выветрыванне верхняга слоя глебы разам з пасеяным насеннем, іншы раз і з усходамі. Часцей выдзімаюцца вясной палі, засеяныя яравымі збожжавымі, шматгадовымі і аднагадовымі травамі, радзей — пасевы азімых увосень. На Беларусі адзначаецца часам на тарфяных і пясчаных глебах. Гл. таксама Эрозія глебы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫ АНА́ЛІЗ,
даследаванне складу і ўласцівасцей глебавых гарызонтаў, іх колькасных характарыстык і хім. саставу. Пры глебавым аналізе вызначаюць грануламетрычны і агрэгатны састаў, структуру глебы, гумус (перагной), колькасць хім. элементаў і іх назапашванне (валавы аналіз), састаў і колькасць водарастваральных рэчываў глебы і яе рэакцыю, паглынальную здольнасць, забяспечанасць злучэннямі азоту, фосфару, калію і інш. рэчывамі, даступнымі для жыўлення раслін, даследуюць склад элементаў глебы, дынаміку размеркавання ў ёй пажыўных рэчываў і дынаміку глебавых працэсаў. На аснове глебавага аналізу складаюць глебавыя карты і картаграмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУШЧЫ́ЛЬНІК,
прылада для лушчэння ржышча, перадпасяўной апрацоўкі глебы і закрыцця вільгаці на ржышчавым полі. Бываюць дыскавыя і лямешныя.
Дыскавыя Л. складаюцца з батарэй па 9—10 сферычных дыскаў, якія разразаюць глебу, рыхляць яе, часткова пераварочваюць верхні слой. Выкарыстоўваюцца для лушчэння ржышча на глыбіню 5—7 см і для перадпасяўной апрацоўкі глебы на глыбіню 4—10 см. Лямешныя Л. маюць адвальныя карпусы, выкарыстоўваюцца для лушчэння на глыбіню да 12 см і пераворвання глебы на глыбіню да 18 см.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТЫВА́ТАР,
прылада для рыхлення глебы, знішчэння пустазелля, акучвання і падкормкі раслін (гл.Культывацыя). Падзяляюцца на папарныя (для суцэльнай апрацоўкі глебы) і прапашныя (для міжрадковай апрацоўкі прапашных культур); прычапныя, навясныя і паўнавясныя.
Папарныя К. бываюць лапавыя (палявыя, садовыя, ягаднікавыя, лясныя, рыхліцелі і проціэразійныя са стральчатымі лапамі), штангавыя (з франтальна размешчанай штангай, якая пры вярчэнні вырывае пустазелле) і пласкарэзы (для апрацоўкі глебы, схільнай да ветравой эрозіі). Прапашныя К., у т. л.К.-раслінасілкавальнікі, К.-акучнікі выкарыстоўваюць для рыхлення глебы і знішчэння пустазелля ў міжрадкоўях, падкормкі раслін і іх акучвання, наразання барознаў для паліву. У залежнасці ад велічыні прасвету пад рамай (для праходу над раслінамі) бываюць для апрацоўкі пасеваў нізкасцябловых (буракоў і інш. караняплодаў) і высокасцябловых (кукурузы, бульбы, капусты і інш.) культур. Універсальныя К. прыстасаваны для суцэльнай апрацоўкі глебы і догляду за пасевамі. К. забяспечваюцца зменнымі рабочымі органамі.
На Беларусі найб. выкарыстоўваюць К. з палольнымі лапамі (аднабаковыя, стральчатыя пласкарэзныя і універсальныя), з разрыхляльнымі лапамі (долата- і коп’епадобныя), акучвальныя карпусы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТЫВА́ЦЫЯ (ад позналац. cultivo апрацоўваю),
рыхленне (без пераварочвання) апрацаванай глебы з падразаннем пустазелля. У выніку К. паляпшаецца паветраны і водны рэжым глебы, узмацняецца дзейнасць глебавых мікраарганізмаў, забяспечваюцца лепшыя ўмовы для прарастання насення культ. раслін, іх росту і развіцця. Праводзіцца прычапнымі і навяснымі культыватарамі з рабочымі органамі розных тыпаў. Бывае суцэльнай і міжрадковай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАСТАМЛЕ́ННЕ,
рэзкае зніжэнне ўрадлівасці глебы і ўраджайнасці с.-г. раслін пры вырошчванні монакультуры ці частай паўтаральнасці адной культуры ў севазвароце. Асн. прычыны глебастамлення: аднабаковае спусташэнне глебы, назапашванне фітапатагенных мікраарганізмаў (бактэрый, вірусаў, грыбоў), спецыфічных для кожнай культуры, развіццё беспазваночных жывёл-шкоднікаў і інш. Да асабліва моцнага глебастамлення вядзе працяглае культываванне лёну, канюшыны, цукр. буракоў і інш. Глебастамленне не ліквідуецца пры ўнясенні поўнага ўгнаення і захаванні фіз. уласцівасцей глебы. Не выклікае глебастамлення вырошчванне жыта, кукурузы, спаржы і некат. іншых раслін у монакультуры. Спосабы барацьбы з глебастамленнем: строгае захаванне севазвароту з улікам папярэднікаў, вырошчванне ўстойлівых сартоў раслін, апрацоўка пестыцыдамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАТЭ́ХНІКА (ад агра... + тэхніка),
сістэма прыёмаў вырошчвання с.-г. раслін, тэхналогія раслінаводства. Уключае апрацоўку глебы, унясенне ўгнаенняў, падрыхтоўку насення, сяўбу і пасадку, догляд пасеваў, барацьбу з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі с.-г. раслін, уборку ўраджаю і інш. мерапрыемствы (усе працэсы ўзаемаабумоўлены і складаюць агратэхн. комплекс).
Прыёмы агратэхнікі, звязаныя з выкарыстаннем сістэмы с.-г. машын і заснаваныя на дасягненнях аграбіял. навук, пачалі складацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. Задача сучаснай агратэхнікі — забеспячэнне высокіх ураджаяў пры мінім. затратах працы і сродкаў на адзінку высакаякаснай прадукцыі, захаванне ўрадлівасці глебы і ахова яе ад эрозіі (гл.Эрозія глебы). Выбар прыёмаў агратэхнікі абумоўліваецца спецыялізацыяй гаспадаркі, глебава-кліматычнымі ўмовамі, біял. асаблівасцямі культур і ажыццяўляецца ў сістэме севазваротаў.
На Беларусі, размешчанай у зоне дастатковага ўвільгатнення і бедных дзярнова-падзолістых глебаў, асн. мэта агратэхнікі — абагачэнне глебы пажыўнымі рэчывамі, паляпшэнне яе фіз.-хім. уласцівасцяў, рэгуляванне воднага рэжыму (гл.Акультурванне глебы, Вапнаванне глебы, Меліярацыя). З мэтай найлепшага выкарыстання ўгнаенняў створана аграхім. служба і на ўсе гаспадаркі складзены аграхім. картаграмы. Распрацоўку тэарэт. асноў і практычных метадаў агратэхнікі ўзначальваюць н.-д. ін-ты Мін-ва сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Панников В.Д., Минеев В.Г. Почва, климат, удобрение и урожай. 2 изд. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ ФА́КТАРЫ,
сукупныя працэсы, ад якіх залежыць утварэнне глебы. Паводле В.В.Дакучаева, глебу фарміруюць клімат, мацярынская парода, жывыя арганізмы (расліны, мікраарганізмы, глебавыя жывёлы), рэльеф мясцовасці, час. Вельмі ўплывае на глебаўтваральныя фактары і вытв. дзейнасць чалавека (мех. апрацоўка глебы, меліярацыя, унясенне арган. і мінер. угнаенняў, высечка лесу, узорванне і інш.). Усе глебаўтваральныя фактары ўзаемазвязаны.
Клімат уплывае на характар выветрывання горных парод, вызначае цеплавы і водны рэжым глебы. Мацярынская парода ў працэсе глебаўтварэння ператвараецца ў глебу. Ад яе грануламетрычнага складу і структуры залежаць уласцівасці глебы, паветраны рэжым і інш. Уздзеянне жывых арганізмаў выяўляецца ў назапашванні і разбурэнні арган. рэчыва, якое ствараецца зялёнымі раслінамі ў працэсе фотасінтэзу, унясенні ў глебу і на яе паверхню арган. і мінер. рэчываў у выглядзе каранёвага і наземнага ападу, які з дапамогай мікраарганізмаў і глебавых жывёл ператвараецца ў гумус. Расліны і жывёлы рыхляць глебу, паляпшаючы яе паветраныя і водныя ўласцівасці. Роля рэльефу заключаецца ў пераразмеркаванні на паверхні глебы рэчываў і энергіі, што істотна ўплывае на ўтварэнне пэўных глеб. Час развіцця сталага глебавага профілю залежыць ад геал. ўзросту тэрыторыі і ў розных умовах складае ад некалькіх дзесяткаў да тысяч гадоў.