Ніжнія аддзелы галаўнога мозга ўтвараюць ствол мозга, які пераходзіць у спінны мозг. Вялікія паўшар’і, падзеленыя глыбокай шчылінай на правае і левае, утвараюць вялікі, або канцавы мозг — аддзел галаўнога мозга, большы за ўсе астатнія. Паверхня яго ў чалавека і буйных жывёл мае звіліны і барозны (у чалавека самыя глыбокія падзяляюць паўшар’і на долі — лобную, цемянную, скроневую, патылічную), у дробных — гладкая. Верхні слой вял. мозга складаецца з шэрага рэчыва (у чалавека таўшчыня слоя 1—5 мм, пераважна нерв. клеткі), ніжэй знаходзіцца белае рэчыва (пераважна нерв. валокны), у тоўшчы якога вылучаюцца падкоркавыя вузлы, або базальныя гангліі (важнейшыя — паласатае цела, бледны шар), утвораныя шэрым рэчывам. У склад усіх структур галаўнога мозга ўваходзіць нейраглія. Да функцыянальна важных утварэнняў галаўнога мозга належаць таламус, гіпаталамус, эпіталамус, лімбічная сістэма і інш. Зверху галаўны мозг пакрыты цвёрдай павуціннай і мяккай мазгавымі абалонкамі, прастора паміж якімі запоўнена цэрэбраспінальнай вадкасцю. Кровазабеспячэнне галаўнога мозга адбываецца праз пазваночныя і ўнутр.сонныя артэрыі. Адзін з асн. прынцыпаў работы галаўнога мозга — безумоўныя і ўмоўныя рэфлексы, якія рэалізуюцца з удзелам экстрапіраміднай сістэмы і піраміднай сістэмы (ёсць толькі ў млекакормячых, найб. развітая ў малпаў і чалавека). Паміж часткамі галаўнога мозга назіраецца двух- і шматбаковая сувязь. Аналіз і сінтэз, перапрацоўка, захоўванне і выдача атрыманай ад рэцэптараў інфармацыі ажыццяўляюцца ў канцавым мозгу (кара вял. паўшар’яў, падкоркавыя структуры). Ацэнка інфармацыі магчыма дзякуючы працэсам памяці. Праз зыходныя ўплывы галаўны мозг кантралюе ўзбуджальнасць рэфлекторных аддзелаў спіннога мозга (гл.Вегетатыўная нервовая сістэма). У кары галаўнога мозга знаходзяцца цэнтры кіравання складанымі рухальнымі актамі, у прадаўгаватым — дыхання, сардэчнай дзейнасці, сасударасшыральны, глытання, жавання, сакрэцыі стрававальных залоз, потавыдзялення, рэгуляцыі мышачнага тонусу, кашлю і інш.Нерв. цэнтры шэрага рэчыва экраннага тыпу працуюць па прынцыпе дывергенцыі, нерв. цэнтры стваловай часткі ядзернага тыпу — па прынцыпе канвергенцыі. Гіпаталамус — вышэйшы цэнтр рэгуляцыі вегетатыўных функцый, месца ўзаемадзеяння нерв. і эндакрыннай сістэм, эпіталамус — цыркадных рытмаў. Нармальная работа галаўнога мозга магчыма пры пэўным узроўні ўзбуджальнасці яго асн. аддзелаў, які падтрымліваецца праз рэтыкулярную фармацыю, сімпатычную нервовую сістэму, мазжачок і спецыфічныя шляхі, што ідуць ад органаў пачуццяў, праз механізмы самарэгуляцыі тонусу кары вял. паўшар’яў. Здольнасць галаўнога мозга перапрацоўваць інфармацыю і ўвасабляць яе ў пэўныя рэакцыі арганізма забяспечвае ўсе віды вышэйшай нерв. дзейнасці, у т. л.мысленне, свядомасць. Функцыі галаўнога мозга могуць парушацца пры шкодных уздзеяннях (мех., фіз., хім., радыяцыйных) на яго ў цэлым або на пэўны ўчастак. Значную ролю ва ўзнікненні паталогіі галаўнога мозга маюць заганы развіцця ці пашкоджанні нерв. сістэмы ў перыяд эмбрыягенезу, расстройствы мазгавога кровазвароту (пры інсультах, атэрасклерозе, гіпертанічнай хваробе, анеўрызмах), запаленчыя працэсы (пры абсцэсах, арахнаідыце, менінгіце, менінгаэнцэфаліце, энцэфаліце), інфекц. і паразітарныя фактары (пры цыстыцэркозе, сіфілісе, эхінакакозе і інш.), чэрапна-мазгавыя траўмы, функцыян. расстройствы, парушэнні працэсаў самарэгуляцыі галаўнога мозга (неўрозы, псіхічныя хваробы і расстройствы) і інш.
Па агульнай сярэдняй масе галаўны мозг дарослага чалавека (прыкладна 1500 г пры аб’ёме каля 1500 см³ і плошчы паверхні 1600—2000 см²) саступае толькі галаўному мозгу слана (каля 5700 т) і кіта (6000—7000 г). Адносная яго сярэдняя маса ў дачыненні да агульнай масы цела, т.зв. паказчык Рагінскага, у галаўнога мозга чалавека найвышэйшая — 32; у дэльфінаў — 16, у сланоў — 10,4, у малпаў — 2—4. Прамой залежнасці паміж памерамі галаўнога мозга і яго здольнасцямі да ажыццяўлення вышэйшай нерв. дзейнасці не ўстаноўлена.