КАЛЯРО́ВЫ ДРУК,

спосаб узнаўлення на паперы, тканіне ці інш. матэрыяле шматфарбавых відарысаў і выяў (твораў жывапісу, каляровых фотаздымкаў, рысункаў і інш.). Робіцца з дапамогай спец. друкарскіх форм, колькасць якіх звычайна адпавядае колькасці фарбаў. Гл. Шматкаляровы друк.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОД у бухгалтэрыі,

умоўная лічбавая адзінка рахунка бухгалтарскага ўліку для аблягчэння бухгалтарскіх запісаў. Сінтэтычныя рахункі звычайна кадзіруюць двухзначнымі лічбамі ад 01 да 99, а субрахункі — трохзначнымі (першыя 2 лічбы абазначаюць нумар сінтэтычнага рахунка, а трэцяя — субрахунка).

т. 8, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ПЫ снежныя і ледзяныя,

від цвёрдых атм. ападкаў у выглядзе дробных часцінак шчыльнага лёду і снежных ядраў. Выпадаюць з кучава-дажджавых воблакаў пры т-ры каля 0 °C. Ад граду адрозніваюцца памерамі (звычайна 2—5 мм).

т. 8, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖАНО́СЦЫ, крыжакі (ад польск. Krzyżacy),

пашыраная ў бел. гіст. л-ры назва ўдзельнікаў крыжовых паходаў і членаў сярэдневяковых духоўна-рыцарскіх ордэнаў (у т. л. Тэўтонскага, або Нямецкага, і Інфлянцкага), якія звычайна насілі выяву крыжа на верхняй вопратцы.

т. 8, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЙНЕР (англ. liner ад line лінія),

вялікае марское, звычайна пасажырскае, судна, якое рэгулярна курсіруе паміж аддаленымі портамі па пэўнай лініі. Адносіцца да найб. быстраходных і камфартабельных трансп. суднаў. Паветранымі Л. наз. скарасныя шматмесныя самалёты далёкіх зносін.

т. 9, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖГО́РНЫ ПРАГІ́Н,

тэктанічная дэпрэсія паміж складкавымі горнымі збудаваннямі, утвораная ад прагінання зямной кары з адначасовым падыманнем навакольных хрыбтоў. Звычайна запоўнены магутнымі тоўшчамі абломкавых адкладаў. З М.п. часта звязаны радовішчы нафты, прыроднага газу, вугалю і інш. карысных выкапняў.

т. 10, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАСЕМІ́Я (ад мона... + грэч. sema знак),

наяўнасць у слова ці інш. моўнай адзінкі толькі аднаго значэння. Звычайна монасемічнасць уласціва тэрмінам (напр., косінус, сінонім, саленоід). Слова, якое мае некалькі значэнняў, лічыцца полісемічным (гл. Полісемія).

П.​П.​Шуба.

т. 10, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУЦЭ́ЛУС (ад лац. nucella арэшак),

цэнтральная частка (ядро) семязавязі (семязачатка) раслін. Гамалагічны мегаспарангію папарацепадобных. У Н. адбываюцца працэсы семяўтварэння. Пасля апладнення тканка Н. звычайна разбураецца. Захаваны ў спелым насенні Н. выконвае функцыю назапашвання і наз. перыспермам.

т. 11, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЕРАКРЫ́ЛЫЯ (Strepsiptera),

атрад насякомых. Каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі відавы склад асобна не вывучаўся. Унутр. паразіты пчол, восаў, клапоў, цыкадак. Найб. вядомы эаксен (Eoxenos labaelbenei).

Даўж. звычайна 2—2,5 мм, у трапічных да 3 см. Уласцівы выразны палавы дымарфізм, самцы маюць зачаткавыя пярэднія (жужальцы) і вял. веерападобныя (адсюль назва) заднія крылы, добра лётаюць, з вачамі; самкі без крылаў, канечнасцей і вачэй, звычайна не пакідаюць цела гаспадара, галавагрудзі вытыркаюцца вонкі. Развіццё з поўным ускладненым ператварэннем (гіперметамарфоз) ад 2 месяцаў да года. Рассяляюцца рухомыя лічынкі 1-га ўзросту (трыунгуліны), заражаюць новых насякомых-гаспадароў, якія слабнуць і часта гінуць.

Да арт. Вееракрылыя. Эаксен: 1 — самец; 2 — самка; 3 — трыунгулін; 4 — лічынка старэйшага ўзросту.

т. 4, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГО́НІЯ (Begonia),

род кветкавых раслін сям. бягоніевых. Каля 900 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных лясах Амерыкі, Афрыкі і Азіі. На Беларусі шмат відаў вырошчваюць у аранжарэях, цяпліцах, пакаёвай культуры (напр., бягонія каралеўская — B. rex, Крэднера — B. credneri, металічная — B. metallica, Мэсона — B. masconiana, срэбраплямістая — B. argenteo-quttata і інш.) і адкрытым грунце (напр., бягонія гібрыдная — B. tuberhybrida, заўсёдыквітучая — B. semperflorens і інш.).

Шматгадовыя травяністыя расліны з тоўстым карэнішчам або клубнем, рэдка кусты або ліяны. Лісце звычайна простае, асіметрычнае, на чаранках. Кветкі розных памераў і афарбоўкі, звычайна яркія, аднаполыя, адзіночныя ці ў суквеццях. Плод — сухая каробачка з дробным насеннем. Дэкар. расліны (адрозніваюць кустовыя, клубневыя і лісцевыя бягоніі).

Бягонія каралеўская.

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)