ГРАБНІ́ЦА,

архітэктурнае збудаванне ці саркафаг, што ўмяшчае цела нябожчыка і ўвекавечвае яго памяць. Таксама стараж.-егіп. піраміды, мастабы, мікенскія купальныя грабніцы, скальныя грабніцы Індыі, Пярэдняй Азіі і этрускаў, манум. маўзалеі Стараж. Грэцыі і Рыма, купальныя грабніцы Індыі, багата ўпрыгожаныя скульптурай грабніцы Кітая і Карэі. У Зах. Еўропе грабніцы размяшчалі ў цэрквах (звычайна скульпт. фігура памерлага, што ляжыць на саркафагу).

Грабніца Напалеона I у саборы Дома інвалідаў у Парыжы. Арх. Л.Т.​Ж.​Вісконці, скульптар Ж.​Прадзье. Мармур. 1843—60.

т. 5, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛА́ТЫ (Galatae),

кельцкія плямёны. Пасля спусташэння Грэцыі і Македоніі былі разбіты сірыйскім царом Антыёхам I. Каля 277 да н.э. ўварваліся ў М. Азію, аселі на тэр., якую назвалі Галатыя, і падзяляліся на плямёны талістаагаў, трокмаў і тэктасагаў. Рабілі набегі на суседнія тэр., спыненыя ў выніку ваен. паходаў пергамскіх правіцеляў Атала I і Эўмена II, у 188 да н.э. рымлян. Пасля 188 да н.э. галаты — васалы Рыма, падтрымалі яго ў войнах (89—64 да н.э.) з царом Понга Мітрыдатам VI.

т. 4, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЗЕ́СКУЛ (Уладзіслаў Пятровіч) (8.3.1858, с. Папоўка Харкаўскай вобл., Украіна — 1.6.1931),

рускі і ўкр. гісторык антычнасці. Акад. АН СССР (1922), АН УССР (1925). Праф. Харкаўскага ун-та (1890—1921). Асн. працы прысвечаны эканам. і сац. гісторыі Стараж. Грэцыі, крыніцазнаўству і гістарыяграфіі антычнасці.

Тв.:

Перикл. Харьков, 1889;

«Афинская полития» Аристотеля как источник для истории государственного строя Афин до конца V в. Харьков, 1895;

История афинской демократии. СПб., 1909;

Исторические этюды. СПб., 1911;

Античность и современность. 3 изд. Л., 1924.

т. 3, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́МАС (ад грэч. demos народ),

у Стараж. Грэцыі назва насельніцтва вобласці (ці самой вобласці), а таксама супольнасць паўнапраўных грамадзян у адрозненне ад рабоў, метэкаў, перыэкаў і інш. У гамераўскую (11—9 ст. да н.э.) і архаічную (8—6 ст. да н.э.) эпохі Д. называлі нар. масы ў адрозненне ад радавой арыстакратыі — эўпатрыдаў, у 6—5 ст. да н.э. разам з сял. насельніцтвам — частку гар. (рамеснікі, гандляры), з канца 5—4 ст. — бедную (пераважна гар.) частку насельніцтва.

т. 6, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІ́НА, Афіна Палада,

у стараж.-грэч. міфалогіі багіня вайны і перамогі, мудрасці, ведаў, мастацтваў і рамёстваў. Паводле міфа, Афіна ў шлеме і панцыры выйшла з галавы Зеўса. Культ Афіны быў распаўсюджаны па ўсёй Грэцыі, асабліва яе шанавалі ў Афінах. З Афінай грэкі звязвалі назву горада, лічылі багіню яго апякункай. У гонар Афіны штогод спраўлялі свята Панафінеі. Храм Афіны Парфенон — выдатны помнік стараж.-грэч. мастацтва. У рым. міфалогіі ёй адпавядае Мінерва.

Афіна. Скульптар Міран. Сярэдзіна 5 ст. да н.э. Рымская копія.

т. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛЬНААДПУ́ШЧАНІКІ,

у антычным і раннефеад. грамадстве рабы, адпушчаныя на волю ці выкупленыя на ўласныя зберажэнні. Грамадз. правы вольнаадпушчанікаў былі абмежаваны, часцей яны па-ранейшаму служылі сваім гаспадарам. У Стараж. Грэцыі пры вызваленні рабам не давалі грамадзянства, і яны станавіліся метэкамі пад патранатам б. гаспадара. У Стараж. Рыме вольнаадпушчанікі атрымлівалі радавое імя б. гаспадара і рым. грамадзянства, але без права адпраўляць магістратуры і служыць у арміі. У герм. плямёнах і ў «варварскіх» дзяржавах рабоў звычайна адпускалі з захаваннем іх асабістай залежнасці ад ранейшага патрона.

т. 4, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРО́ЦІК (ад грэч. dorotos кап’ё),

кароткае кідальнае кап’ё. Вядомы з эпохі верхняга палеаліту (з каменным або касцяным наканечнікам; выкарыстоўваўся як паляўнічая зброя), асабліва ў аўстрал. абарыгенаў і алеутаў. У старажытнасці служыў зброяй першага ўдару ў арміях Грэцыі і Рыма (з жал. наканечнікам). Для павелічэння далёкасці і сілы кідка (да 70—80 м) выкарыстоўвалася раменная пятля. У сярэднія вякі быў пашыраны (з жал. наканечнікам) у Зах. і Усх. Еўропе (на Русі наз. суліца; упершыню згадваецца ў 12 ст. ў «Слове пра паход Ігаравы»).

т. 6, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУРЫ́ЗМ,

бодыбілдынг (англ. body-building целабудаўніцтва), сістэма сілавых практыкаванняў для развіцця мускулатуры. Вядомы з часоў Стараж. Грэцыі і Рыма. Асновы сучаснага К. распрацаваны ў канцы 19 ст., сістэмы трэніровак — у 1960-я г. (у ЗША). Міжнар. конкурсы па К. праводзяцца з 1901, штогадовыя чэмпіянаты свету — з сярэдзіны 20 ст. Міжнар. федэрацыя па К. створана ў 1946, федэрацыя К. Беларусі — у 1985. Сярод бел. культурыстаў: Э.​Зайкін, бронз. прызёр чэмпіянату свету сярод юніёраў (1994), чэмпіёны Еўропы М.​Шыла (1989) і А.​Крыксін (1996).

т. 9, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМАНЕ́ЦКІ ((Kumaniecki) Казімеж Фелікс) (18.5.1905, г. Кракаў, Польшча — 8.6.1977),

польскі філолаг, гісторык антычнасці. Чл. Польскай АН у Кракаве (1950), Польскай АН (1961). Скончыў Кракаўскі ун-т (1926). З 1936 праф. Варшаўскага ун-та. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнічаў у сістэме падп. навучання, паліт. і ваен. падп. арг-цыях. Даследаваў гісторыю і культуру антычнасці, новалац. л-ру. Аўтар прац «Гісторыя культуры старажытных Грэцыі і Рыма» (1955), «Цыцэрон і яго сучаснікі» (1959), «Рымская літаратура — цыцэронаўскі перыяд» (1977). Перакладаў творы Салюстыя, Фукідыда, Вітрувія.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ПЦІХ (ад грэч. diptychos падвойны, складзены ў дзве столкі),

два творы выяўл. мастацтва, аб’яднаныя адзінай задумай. У Стараж. Грэцыі і Стараж. Рыме Д. называлі 2 пакрытыя воскам дошчачкі для пісьма, у мастацтве сярэдневякоўя — двухстворкавы складзень з рэльефнымі або жывапіснымі выявамі. Сярод Д., створаных бел. мастакамі: творы «Бетон» Г.​Вашчанкі (1970), «Маці» і «Урачы» А.​Малішэўскага (абодва 1975), «І кветкі, і хлеб — паэтам» А.​Марачкіна (1982), «Плач Яраслаўны» Г.​Паплаўскага (1984) і інш.

Да арт. Дыпціх. Плач Яраслаўны. Маст. Г.​Паплаўскі. 1984.

т. 6, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)