СТУДЗЯНІ́,
структураваныя (цвёрдападобныя) сістэмы палімер—растваральнік. Характарызуюцца значнымі абарачальнымі дэфармацыямі пры практычна поўнай адсутнасці цякучасці, што абумоўлена наяўнасцю ў С. прасторавай сеткі макрамалекул, злучаных у асобных «вузлах» хім. сувязямі рознай прыроды або сіламі міжмалекулярнага ўзаемадзеяння (гл. Гелі).
С. ўтвараюцца пры набраканні сеткавых палімераў у вадкім асяроддзі (С. I тыпу) ці з раствораў палімераў пры змяненні іх т-ры і саставу (С. II тыпу). У С. тыпу I «вузлы» прасторавай сеткі ўтвораны моцнымі папярочнымі хім. сувязямі, іх абарачальная дэфармацыя абумоўлена энтрапійным эфектам выпроствання і аднаўлення скручанай канфігурацыі ўчасткаў макрамалекулярных ланцугоў, размешчаных паміж «вузламі». С. II тыпу — гетэрагенныя сістэмы, якія ўзнікаюць пры распадзе гамагенных раствораў палімераў на 2 фазы: канцэнтраваную (мае значную колькасць палімеру), якая ўтварае неперарыўны каркас, і фазу з вельмі нізкай канцэнтрацыяй палімеру, уключаную ў каркас у выглядзе дысперсіі. Фазавы распад абумоўлены зменай актыўнасці растваральніку ў выніку ўвядзення ў раствор асаджальнікаў або рэзкай змены т-ры раствору. Утварэнне С. адыгрывае важную ролю пры тэхнал. перапрацоўцы палімераў (напр., пры фармаванні валокнаў і плёнак), харч. прадуктаў, у біял. працэсах. Гл. таксама Сінерэзіс.
т. 15, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)