вагі для дакладнага вымярэння масы цела. Бываюць раўнаплечыя, аднаплечыя і электронныя. Манціруюцца на пластмасавай або шкляной аснове і змяшчаюцца ў спец. шафку. Забяспечваюцца прыстасаваннямі для павышэння дакладнасці і хуткасці ўзважвання: заспакойвальнікамі ваганняў каромысла, цеплавымі экранамі, механізмамі накладання і здымання ўбудаваных гіраў, найменнымі шкаламі і інш.
Апоры рычага (каромысла) вагі аналітычныя — прызмы і падушкі са спец. сталяў або цвёрдых камянёў (карунд, агат). Пункт апоры бывае пасярэдзіне (раўнаплечыя) ці зрушаны ад сярэдзіны рычага (аднаплечыя вагі аналітычныя). Асн. частка нагрузкі на адну з шаляў ураўнаважваецца гірамі на другой, астатняе вымяраецца па вугле адхілення каромысла ад становішча раўнавагі па найменнай шкале. Электронныя вагі аналітычныя маюць аналагавы і лічбавы выхад са стандартнымі сігналамі для далучэння да ЭВМ, дысплеяў, графапабудавальнікаў і інш. Прадугледжана магчымасць далучэння блока праграмнага кіравання. У памяці мікрапрацэсарнага блока закладзены праграмы для падрыхтоўкі да работы, праверкі функцыянавання, дыягностыкі дэфектаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЕСІЛЕ́ЗСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальныя баі 1-га Украінскага фронту (Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) 15—31 сакавіка; частка стратэг. наступлення Сав. Арміі ў студз.—сак. 1945 на фронце ў 1200 км ад Балтыйскага м. да Дуная ў час 2-й сусв. вайны. У выніку правядзення Вісла-Одэрскай аперацыі 1945 і Ніжнесілезскай аперацыі 1945сав. войскі выйшлі да рэк Одэр і Нейсе. Мэта аперацыі — акружэнне і разгром групоўкі ворага на ПдЗ ад Опельна і выхад у перадгор’і Судэтаў. У паласе наступлення сав. войскаў абараняліся 1-я танк. і 17-я арміі групы армій «Цэнтр». 2 ударныя групоўкі Укр. фронту (на Пн і на Пд ад Опельна) 15 сак. перайшлі ў наступленне, пераадолелі тактычную зону абароны праціўніка, 18 сак. акружылі 5 ням. дывізій на ПдЗ ад Опельна і 19—20 сак. ліквідавалі іх (каля 60 тыс.чал., у т. л. 18 тыс. палонных). У выніку сав. войскі авалодалі паўд.-зах. часткай Верхняй Сілезіі і да 31 сак. выйшлі на рубеж Штрэлен, р. Нейсе, Долен — у перадгор’і Судэтаў і занялі зручнае становішча для нанясення ўдару на Дрэздэнскім і Пражскім напрамках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУЛІ́ЦКІ ((Gomulicki) Віктар) (17.10.1848, г. Астралэнка, Польшча — 14.2.1919),
польскі пісьменнік, літ.-знавец, публіцыст, літ. крытык. Вучыўся ў Варшаўскай гал. школе (1866—69). Аўтар паэт.зб. «Паэзія» (1873, 1882, 1886), «Новыя песні» (1896), «Светачы» (1919), гіст. раманаў «Чароўная гараджанка» (1897), «Меч і локаць» (1903), а таксама апавяданняў пра даўнюю Варшаву (1900—09). Лепшыя творы пазначаны рамант. традыцыямі, вызначаюцца гуманіст. накіраванасцю, выкрыццём сац. несправядлівасці. Папулярызаваў творчасць А.Пушкіна, М.Някрасава, Л.Талстога. Збіраў рукапісы вядомых асоб, звязаных з Беларуссю: сямейны архіў Храптовічаў (за 1644—1721), лісты мінскага ваяводы А.Хмары (1754—90), аўтограф шляхецкага роду Касцюшкаў (1645—1792), Міцкевічаў (1706—1824). Зберагаюцца ў б-цы імя Асалінскіх (Польшча). Творы Гамуліцкага, напісаныя пад уражаннем яго падарожжа па Беларусі ў 1907, прасякнуты дэмакр. матывамі. На бел. мову яго верш «На Белай Русі» пераклалі Н.Душэўская, А.Стаповіч, М.Танк. Зычліва ўспрыняў выхадгаз. «Наша ніва». Аднак ідэалізаваў ролю панскай арыстакратыі на Беларусі, з-за ўплыву перадавой польск. культуры не заўважаў палітыкі эканам. прыгнёту, дэнацыяналізацыі бел. мужыка з боку польскіх памешчыкаў, каталіцкага духавенства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАНІБЕ́КАЎ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 13.5.1942, с. Іскандар Ташкенцкай вобл., Узбекістан),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1978, 1981). Лётчык-касманаўт СССР (1978), ген.-маёр авіяцыі (1985). Скончыў Ейскае вышэйшае авіяц. вучылішча лётчыкаў (1965). З 1970 у атрадзе касманаўтаў. 10—16.1.1978 з А.Р.Макаравым здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-27» (як камандзір) і на арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6» з прыстыкаваным да яе КК «Саюз-26» (экіпаж Ю.В.Раманенка, Г.М.Грэчка), 22—30.3.1981 з У.Д.Гурагчам — палёт на КК «Саюз-32» (як камандзір) і на АС «Салют-6» (асн. экіпаж У.В.Кавалёнак, В.П.Савіных), 24.6.—2.7.1982 з А.С.Іванчэнкавым і Ж.Л.Крэцьенам — палёт на КК «Саюз Т-6» (як камандзір) і на АС «Салют-7» (асн. экіпаж А.М.Беразавой, В.В.Лебедзеў), 17—29 7.1984 з С.Я.Савіцкай і І.П.Воўкам — палёт на КК «Саюз Т-12» (як камандзір) і на АС «Салют-7» (асн. экіпаж Л.Дз.Кізім, У.А.Салаўёў, А.Ю.Ацькоў), ажыццявіў выхад у касм. прастору, 6.6—26.9.1985 з Савіных — палёт на КК «Саюз Т-13» і на АС «Салют-7». Правёў у космасе 148,67 сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЖДЖАВА́Я ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
вытворчасць пякарскіх дражджэй роду Saccharomyces cerevisiae, якія выкарыстоўваюць у хлебапячэнні і мед. прам-сці. Сыравіна для Д.в. — адходы цукр. вытв-сці (мелес), вугляводы мелесу ў прысутнасці кіслароду і азоцістых рэчываў у выніку біяхім. працэсаў ператвараюцца ў клетачную біямасу. У заводскіх умовах выхад біямасы дражджэй складае 70—90% у адносінах да масы мелесу.
Таварныя дрожджы вырошчваюць у дрожджавырошчвальных апаратах у водным растворы мелесу пры аэрацыі. Перад падачай у вытв-сць мелес асвятляюць на сепаратарах ачышчальніках (для выдалення прымесей), разбаўляюць вадой, дабаўляюць мінер. пажыўныя кампаненты, што маюць азот і фосфар(напр., сульфат амонію, дыамонійфасфат і інш.), сумесь мікраэлементаў, кукурузны экстракт (крыніца роставых рэчываў) і матачныя дрожджы з чыстых культур для размнажэння. Дрожджы са зброджанага сусла выдаляюць на сепаратарах-раздзяляльніках у выглядзе густога дражджавога малака, з якога фільтр-прэсамі ці вакуум-фільтрамі выдаляюць вільгаць. На аўтам. лініях ажыццяўляюць фармаванне і расфасоўку прасаваных дражджэй у брыкеты (т-ра захоўвання 1—4 °C). З прасаваных дражджэй высушваннем пры т-ры да 70 °C атрымліваюць сухія дрожджы (т-ра захоўвання 15 °C).
жанравая разнавіднасць казачнага эпасу. Спосабам маст. асэнсавання рэчаіснасці яны набліжаюцца да сацыяльна-бытавых казак, аднак адрозніваюцца прыгодніцкім зместам і тэматыкай (сац. канфлікт для іх не галоўны, хоць сімпатыі казачнікаў заўсёды на баку прац. чалавека). Героі Н.к. — сялянскі або купецкі сын, прыказчык, салдат, дзяўчына-ваяка, верная жонка — дасягаюць мэты не з дапамогаю чарадзейнай сілы, а дзякуючы розуму, кемлівасці і вынаходлівасці. Фантастыка тут у гіпербалізацыі магчымасцей чалавека, якому даводзіцца «змагацца» з цяжкімі абставінамі, а не з фантастычнымі істотамі (як у чарадзейных казках). Тыповыя сюжэты Н.к. — жаніцьба героя з прыгажуняй і выхад дзяўчыны замуж, вернасць і нявернасць, прадвызначанасць лёсу; вял. групу складаюць казкі пра разбойнікаў і ліхадзеяў. У бел. фальклоры найб. пашыраны сюжэты пра кемлівую дзяўчыну, пра разбойнікаў.
Літ.:
Померанцева Э.В. Русская народная сказка. М., 1963. С. 87—93;
Дунаевська Л.Ф. До питання про тематичну і сюжетну структуру новелістичної казки // Вісн. Київського ун-ту. Укр. філологія. Київ, 1980. Внп. 22;
Яе ж. Про ідейно-художню структуру української народної новелістичної казки // Українське літературознавство. Львів, 1982. Вип. 39.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРО́ЛІЗ ДРАЎНІ́НЫ, сухая перагонка драўніны,
тэрмічнае (пры награванні да 450 °C) раскладанне драўніны без доступу паветра. Асн. прадукты П.д. — драўнінная смала, воцатная кіслата, драўняны вугаль. Адзін з першых працэсаў хім. тэхналогіі, вядомы з 12 ст. (смалакурэнне, вуглевыпальванне). У 19 ст. пачалося прамысл. выкарыстанне П.д. пераважна для атрымання воцатнай к-ты.
Пры П.д. адбываецца тэрмадэструкцыя геміцэлюлоз (пры 200—260 °C), цэлюлозы (240—350 °C), лігніну (250—400 °C). Выхад прадуктаў залежыць ад скорасці награвання і канчатковай т-ры працэсу, а таксама пароды і вільготнасці драўніны. З 1 м³ драўніны атрымліваюць (у сярэднім) 140—180 кг драўнянага вугалю, 280—400 кг вадкага дыстыляту, з якога вылучаюць драўнінную смалу і воцатную к-ту, і 80—100 кг газападобных прадуктаў (некандэнсавальных гаручых газаў; цеплата згарання 3—15 МДж/м³). Асн. стадыі тэхнал. схемы П.д.: раздрабненне сыравіны на кавалкі, высушванне драўніны (да вільготнасці не вышэй за 15%), піроліз, ахаладжэнне вугалю і яго стабілізацыя, кандэнсаванне пары лятучых прадуктаў. Звычайна П.д. ажыццяўляюць у верт. апаратах (рэтортах) бесперапыннага дзеяння з унутр. цыркуляцыяй газападобнага цепланосьбіта. Гл. таксама Лесахімічная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЖАЛКАВЫЯ РЫ́БНЫЯ ГАСПАДА́РКІ.
Гадуюць рыбу ў сажалках або прыстасаваных натуральных вадаёмах. Сажалкі абсталяваны прыстасаваннямі для запаўнення вадой з рэк і азёр, падтрымання яе ўзроўню ў час вегетац. сезону і спуску для адлову рыбы. Поўнасістэмныя С.р.г. маюць нераставыя (прызначаны для нерасту рыбы і развіцця малявак да 2—3 тыднёвага ўзросту), выроставыя (для гадоўлі сяголеткаў), нагульныя (для вырошчвання таварнай рыбы), зімавальныя (зімоўка рыбы), матачныя (утрыманне вытворнікаў), каранцінныя (для ізаляцыі хворай рыбы) сажалкі; маюць цэхі інкубацыйныя, кармавыя і па перапрацоўцы таварнай рыбы. Экстэнсіўныя С.р.г. гадуюць рыбу на натуральнай харч. базе. Больш эфектыўныя інтэнсіўныя С.р.г., у якіх выхад прадукцыі павялічваецца шляхам меліярацыі, угнаення вадаёмаў, штучным кармленнем рыбы. На Беларусі 18 С.р.г. сумарнай пл. нагульных сажалак 21,86 тыс.га, найб. буйныя — «Чырвоная Слабада» (2450 га) Салігорскага, «Лактышы» (2253 га) Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл., «Сялец» (2246 га) Бярэзінскага, «Любань» (2238 га) Любанскага р-наў Мінскай вобл.Гл. таксама Рыбаводства, Рыбныя гаспадаркі.
Да арт.Сажалкавыя рыбныя гаспадаркі: панарама сажалак (злева); схема размяшчэння вадаёмаў (а — выроставыя, б — нераставыя, в — зімавальныя сажалкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНАЯ ЖИЗНЬ».
штодзённая грамадска-паліт. газета вялікадзяржаўнага шавіністычнага кірунку. Засн. 9(22).2.1909 у Вільні на рус. мове пад назвай «Белорусская жизнь», выхад прыпынены на 1-м нумары, адноўлены 1(14).1.1911 у Вільні. 10(23).8.1911 перайменавана ў «С.-З.Ж.». З 21.3(3.4). 1912 у Гродне, з сак. 1913 да 5(18).9.1915 у Мінску на рус. мове. Рэдактары-выдаўцы Л.М.Саланевіч, яго брат С.М.Саланевіч, сын ІЛ. Саланевіч. Газета атрымлівала дзярж. субсідыю, была неафіц. урадавым органам на Беларусі і Літве. «С.-З.ж.» ідэалізавала старадаўнюю дапятроўскую Русь на чале з царом-самадзержцам і дарадчым Земскім саборам, прапагандавала утапічны ідэал «народнай манархіі», праслаўляла эпоху цара Аляксея Міхайлавіча. Адмаўляла этнічную, нац. і культ. самастойнасць бел. народа, прызнавала толькі рэгіянальныя асаблівасці краю. Вяла барацьбу з нац. адраджэннем, абвінавачвала газ. «Наша ніва», Я.Купалу, інш. пісьменнікаў у сепаратызме і дзярж. здрадзе. Нападала на крытычны рэалізм у л-ры, музыцы, выяўл. мастацтве, мадэрнізм, творчасць Л.Талстога, М.Горкага, К.Бальмонта і інш., крытыкавала сімвалізм і футурызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКА́ЛА-АМУ́РСКАЯ МАГІСТРА́ЛЬ (БАМ),
чыгунка ў Расіі; 2-і (пасля Транссібірскай чыгункі) больш кароткі чыгуначны выхад да Ціхага акіяна. Праходзіць праз Іркуцкую, Чыцінскую, Амурскую вобл., Хабараўскі край, рэспублікі Бурацкую і Саха (Якуція). Буд-ва пачалося ў 1930-я г., спынена ў 1961 у сувязі з ліквідацыяй БАМлага. З 1972 пачалася рэканструкцыя ўчастка БАМ (цяпер Бамаўская—Тында). У 1974—80 распачата буд-ва на зах. напрамку ад Камсамольска-на-Амуры і Ургала, на зах. і ўсх. напрамках ад Тынды, на ўсх. — ад Усць-Кута і Северабайкальска. У 1981—84 на некаторых участках адкрыты рабочы рух, асобныя канцавыя ўчасткі здадзены ў эксплуатацыю. У 1989 завершаны ўвод у эксплуатацыю ўсёй магістралі. 1.1.1981 створана Байкала-Амурская чыгунка з 3 аддзяленнямі — Паўн.-Байкальскім, Тындзінскім і Ургальскім. Агульная даўжыня гал. пуці БАМа больш за 3 тыс.км. На гэтым шляху пабудавана больш за 60 гарадоў і пасёлкаў, 200 станцый і раз’ездаў, больш за 4 тыс. мастоў і інш. збудаванняў, 9 тунэляў, у т. л.Паўн.-Муйскі даўж. 15,3 км. З Транссібірскай чыгункай БАМ злучаны 3 чыг. лініямі: БАМ — Тында, Вапняковая — Ургал, Валачаеўка — Камсамольск. Прадстаўнікі Беларусі будавалі на БАМе Муякан і самы паўн. ўчастак Тында—Беркакіт. Гл. схему.