ПІРА... (ад грэч. pyr агонь), першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на сувязь з агнём.

т. 12, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАЛКІ́ДАЎ МІР, царскі мір,

заключаны ў 387 (ці 386) да н.э. паміж Спартай і кааліцыяй грэч. полісаў на чале з Афінамі і Фівамі пасля Карынфскай вайны 395—387. Падпісаны спартанскім дыпламатам Анталкідам (адсюль і назва міру). Паводле Анталкідава міру ўсе грэч. гарады на малаазіяцкім узбярэжжы і Кіпры пераходзілі пад уладу персаў, забараняліся саюзы дзяржаў, акрамя Пелапанескага. Кантроль за выкананнем умоў Анталкідава міру ўскладаўся на Спарту, што забяспечвала яе гегемонію над Грэцыяй.

т. 1, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЫЯМАРФІ́ЗМ (ад грэч. idios свой, своеасаблівы + грэч. morphe форма),

уласцівасць зерняў мінералаў прымаць пры крышталізацыі толькі ім характэрныя крышталеграфічныя рысы (агранку). Найб. выражаны І. у мінералаў, што крышталізуюцца на пачатковай стадыі фарміравання горных парод з лёгкарухомага асяроддзя (расплаваў, гідратэрмальных раствораў), або ў мінералаў з вельмі высокай крышталізацыйнай уласцівасцю (метакрышталі), якая ўзнікае ў цвёрдым асяроддзі нават на позняй стадыі фарміравання горных парод, асабліва метамарфічных. Ідыяморфныя мінералы: палявыя шпаты, кварц, пірыт і інш.

т. 7, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НАС (Minōs),

легендарны цар Кноса (на в-ве Крыт), герой шматлікіх грэч. міфаў, у т. л. пра Тэсея і Мінатаўра, Дэдала і Ікара і інш. Лічыўся сынам Зеўса і Еўропы. Стараж.-грэч. гіст. традыцыя прыпісвае яму стварэнне першага на Крыце заканадаўства і магутнай марской дзяржавы, якая ў 17—15 ст. да н.э. панавала на Эгейскім м. Сучасная гістарыяграфія ўмоўна падзяляе стараж. гісторыю Крыта на 3 мінойскія перыяды (ад імя М.).

т. 10, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЭ́КІ, перыойкі (грэч. perioikoi літар. суседзі),

непаўнапраўная частка насельніцтва ў стараж.-грэч. дзяржавах (Спарце, Аргасе, Элідзе, Фесаліі). Спартанскія П. — нашчадкі карэннага насельніцтва, якое падпарадкавалі дарыйцы і адцяснілі на ўскраіны Лаконіі. Не мелі паліт. правоў, але ў адрозненне ад ілотаў былі асабіста свабоднымі. Жылі ў пасёлках з абмежаваным самакіраваннем, маглі мець невял. зямельныя ўчасткі, займаліся рамёствамі і гандлем, плацілі спартанцам даніну. У войску павінны былі служыць у цяжкаўзброенай пяхоце.

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ТАРНА-ГУКАВО́Е ПІСЬМО́, алфавітнае пісьмо,

адзін з тыпаў пісьма, асобныя знакі якога (літары) перадаюць пераважна адзін гук. Гэта можа быць фанема, алафон або любая фанема ў межах пэўнай групы акустычна падобных гукаў; часам літары злучаюцца па 2, 3 і 4 для абазначэння адной фанемы (ням. sch «ш», tsch «ч»). Перавага Л.-г. п. над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Такімі сістэмамі карыстаецца большасць народаў свету. Амаль усе яны паходзяць ад фінікійскага пісьма, пабудаванага паводле кансанантна-гукавога прынцыпу. На яго аснове ўзніклі арамейскае пісьмо і грэчаскае пісьмо, якія далі пачатак большасці алфавітных сістэм. У алфавітах, што складаліся на аснове фінікійскага пісьма, найчасцей захоўваліся назвы фінікійскіх літар і парадак іх у алфавіце. Арамейскі алфавіт стаў крыніцай арабскага пісьма (да 6 ст. н.э.), яўрэйскага пісьма (з 3 ст. да н.э.), іранскага пісьма (з 2 ст. да н.э.). Грэч. пісьмо, якое паступова распалася на зах.-грэч. і ўсх.-грэч., дало пачатак усім еўрап. алфавітам. На аснове зах.-грэч. ўзнікла этрускае пісьмо (з 7 ст. да н.э.), на аснове этрускага — лац. алфавіт (гл. Лацінскае пісьмо), які ў эпоху Рым. імперыі і ў сярэдневякоўі набыў міжнар. характар, а пазней стаў крыніцай франц., ням., англ., італьян. і інш. нац. пісьмовых сістэм зах.-еўрап. народаў. З усх.-грэч. ў 5—4 ст. да н.э. развілося класічнае грэч., потым візант. пісьмо, якое ў 9 ст. лягло ў аснову слав. кірылаўскага пісьма — кірыліцы. Кірыліца выкарыстоўвалася ў старабел. пісьменнасці. Ф.​Скарына стварыў друкарскі варыянт старабел. алфавіта, які стаў узорам для інш. усх.-слав. друкароў. Бел. пісьмовая сістэма сфарміравалася пад уплывам рус. грамадзянскага шрыфту, створанага ў выніку Пятроўскай рэформы 1708—10. Пытанне пра паходжанне другога слав. пісьма глаголіцы не вырашана.

Літ.:

Фридрих И. История письма: Пер. с нем. М., 1979;

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Булыка.

т. 9, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАЦЭНО́З (ад аліга... + грэч. koinos агульны),

фітацэноз, у склад якога ўваходзіць толькі некалькі відаў вышэйшых раслін — прадуцэнтаў.

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА... (грэч. ana...),

прыстаўка, якая абазначае «рух уверх», «узмацненне дзеяння», «адваротнае дзеянне», «зваротнае дзеянне», напр., анабіёз, анафаза.

т. 1, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІЯГРА́ФІЯ (ад грэч. hagios святы + ...графія),

жанр царкоўна-рэліг. л-ры, апавяданні пра жыццё святых. Гл. Жыціе.

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АА... (грэч. ōon яйцо),

частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны да яйца (яйцаклеткі), напр., аагамія, ааспора.

т. 1, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)